Сустрэча з кіраўнікамі органаў бяспекі і спецыяльных службаў дзяржаў - удзельніц СНД
- 13
- 23:14
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 чэрвеня сустрэўся з удзельнікамі 52-га пасяджэння Савета кіраўнікоў органаў бяспекі і спецыяльных службаў дзяржаў - удзельніц СНД.
"Я не першы раз ужо сустракаюся са спецыялістамі, кіраўнікамі (і ў рамках АДКБ, і ЕАЭС, і гэтак далей), заўсёды, зразумела, напярэдадні любога мерапрыемства думаеш пра галоўнае. Галоўнае ж заключаецца ў тым, што ўсе члены СНД вельмі сур'ёзна ўспрымаюць наш савет. І тое, што ўсе кіраўнікі органаў бяспекі прыбылі ў Беларусь, сведчыць аб тым, што вы бачыце, што адбываецца вакол нашых граніц, нашай Садружнасці, і вы разумееце, што можа быць", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што палітыкі і эканамісты ў краінах СНД маглі часам разыходзіцца ў поглядах, але спецслужбы заўсёды знаходзіліся ў цесным кантакце. "У гэтым напрамку трэба дзейнічаць і цяпер", - упэўнены ён.
"Пасля таго як пачалася спецыяльная ваенная аперацыя ва Украіне і супраць Беларусі і Расіі пачалі ўводзіць маштабныя санкцыі, у нашых краінах сёй-той завагаўся, закруціўся, захістаўся і гэтак далей. Гэта, напэўна, зразумела. Вельмі бурныя падзеі адбыліся імгненна, таму некаторы час трэба, каб ацаніць сітуацыю, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але спецыяльныя службы былі заўсёды ў кантакце. Яны дзейнічаюць спакойна, ціха, непрыкметна, як і належыць спецыяльным службам. Захад аб гэтых кантактах мала ведае, таму менш прэтэнзій прад'яўляе да вас, нашых саюзнікаў. Ну а мы з Расіяй апынуліся ў эпіцэнтры гэтых бурных падзей".
"Я абсалютна згодны з Прэзідэнтам Пуціным, калі ён гаворыць аб тым, што не мы пачалі гэту вайну. Яна пачалася нават не ў 2014 годзе. Яна пачалася задоўга да 2014 года. Мы бачылі ўсё, што тут адбывалася: той "карычневы" пераварот, які адбыўся, і да чаго Украіну падводзяць. Бачылі, хто быў у авангардзе", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама звярнуўся да прыкладу Расіі, дзе з 2014 года многія "свядомыя", як называюць такіх у Беларусі, вылі, крычалі, стагналі, патрабуючы абараніць рускага чалавека ў Данбасе. "Яны ж падштурхоўвалі да гэтага перш за ўсё. І ў нас таксама такія былі. Ну, абаранілі. І дзе гэтыя "свядомыя", разумныя, перадавыя апынуліся? Хто праз Лачынскі калідор пабег, хто праз Беларусь спрабаваў бегчы, але добра, што ў нас з Расіяй жорсткія правілы... Пачынаюць асуджаць кіраўніцтва Расіі - хто з Ізраіля, хто з Грузіі. А чаго вы асуджаеце? Вы ўчора былі заўзятымі прыхільнікамі гэтай аперацыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Уявіце сабе: калі б у Мексіцы пачалі здзекавацца з грамадзян ЗША, амерыканцаў? Той Мексікі даўно не існавала б", - дадаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў кіраўніцтва Украіны было шмат варыянтаў для таго, каб людзі мірна жылі ва ўсёй Украіне. "Але ні былыя (прэзідэнты. - Заўвага) Януковіч, Парашэнка, ні цяперашні Зяленскі гэтым не скарысталіся. Чаму не скарысталіся? Яны што, хацелі вайны? Не. Іх проста штурхалі да гэтага. Знайшлі слабыя месцы, дзе можна было націснуць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што калі б гэта не пачалося крыху больш за год таму, гэта пачалося б заўтра, але ў больш горшых умовах для Расіі і Беларусі. "Усё да гэтага ішло. Адзіная, напэўна, наша памылка, што мы не вырашылі гэта пытанне ў 2014-2015 гадах, калі не было ні арміі ва Украіны, ні гатоўнасці… Усё хацелі мірна неяк урэгуляваць. А яны за гэты час стваралі баяздольныя ўзброеныя сілы", - адзначыў Прэзідэнт. Прычым гэты намер ужо быў пацверджаны з боку ўдзельнікаў тых перагавораў па мірным урэгуляванні, у тым ліку былым Прэзідэнтам Францыі Франсуа Аландам. "Яны шчыра прызналіся, што яны рабілі ўсё, каб падрыхтаваць Украіну да вайны з Расіяй", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Звяртаючыся да прадстаўнікоў органаў бяспекі і спецслужбаў краін СНД, Прэзідэнт сказаў: "Нам трэба проста супакоіцца. Я вас проста прашу паўплываць на палітыку ўнутры краіны, каб мы не разбегліся. Гэта вельмі небяспечна".
