Разгляд кадравых пытанняў
- 12
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 мая разгледзеў кадравыя пытанні.
Кіраўнік дзяржавы назначыў:
Пяткевіч Наталлю Уладзіміраўну - Намеснікам Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь;
Вакульчыка Валерыя Паўлавіча - кіраўніком Апарату Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь;
Пярцова Уладзіміра Барысавіча - Першым намеснікам Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
Караніка Уладзіміра Сцяпанавіча - Старшынёй Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі;
Рагашчука Мікалая Міхайлавіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Грузіі;
Юргевіча Уладзіміра Іосіфавіча - памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - інспектарам па Віцебскай вобласці;
Картуна Андрэя Міхайлавіча - намеснікам Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка;
Скабялку Дзяніса Канстанцінавіча - намеснікам Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка;
Шарснёва Мікалая Мікалаевіча - намеснікам Кіраўніка спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
Амбразевіча Юрыя Георгіевіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь пры Суверэнным Ваенным Ордэне Гаспітальераў Святога Іаана Іерусалімскага, Родаса і Мальты, пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб'яднаных Нацый і іншых міжнародных арганізацыях у г.Рыме, пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры ЮНЕСКА па сумяшчальніцтве.
Кіраўнік дзяржавы таксама даў згоду на назначэнне:
Шылава Васіля Мікалаевіча - старшынёй Полацкага райвыканкама;
Лаўрынава Віталя Васільевіча - старшынёй Верхнядзвінскага райвыканкама;
Ярахновіча Аляксандра Сяргеевіча - старшынёй Мёрскага райвыканкама;
Кашмілы Сяргея Генадзьевіча - старшынёй Шаркаўшчынскага райвыканкама;
Пруднікавай-Кірпічонак Алены Уладзіміраўны - намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама (пытанні эканомікі);
Гурына Максіма Мікалаевіча - старшынёй Бабруйскага гарвыканкама;
Жарнасекава Аляксея Уладзіміравіча - старшынёй Чэрыкаўскага райвыканкама;
Тамільчыка Эдуарда Валянцінавіча - кіраўніком адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Мінска;
Панасюка Алега Уладзіміравіча - генеральным дырэктарам ААТ "Керамін";
Яцкевіча Ігара Георгіевіча - рэктарам УА "Беларуская дзяржаўная акадэмія авіяцыі";
Караткевіч Святланы Іванаўны - намеснікам Міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю;
Карася Андрэя Мікалаевіча - першым намеснікам Міністра лясной гаспадаркі;
Малашэвіча Ігара Ігаравіча - намеснікам Міністра лясной гаспадаркі;
Доўгага Уладзіслава Аляксандравіча - намеснікам Міністра энергетыкі;
Аношанкі Канстанціна Барысавіча - намеснікам Міністра энергетыкі;
Шапялевіча Вадзіма Георгіевіча - кіраўніком Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Намеснік Прэм'ер-міністра Наталля Пяткевіч, якая да гэтага часу займала пасаду Першага намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, будзе курыраваць сацыяльны блок пытанняў ва Урадзе.
"Што датычыцца Адміністрацыі Прэзідэнта. Я ўжо сказаў, што Наталлі Уладзіміраўне (Пяткевіч. - Заўвага) нядоўга давялося прапрацаваць на гэтай рабоце. Адносна. Бо яна ў нас не новы чалавек (Наталля Пяткевіч і ў мінулыя гады займала розныя кіруючыя пасады ў Адміністрацыі Прэзідэнта. - Заўвага), работу гэту ведае. І добра. Я яе разглядаў раней на пасаду віцэ-прэм'ера, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Тут сацыяльны блок у нас, напэўна, самы складаны. З вашымі падыходамі і дысцыплінаванасцю, патрабавальнасцю я ўпэўнены, што мы нарэшце зможам вырашыць не толькі пытанні вытворчасці кінафільмаў нармальных - не разумеем, аказваецца, што нам трэба кіно з усіх ідэалагічных складнікаў. Таму я ўпэўнены, што не толькі кіно, культура, але і спорт, і ахова здароўя вельмі важна, адукацыя".
