Наведванне мемарыяльнага комплексу "Хатынь"
- 31
- 4
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 верасня азнаёміўся з будаўніцтвам музея ў дзяржаўным мемарыяльным комплексе "Хатынь".
"Вясной мы прынялі рашэнне аб тым, што "Хатынь" прывядзём у парадак. Дрэнна, што вы мне не прапанавалі раней гэта зрабіць. Але калі не прапанавалі, давядзецца штурмам браць. Але я бачу, што калі размеркавалі гэтыя аб'екты, то мы цалкам паспеем. Галоўнае, каб музей паспелі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з ходам капітальнага рамонту мемарыяльнага комплексу. "Усё павінна быць надзейна, для людзей", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Асаблівую ўвагу ён таксама звярнуў на прывядзенне ў парадак прылеглых тэрыторый і дарогі. "Праехаць можна, але трэба дашліфаваць", - адзначыў беларускі лідар.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка даручыў садзейнічаць грамадзянам, якія хочуць унесці свой уклад у акультурванне мемарыяльнага комплексу. Можа, сказаў ён, нехта захоча пасадзіць сваё дрэва або куст. "Трэба ачалавечваць гэту тэрыторыю, каб кожны меў дачыненне", - перакананы Кіраўнік дзяржавы.
На яго думку, важна захаваць першапачатковы выгляд мемарыяльнага комплексу: можна, вядома, зрабіць еўрарамонт, але гэта будзе лішнім. На гэтым месцы была вёска, таму і цяпер усё павінна быць проста і душэўна, падкрэсліў Прэзідэнт.
На тэрыторыі комплексу таксама аднаўляюць старадаўнюю вясковую царкву. Яе ўзнаўляюць па захаваных апісаннях. Праўда, стаяць храм будзе ўжо ў іншым месцы. Там, дзе ён быў спачатку, знаходзяцца старадаўнія могілкі, і варушыць магілы палічылі няправільным.
У час другой чаргі будаўніцтва прадугледжваецца адрамантаваць мемарыялы "Могілкі вёсак" і "Дрэва жыцця", бетонныя агароджы пахаванняў, урны з зямлёй. Работы таксама запланаваны на 2022 год. Трэцяя чарга прадугледжвае рамонт падсвечвання цэнтральнай дарожкі і гукавога афармлення мемарыяла.
На работы будзе выдзелена Br5,1 млн. Крыніца фінансавання - абласны бюджэт і сродкі рэспубліканскага суботніка.
На тэрыторыі таксама будуецца музей "Кожны трэці". Гэта будзе аднапавярховы будынак плошчай 1 тыс. кв.м. Прадугледжваецца, што экспазіцыя размесціцца ў шасці залах з кругавым рухам.
Прэзідэнт усклаў кветкі да манумента "Няскораны чалавек" і Вечнага агню ля мемарыяла "Могілкі вёсак". Тут цяпер таксама ідзе рэканструкцыя. "Дзякуй вам. Дзякуй, што добрую справу робіце", - выказаў удзячнасць будаўнікам, якія тут працуюць, Кіраўнік дзяржавы.
Пасля ўскладання кветак беларускі лідар у нефармальнай абстаноўцы пагутарыў з журналістамі. Размова доўжылася амаль 2,5 гадзіны. Кіраўнік дзяржавы адказаў больш як на дзясятак пытанняў.
Адказваючы на адно з пытанняў, Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што апаненты спрабуюць за нешта ўчапіцца і цяпер у тым ліку спрабуюць перакінуць мосцік і развіваюць тэзіс аб тым, што і ў Беларусі магчыма мабілізацыя па аналогіі з Расіяй. "Не будзе ніякай мабілізацыі. Мы не збіраемся мабілізоўваць. Гэта хлусня", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі будуць абавязкова рэагаваць на магчымыя пагрозы, спробы ўчынення актаў тэрарызму. Для гэтага на рэгулярнай аснове праводзяцца розныя вучэнні, у тым ліку з удзелам народнага апалчэння, каб людзі ведалі свае абавязкі і мелі неабходныя ваенныя навыкі.
"Мы праводзім іншыя вучэнні. І паралельна, груба кажучы, аб'яўляем недзе на кавалачку зямлі гэту мабілізацыю. Гэта значыць, прызываем тых, хто ў ваенкамаце стаіць на ўліку. І яны становяцца на тыя месцы, дзе павінны стаяць. І яны павінны жалезна ведаць гэтыя месцы. Раптам нешта здарыцца. Мы што, потым па ўсёй краіне будзем ездзіць (іх тысячы гэтых атрадаў) і расказваць, што яны павінны абараняць? Яны ўжо цяпер павінны ведаць, што будуць абараняць. Гэта масты, электразабеспячальныя падраздзяленні, прадпрыемствы. Дапусцім, хлебазавод. Вось гэтыя месцы яны павінны ведаць - колькі, дзе, на якім вугле - і іх трэба вучыць гэтаму", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў краіне робяць высновы з вопыту сучасных ваенных дзеянняў і ўжо не адзін год прыстасоўваюць пад гэта армію, робяць яе больш мабільнай.
