Урачыстая цырымонія ўшаноўвання аграрыяў фестывалю-кірмашу "Дажынкі-2024" у гарадскім пасёлку Карма
- 32
- 23:46
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 кастрычніка прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўшаноўвання аграрыяў на фестывалі-кірмашы "Дажынкі-2024" у гарадскім пасёлку Карма Гомельскай вобласці.
Пасля прыбыцця ў Карму Аляксандр Лукашэнка перш за ўсё пацікавіўся ў старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко, якія ў мясцовай улады планы па развіцці рэгіёна. "Зімой вы мне адкажаце, што мы будзем рабіць з Гомельскай вобласцю", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт азнаёміўся, як быў добраўпарадкаваны да свята гарадскі пасёлак. Кіраўнік дзяржавы, у прыватнасці, агледзеў тэрыторыю фізкультурна-аздараўленчага комплексу "Сож". Тут ёсць лыжаролерная траса, адкрытая хакейная пляцоўка, трэнажорная зала, стадыён са штучным пакрыццём, басейн, шэраг іншых збудаванняў. ФАК уведзены ў строй якраз да "Дажынак". У планах мясцовай улады рэканструкцыя і будаўніцтва спартыўных аб'ектаў і ў іншых раёнах Прыпяцкага Палесся, перш за ўсё ў так званых чарнобыльскіх.
"Гэта ўсё добра, але для сацыяльнай базы, якую вы пабудавалі, павінна быць вытворчасць. Думайце ў цэлым па Гомельскай вобласці, што будзем рабіць. Усё гэта прыгожа, а паказчыкі? Для таго каб былі паказчыкі, патрэбны людзі. Трэба арганізаваць гэтых людзей, зацікавіць. Думайце ў цэлым аб Гомельскай вобласці, што будзем рабіць, - паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка. - Землі трэба адрадзіць, меліярацыю трэба правесці і культура земляробства павінна быць ідэальная".
У час цырымоніі ўшаноўвання перадавікоў уборачнай кампаніі Аляксандр Лукашэнка заявіў: "Так павялося ўжо, што самая гарачая пара ў вяскоўца - вясна і лета, а "Дажынкі" мы заўсёды адзначаем пад прамянямі не вельмі яркага асенняга сонца. Але гэта не бяда: такое надвор'е Гомельшчыне і ўсёй краіне вельмі патрэбна. І вам, працаўнікам цэха пад адкрытым небам, да перамен не прывыкаць. Нізкі паклон за вашу працу. За цярпенне і ўменне працаваць насуперак усім нягодам і абставінам (гэта вельмі характэрна для нашай Гомельшчыны). Такім, ад якіх нават могуць апусціцца рукі. Але не ў вас".
Кіраўнік дзяржавы расказаў, як адраджалася сельская гаспадарка ў рэгіёне пасля чарнобыльскай катастрофы: "Нам давялося твар у твар сутыкнуцца з вялізнай чалавечай трагедыяй. Здавалася, гэта тупік і выйсця няма. Успомніце тыя часы. Нас тады пераконвалі: жыць тут нельга. Пра тэрыторыі трэба забыць, усё кінуць і пайсці, людзей адсяліць. Што далей з землямі будзе, з гэтым краем - як бог дасць. Мы катэгарычна тады адхілілі такія прапановы. Я разумеў: забяспечыць дастойнае жыццё ў чарнобыльскіх раёнах у рэаліях развалу 90-х гадоў - задача амаль невыканальная".
Прэзідэнт адзначыў, што ніхто нічога падобнага ў тыя часы ніколі не рабіў. Ды і не ведалі, як рабіць. "І ніякіх рэцэптаў не існавала. Але рашэнне было прынята: мы нашых людзей на волю лёсу не кінулі, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - І тады мы зрабілі абсалютна правільны выбар, і гэта стала першым крокам. І, як відаць з пазіцыі сённяшняга дня, крокам смелым. Крокам да адраджэння нашых зямель".