Аляксандр Лукашэнка ў гэтым плане згадаў аб супрацоўніцтве з краінамі Афрыкі, дзе ў тым ліку запатрабаваны вопыт Беларусі ў ахове здароўя, адукацыі і па іншых напрамках.
Прэзідэнт запатрабаваў больш актыўна дыверсіфікаваць экспарт беларускіх прадуктаў харчавання.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер, напрыклад, ёсць цяжкасці з продажам за мяжу масла, адзначаецца лішак гэтага тавару. "А так усё раскупляюць, акрамя масла. Але масла ж з малака. Ну давайце, як у Ваўкавыску (на прадпрыемстве "Беллакт". - Заўвага), перапрацуем у гэта сухое малако. Добрая цана. Адвязём у Афрыку. Дзіцячае харчаванне зробім", - прапанаваў адзін з варыянтаў дзеянняў Кіраўнік дзяржавы.
"Кансерваваныя прадукты можна і далей адвезці. Нам трэба ў гэтых адносінах рухацца наперад і ні ў якім разе не спыняцца. Гэта вельмі важна. Без эканомікі нікуды, - падкрэсліў беларускі лідар. - Я год таму вас папярэджваў, што ў нас будуць праблемы на асноўным рынку - на расійскім. Яны ўжо з'яўляюцца. Добра Кітай ёсць, які ўсё больш і больш спажывае нашых прадуктаў харчавання і гэтак далей. Але з прамысловых тавараў кітайцы ў нас нічога не купяць. Таму што гэта дабро ў іх усё сваё. А на расійскім рынку цяпер шалёная канкурэнцыя. Усё няпроста. Таму ўсюды трэба напружвацца і працаваць".
Назначаючы Валерыя Вакульчыка кіраўніком Апарату Савета Міністраў, Прэзідэнт сказаў: "Што датычыцца кіраўніка Апарату Урада, у нас заўсёды там быў чалавек ваенны, падрыхтаваны, чалавек вопытны. Гэта пасада міністра. Прытым вельмі сур'ёзная - трэба арганізаваць работу Апарату Урада. Гэта вельмі сур'ёзная пасада. З Наталляй Уладзіміраўнай (Наталляй Пяткевіч, якая назначана віцэ-прэм'ерам пасля работы на пасадзе Першага намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. - Заўвага) вы там знойдзеце агульную мову. Як людзі сістэмныя і патрабавальныя, думаю, будзеце дарэчы цяперашняму Ураду. Прынамсі, Аляксандр Генрыхавіч (Прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын. - Заўвага) па вас не меў ніякіх пярэчанняў. Нават задаволены быў".
Уладзімір Пярцоў, які да гэтага часу працаваў на пасадзе Намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, назначаны Першым намеснікам Кіраўніка Адміністрацыі.
Звяртаючыся да Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыя Крутога, які прысутнічаў пры назначэнні, Прэзідэнт сказаў: "Вы вызначыцеся, калі ласка, да нарады, якую мы будзем праводзіць па лініі Адміністрацыі Прэзідэнта. Вызначыцеся, размяркуйце свае абавязкі".