Адначасова Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што Беларусь не будзе ўвязвацца ні ў якую вайну. "Ваяваць будзем толькі тады, калі давядзецца абараняць свой дом, сваю зямлю", - падкрэсліў ён.
Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз звярнуў увагу, што ў свеце развязана і ідзе інфармацыйная вайна, праводзяцца інфармацыйна-псіхалагічныя аперацыі. І ў гэтай сітуацыі ні ў якім выпадку нельга чакаць, трэба адказваць, перакананы беларускі лідар. "У гэтым плане нам трэба... Мы ж беларусы. Калі штосьці здарылася, з-за вугла паглядзім, каб не пакрыўдзіць кагосьці. Гэта добрая якасць, але не для сучаснасці, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Калі пачынаюць мачыць, трэба адказваць".
"Мы будзем удасканальвацца (у плане інфармацыйнай палітыкі. - Заўвага). Трэба ўставаць і абараняць свой дом", - дадаў ён.
Аднак у гэтай барацьбе ні ў якім выпадку нельга выкарыстоўваць фэйкі, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Паколькі рана ці позна ісціна будзе высветлена. "На экране не павінна быць адкрытай хлусні. У аснове павінны быць праўда і факты. З самага пачатку павінна быць праўда", - зрабіў акцэнт Прэзідэнт.
Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы лічыць памылковым меркаванне, што процістаянне ў інфармацыйным полі поўнасцю перайшло ў інтэрнэт-прастору. "Не трэба думаць, што ўсё цяпер вырашаецца ў інтэрнэце, але не выкарыстоўваць яго неразумна", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, тэлебачанне таксама адыгрывае важную ролю і запатрабавана ў беларускім грамадстве. Прэзідэнт прызнаўся, што і сам рэгулярна глядзіць тэлевізійныя каналы. Разам з тым, перакананы ён, трэба ўдасканальвацца і мадэрнізавацца, у тым ліку выкарыстоўваць новыя каналы сувязі і інфармавання грамадства, напрыклад Telegram. Наконт гэтага Кіраўнік дзяржавы чакае прапаноў і ініцыятыў ад журналісцкай і экспертнай супольнасці.
Гаворачы пра ўдзел у саміце ў Самаркандзе, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь разлічвае атрымаць членства ў ШАС праз год ужо.
"Усе праходзілі гэты шлях (працэдуру прыёму ў члены ШАС. - Заўвага), за выключэннем заснавальнікаў. Наступнае пасяджэнне ў Індыі, і мною пастаўлена задача ўсім органам улады і МЗС перш за ўсё, каб мы гэты шлях прайшлі за год (раней не збярэцца арганізацыя)", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Згодна з палажэннем аб прыёме новых членаў у ШАС дзяржава-заяўнік павінна далучыцца да дзеючых у арганізацыі міжнародных дагавораў (а іх каля 40), унесці неабходныя змяненні ў нацыянальнае заканадаўства. Напрыклад, Ірану на гэта спатрэбілася больш за паўтара года. "Ён прайшоў той самы шлях, што мы павінны прайсці, - адзначыў Прэзідэнт. - Мы за год зробім. І як толькі мы прымем усё, што там напрацавана, яны ўсю гэту інфармацыю збяруць і ў Дэлі - на стол кіраўнікам дзяржаў. Прымаюць рашэнне, як і па Іране. Ёсць - мы становімся членамі. Гэты шлях павінны прайсці".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што калі раней ШАС была рэгіянальнай арганізацыяй, то цяпер ператвараецца ў глабальную структуру. Далучыцца да ШАС ужо хочуць краіны з іншых рэгіёнаў, і гэта даволі багатыя дзяржавы. Так, Егіпет і Катар сталі партнёрамі па дыялогу. Такі ж статус будзе і ў Бахрэйна, Мальдываў, Кувейта, ААЭ і М'янмы. Аб намеры ўступіць у ШАС заявіла і Турцыя.
"Дзяржавы пайшлі сюды, і наша шчасце, што мы раней за ўсіх іх у свой час пачалі прыглядацца да ШАС, - адзначыў Прэзідэнт. - Думаю, што мы не памыліліся, што зрабілі крок у гэтым напрамку. Гэта толькі плюс".