У час сустрэчы Кіраўнік дзяржавы таксама выказаўся аб сітуацыі ўнутры і вакол СНД.
"Нікому мы не патрэбны, акрамя той постсавецкай прасторы, якая сёння існуе пасля распаду Савецкага Саюза. Фактычна мы размаўляем на адной мове, у нас адзіная эканоміка, у нас адзіныя рынкі, вытворчая кааперацыя і гэтак далей. Для таго каб гэта стварыць, не хопіць перыяду жыцця ні нашага, ні нашых дзяцей. І навошта ламаць? Навошта ламаць гэты агульны рынак?" - задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што збліжэнне краін на постсавецкай прасторы прыносіць ім значны эканамічны эфект. Паводле яго слоў, калі, напрыклад, Узбекістан стаў актыўней узаемадзейнічаць з Садружнасцю, гэта прынесла яму лішнія $1,5 млрд, а на сённяшні момант і яшчэ больш. "Значыць, шчасце ёсць? Ніхто ж вас не паклікаў на іншыя рынкі. Навошта сёння гэта развальваць?" - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт нагадаў, як у свой час спрабаваў пераканаць лідараў Украіны і Грузіі не спяшацца з выхадам з СНД. "Вярнуцца будзе складаней, а вяртацца давядзецца. І эканоміка нас прымусіць", - перакананы ён.
"Паглядзіце на яшчэ адзін прыклад. Здавалася б, для Еўропы, ЗША Украіна - гэта ўсё, гэта роднае. Усё паставілі на яе. Дык вы яе падтрымлівайце. А яны ў элементарным... Як толькі Украіна пачала вызваляць свае сховішчы ад збожжа і павезла ў Еўропу, усе закрыліся ад яе. І шалёныя прыбалты, і шалёныя палякі, і славакі нават. Усе закрылі свае рынкі для ўкраінскага збожжа. Чаму? Таму што цэны пачалі падаць на ўласнае. Фермеры абурыліся. Дык гэта толькі адзін элемент - збожжа. А далей што Украіна прадасць на заходнім рынку? Нічога. Вайна завершыцца - усё роўна прыйдуць да нас", - упэўнены беларускі лідар.
Няпэўная сітуацыя склалася і ў Малдове, звярнуў увагу Прэзідэнт. З-за недальнабачных рашэнняў мясцовых палітыкаў эканоміка ў краіне пачала згасаць. "Што зрабілі лепш?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы.