Кіраўнік дзяржавы не выключае, што пасля пераходу Наталлі Пяткевіч на работу ва Урад у кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта будзе дадаткова назначаны яшчэ адзін Намеснік. "Але пакуль, гаворыць Кіраўнік Адміністрацыі, яму гэта не патрэбна. Няхай працуе, на нарадзе вызначымся - патрэбны, не патрэбны. Трэба не забываць, што Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі - гэта яшчэ кадры на будучыню. Ён там абкатку добрую і падрыхтоўку праходзіць. Таму для нас гэта не так затратна мець там не траіх, а чацвярых намеснікаў. Паглядзіце разам, абмяркуйце, вы людзі вопытныя, ведаеце, што вам трэба, а што не трэба. Як вы вырашыце, так і будзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Назначаючы Уладзіміра Караніка Старшынёй Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук, Прэзідэнт адзначыў: "Уладзімір Сцяпанавіч тут у нас цэнтральнай фігурай аказаўся. Я з табой размаўляў па тэлефоне. Дзякуй, што вытрымаў гэтыя хітраспляценні кадравыя. Нам вельмі трэба (як тут не пакрыўдзіць акадэмікаў і Акадэмію навук) усё ж такі навуку ў цэлым узнімаць на больш высокі ўзровень. Зразумела, мы гаварылі з Уладзімірам Гусаковым (які да гэтага часу ўзначальваў НАН. - Заўвага). Ён гэта разумее - патрэбны вельмі маладыя, перспектыўныя, але ў той жа час вопытныя людзі. З усіх кандыдатаў, якія былі мне прапанаваны, я выбраў вас. І ведаю, што вас добра ўспрымуць вучоныя. З гэтым трэба лічыцца. Я з гэтым лічуся. Вы працавалі і членам Урада - міністрам. Вы, самае галоўнае, атрымалі добры вопыт і веды, працуючы губернатарам. Да вас людзі вельмі добра ставіліся ў Гродзенскай вобласці".
"Навука для нас - важнейшы элемент. Таму што далей без навукі мы не зможам рухацца проста", - падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы згадаў аб праведзенай у гэты ж дзень сустрэчы з віцэ-прэм'ерам Дзяржсавета КНР Лю Гачжунам. "Ён гаворыць аб тым, што перад намі павінны стаяць задачы сур'ёзныя і канкрэтныя кантракты інавацыйнага характару. Гэта значыць, вось гэты гігант - Кітай, які з'яўляецца фактычна сусветным лідарам, ён ужо не бачыць свайго і нашага развіцця на нейкіх звычайных, простых матэрыях. Не, патрэбны інавацыйныя прадукты, вытворчасці, каб канкурыраваць. Правільна. У адваротным выпадку навошта нешта ствараць", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што беларускія вучоныя шмат што могуць. "Але не заўсёды, дарэчы, мы ва Урадзе і губернатары нашы гэта нармальна ўспрымаем - усе мы. Думаю, што з Вашай падрыхтоўкай, Вашым вопытам, ведамі і напорыстасцю ў характары мы шмат што можам зрабіць. Але і ў Акадэміі навук трэба ўважліва паглядзець на кадры, планы развіцця. Вы прысутнічалі, калі мы абмяркоўвалі гэтыя планы. Вы іх ведаеце і ўнізе, і тут, наверсе. Таму я вельмі разлічваю, што ў вас гэта работа атрымаецца. Але галоўнае, я ўпэўнены, што вучоныя людзі вас успрымуць. Гэта немалаважна", - даў наказ беларускі лідар.
У час прыняцця іншых кадравых рашэнняў Аляксандр Лукашэнка асобна згадаў і пра ранейшага кіраўніка НАН Уладзіміра Гусакова: "Я разумею, што Гусакоў, які адпрацаваў кіраўніком Акадэміі навук нямала часу і які нямала зрабіў, яго (хоць ён і ва ўзросце пэўным, не стары яшчэ, можа працаваць) мы не выкідваем. Учора Кіраўнік Адміністрацыі (Прэзідэнта. - Заўвага) з ім перагаварыў і непасрэдна яму ад майго імя заявіў: калі хочаш працаваць, у нас для цябе заўсёды ёсць работа. Ён - гэта скарбніца вопыту, ведаў. Гэта чалавек... У нас нямнога такіх людзей. І такіх людзей нельга страчваць".