"Мы падключылі вучоных і на практыцы знайшлі спосабы атрымліваць чыстую прадукцыю. З гэтага пачаўся наш шлях да адраджэння сельскай гаспадаркі ў так званых забруджаных раёнах. Каб канчаткова вярнуць рэгіён да нармальнага жыцця, мы зрабілі наступны крок: газіфікавалі населеныя пункты, стварылі новыя рабочыя месцы, прывялі ў парадак школы, бальніцы, дамы культуры", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Работа была праведзена каласальная. У Беларусі рэалізавалі шэсць маштабных дзяржаўных праграм, па якіх на ліквідацыю наступстваў аварыі за гэтыя гады было накіравана больш за $23 млрд толькі бюджэтных сродкаў і прыкладна столькі ж пазабюджэтных. У сельскагаспадарчы абарот вярнулі каля мільёна гектараў зямлі і паўмільёна гектараў - у лясны фонд.
Прадукцыя сельскай гаспадаркі Гомельскай вобласці сёння карыстаецца папулярнасцю на міжнародных рынках, і ў яе якасці ніхто не сумняваецца. За мяжой цэніцца і лясная прадукцыя прадпрыемстваў Гомельшчыны. "Гэта для мяне важнейшы фактар таго, што мы тады зрабілі правільна, і людзі тут жывуць", - заявіў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, інакш і нельга было зрабіць: дзе тысячы і тысячы людзей знайшлі б сябе, пакінуўшы родныя раёны і страціўшы сувязь з каранямі? А "адрываць" ад роднай зямлі іх пачалі ўжо - безадказныя палітыкі, якія на чарнобыльскай тэме спрабавалі ўзняць свой аўтарытэт, пры гэтым ні разу нават не наведаўшы пацярпелыя раёны.
"І самае складанае было развярнуць гэты карабель у адваротным напрамку. Мы з вамі гэта зрабілі. Вы гэта зрабілі. Так, у вас сёння няпроста ў сельскай гаспадарцы (будзем адкрыта гаварыць), у прамысловасці нармальна. Але я ўдзячны вам за тое, што вы мяне тады пачулі і не збеглі, што засталіся ў сваіх дамах. І мы будзем рабіць усё для таго, каб вы ніколі не папракнулі маё пакаленне ў тым, што мы вам удзялілі мала ўвагі. Гэта галоўная мая задача і ўсіх членаў Урада", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што маладая суверэнная рэспубліка, асколак вялізнай і багатай імперыі, практычна без дапамогі звонку справілася з наступствамі сусветнай тэхнагеннай катастрофы. Сваімі рукамі і сваім розумам, злучаючы навуку і практыку, жыццёвую мудрасць і веды, канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. "Мы пераадолелі бяду, таму што перасталі ныць, стагнаць і на некага разлічваць. Так і цяпер: толькі сваім розумам, сваімі сіламі мы можам нешта зрабіць, - перакананы Аляксандр Лукашэнка. - Сёння можна гаварыць пра дастойны рэзультат, вы яго бачыце (хоць, можа, і не той, які павінен быць). Насуперак змрочным прагнозам і шматгадовым прадузятасцям вы тут жывяце".
"Цяпер Гомельская вобласць - высокаразвіты прамысловы і аграрны рэгіён з вялікім турыстычным патэнцыялам, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Мы захавалі доступ да багатых і вельмі запатрабаваных рэсурсаў, таму маем магчымасць здабываць не толькі торф, але і вугаль, нафту, калій. Займаемся планамерным развіццём гэтых тэрыторый у рамках чарнобыльскай праграмы і думаем аб новых гарызонтах".
Паводле слоў Прэзідэнта, ёсць дамоўленасці вывучыць нетры Гомельскай вобласці. "І мы абавязкова знойдзем там нафту (у савецкія часы свідравіны прабурылі і кінулі). І мы гэтыя грошы накіруем на развіццё нашай Гомельшчыны", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што прырода пастаянна кідае аграрыям новыя выклікі: мяняюцца клімат і структура земляробства, даводзіцца пастаянна змагацца з засухамі і моцнымі вятрамі. Гомельская вобласць, паводле яго слоў, - наглядны таму прыклад.
"Жыццё не дае нам магчымасці спачываць на лаўрах. Успомніце нядаўні ліпеньскі ўраган. Асноўны ўдар стыхіі прыпаў на нашу Гомельшчыну. Моцна пацярпелі ў тым ліку і лясы. Іх трэба аднавіць. І я ўчора прапанаваў гэта зрабіць разам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што лес - гэта жыццё. "Давайце правядзём акцыю і высадзім новыя дрэвы на пашкоджаных участках. Зробім гэта разам, талакой, як заўсёды гэта было ў Беларусі", - заклікаў Кіраўнік дзяржавы.