"Галоўнае, уся аснова і фундамент - гэта эканоміка і жыццё людзей", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт прывёў яшчэ адзін прыклад: Захад усё спрабуе паставіць Беларусь і Расію на калені, але гэта толькі вядзе да адваротнага эфекту. "Там ужо разгортваецца рэвалюцыя: "Чаму мы ва Украіну аддаём на забойства людзей такія грошы, а самі пачынаем жыць усё горш і горш?" І гэта тэндэнцыя не проста пачынаецца, а ўжо хутка піку свайго дасягне. Сёння ўжо Захад і амерыканцы хочуць нейкай паўзы ва Украіне, каб спынілася там страляніна і іншае. Для чаго - каб выбары правесці. Перш за ўсё ў Злучаных Штатах Амерыкі. Няхай садзяцца за стол перагавораў, і трэба дамаўляцца, каб спыніць вайну. А не шукаць нейкія пралазы, каб на нейкі перыяд заціхарыцца, а потым зноў пачаць. Мы гэта ўжо шмат разоў праходзілі. Нас на гэтым не купіш", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Ваенна-палітычная абстаноўка вакол нашай Садружнасці ўсё больш абвастраецца, і яна будзе абвастрацца. І нам трэба разумець, што буйныя ігракі вакол нас - Расіі, Беларусі, цэнтральнаазіяцкіх дзяржаў - будуць пакрыху спрабаваць нас расцягнуць. І па-добраму, і па-дрэннаму. Мы гэтага, мужыкі, не павінны дапусціць. Гэта мой жалезны пункт гледжання. Я гэта нутром ужо чую, усё ж такі не першы год працую Прэзідэнтам. Мы бачым усё большую мілітарызацыю краін блока НАТА і беспрэцэдэнтную канцэнтрацыю войскаў паблізу нашай з вамі агульнай тэрыторыі, распальванне рэлігійных, узброеных канфліктаў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў аб падзеях у Польшчы, якая сваё старое ўзбраенне скінула ва Украіну, а цяпер аснашчае сваю армію сучаснай амерыканскай тэхнікай. "Амерыканцы вызначылі Польшчу галоўнай апорай НАТА ў Еўропе. Але (не хачу гэтаму радавацца, але і засмучацца няма чаго) не толькі на нашых граніцах з Польшчай узнікаюць праблемы - у іх ужо моцная сутычка з Германіяй. Але гэта іх праблема", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Ён звярнуў увагу, што ўзмацняецца і без таго моцны палітычны і эканамічны націск з боку ЗША і ЕС, прадаўжаюцца непрыкрытыя спробы абмежаваць навуковае і тэхналагічнае развіццё краін Садружнасці. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на ўсё большыя супярэчнасці паміж Злучанымі Штатамі і Еўрапейскім саюзам. "Амерыканцы не толькі ў вайне на Украіне спрабуюць выкарыстоўваць Еўрапейскі саюз (яны ўжо іх абадралі як ліпку), але і ў процістаянні з Кітаем. А тавараабарот каласальны паміж Кітаем і Еўрапейскім саюзам. І прагматыкі ж, не дурні там усе, разумеюць, што разрыў адносін Еўрасаюза з Кітаем, да чаго падштурхоўвае Амерыка, прывядзе да яшчэ больш сумных эканамічных наступстваў у Еўропе", - растлумачыў Прэзідэнт.
Пры гэтым калектыўны Захад выкарыстоўвае ў якасці інструмента націску на нас міжнароднае права, а калі гэта выгадна - поўнасцю яго ігнаруе, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. "Але яго, гэтага права, практычна ўжо няма", - дадаў ён.
На сустрэчы з кіраўнікамі спецслужбаў Аляксандр Лукашэнка назваў асноўныя пагрозы бяспецы для краін СНД.
"Адной з ключавых пагроз на сённяшні дзень з'яўляецца інфармацыйна-псіхалагічнае ўздзеянне, распаўсюджванне заведама непраўдзівай, фэйкавай інфармацыі. Мэта такіх дзеянняў - падрыў аўтарытэту нашых дзяржаў на міжнароднай арэне. І не толькі гэта. Пад фэйкі часам падводзяцца і небяспечныя, агрэсіўныя дзеянні. Вазьміце атакі дронаў на Расійскую Федэрацыю. Што, гэта ў ваенным становішчы нешта значыць? Практычна нічога. А вось пад фэйкі гэта падставіць - нібыта і праходзіць, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - І ў Расіі, і ў нас, яшчэ недзе пачынаюць абмяркоўваць: ах-ах-ах. Таму інфармацыйна-псіхалагічная вайна - гэта аснова, а пад яе падводзяць усё: і эканоміку, і навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва, і інтэрнэт, і нават узброеныя правакацыі".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што фактычная інфармацыйная манаполія Захаду, у прыватнасці кантроль над інтэрнэтам, асноўнымі сацыяльнымі сеткамі і міжнароднымі СМІ, гэтаму толькі спрыяе.
"Характэрна, што гэту манаполію, а таксама сваё маніякальнае імкненне не дапусціць стварэння шматпалярнага свету яны прыкрываюць лозунгам барацьбы за дэмакратыю. Нічога за гэтай "дэмакратыяй" не стаіць. Ніякай там дэмакратыі няма. Дзякуй богу, мы ўжо ў гэтым пераканаліся. Мы бачылі, як дзейнічаюць у Амерыцы і што яны спрабуюць нам падсунуць. Пад гэтым лозунгам заходнія эліты зробяць усё, каб сарваць любыя нашы інтэграцыйныя працэсы і прымусіць нашы дзяржавы да адмовы ад партнёрскіх адносін, а таксама штучна стварыць кропкі напружанасці на прасторы Садружнасці Незалежных Дзяржаў і вакол яе", - адзначыў Прэзідэнт.