Звяртаючыся да Мікалая Рагашчука, які назначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Грузіі, Прэзідэнт сказаў: "У нас палепшыліся адносіны. Я вельмі задаволены, што гэта адбылося. Грузіны да нас вельмі добра ставяцца. Вельмі цэняць наш народ. Ды і да кіраўніцтва краіны больш-менш нармальныя адносіны. Так, ім у галовы ўбівалі, што мы там праціўнікі, сапернікі і ледзь ці не ворагі. Мы для грузінскага народа ніколі праціўнікамі не былі. Мы за тое, каб і асеціны, і абхазцы жылі ў міры з грузінамі. Як яны ўжо там вызначацца - гэта іх пытанні. Мы туды не лезем, не ўмешваемся. Трэба рабіць так, як лепш для людзей. Гэта наша пазіцыя".
"Зразумела, калісьці надыходзіць час замены паслоў. Прынята рашэнне аб тым, што на гэтым новым этапе патрэбны новы, вельмі актыўны чалавек. Таму прынята рашэнне аб накіраванні вас у Грузію паслом", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Што датычыцца памочніка Прэзідэнта, я табе скажу, ты ведаеш, куды ідзеш. Там праблем вельмі шмат. Вось я за тваёй работай буду пільна назіраць. І не толькі таму, што я там часта бываю. Гэта, можна сказаць, родная зямля. Але ў Віцебскай вобласці мноства праблем. Віцебская вобласць не павінна быць у хвасце", - даў наказ новаму памочніку Прэзідэнта - інспектару па Віцебскай вобласці Уладзіміру Юргевічу Кіраўнік дзяржавы.
Згадаў Аляксандр Лукашэнка і аб праблемных пытаннях, якія характэрны для Мінскага раёна - ранейшага месца работы Уладзіміра Юргевіча: "Па тваім раёне я перамяшчаюся больш, чым дзе-небудзь. І нечакана магу з'явіцца ў любой кропцы. Ёсць пытанні. Іх і не можа не быць. Таму што раён вакол горада-героя Мінска. А ў горадзе-героі Мінску не ўсе героі. Ты ведаеш гэтыя ўсе хібы. Шмат і добрага".
Аб сваіх паездках па шэрагу сельскіх населеных пунктаў у паўночнай частцы Мінскага раёна Аляксандр Лукашэнка расказаў літаральна нядаўна на нарадзе па пытаннях абыходжання з адходамі і выкарыстання другасных матэрыяльных рэсурсаў. Тады Кіраўнік дзяржавы выказаў абурэнне выяўленымі несанкцыянаванымі звалкамі смецця.
Кіраўнік дзяржавы, прымаючы кадравыя рашэнні аб новых кіраўніках мясцовай вертыкалі, абазначыў прыярытэтныя задачы ў іх далейшай рабоце.
Спачатку Аляксандр Лукашэнка згадаў аб мерапрыемстве, якое папярэднічала размове з прадстаўнікамі мясцовай вертыкалі, - сустрэчы з намеснікам Прэм'ера Дзяржаўнага савета Кітая Лю Гачжунам. Прэзідэнт звярнуў увагу на характар адносін з гэтай краінай і падкрэсліў, што за супрацоўніцтвам такога высокага ўзроўню стаяць нават не гады, а дзесяцігоддзі карпатлівай працы. І ў гэта ўносяць свой уклад у тым ліку і кіраўнікі на месцах. "Вы ж разумееце, гэта - імперыя. І тое, што такога высокага ўзроўню дэлегацыя прыбыла ў Беларусь, - яны зацікаўлены ў адносінах з намі. Але ж за гэтым стаяць доўгія дзесяцігоддзі (нават не гады) нашай работы з кітайцамі. Гэта вельмі цікавая, мудрая, сур'ёзная нацыя, якая проста так нічога не робіць. Перш чым рабіць, яна пераконваецца, ці можна з намі працаваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"У аснове ўсяго гэтага - вы. Вы твар у твар непасрэдна з беларускім народам, з нашымі працаўнікамі, асабліва ў сельскай гаспадарцы, і ствараеце гэту аснову для маіх у тым ліку кантактаў і перагавораў на самым высокім узроўні. Гэта значыць усё пачынаецца з вас, - заявіў Прэзідэнт. - Таму я заўсёды сустракаюся пры назначэнні са старшынямі райвыканкамаў, каб яны разумелі, што гэта - фігуры, (якія. - Заўвага) асабліва цяпер знаходзяцца ў цэнтры нашай увагі".