"Настаў час зрабіць чарговы крок. За наступную пяцігодку неабходна адаптаваць стратэгію і тактыку выкарыстання патэнцыялу Гомельскага рэгіёна. Адна пяцігодка - і рэгіён павінен змяніцца і знешне, і ўнутрана, асабліва ў вытворчасці, - паставіў задачу Прэзідэнт. - Вы будзеце актыўна ўдзельнічаць у новай праграме для Палесся, а таксама ўзмоцнім, удзелім асаблівую ўвагу чарнобыльскай праграме. Павінен даць вынік і "Адзін раён - адзін праект".
Адначасова не варта забываць і аб меліярацыі, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, бо для Гомельскай вобласці яна не менш значная, чым для Брэста.
"І праз два-тры гады патрэбна ўжо добрая прыбаўка па ўсіх напрамках. Вы зрабілі з новым губернатарам першы толькі крок, нават не крок, да таго, што было яму даручана. Мы, вядома, будзем вас падтрымліваць і дапамагаць, але перш за ўсё вы павінны свой край адрадзіць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"Клімат, кажуць, стаў мякчэйшы. Значыць, давайце будзем займацца вінаградам, персікамі, кавунамі. У гэтым і павінна быць ваша асаблівасць: трэба вырошчваць тое, што іншыя з-за прыродных умоў не могуць і на што ёсць попыт", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы ўспомніў, што ў свой час вырошчванне цыбулі ў Беларусі пачыналася з Гомельскай вобласці, а да гэтага яе імпартавалі. "Гэтак і цяпер трэба вырошчваць новыя культуры, якія мы завозім невядома адкуль. Тое, што людзям нашым перш за ўсё патрэбна, і тое, што прадаць можам на знешніх рынках", - адзначыў Прэзідэнт.
Ён звярнуў увагу, што Гомельская вобласць сёння паспяхова займаецца вырошчваннем фруктаў, агародніны, ягад. Вырошчвае ў маштабах усёй краіны да 45% гарошку, чвэрць аб'ёму цыбулі і амаль 100% спаржавай фасолі.
"Работа, вядома, вядзецца, але разварочваемся мы вельмі павольна. Трэба паскарацца. Нельга адстаць: адстанем, спынімся, не дай бог, - затопчуць тыя, хто следам ідуць. А яшчэ вобласці неабходна ўстойлівасць у рэзультатах, у эфектыўнасці работы. Трэба навучыцца ў любы сезон пры любых умовах атрымліваць надоі, прыбаўленні ў вазе, ураджайнасць на ўзроўні вышэйшым за сярэднія па краіне. Без спадаў і правалаў. Гэта задача ў тым ліку і нашай навукі, падключайце яе зімой", - запатрабаваў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы разлічвае, што ў рэалізацыі абноўленай праграмы развіцця Палесся, і не толькі ў ёй, прыкметнае месца знойдуць маладыя вучоныя са сваім свежым поглядам, новымі распрацоўкамі, інавацыйнымі ідэямі і вынаходствамі.
"Калі ёсць мэта, зразумела, куды ісці. Наша мэта ніколі не змянялася - зрабіць нашу Беларусь мацнейшай, прыгажэйшай, багацейшай і ўсё больш незалежнай, - заявіў Прэзідэнт. - Зрабіць так, каб не толькі мы, але нашы дзеці і ўнукі жылі на сваёй зямлі сваім розумам. Каб ніколі ніхто не смеў імі панукаць".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на фестывалі сабраліся лепшыя з лепшых. Людзі, якія сваёй працай прымнажаюць дасягненні краіны.
"І як дабівацца пастаўленых мэт, вы ведаеце не горш за мяне. Бачу, як любіце вы свой край. З часу майго апошняга наведвання ён стаў прыгажэйшым. І ў гэтым змяненні - часцінка працы кожнага з вас, вашы клопат аб малой радзіме, адданасць караням і марам пра будучыню, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Вы - сапраўдныя патрыёты. Вялікі вам дзякуй за беражлівае стаўленне да роднай зямлі. Дзякуй вам вялікі за працу, за падтрымку таго курсу, якім ідзе наша краіна".