"Што нам трэба ўзмацняць у ШАС, дык гэта аператыўнасць. Калі пайшлі ўжо, трэба ісці. Падыход такі - ціха, спакойна, выверана. А момант цяпер такі, што трэба хутка гэта рабіць. Трэба даць шанц прагрэсіўнаму чалавецтву. Мы не павінны ўпусціць момант. Мы павінны даць шанц для людзей, для многіх краін, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Калі тармазіць не будзем, за ШАС вялікая будучыня".
У час размовы з журналістамі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што на сустрэчы са Старшынёй Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпінам у Самаркандзе ў рамках саміту ШАС былі вырашаны пытанні на мільярды долараў.
"Мы толькі з Кітаем на сустрэчы вырашылі пытанні на мільярды долараў, найвышэйшых тэхналогій", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што пытанне аб вытворчасці беларускіх рэактыўных сістэм залпавага агню, якія ў далейшым атрымалі назву "Паланэз", упершыню было закранута на такім жа саміце. У далейшым Кітай падтрымаў Беларусь у гэтым пытанні. "Цяпер мы ўжо ўсё робім", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што на саміце ШАС правёў сустрэчы са многімі кіраўнікамі дзяржаў: з кімсьці гэта былі афіцыйныя перагаворы, нейкія сустрэчы не трапілі ў аб'ектывы тэлекамер. "Я і з Азербайджанам абмеркаваў пытанні, і з туркамі - Рэджэпам Эрдаганам, - сказаў ён. - Калі ты ў гэтым бурным катле знаходзішся, ты адчуваеш нерв планеты ўсёй. Гэта ж для Прэзідэнта вельмі важна. Мне ж трэба ўбудоўваць Беларусь у гэту сістэму сусветных адносін".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў адносінах паміж Беларуссю і Кітаем няма нейкага дзялення па прынцыпе "старэйшы і малодшы". "Настолькі акуратныя, настолькі карэктныя. Кітайцы ў гэтых адносінах малайцы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён расказаў, што на сустрэчы з Сі Цзіньпінам у тым ліку абмяркоўвалася магчымасць новай сустрэчы праз некаторы час, каб пракантраляваць, як рэалізуюцца даручэнні і дамоўленасці, дасягнутыя ў Самаркандзе на палях саміту ШАС.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Кітаі пры візітах кіраўнікоў дзяржаў заўсёды прынята аказваць усе ўшанаванні, выконваць пэўны рытуал і пратакол прыёму. "Гэта ў іх прынята. Гэта іх стыль павагі", - сказаў ён.
Аднак Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што самае галоўнае - у рабочым парадку сесці і пагаварыць, паглядзець, як выконваюцца даручэнні ў розных сферах - ад сумесных прадпрыемстваў да фінансавых пытанняў.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што не баіцца "экспансіі" Кітая, як аб гэтым часам пішуць або гавораць: "Дай бог! Я іх даўно прашу: экспансуйцеся сюды. Гавару: прыходзьце, супрацоўнічайце! І яны ідуць да нас".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусь і Кітай ужо далёка рушылі наперад у развіцці супрацоўніцтва, у тым ліку ў высокатэхналагічных галінах, ракетнай вытворчасці. Адзін са свежых прыкладаў - стварэнне Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі, дзе Кітай падзяліўся самымі высокімі і ўнікальнымі тэхналогіямі.
У час размовы з журналістамі Прэзідэнт расказаў, што Беларусь і Расія ў бліжэйшы час плануюць урэгуляваць на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў пытанне з кабатажнымі перавозкамі: "Будзем сустракацца з Прэзідэнтам Расіі ў бліжэйшы час. Гэта адно з важнейшых пытанняў (кабатажныя перавозкі. - Заўвага). Думаю, мы вырашым гэта пытанне".
Кіраўнік дзяржавы, гаворачы пра сітуацыю ў суседняй краіне, адзначыў, што пакуль Польшча ў меншай ступені церпіць у выніку санкцыйнага процістаяння Еўрасаюза з Расіяй і Беларуссю, больш таго, ім аказваюць падтрымку ЗША. Аднак польскае кіраўніцтва часам само абвастрае адносіны з некаторымі краінамі. Апошні прыклад - патрабаванне рэпарацый ад Германіі. "Калі ласка, няхай патрабуюць. Можа, і нам яны вінны. Але паўстае пытанне: а ў перыяд да 1939 года які ўрон яны нам прынеслі? - сказаў беларускі лідар. - Вы як думаеце гэта кампенсаваць? З галавой трэба сябраваць. Перш чым патрабаваць ад немцаў кампенсацыю, падумай, што ты ж таксама некаму вінен. Гэта такая бязглуздая сітуатыўная палітыка".
