Нарада па пытаннях развіцця беларускай прамысловасці
- 13
- 20:28
Сітуацыя ў сферы прамысловасці ў цэлым складваецца нядрэнна, але гэта не нагода спачываць на лаўрах. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 22 ліпеня на нарадзе па пытаннях развіцця беларускай прамысловасці.
"На мінулым тыдні мы сур'ёзна гаварылі аб сельскай гаспадарцы, у прыватнасці, аб уборачнай кампаніі. Сёння мы прысвецім нашу нараду развіццю прамысловасці Беларусі. Зразумела, што два сектары эканомікі ўзаемазвязаны, гэта важнейшыя сектары для нашай дзяржавы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Работу прамысловых арганізацый і перспектывы іх развіцця на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы планавалася абмеркаваць даўно. У канцы чэрвеня, назначаючы Аляксандра Яфімава Міністрам прамысловасці, Прэзідэнт даручыў запланаваць даклад аб сітуацыі ў гэтай сферы. Першапачаткова прадугледжвалася, што аб стане спраў у прамысловасці даложаць профільны Міністр і віцэ-прэм'ер, які курыруе гэтыя пытанні. Але ў выніку склад удзельнікаў і блок пытанняў пашырылі.
"Тады, у час кадравых назначэнняў, вырашылі, што з новым Міністрам разгледзім вынікі работы прамысловых арганізацый (тым больш паўгоддзе закончылася) і абмяркуем коратка нашы перспектывы, - нагадаў Аляксандр Лукашэнка. - Мяркуючы па той інфармацыі, якая ў мяне на стале, сітуацыя ў цэлым складваецца нядрэнна. Некалькі гадоў стабільна растуць аб'ёмы вытворчасці. У мінулым годзе галіна выдала рэкордны за апошняе дзесяцігоддзе экспарт - $6,5 млрд. Аднак гэта зусім не нагода для таго, каб спачываць на лаўрах і думаць, што мы ўсё ўжо зрабілі".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што расслабляцца ні ў якім разе нельга і ўсе пастаўленыя задачы па вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі павінны быць выкананы.
Асноўныя напрамкі развіцця беларускай прамысловасці былі вызначаны на пашыранай красавіцкай нарадзе. Задачы застаюцца ранейшымі, звярнуў увагу Прэзідэнт.
"Галоўная наша мэта - гэта дыверсіфікацыя экспарту. Мы ўсё ўмеем рабіць, але галоўнае - прадаць. Попыт на нашу прадукцыю ёсць. Дзяржавы, якія гатовы купляць нашу прадукцыю, таксама ёсць", - адзначыў беларускі лідар.
"Нашы асноўныя два партнёры - Расія і Кітай. Гэта нашы традыцыйныя партнёры. Гэта наш "якар". Мы заякарыліся. І калі хтосьці думае, што "вось мы пойдзем з Расіі і Кітая, заўтра нас прымуць з распасцёртымі рукамі", - глупства поўнае. Так, мы невялікая экспартная эканоміка. Але трэба разумець, што гэта мільярды долараў. Канкурэнцыя сур'ёзная, і з нашымі таварамі нас нідзе ніхто асабліва не чакае. Таму Расія і Кітай, асабліва Расія, - гэта наш традыцыйны рынак. Эканоміка - тут нікуды не дзенешся", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь паспяхова развівае адносіны і з іншымі дружалюбнымі краінамі, не страчваюцца кантакты з Еўрапейскім саюзам. "Гэта нашы суседзі - Еўрапейскі саюз. З імі трэба знайсці шляхі супрацоўніцтва. Калі ім трэба штосьці купіць, а нам трэба прадаць у іх на рынку - гэта ўзаемавыгадны інтарэс, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Як палітыкі не справабалі б узвесці бар'еры, калі бізнесу трэба, ён знойдзе шляхі для таго, каб прабіцца на тыя ці іншыя рынкі".