Кіраўнік дзяржавы чакае ад кіраўнікоў на месцах рашучых і эфектыўных дзеянняў не толькі ў асобна ўзятых сферах, напрыклад прамысловасці або АПК, але ў цэлым па добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Што менавіта трэба для гэтага рабіць, было прадэманстравана на прыкладзе развіцця Шклоўскага раёна і Копысі ў час нядаўняга наведвання Прэзідэнтам гэтых тэрыторый. Там павінны быць усе ўмовы для жыцця і працаўладкавання людзей, павінны працаваць як лакальныя райаграсэрвісы, будаўнічыя арганізацыі, хлебапякарні, так і больш вялікія прадпрыемствы, напрыклад, перапрацоўчай прамысловасці, іншыя аб'екты, якія з'яўляюцца ў рамках плана "Адзін раён - адзін праект".
"Трэба дзейнічаць, - паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка. - Стандарты ўстаноўлены па аграгарадках і буйных вёсках. Іх таксама трэба прыводзіць у парадак". Прэзідэнт падкрэсліў, што трэба паступова адыходзіць ад існаваўшага некалі паняцця "неперспектыўных вёсак", таму што з боку насельніцтва з'яўляецца інтарэс да асваення зямельных участкаў. У якасці прыкладу ён прывёў Мінскі раён і населеныя пункты, размешчаныя ў паўночнай яго частцы, якія нядаўна аб'ехаў Кіраўнік дзяржавы. "Я ўбачыў, як гэтыя "неперспектыўныя" вёсачкі асвойваюцца, як туды прыязджаюць людзі, яны пачынаюць будаваць там дамы. Дзейнічайце больш рашуча, прыводзьце свае тэрыторыі ў парадак", - арыентаваў кіраўнікоў на месцах Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, замест таго, каб за дзяржаўны кошт прыводзіць у парадак участкі з закінутымі збудаваннямі, дамамі, якія пахіліліся, лепш прапанаваць іх людзям. "Давайце па-гаспадарску да гэтага падыходзіць. Я вельмі спадзяюся, што вы ў гэтым плане будзеце дзейнічаць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт засяродзіў увагу на неабходнасці больш шырока прыцягваць людзей да грамадска карыснай працы. "Людзі сядзяць недзе дома і думаюць, што мы, улада, павінны заплаціць грошы за іх і прыйсці навесці парадак на сядзібе, у агародзе, прылеглых тэрыторыях. Прымушайце людзей рабіць сваю справу", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У размове з новымі кіраўнікамі мясцовай вертыкалі Кіраўнік дзяржавы закрануў праблему няхваткі працоўных рэсурсаў. "Мы будзем цэнтр цяжару пераносіць да вас, у вобласці і раёны. Калі мы вырашылі там пабудаваць прадпрыемства, там будзе і жыллё. Мы пакрыху пачалі адыходзіць ад Мінска, буйных населеных пунктаў, каб не перанасычаць іх людзьмі", - сказаў Прэзідэнт, дадаўшы, што ў сувязі з гэтым становіцца актуальным пытанне прыцягнення кадраў.
