Даклад Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыя Крутога і пасла Беларусі ў Расіі Аляксандра Рагожніка
- 5
- 3:48
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2 ліпеня прыняў з дакладам Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыя Крутога і Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Расіі Аляксандра Рагожніка.
Аляксандр Лукашэнка 27 чэрвеня правёў кадравыя перастаноўкі: Дзмітрый Крутой, які ўзначальваў беларускую дыпмісію ў Расіі, быў назначаны Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта. А на яго месца ў Маскву Прэзідэнт вырашыў накіраваць Міністра прамысловасці Аляксандра Рагожніка.
Такі кадравы выбар Кіраўнік дзяржавы растлумачыў тым, што ў асноўным перспектыва работы Беларусі з Расіяй - гэта тыя праекты, якія ляжаць у сферы прамысловасці. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Дзмітрый Крутой застаецца адказным за рэалізацыю дамоўленасцей па Расійскай Федэрацыі.
"Думаю, Аляксандр Мікалаевіч, мы яшчэ з Вамі сустрэнемся неаднойчы для таго, каб абмеркаваць канкрэтныя пытанні вашай дзейнасці на пасадзе пасла ў Расійскай Федэрацыі. Вам будзе прасцей у тым плане, што Дзмітрый працаваў ужо на гэтай пасадзе і, як я лічу, працаваў нядрэнна, і асвоіў тыя напрамкі работы, якім трэба будзе ўдзяляць асаблівую ўвагу. Я вельмі спадзяюся, што мы будзем мець пашырэнне перш за ўсё па кааперацыйных пытаннях. Яны ляжаць у сферы прамысловасці. Тут павінны быць канкрэтныя рэзультаты", - паставіў задачу Прэзідэнт.
У той жа час Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сітуацыя на расійскім рынку няпростая: канкурэнцыя тут застаецца вельмі высокай. "Ад гэтага нікуды не дзецца. Гэта было і будзе заўсёды. Але нам нельга страчваць на расійскім рынку свае пазіцыі. І гэта пытанне нумар адзін для вас", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Для гэтага, паводле яго слоў, неабходна ствараць і развіваць у Расіі свае мультыбрэндавыя і сэрвісныя цэнтры, гандлёвыя дамы. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на развіццё кааперацыйных сувязей і асваенне расійскай крэдытнай лініі для рэалізацыі сумесных праектаў у прамысловасці.
Не менш важнае значэнне, адзначыў Прэзідэнт, маюць сувязі з расійскімі рэгіёнамі. "Трэба прадоўжыць гэта актыўнае супрацоўніцтва з рэгіянальнымі кіраўнікамі", - даручыў Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама нагадаў аб перспектыўных напрамках беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў сферах авіябудавання і атамнай энергетыкі, галіне даследавання космасу.
"Мы думаем, прапрацоўваем пытанне будаўніцтва другой атамнай станцыі. Электрычнай энергіі залішняй у краіне не будзе ніколі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што электрычнасць неабходна не толькі для прамысловасці або бытавых патрэб. "Мы будуем дамы на электрычным абаграванні. І электрамабілі, за якія мы сур'ёзна ўзяліся. У нас не проста напрацоўкі, вытворчасць добрая - асабліва аўтобусаў, тралейбусаў. Усюды патрэбна электрычнасць. Таму трэба глядзець наперад", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Вельмі шмат канкрэтных праграм. Вы пасол на пасадзе віцэ-прэм'ера, таму гэта павышае ваш статус. Пасол быў спецыяльна павышаны да ўзроўню віцэ-прэм'ера, каб Вы маглі сустракацца ва Урадзе практычна з любым чыноўнікам, любым дзяржаўным служачым", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.