У час нарады Аляксандр Лукашэнка падрабязна спыніўся на супрацоўніцтве і з краінамі далёкай дугі: Азіі, Афрыкі, Паўднёвай і Лацінскай Амерыкі. "Мы дамаўляліся аб тым, што яйкі ў адзін кошык класці ні ў якім выпадку нельга. Чым больш кошыкаў, тым лепш. Таму вырысавалася далёкая дуга", - нагадаў ён.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сёння ўжо ніхто не можа аспрэчыць: за Афрыкай - будучыня. І на гэтым кантыненце ў Беларусі ёсць некалькі кропак апоры: на поўдні - Зімбабвэ і Мазамбік. У гэтых краін выгаднае геаграфічнае становішча.
"Мазамбік больш, чым Зімбабвэ, мае патрэбу ў нас, і гэта я ведаю дакладна. І Прэзідэнт Зімбабвэ (у іх добрыя адносіны з кіраўніцтвам Мазамбіка) абяцаў мне і робіць усё для таго, каб арганізаваць нам нармальную работу ў Мазамбіку. Такім чынам мы адразу з Мазамбіка і іх партоў можам супрацоўнічаць з Зімбабвэ. Ім трэба ўсё. Яны нас ведаюць, яны нас цэняць і гатовы з намі працаваць", - заявіў Прэзідэнт.
На заходнім узбярэжжы Афрыкі ў Беларусі таксама ёсць партнёры, напрыклад Экватарыяльная Гвінея і Нігерыя. Не так даўно, дарэчы, Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з першай лэдзі Нігерыі. Гэта краіна вельмі зацікаўлена развіваць адносіны з Беларуссю. "Яна мне расказвала, што іх вельмі цікавіць Беларусь. "Чаму? - я пытаюся. - Шмат жа краін". - "Не, мы ведаем, што такое каланіялізм. Мы хочам супрацоўнічаць з роўнымі. Вы паказалі сябе ў Афрыцы добра, пачынаючы з Егіпта, яшчэ тады". Яна прыехала і мне расказвае: мы хочам тое, мы хочам гэта. Але гэта 220 мільёнаў чалавек, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - У Экватарыяльнай Гвінеі адкрыта гавораць: прыязджайце, вось што вам трэба - бярыце, працуйце, як хочаце".
"Кенія - усход Афрыкі. Цудоўныя ў мяне адносіны з Прэзідэнтам. Гавораць, "вось яны там праамерыканскія"... Яны сваю краіну хочуць развіваць. Таксама: "Прыязджайце, мы хочам гэта, гэта, гэта". Вялікая краіна, ім трэба ўсё. Вазьміце поўнач: у нас традыцыйна цудоўныя адносіны з Егіптам, Алжырам. Што яшчэ трэба ў Афрыцы?" - расказаў Кіраўнік дзяржавы аб партнёрах ва ўсходняй і паўночнай частках Афрыкі.
Добра ведаюць Беларусь і на Блізкім Усходзе. "Нас ведаюць у Ізраілі, у нас бліскучыя адносіны з Сірыяй (вайна калісьці скончыцца, ды і цяпер ім жыць трэба) і з іншымі дзяржавамі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Нядаўна мы ў рамках ШАС сустракаліся з кіраўніцтвам Пакістана - чакаюць. Там зноў прыйшлі да ўлады нашы людзі, з якімі мы добрыя адносіны маем. Вельмі прасілі мяне туды прыехаць. Вялікая краіна, больш за дзвесце мільёнаў чалавек. Ядзерная дзяржава. Ім трэба накарміць народ. Як мне першая лэдзі Нігерыі гаворыць: "Мы хочам з мужам застацца ў гісторыі, накарміўшы народ". Дык гэта наша тэма. Гэта і вялікі кусок прамысловасці, і наш вопыт развіцця ў сельскай гаспадарцы. Спрабуем цяпер аднавіць нашы адносіны з Індыяй: усё ідзе нармальна", - адзначыў Прэзідэнт.
Аднавіліся гандлёва-эканамічныя сувязі і з краінамі Лацінскай Амерыкі. Нядаўна ўрадавая дэлегацыя Беларусі наведала Венесуэлу, Нікарагуа і Кубу.
"Добра, што вы гэту задуму рэалізавалі: Венесуэла, Нікарагуа, Куба. Майце на ўвазе, яны хочуць развівацца. Вы бачылі, што там непачаты край работы. І яны адзін з адным гэта ўсё абмяркоўваюць: "А, беларусы прыехалі ў Нікарагуа. І мы хочам, і мы хочам, каб прыехалі". Адносіны да нас там нядрэнныя. Гэта вельмі багатыя краіны, без іх Злучаныя Штаты Амерыкі не абыдуцца. Таму яны пачынаюць выбудоўваць адносіны з Венесуэлай. Гэта для нас добра", - сказаў беларускі лідар.