"Як і ва ўсім свеце, акрамя, магчыма, некаторых краін Азіі і Афрыкі, у нас дэфіцыт працоўных рэсурсаў. Дзякуй богу, яшчэ не катастрафічны. Але мы не павінны да катастрофы даводзіць, - сказаў Прэзідэнт. - Таму прынята рашэнне аб прыцягненні працоўных рэсурсаў, перш за ўсё з былых рэспублік Савецкага Саюза". Пры гэтым, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, прадстаўнікі краіны не выязджаюць за мяжу, каб некага агітаваць або настойліва запрашаць на працу ў Беларусь. Ёсць людзі, якія самі хочуць сюды прыехаць.
Па гэтай тэматыцы Кіраўніком дзяржавы нядаўна падпісаны Указ, які датычыцца адказнасці наймальнікаў за замежных работнікаў. Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў першую чаргу кіраўнікі прадпрыемстваў на месцах і кіраўнікі раёнаў павінны быць зацікаўлены ў прыцягненні кадраў. Менавіта яны і павінны займацца іх падборам. "Калі на нейкім прамысловым прадпрыемстве, папяровай фабрыцы або яшчэ дзе-небудзь патрэбны людзі, няхай кіраўнік наймае гэтых людзей, якія прыязджаюць у Беларусь з розных краін. Мы нікога не абмяжоўваем. Наймайце, заключайце з імі дагавор, працуйце", - арыентаваў Кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым, калі замежныя работнікі як-небудзь парушаюць дзеючы парадак, меры трэба прымаць неадкладна, запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. "Парушылі дагавор - імгненна інфармацыю ў міліцыю. Яны даводзяць да цэнтра, мы іх адсюль дэпартуем. Яны неадкладна будуць выселены з Беларусі", - сказаў Прэзідэнт.
"Але тыя, хто прыехаў да нас працаваць (зарабіць, таму што там цяжка, адкуль яны прыехалі), з дзеткамі, мы павінны да іх паставіцца як да сваіх, беларусаў, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Гэта ваша задача і задача кіраўнікоў. Дзейнічайце".
Звяртаючыся да новых кіраўнікоў мясцовай вертыкалі, Кіраўнік дзяржавы ўказаў на няпростыя ўмовы для аграрыяў у гэтым годзе, абумоўленыя нехарактэрным для мая надвор'ем і замаразкамі, якія, як заўважыў Прэзідэнт, "зрабілі сваю брудную справу" і нанеслі некаторы ўрон пасевам. Аднак сітуацыя на гэты момант не крытычная. "Катастрофы няма", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Як было даложана Кіраўніку дзяржавы, перасеяць неабходна невялікую колькасць плошчаў. І гэту работу ўжо фактычна правялі.
Неспрыяльныя ўмовы надвор'я больш за ўсё закранулі, як ні дзіўна, пасевы не рапсу, а збожжавых культур. Іх, паводле слоў Прэзідэнта, перасеялі кукурузай, за кошт чаго ўраджай збожжавых у агульнай вазе, магчыма, будзе нават большым, чым чакалася.
Акрамя таго, адметная асаблівасць бягучага года - задзейнічанне большых плошчаў пад бульбу. Гэту культуру, паводле слоў Прэзідэнта, высадзілі нават тыя, хто да гэтага яе не вырошчваў. "Раю гэтым займацца, яшчэ час ёсць. Насенне ёсць. Гэта трэба давесці да ўсіх. Попыт на бульбу будзе каласальным. Таму што на галоўным нашым рынку, у Расіі, вялікая гібель па бульбе. У іх таксама былі сур'ёзныя замаразкі", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама арыентаваў аграрыяў на павелічэнне плошчаў пад вырошчванне цыбулі і іншай традыцыйнай для Беларусі агародніны (буракоў, морквы і гэтак далей). Насенне для гэтага ў краіне ёсць у дастатковай колькасці. "Гэта трэба пасеяць. Будзе добрая цана і ў нашых суседзяў, і ўнутры краіны. Ёсць магчымасць зарабіць нейкую капейку", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што бягучы год аб'яўлены Годам добраўпарадкавання. "Добраўпарадкаванне - гэта не толькі тое, што мы траву пакасілі і пасадзілі недзе дрэва. Гэта наша здароўе і, галоўнае, здароўе нашых дзяцей, - сказаў Прэзідэнт. - Добраўпарадкаванне - гэта захаванне і паляпшэнне таго, што ёсць у Беларусі".
