Відэазварот да ўдзельнікаў XI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі
- 6:07
Паважаныя ўдзельнікі XI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі!
Вітаю і віншую вас з адкрыццём Форуму, які даўно стаў добрай традыцыяй, што звязвае мінулае, сучаснае і будучае народаў Беларусі і Расіі.
У гэтым годзе мы праводзім яго на віцебскай зямлі, дзе цесна перапляліся нашы культурныя і гістарычныя традыцыі.
Упершыню ён пройдзе адразу ў некалькіх гарадах, кожны з якіх мае сваю ўнікальную гісторыю. У гэтым ёсць асаблівы сэнс.
Полацк - калыска беларускай дзяржаўнасці і духоўнасці. Наваполацк - адзін з самых маладых гарадоў краіны, буйны індустрыяльны і навукова-адукацыйны цэнтр. Віцебск, які адзначае сёлета 1050 гадоў з дня свайго заснавання, - культурная сталіца Беларусі. Думаю, расійскія сябры па заслугах ацанілі гасціннасць і добразычлівасць іх жыхароў.
Мы сустракаемся ў дні 80-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гэтым таксама ёсць свой сімвалізм. У гэтыя дні мы ўспамінаем тых, хто аддаў жыццё за нашу родную Беларусь. Дзякуем савецкім воінам - нашым героям - за Перамогу і магчымасць развівацца і будаваць планы на будучыню.
Адзін з галоўных урокаў, які мы вынеслі з той страшнай вайны, - брацкім народам трэба заўсёды быць разам, плячо ў плячо пераадольваць узнікаючыя выклікі, адстойваць дзяржаўнасць, свае традыцыі і каштоўнасці. Толькі разам мы можам гарантаваць бяспеку і дабрабыт нашых людзей.
Сёння, насуперак знешняму націску, Беларусь і Расія ўпэўнена ідуць наперад, развіваюць саюзную інтэграцыю і ўмацоўваюць гуманітарныя сувязі. Лічу, што Форум рэгіёнаў - адзін з самых паспяховых і рэзультатыўных праектаў Саюзнай дзяржавы. Ён стаў унікальнай дыялогавай пляцоўкай, набыў свой адметны, непаўторны стыль і прадаўжае прырастаць смелымі, амбіцыйнымі ініцыятывамі.
На яго пляцоўках заключана 588 пагадненняў, падпісаны камерцыйныя кантракты на агульную суму звыш 450 мільярдаў расійскіх рублёў. Дасягнуты сур'ёзныя поспехі ў збліжэнні макраэканамічнай, прамысловай, аграрнай, навукова-тэхнічнай і адукацыйнай палітыкі.
Цяпер на парадак дня Форуму заканамерна выходзяць пытанні пабудовы інавацыйнай эканомікі Саюзнай дзяржавы.
У сучасным свеце забеспячэнне тэхналагічнага суверэнітэту і нацыянальнай бяспекі немагчымы без распрацоўкі і ўкаранення інавацыйных рашэнняў.
У Беларусі і Расіі для гэтага ёсць усе неабходныя ўмовы. У нас захаваліся лепшыя навуковыя школы, забяспечана моцная матэрыяльная база. Рэалізуецца адзіная прамысловая палітыка і фарміруецца адзіная навукова-тэхналагічная прастора. І самае галоўнае - мы валодаем магутным чалавечым патэнцыялам.
За апошнія гады рэалізаваны шэраг навукова-вытворчых праектаў. Створаны беспілотныя кар'ерныя самазвалы, распрацаваны ўнікальныя тэхналогіі для персаніфікаванай медыцыны і ідэнтыфікацыі асобы.
Мы пабудавалі Беларускую атамную электрастанцыю, наладзілі вытворчасць шматфункцыянальных беспілотных авіяцыйных комплексаў. Распрацавалі сістэму дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі для папярэджання надзвычайных сітуацый, праектавання і будаўніцтва дарог, аховы прыроды. Разам асвойваем космас, плануем вырабляць самыя сучасныя самалёты.
Вядома, зроблена нямала. Але спыняцца на дасягнутым нельга. Мы павінны імкнуцца да таго, каб інавацыі сталі галоўнай рухаючай сілай эканомік Беларусі і Расіі.
Ініцыятыўнасць, творчасць, нешаблоннасць мыслення павінны задаваць трэнды ў эканамічным развіцці нашых краін. Вырашэнне пастаўленых задач патрабуе падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў. Таму прыярытэтную ўвагу трэба надаваць захаванню і ўзмацненню патэнцыялу ў сферы навукі і адукацыі.
Развіццё інавацыйнай эканомікі ў нашых краінах немагчыма без актыўнай пазіцыі рэгіёнаў.
Стварэнне на мясцовым узроўні высокатэхналагічных прадпрыемстваў можа стаць найбольш перспектыўнымі і ўстойлівымі кропкамі эканамічнага росту. Такія праекты дапамогуць у вырашэнні сацыяльных задач - стварэнні новых працоўных месцаў, захаванні кадравага патэнцыялу на месцах, прыцягненні моладзі на вытворчасці. Нельга забываць, што ў канчатковым выніку ўся наша дзейнасць павінна быць накіравана на тое, каб зрабіць жыццё людзей лепшым.
Паважаныя сябры!
Абсалютна ўпэўнены: ідэі цяперашняга Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі знойдуць сваё ўвасабленне. Мы выйдзем на новы ўзровень саюзнай інтэграцыі, развіцця перадавых тэхналогій і інавацый, рэалізацыі нашых стратэгічных прыярытэтаў.
Жадаю ўсім паспяховай і плённай працы на карысць народаў Беларусі і Расіі.
Дзякуй за ўвагу.