Больш актыўнымі, лічыць Аляксандр Лукашэнка, трэба быць і ў напрамку Бразіліі: "Вялікая краіна (больш за дзвесце мільёнаў чалавек), уплывовая ў палітычных адносінах, і ім трэба тое, што мы хочам прадаць".
Кіраўнік дзяржавы не стаў адмаўляць, што ў супрацоўніцтве з краінамі Афрыкі і Лацінскай Амерыкі ёсць свае праблемы. Аднак, паводле яго слоў, яны пераадольныя і заўсёды можна знайсці шляхі вырашэння.
"У нас інтарэс і магчымасці не толькі ў Расіі, але і ў Кітаі. І па гэтым усім перыметры. Далёкая дуга вызначана. Да гэтых дзяржаў будуць падвязвацца і іншыя. Гэта не канчатковы варыянт", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што ўступленне Беларусі ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва адкрывае цалкам унікальныя магчымасці па прасоўванні прамысловай прадукцыі ў краіны ШАС. "І трэба шырока развіваць і гэтыя напрамкі, - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта дадатковае акно ў гэтыя краіны".
Акрамя непасрэднага продажу прамысловай прадукцыі, Прэзідэнт асобна закрануў тэму стварэння сэрвісных цэнтраў і навучання персаналу. Без гэтага, падкрэсліў ён, нельга выбудоўваць доўгатэрміновыя эканамічныя сувязі. "Навучанне і сэрвісныя цэнтры, а потым лакалізацыя, стварэнне ўласных вытворчасцей - гэта ўнікальная магчымасць прыйсці ў далёкія рэгіёны сур'ёзна і надоўга. Тым больш у іх ёсць што прапанаваць беларусам", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы крытыкаваў Урад і ў першую чаргу профільнага віцэ-прэм'ера за дрэнную работу на ўнутраным рынку, падкрэсліўшы, што трэба забяспечыць разумную абарону гэтага рынку. "Мы павінны абараняць разумна ўласны рынак", - сказаў Прэзідэнт.
Пры гэтым абсалютную абарону ўнутранага рынку ад імпарту Аляксандр Лукашэнка не лічыць магчымым варыянтам, паколькі ў адказ іншыя краіны закрыюць свае рынкі для айчыннай прадукцыі. "Такі наш лёс, што ў нас вырабляецца ўсё тое, што ў свеце вырабляюць у вялікай колькасці. Таму проста так абараняць свой рынак, закрыцца на граніцы і нікога не пусціць не атрымаецца. Трэба дзейнічаць разумна. Для гэтага ў нас ёсць Урад, каб дапамагаў прамысловым прадпрыемствам працаваць", - адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы арыентаваў на тое, каб больш актыўна адстойваць інтарэсы Беларусі ў рамках тых дамоўленасцей, якія ёсць з іншымі краінамі, у тым ліку з Расіяй. "Мы іншым разам гэта пускаем на самацёк", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што цяпер Беларусь страчвае расійскі рынак па некаторых традыцыйных беларускіх таварах - трактарах, халадзільніках. Хоць у частцы продажу халадзільнікаў сітуацыя пачынае выпраўляцца і намеціліся дадатныя тэндэнцыі. "Трэба гэтым карыстацца", - арыентаваў беларускі лідар.
"Нягледзячы на вытворчасць шырокай лінейкі айчыннай тэхнікі, мы ў многім цяпер закупляем імпартнае (аналагі. - Заўвага), прычым там, дзе не павінны закупляць", - абазначыў яшчэ адзін праблемны аспект Прэзідэнт. У сувязі з гэтым ён пацікавіўся ў адказных асоб, чаму так адбываецца, ці ўступаюць айчынныя тавары па цане або недацягваюць па якасці. Ці прычына ў тым, што не выбудавана эфектыўная маркетынгавая палітыка.
