Разгляд кадравых пытанняў
- 19
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 31 сакавіка разгледзеў кадравыя пытанні.
Кіраўнік дзяржавы назначыў:
Юрыя Караева - старшынёй Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта;
Аляксея Кушнарэнку - старшынёй Мінскага абласнога выканаўчага камітэта;
Дзяніса Мароза - Міністрам энергетыкі.
Аляксандр Лукашэнка расказаў аб прычынах выбару кандыдатуры Юрыя Караева для назначэння на пасаду старшыні Гродзенскага аблвыканкама.
"Парадак і дысцыпліну вы трымайце там, вы ведаеце, што без дысцыпліны і парадку, без тэхналагічнай дысцыпліны мы наўрад ці нешта ў Гродзенскай вобласці зможам зрабіць, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Як складзецца ваша праца ў Гродзенскай вобласці, паглядзім. Але я ведаю вас як чалавека стараннага і дысцыплінаванага. Калі трэба, значыць, трэба, гэта павінна быць зроблена. І вы гэта можаце зрабіць. Таму з шэрага кандыдатур, якія прапаноўваліся, я ўсё ж такі прыняў рашэнне назначыць вас губернатарам Гродзенскай вобласці. Зразумела, дэпутаты абласнога савета вас яшчэ там патурбуюць, у адпаведнасці з законам. Але яны пра вас добрага меркаваня. Мяне гэта радуе".
"Мяне задавальняе яшчэ і тое, што вы - чалавек ваенны. Сітуацыя на заходніх граніцах, лепш за мяне ведаеце, што там адбываецца. Таму гэта ваша рыса ваенная з тым, што вы нават сельскую гаспадарку там асвоілі за гэты час (амаль 5 гадоў працавалі памочнікам), гэта таксама добрая школа была. І я заўважыў, што вам гэта падабаецца", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы ў цэлым упэўнены, што Юрый Караеў справіцца з пастаўленымі перад ім задачамі, у тым ліку з неабходнасцю яшчэ больш паглыбіцца ў пытанні сельскай гаспадаркі. "Вы справіцеся з гэтым яшчэ і таму, што там хапае спецыялістаў-аграрыяў. Там нядрэнны першы намеснік (першы намеснік старшыні аблвыканкама Юрый Валяваты. - Заўвага). Я так разумею, ён аграрый у нас", - сказаў Прэзідэнт.
"Ён лепшым аграномам быў у свой час", - пацвердзіў Юрый Караеў.
"Ён і цяпер у нас на добрым рахунку. Я проста нават пабаяўся яго, шчыра кажучы, адтуль забіраць. Ведаючы, што ён вам будзе добрай апорай і памочнікам", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы пра Юрыя Караева, Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў яго добрыя арганізатарскія здольнасці. "Таму пры ўсіх недахопах, а яны ў нас ва ўсіх ёсць (і ў мяне, і ў вас, і ў іншых), трэба сказаць, што ў вас даволі добры крэн у бок станоўчага. І вельмі спадзяюся, што губернатарам вы там спрацуеце, - заявіў Прэзідэнт. - Вопыт ваш будзе вельмі важны ў далейшым. Ваенныя людзі зусім маладымі ідуць на пенсію, што таксама нікуды не варта. Можа, яны дапамогуць нам і ў народнай гаспадарцы. Я думаю, дапамогуць. Таму за вамі будучыня".
Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў порцыю крытыкі па паказчыках работы ў рэгіёне, хоць вобласць лічыцца ў краіне перадавой.
У прыватнасці, не выконваюцца некаторыя прагнозныя паказчыкі. "За студзень-люты, значыць за гэтыя два месяцы, два паказчыкі не выкананы. Валавы рэгіянальны прадукт - 2% не дацягнулі да ста. А наогул 5% да планавых паказчыкаў Гродзенская вобласць не дацягнула. І вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі - вы недзе пад працэнт не дадалі, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Я, вядома, разумею, што ўзровень вашай сельскай гаспадаркі ў рэгіёне вельмі высокі і дадаваць да гэтага складаней, чым у іншых абласцях. Але паказчыкі трэба выконваць. Вы як чалавек ваенны лепш за ўсіх гэта разумееце. Тут, можа, не столькі ваша віна, колькі ў цэлым кіраўніцтва вобласці. І былога губернатара. Але я лічу, што адказ на гэта пытанне павінен быць".
Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на скарачэнне колькасці занятых у эканоміцы, што ўласціва і для іншых рэгіёнаў. "Гэта дрэнна, але, магчыма, вы і такой колькасцю спраўляецеся", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы і на паказчык тэмпу росту будаўніча-мантажных работ у вобласці за 2024 год, які не выконваецца больш як на 17%. "Адзіная вобласць, якая не забяспечыла гэты паказчык", - канстатаваў беларускі лідар.
"Пастаўлена задача штогод з 2025 года забяспечваць валавы збор у вас збожжавых, зернебабовых, кукурузы 2,5 млн т. Тут хоць памры, але такі паказчык трэба дасягнуць", - паставіў задачу Прэзідэнт.
Яшчэ адзін негатыўны факт - падзеж буйной рагатай жывёлы на 11% вышэйшы за ўзровень 2023 года. "За што - за што, але за падзеж жывёлы патрабаванне будзе вельмі строгае і з іншых, і з вашай вобласці. У іншых яшчэ больш сумна", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
Хоць і невялікае, але ёсць у рэгіёне скарачэнне пагалоўя свіней - на 1 тыс. галоў. "Ну, гэта непаразуменне. 1 тыс. галоў - гэта нішто. Таму трэба на гэта звяртаць увагу. Ну і іншыя праблемы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Як бачым, лягчэй не будзе і ў Гродзенскай вобласці. Нягледзячы на тое, што гэта больш развітая вобласць. Так, там прамысловасці не столькі (як у іншых рэгіёнах. - Заўвага). Хоць з уводам атамнай станцыі і ў вас гэта дабавілася. Але сельская гаспадарка. Гэта жытніца краіны. І мы заўсёды ў прыклад ставілі Гродзенскую вобласць, называючы яе жамчужынай. Людзі працавітыя, добрыя, вас паважаюць, я гэта ведаю. І вы неяк прыжыліся там. Як на сваёй роднай зямлі. Мяне гэта радуе", - даваў наказ Аляксандр Лукашэнка.
Пры назначэнні Аляксея Кушнарэнкі старшынёй Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Прэзідэнт падкрэсліў высокую адказнасць чыноўнікаў перад краінай і народам.
Разважаючы аб наяўнасці тых ці іншых недахопаў у Аляксея Кушнарэнкі, Кіраўнік дзяржавы сказаў: "Вядома, у яго ёсць недахопы. І галоўны недахоп, каго я ні дапытваў, кажуць, што ён вельмі перажывае за справу. Дык я гавару: які ж гэта недахоп? Гэта добрая якасць чалавека".
"Вядома, калі залішне перажываеш… Ну, я не папракаю за гэта людзей, таму што сам пакутую на гэты недахоп. Хочацца, каб ідэальна было. А ідэальна не заўсёды атрымліваецца. Ну, і тады пачынаеш думаць, магчыма, залішне, - адзначыў беларускі лідар. - Але, тым не менш, мы жыццё павінны аддаць. Наша жыццё нішто ў параўнанні з тым, што мы павінны зрабіць для краіны і для людзей. Я, вядома, не хачу, каб Аляксей там недзе загінуў ці памёр. Але, тым не менш, наша жыццё, і маё, і ваша, - гэта нішто ў параўнанні з людзьмі і нашай дзяржавай".
Аб асабістых якасцях цяпер ужо экс-міністра энергетыкі і новага кіраўніка Мінскай вобласці Аляксандр Лукашэнка спытаў у Дзяніса Мароза, які ўзначаліў Мінэнерга, а да гэтага працаваў на пасадзе намесніка Міністра.