Аляксандр Лукашэнка таксама акцэнтаваў увагу кіраўнікоў на рабоце з людзьмі, прычым гэта датычыцца стаўлення як да насельніцтва раёна ў цэлым, так і да падначаленых. "Дзейнічайце акуратна. Не павінна быць ніякіх наскокаў", - заўважыў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, жорсткія, прынцыповыя, імгненныя рашэнні былі дарэчы, напрыклад, у сярэдзіне 1990-х, калі былі пустыя паліцы і крызісны час у краіне.
"Сёння час іншы, не трэба наскокам вырашаць усе пытанні. Трэба вельмі акуратна падыходзіць да людзей. Гэта нашы людзі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што для кожнага важна знайсці ў жыцці сваё месца, у тым ліку ў прафесійным асяроддзі. "Павінен быць шанц. Кожнаму трэба даць шанц, каб ён вызначыўся ў сваім жыцці. Свет рухаецца вельмі хутка. Я ўжо гаварыў: адстанем - затопчуць. Таму трэба рухацца хутчэй, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Будзьце вельмі акуратныя, не душыце, не цісніце. Але калі бачыце, што чалавек не цягне, часу ў вас няма. Значыць, тое месца будзе правалена і вам самім давядзецца гэта закрываць".
"Паважліва стаўцеся да людзей. Не адпіхвайце, не адштурхоўвайце. Ніякага бюракратызму і цяганіны. Чалавек звярнуўся - скажыце яму, так ці не", - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. Па многіх пытаннях, з якімі звяртаюцца людзі да ўлады, можна і трэба прымаць рашэнні на месцах. Менавіта на гэта і настройваў кіраўнікоў мясцовай вертыкалі Прэзідэнт.
"Вы акуратна з людзьмі працуйце, не выкідвайце на паверхню да мяне. Я не адпіхваюся ад вырашэння пытанняў. Але калі яны вашы - вы іх вырашыце. Не крыўдзіце людзей. Трэба дапамагчы - дапамажыце, не трэба дапамагаць - няхай самі робяць", - сказаў ён.
"Павінна быць адкрытая, сумленная палітыка і стаўленне да людзей. Гэта галоўнае для вас. Таму што вы лоб у лоб з гэтымі людзьмі. Так, часам яны ставяць не вашы пытанні. Так, ёсць прафесійныя скаржнікі… І такія людзі ёсць, трэба і з гэтымі людзьмі працаваць, трэба знаходзіць да іх падыход. Гэта наш лёс, ваш лёс. Гэта наша жыццё, калі мы прэтэндуем на кіраўніцтва тым ці іншым рэгіёнам, краінай ці вобласцю", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што па дзеяннях або бяздзейнасці мясцовых улад людзі мяркуюць аб эфектыўнасці ўлады ў краіне ў цэлым і аб Прэзідэнце. "Вы - мой твар на месцах. Усе вашы памылкі праецыруюцца на Прэзідэнта. Пачытайце ТikTok, сацыяльныя сеткі. Нешта недзе вы не так зрабілі ці не вырашылі - "Вось, Прэзідэнт, трэба да яго! Чаго ён там не бачыць гэтага..." Правільна ставяць людзі пытанні. Я вас назначаю, я за вас нясу адказнасць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму давайце будзем выбудоўваць нашу палітыку і пазіцыю так, каб нам было нармальна і камфортна працаваць - мне на сваёй пасадзе, вам, як маладым людзям, за якімі будучыня, на сваёй пасадзе".