Кіраўнік дзяржавы ўдакладніў, якія канкрэтныя меры прыняты па абароне ўнутранага рынку, што зроблена і, галоўнае, калі будзе рэзультат. "А вынік у тым, каб прадпрыемствы рэнтабельна працавалі і былі грошы", - адзначыў Прэзідэнт.
Яшчэ адно праблемнае пытанне, на якое звярнуў увагу Прэзідэнт, звязана з вяртаннем знешняй пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці, якая, як і ў мінулым годзе, прадаўжае расці. "Хачу дырэктараў папярэдзіць: гэта турма. Таму што пры такім раскладзе вы просіце яшчэ і танныя крэдыты пад "абаротку" і рэструктурызацыю даўгоў. Гэта значыць зноў спадзеяцеся, што дзяржава з уласнай кішэні вам нешта дасць і на іншыя льготы і прэферэнцыі (таксама спадзеяцеся. - Заўвага). Чарговы раз паўтараю: павінна быць строгая дысцыпліна разлікаў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, запуск новага інвестыцыйнага цыкла ў кантэксце задач па імпартазамяшчэнні і лакалізацыі павінен забяспечыць тэхналагічны суверэнітэт і гарантаваць устойлівае развіццё Беларусі. "Таму што моцная эканоміка - гэта незалежная дзяржава", - падкрэсліў беларускі лідар.
Яшчэ адно з пытанняў нарады датычыцца рэалізацыі імпартазамяшчальных інвестыцыйных праектаў, што фінансуюцца з удзелам сродкаў дзяржаўнага фінансавага крэдыту Расіі. "Вы прасілі. Мне паабяцаў Пуцін гэтыя крэдыты, ён іх выдае. Дамовіліся, што пад праекты, якія будуць цікавіць не толькі Беларусь, але і Расію. Напэўна, яны правільна ставяць умову: "Хлопцы, давайце сумесныя праекты - мы вам дадзім грошы" . Нармальна. Як тут?" - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы. У прыватнасці, ён спытаў, на якім этапе знаходзяцца цяпер праекты, як выконваецца даручэнне Прэзідэнта аб арганізацыі сэрвісных цэнтраў беларускай тэхнікі ва ўсіх расійскіх рэгіёнах, куды яна пастаўляецца.
Важнай тэмай мерапрыемства стала таксама выбудоўванне работы па забеспячэнні якасці прадукцыі, што выпускаецца айчыннай прамысловасцю.
Падчас нарады кіраўнік Мінпрама Аляксандр Яфімаў далажыў аб напрамках развіцця беларускай прамысловасці, існучых праблемах і прапановах па іх вырашэнні.
Паводле яго слоў, на працягу апошніх гадоў галіна штогод выконвае ўсе даводзімыя ключавыя паказчыкі эфектыўнасці. Так, з 2021 па 2023 год, нягледзячы на ўзрастаючыя спробы знешняга націску з боку недружалюбных краін, Мінпраму ўдалося выканаць усе даводзімыя паказчыкі бягучай пяцігодкі. За тры гады пяцігодкі рост прамысловай вытворчасці склаўся на ўзроўні 139,8% пры арыенціры 124,6%, па экспарце - 168,1% пры арыенціры 136,3%. Забяспечваецца ўстойлівая работа прамысловасці. У 2023 годзе экспарт склаў $6,5 млрд - рэкордная лічба за апошнія 10 гадоў.
"У бягучым годзе мы плануем забяспечыць таксама дадатны тэмп росту экспарту, тым самым паўтарыўшы ўжо дасягнуты рэкорд", - сказаў Міністр.
Для гэтага, паводле яго слоў, максімальна выкарыстоўваецца сітуацыя, што складваецца на рынку. Так, у 2023 годзе адносна 2021-га рэалізацыя легкавых аўтамабіляў павялічылася ў 2,3 раза, у 2,8 раза - продаж тэлевізараў, у 1,4 раза - пральных машын, у 1,2 раза - грузавых аўтамабіляў, у 1,1 - кар'ерных самазвалаў, ліфтаў і гатовага пракату.