На фестывалі-кірмашы "Дажынкі-2024" Прэзідэнт уручыў дзяржузнагароды працаўнікам вёскі.
Ордэнам Пашаны Кіраўнік дзяржавы ўзнагародзіў вадзіцеля ААТ "Калінінскі" Добрушскага раёна Аляксандра Старацітарова. Медаль "За працоўныя заслугі" з рук Прэзідэнта атрымалі вадзіцель агракамбіната "Холмеч" Рэчыцкага раёна Аляксандр Забіран, трактарыст-машыніст ААТ "Отар" Чачэрскага раёна Міхаіл Мінянкоў і трактарыст-машыніст ААТ "Сцяг Радзімы" Гомельскага раёна Мікалай Чыгарэўскі.
Нагрудны знак да ганаровага звання "Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь" Аляксандр Лукашэнка ўручыў дырэктару ААТ "Зорка" Чачэрскага раёна Галіне Трыбунах, а спецыяльныя лісты аб аб'яўленні Падзякі Прэзідэнта - вядучаму інжынеру-тэхнолагу Палескага вытворчага ўчастка ААТ "Мілкавіта" Святлане Атрошчанка і трактарысту-машыністу КСУП "Судкова" Хойніцкага раёна Алене Волкавай, аператару аўтамата па вытворчасці вараных каўбас мясаперапрацоўчага цэха Жлобінскага мясакамбіната Раісе Дзегцяровай, аператару машыннага даення ААТ "Шлях Ільіча" Лельчыцкага раёна Святлане Жогла, галоўнаму заатэхніку-селекцыянеру ААТ "Ціхінічы" Рагачоўскага раёна Тамары Каравіцкай, галоўнаму заатэхніку СВК "50 год Кастрычніка" Рэчыцкага раёна Ніне Пішчык, вадзіцелю грузавога аўтамабіля ААТ "Імя Жукава" Брагінскага раёна Уладзіміру Шахніцкаму.
Падзякі Прэзідэнта таксама былі ўдастоены калектывы работнікаў сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства "Палессе-Аграінвест" Петрыкаўскага раёна і ААТ "Ціхінічы" Рагачоўскага раёна. Апошнім кіраўнік дзяржавы таксама падарыў сертыфікат на трактар "Беларус".
Пасля цырымоніі ўзнагароджвання Аляксандру Лукашэнку ўручылі святочны каравай ад хлебаробаў Гомельшчыны - як сімвал мірнай і стваральнай працы, а таксама тканы пояс-абярэг.
"Жыхары Гомельскай вобласці шчыра ўдзячныя вам за асаблівую цеплыню і клопат. Дзякуючы вашым рашэнням нашы тэрыторыі, якія пацярпелі ад радыяцыйнага забруджвання, сёння ўстойліва развіваюцца. Гэта відаць на прыкладзе Кармянскага раёна. І хачу запэўніць, што так будзе і далей", - заявіў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.
Ён адзначыў, што ў беларускай нацыянальнай культуры заключана каласальнае духоўнае багацце і яго захавальнікамі ў Гомельскай вобласці з'яўляюцца знакамітыя неглюбскія ткачыхі. Менавіта яны і выткалі ручнік для Кіраўніка дзяржавы. "Які і вас абароніць, і дапаможа захаваць нашу родную і любімую Беларусь", - сказаў старшыня Гомельскага аблвыканкама.
На фестывалі Аляксандр Лукашэнка таксама прыняў удзел ва ўрачыстым правядзенні абраду дажынак "Замыканне зямлі". На сцэну вынеслі кола падзякі з завязанымі на ім паясамі раёнаў Гомельскай вобласці. Пояс Кармянскага раёна завязаў Прэзідэнт, такім чынам замкнуўшы кола.
"Яшчэ раз дзякуй вам за тую адданасць, вернасць сваёй зямлі. Мы жывём у няпросты час, і вам гамяльчанам вельмі няпроста. Вы ведайце, што мы тады ў цяжкія часы, калі была страшэнная галеча, калі не было чаго есці і апрануць, вас не кінулі, мы вас не кінем і цяпер. Мы заўсёды будзем ведаць, што вы маеце патрэбу ў міры і абароне. Памятайце: мы будзем жыць у мірнай, нармальнай краіне", - рэзюмаваў беларускі лідар.