Самы красамоўны прыклад гэтага, заявіў Кіраўнік дзяржавы, - цяперашняе становішча Украіны, якую сёння выкарыстоўваюць для размену ў геапалітычных гульнях.
"Разведінфармацыя, якая паступае ў тым ліку па каналах нашых партнёрскіх сувязей спецслужбаў, сведчыць, што пералічаныя пагрозы ў агляднай будучыні будуць толькі нарастаць, - канстатаваў беларускі лідар. - Калі нехта з нас думае, што ўдасца адседзецца, - дарэмна. Красамоўны прыклад таго - нядаўнія падзеі ў Казахстане. Там і ўнутраны элемент, як заўсёды. Проста ж на голым месцы не бывае. Заўсёды бывае нейкі ўнутраны элемент. Ёсць сілы, зацікаўленыя ў дэстабілізацыі, вяртанні да ўлады, яшчэ нечага. Але потым вакол гэтага ўнутранага элемента хутка іншаземныя спецслужбы ствараюць кучу гэтых элементаў, якія садзейнічаюць дэстабілізацыі абстаноўкі ў нашых рэспубліках. Але прыклад Казахстана і ў тым, што мы тады ўсе з'ядналіся. І, нібыта, нічога не зрабілі, але толькі ўбачылі нашу рашучасць - адступілі. Таму нам трэба быць адзін да аднаго бліжэй".
"Што датычыцца Беларусі, магу адзначыць, што ў Польшчы, Літве і, на жаль, ва Украіне вядзецца абучэнне членаў незаконных узброеных фарміраванняў, робяцца спробы стварэння спячых экстрэмісцкіх ячэек непасрэдна ў краіне. Нядаўнія факты сведчаць аб гэтым", - адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб нядаўніх сумесных аперацыях з Расіяй, вынікам якіх стала знаходжанне выбуховых рэчываў і, такім чынам, прадухіленне тэрактаў у Беларусі. "Гэты факт сведчыць аб тым, што ў спакоі нас не пакінуць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Баевікі рыхтуюцца ва Украіне, яны абкатваюцца на фронце. Некаторыя гінуць там з ліку збеглых беларусаў. Рыхтуюцца атрады ў Польшчы, Літве, Чэхіі для таго, каб у патрэбны момант перакінуць у Беларусь. І гэта ўжо не 2020 год, калі дзяўчаты хадзілі ў белых кароткіх спаднічках з кветачкамі на дэманстрацыі. Людзі ўжо гатовы прыйсці сюды са зброяй у руках. Таму нам даводзіцца шмат увагі ўдзяляць абароне нашых рубяжоў".
Прэзідэнт заўважыў, што калі ў мінулыя гады заходнія куратары фінансавалі збеглую апазіцыю за заявы ў СМІ, то цяпер патрабуюць актыўных і рашучых дзеянняў. Гэта значыць грошы ў абмен на тэракты, толькі пад узброеную барацьбу. "Звярніце на гэта ўвагу. Гэта датычыцца ўсіх нашых дзяржаў", - папярэдзіў Прэзідэнт Беларусі.
"Гэта значыць у нас рыхтуюць сілавы сцэнарый змены ўлады. Мы гэта бачым. І мы гэтага не дапусцім, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Вам добра вядома, у той ці іншай ступені пагрозы датычацца ў тым ліку і вас. Падстаў для правакацый і націску не дапускайце. Любыя дзеянні і рашэнні дзяржаў Садружнасці, якія не адпавядаюць чаканням Захаду, могуць стаць прычынай для абвінавачанняў і санкцый. Ваша роля ў гэтай сітуацыі шматразова ўзрастае".
Адной з пляцовак для выпрацоўкі мер рэагавання на такую палітыку непрыяцеляў з'яўляецца Савет кіраўнікоў органаў бяспекі і спецслужбаў краін СНД. "Упэўнены, што і сённяшняе пасяджэнне пройдзе эфектыўна і вы прыміце непасрэдныя рашэнні па процідзеянні тым выклікам, якія я абазначыў. Я абсалютна ўпэўнены, што толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам процістаяць гэтай агрэсіўнай атацы і справіцца з любымі пагрозамі. Мы сёння можам гэта зрабіць, і на такім узроўні нам трэба трымацца", - падкрэсліў беларускі лідар.