Першае паўгоддзе 2024 года прадпрыемствы Мінпрама завяршылі з дадатнымі тэмпамі росту вытворчасці - 104,1%, або Br15,8 млрд. Экспарт склаў $3,2 млрд, аб'ём вытворчасці імпартазамяшчальных тавараў склаўся на ўзроўні $3 млрд з тэмпам росту 107,1%. Удзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб'ёме вырабленай склала 41,9%, інвестыцыі ў асноўны капітал накіраваны ў аб'ёме Br600 млн з тэмпам росту 151,3%. За студзень-май бягучага года сярэднямесячная зарплата склалася на ўзроўні 112,5% ад агульнарэспубліканскага ўзроўню і склала Br2384.
Пры кансерватыўным сцэнарыі развіцця Мінпрам прагназуе па выніках бягучага года дадатныя тэмпы росту і плануе выйсці на аб'ём вытворчасці больш як Br31,6 млрд. Таксама чакаюцца дадатныя рэзультаты па экспарце ў аб'ёме 102,5%. "Гэта мінімальныя лічбы, - заўважыў Аляксандр Яфімаў. - Ёсць пэўныя рэзервы, і Міністэрства прамысловасці разам з нашымі прамысловымі прадпрыемствамі будзе выкарыстоўваць максімальна рэзервы для таго, каб яшчэ больш палепшыць гэтыя паказчыкі".
Паводле яго слоў, у бліжэйшыя гады работа будзе накіравана на тое, каб не проста захоўваць экспарт у Расійскую Федэрацыю, але пры захаванні долі ў Расіі нарошчваць экспарт у краіны далёкай дугі. "Да 2030 года мы плануем да 30% усіх экспартных паставак арганізаваць у краіны далёкай дугі", - сказаў міністр.
У якасці ключавых краін у Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы ён назваў Венесуэлу, Кубу, Аргенціну, Нікарагуа, Калумбію, Бразілію, у Афрыцы - Егіпет, Нігерыю, Тога, Мазамбік, Экватарыяльную Гвінею, Кенію, Зімбабвэ, у Азіі - Пакістан, Індыю, В'етнам, Манголію, Іран, Турцыю, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты і Кітай.
"За 5 месяцаў бягучага года маем дадатную дынаміку экспарту у краіны далёкай дугі з тэмпамі 134,4%", - сказаў Аляксандр Яфімаў.
Ён растлумачыў, што бягучае развіццё прамысловасці рэалізуецца праз інвестыцыйную, інавацыйную і імпартазамяшчальнцю дзейнасць, павышэнне якасці выпускаемай прадукцыі і падтрыманне яе канкурэнтаздольнасці. Акцэнт зроблены на высокатэхналагічныя напрамкі: мікраэлектроніка, прыборабудаванне, металургія, электратранспарт, аўтамабільная, пасажырская, сельскагаспадарчая, будаўнічая, лясная тэхніка і самае галоўнае - кампанентная база для ўсёй прадукацыі. За 2021-2023 гады ўжо распрацавана больш за 900 мадэлей новай тэхнікі. Калі ў 2021-м аб'ём вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі складаў $3,8 млрд, то па выніках 2024-га прагназуецца на ўзроўні $6,1 млрд.
У 2025-2030 гадах у планах распрацоўка яшчэ больш як 2 тыс. новых мадэлей і мадыфікацый прадукцыі. "Плануем накіраваць на распрацоўку і даследаванні больш за Br1,5 млрд. Цесна ўзаемадзейнічаем з навукай, малым і сярэднім бізнесам, рыхтуем маладых спецыялістаў у 40 філіялах і кафедрах універсітэтаў", - адзначыў кіраўнік Мінпрама.
У 2024 годзе плануюцца да вытворчасці кар'ерныя самазвалы на газе, электрацязе і ў дызель-тралейвозным выкананні, электрамабіль-смеццявоз, перон-электробус, гусенічны экскаватар масай 25-27 т, нізкападлогавы трамвай, серыя оптыка-механічнага абсталявання для мікраэлектронікі, электронныя кампаненты для тэхнікі спецыяльнага прызначэння і космасу і шмат іншага. Да 2030 года ў лінейцы айчынных прадпрыемстваў з'явіцца гібрыдны кар'ерны самазвал і самазвал грузападымальнасцю 90-100 т з цягавым электрапрыводам і вадародам у якасці паліва, а таксама цяжкі кар'ерны грэйдар, збожжаўборачны камбайн з гібрыдным малацільна-сепаратарным устройствам і шмат іншага.