"Вось ты папрацаваў з Міністрам. Шчыра. Я хацеў бы, каб ён узначаліў Мінскую вобласць. Ён справіцца?" - спытаў Прэзідэнт.
Дзяніс Мароз падкрэсліў, што ў гэтым у яго няма ніякіх сумненняў і нічога дрэннага пра свайго былога кіраўніка ён сказаць не можа.
"А добрае таксама?" - удакладніў Кіраўнік дзяржавы.
"Добрага шмат чаго магу сказаць", - адказаў Дзяніс Мароз.
"Ну а ўсё ж такі, недахопы ў яго ёсць, на якія яму трэба звярнуць увагу?" - настойваў Аляксандр Лукашэнка.
"Пра якія я ведаў бы - не", - запэўніў новы Міністр.
Такі адказ, зрэшты, Кіраўніка дзяржавы задаволіў не ў поўнай меры: "Гэта значыць, яны ёсць, але ты пра іх не ведаеш. Не, ну дык як інакш? І ў мяне, і ў цябе, і ў яго, і ў Юрыя Хаджымуратавіча (Юрый Караеў, які назначаны старшынёй Гродзенскага аблвыканкама. - Заўвага). Я сумленна сказаў, што ва ўсіх у нас ёсць недахопы. Як жа няма? Не ведаеш... Ведаю, што гаварыць не хочаш. Гэта ў вас прынята ўжо. Кругавая парука гэта".
У час назначэння Аляксея Кушнарэнкі старшынёй Мінскага аблвыканкама Кіраўнік дзяржавы выказаўся наконт наяўнасці ў экс-міністра энергетыкі аграрнага вопыту.
"Абласнога цэнтра ў вас няма. Але ў вас ёсць буйныя гарады. У вас ёсць аграгарадкі. Іх трэба проста прывесці ў парадак. Ну а калі ў цябе ў Мінскай вобласці будуць усе гаспадаркі, як "Газавік-Сіпакова", мне больш ад цябе нічога не патрэбна. Вось трэба, каб былі такія гаспадаркі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
У якасці станоўчага моманту ён адзначыў, што гаспадарка выйшла на самаакупнасць, а не паказвае высокія вынікі за кошт датацый энергетыкаў.
Як далажыў Аляксей Кушнарэнка, усяго ў сістэме Міністэрства энергетыкі ёсць 15 сельскагаспадарчых філіялаў: "На сённяшні дзень 86 тыс. у нас буйной рагатай жывёлы. З іх 20 тыс. кароў. Што датычыцца зямель, 83 тыс. га сельгасугоддзяў, 63 тыс. га раллі. Доім мы ў сярэднім па Міністэрстве энергетыкі 8300 кг за мінулы год".
"Добры", - ацаніў паказчык надояў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксей Кушнарэнка таксама расказаў, што ўраджайнасць збожжавых у сярэднім па 15 гаспадарках склала 43 ц/га.
"Вось у Мінскай вобласці калі ты гэта выдасі - усё, больш нічога не трэба. Менавіта такі павінен быць узровень вытворчасці, як у гэтых 15 тваіх гаспадарках. Ну што яшчэ больш трэба? Чалавек акунуўся ў гэту сферу", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым выказаўся аб палітыцы па аб'яднанні і ўзбуйненні гаспадарак. Ён адзначыў, што часта гэта дае ў лепшым выпадку палову чаканага эфекту. Але ёсць пазітыўны вопыт, калі гаспадаркі аддаюцца ў веданне буйных прадпрыемстваў і арганізацый. "Калі моцныя вось такія, як энергетыкі, прамысловыя прадпрыемствы возьмуць гэтыя гаспадаркі, землі, я ўпэўнены, будзе вынік. Гэты вопыт у Мінскай вобласці можна прымяняць. Тым больш у цябе ёсць гэты вопыт", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама заявіў, што на прыкладзе Гродзенскай і Мінскай абласцей хоча паглядзець, што атрымаецца, калі рэгіён будзе ўзначальваць не спецыяліст менавіта ў аграрнай сферы. "Хоць і Караеў (Юрый Караеў, які ўзначаліў Гродзенскую вобласць. - Заўвага) сутыкнуўся з сельскай гаспадаркай, пяць гадоў памочнікам працаваў. Усе кажуць, што ён там любіў сельскую гаспадарку", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт выказаў меркаванне, што Аляксей Кушнарэнка ў цэлым не далёкі ад сельскай гаспадаркі: "Я па вачах заўважыў. З таго часу я прыглядаюся да тваёй працы і падумаў аб тым, што вось гэтыя простыя вясковыя рабацягі - гэта якраз табе будзе па душы".
