Прафесійная адукацыя
Прафесійна-тэхнічная і сярэдняя спецыяльная адукацыя
Прадметам асаблівага гонару Беларусі з'яўляецца сістэма прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якая ў адрозненне ад іншых краін постсавецкай прасторы захавана і паспяхова функцыянуе. Наш вопыт выкарыстоўваецца ў Расіі і іншых дзяржавах.
У 2023/2024 навучальным годзе у рэспубліцы прафесійна-тэхнічную адукацыю атрымліваюць 63,1 тыс. чалавек, сярэднюю спецыяльную - 112,7 тыс. чалавек.
Праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі рэалізуюцца ў 166 установах. Прыём і выпуск склалі 26,1 тыс. і 21,1 тыс. чалавек адпаведна, падрыхтоўка ажыццяўляецца амаль па 300 прафесіях).
У 2023/2024 навучальным годзе адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі рэалізуюцца ў 224 установах адукацыі, у тым ліку 10 - прыватнай формы ўласнасці (прыём склаў 39,1 тыс. чалавек, выпуск - 29,6 тыс. чалавек). Падрыхтоўка ажыццяўляецца па 158 спецыяльнасцях.
Сістэма прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі аператыўна рэагуе на змяненні на рынку працы. Гэта адбываецца дзякуючы існуючаму прававому механізму, які забяспечвае ўзаемасувязь патрэбнасцей арганізацый - заказчыкаў кадраў, з аднаго боку, і аб'ёму падрыхтоўкі кадраў на розных узроўнях прафесійнай адукацыі, з другога боку. Пастаянна ўдасканальваецца навукова-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу: з удзелам арганізацый - заказчыкаў кадраў абнаўляюцца адукацыйныя стандарты, тыпавыя вучэбныя планы і праграмы па вучэбных прадметах, дысцыплінах.
Далейшае развіццё атрымлівае створаная ў рэспубліцы сетка рэсурсных цэнтраў, якая ўключае 48 цэнтраў па 9 відах эканамічнай дзейнасці. На іх базе ўкараняюцца ў вучэбны працэс сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, прымяняюцца найноўшыя сродкі навучання і абсталяванне. Штогод у рэсурсных цэнтрах навучаюцца амаль 25 тыс. чалавек, з іх 19,9 тыс. навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Ажыццяўляецца стажыроўка майстроў вытворчага навучання профільных устаноў адукацыі (700 чалавек), прафесійная падрыхтоўка і перападрыхтоўка дарослага насельніцтва (больш як 4 тыс. чалавек).
Кожныя два гады праходзіць рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus, які збірае на сваёй пляцоўцы ўдзельнікаў і экспертаў з усіх рэгіёнаў краіны. У яго праграме спаборніцтваў больш як 30 кампетэнцый у такіх напрамках, як будаўнічыя тэхналогіі, інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі, творчыя прафесіі і мода, вытворчасць і інжынерныя тэхналогіі, транспарт і лагістыка, сацыяльныя і персанальныя паслугі. Больш за 100 вядучых прадпрыемстваў і арганізацый з'яўляюцца партнёрамі рэспубліканскага конкурсу, прадастаўляючы сучаснае абсталяванне і матэрыялы для конкурсных заданняў, удзельнічаючы ў судзействе і падрыхтоўцы ўдзельнікаў спаборніцтваў.
Вышэйшая адукацыя
Вышэйшая адукацыя ў рэспубліцы з'яўляецца прэстыжнай і пры гэтым застаецца даступнай. Залічэнне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы ідзе па конкурсе на аснове вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання і ўнутраных іспытаў. Форма навучання можа быць дзённай, вячэрняй або завочнай. Усе выпускнікі акрэдытаваных вышэйшых навучальных устаноў розных форм уласнасці атрымліваюць дыплом дзяржаўнага ўзору. Маладым спецыялістам, якія атрымалі вышэйшую адукацыю за кошт сродкаў бюджэту ў дзённай форме навучання, гарантуецца працаўладкаванне па атрыманай спецыяльнасці.
У 2023/2024 навучальным годзе ў Беларусі ўстановы вышэйшай адукацыі прадстаўлены рознымі тыпамі: універсітэты, акадэмія (кансерваторыя), інстытуты.
Падрыхтоўку спецыялістаў вышэйшай адукацыі забяспечваюць 49 УВА, у тым ліку 42 дзяржаўныя, 7 - прыватнай формы ўласнасці.
Падрыхтоўка навуковых і навукова-педагагічных кадраў вядзецца ў аспірантуры, дактарантуры ўстаноў (арганізацый), якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы навукова-арыентаванай адукацыі.
Ва ўстановах вышэйшай адукацыі праводзіцца комплексная работа па развіцці навукова-даследчай, інавацыйнай і прадпрымальніцкай інфраструктуры ў мэтах стварэння інавацыйнай прадукцыі і камерцыялізацыі вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці на аснове мадэлі "Універсітэт 3.0".
У 2012 годзе створана Беларуская асацыяцыя студэнцкага спорту (БАСС), заснавальнікамі якой з'яўляюцца ўсе ўстановы вышэйшай адукацыі.