Але, папярэдзіў Прэзідэнт, галоўнае - гэта вынік: "Яшчэ адна такая акалічнасць, як кажуць у Беларусі: у нас у характары ўвайсці ў сітуацыю, пашкадаваць і іншае. Так, мы будзем уваходзіць у сітуацыю аграрыяў і іх шкадаваць, але патрэбны вынік".
"Гэта ж нядобра, што мне вось дакладваюць: скарачаецца колькасць (гэта як ва ўсіх) - рост падзяжу буйной рагатай жывёлы. Вось я ўпэўнены, што ты гэтаму ўвагу будзеш удзяляць сур'ёзную. Таму што гэта не ў тваім характары (дапускаць такія хібы. - Заўвага). Валавы збор трэба 3 млн т мець", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы на недахопы ў рэгіёне.
Пры назначэнні Дзяніса Марозава на пасаду Міністра энергетыкі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сфера энергетыкі - гэта вельмі сур'ёзная галіна і нельга дапусціць зніжэння ўзроўню яе работы.
"Вельмі сур'ёзнае назначэнне. Вы, Аляксей Іванавіч (Аляксей Кушнарэнка, які з пасады Міністра пераходзіць на пасаду старшыні Мінскага аблвыканкама. - Заўвага), упэўнены, што Дзяніс справіцца з работай Міністра?" - спытаў Прэзідэнт.
"Так точна, таварыш Прэзідэнт. Я Дзяніса Равільевіча даўно ведаю. І не сумняваюся ў яго прафесійнай кампетэнцыі, у яго магчымасцях, яго ведах, вопыце, якія дадуць магчымасць энергасістэму выбудаваць так, як яна павінна працаваць", - адказаў Аляксей Кушнарэнка.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, ці не перашкодзіць адсутнасць у Дзяніса Мароза некаторага практычнага вопыту: "Што ён па слупах у якасці манцёра, груба кажучы, не лазіў, нічога страшнага?"
"У яго выпадку, я думаю, што не. Таму што ён - чалавек, які лёгка абучаецца", - упэўнена адказаў Аляксей Кушнарэнка.
Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым заўважыў, што Дзяніс Мароз сам нават вучыў людзей, маючы на ўвазе вопыт яго работы ў Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце, а таксама Дзяржаўным інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у галіне газазабеспячэння "ГАЗ-ІНСТЫТУТ".
Аляксей Кушнарэнка запэўніў, што яго пераемнік здольны і ўмее працаваць у камандзе спецыялістаў, якія будуць яго акружаць, валодаючы неабходным практычным вопытам.
"А спецыялісты, як ты сказаў, і міністэрства прымуць яго як кіраўніка? Гэта ж энергетыка. Вы ж усе разумныя, здольныя, таленавітыя. Гэта вельмі сур'ёзная галіна. Ці прымуць там яго падначаленыя?" - прадоўжыў пытацца Кіраўнік дзяржавы.
Але і на гэта пытанне Аляксей Кушнарэнка адказаў сцвярджальна.
"Улічваючы, што віцэ-прэм'ер у нас яшчэ энергетык (Віктар Каранкевіч, які і сам раней узначальваў Мінэнерга. - Заўвага), думаю, што галіна не ўпадзе. Хоць мы ўклаліся значна ў энергетыку. Будзе дрэнна, калі ў тваю бытнасць Міністрам там нешта абрушыцца", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да Дзяніса Мароза.
"Не дапусцім", - запэўніў новы Міністр.