"Гэта можна зразумець у сувязі з тым, што яны напярэдадні грандыёзнага "шухеру" - у іх выбары. І яны гэту чашу, як мы ў 2020 годзе з іх падачы, вып'юць да дна. Але толькі не з нашай падачы, мы іх не будзем чапаць, а народ з іх спытае. Таму палітыка зменіцца. Гэта чужая польскаму народу палітыка, якую праводзіць цяперашняе кіраўніцтва Польшчы, - упэўнены Прэзідэнт. - Яны не прымуць гэту палітыку. Але калі палякі наогул ачумеюць і недзе вайнушку развяжуць - гэта канец краіне. Але, думаю, да гэтага не дойдзе, таму што польскі народ не дазволіць".
Дэмакратыя на Захадзе - гэта да пары да часу, а такой дыктатуры, як у Германіі, не было нідзе, заявіў Кіраўнік дзяржавы ў час размовы з журналістамі.
"Захад - ён розны. Нешта ёсць на Захадзе, што мы абавязкова павінны ўзяць. Вось немцы нас папракаюць у тым, што "дыктатура" і іншае. Такой дыктатуры, у сэнсе парадку, няма нідзе, як у немцаў. Я памятаю, сорасаўцы задавалі пытанне: "Вы, спадар Прэзідэнт, прыйшлі да ўлады малады, а што вы ў каго хацелі б пераняць?" Я сказаў: у немцаў і ў шведаў. Наколькі я ўяўляў тады: шведская сацыяльная сістэма, клопат пра пажылых і іншае. А ў немцаў парадак, жалезны парадак. Там дыктатура яшчэ якая! Гэта цяпер гэтыя шольцы і іншыя - якія гэта кіраўнікі? Ні тое ні сёе, ніякай палітыкі, ніякага нават парадку дня. Жах, што адбываецца ў Германіі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым Прэзідэнт звярнуў увагу, што Захад далёка не такі ідэальны, якім яго ўяўляюць. "Мы думалі, што там дэмакратыя, англійскае права і суды. Ніякага там права няма. Хто заплаціць, таму і вырашаць. Гэта права да пары да часу. Арыштуюць твае актывы, як у Расіі, і забудуць, што такое права і прыватная ўласнасць", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Прагучала падчас сустрэчы і пытанне аб амністыі і памілаванні.
"Я не таргуюся людзьмі. Я ніколі не таргаваўся людзьмі. Я заўсёды гатовы кідацца ў агонь і полымя, каб абараніць чалавека. Таму ніякага торгу тут няма і быць не можа. Я ніколі гэтага не рабіў і рабіць не збіраюся. Таму ніякага торгу не будзе. Я не буду таргавацца, нават калі за гэтым будзе нейкая там выгада. Я ніколі на гэта не пайду. Яны павінны за гэта адказваць, таму што калі будзе патуранне, гэта паўторыцца зноў. Але там, дзе можна пайсці на нейкі кампраміс, трэба ісці. Гэта ж наша грамадства, яны рана ці позна ўсё роўна выйдуць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, каменціруючы параўнанне маючай адбыцца амністыі і памілаванняў з "палітычным торгам з Захадам".
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў: калі можна пайсці на кампраміс, гэта трэба рабіць, але сапраўдным злачынцам даравання быць не павінна. "Нельга быць "дубаватымі" - вось мы сталі ў позу і ўсё, нікога не бачым. Былі ж людзі, якія сапраўды аблуднымі былі. Некаторыя так-сяк: напэўна, улада не ўтрымаецца, і я пайду (на пратэсты. - Заўвага)", - адзначыў Прэзідэнт.
"Але той, хто павінен сядзець, будзе сядзець. Я лёсамі людзей не таргую. Я да гэтага не прывучаны. Чужога не бяры і не крыўдзі чалавека. Справядлівасць, справядлівасць наколькі гэта магчыма і яшчэ раз справядлівасць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанне аб магчымасці вяртання ў краіну так званых збеглых - ёсць шмат зваротаў, але многія баяцца прыцягнення да адказнасці пасля прыезду.
"Ёсць зваротаў шмат. Зразумела, што там можа і працэнт нягоднікаў вярнуцца. Можа, і завербаваныя. Шпіёны шпіёнамі, іх мы вылічым. Каб тут не ўтварыліся тэрарыстычныя ячэйкі. Я яшчэ не вызначыўся, якім чынам нам адсеяць", - сказаў беларускі лідар.
"Трэба быць вельмі асцярожнымі. Адпіхвацца ні ад каго не трэба. Гэта ж жыццё людзей, іх лёс. Індывідуальна. Іх будзе станавіцца больш і больш. Але нам трэба гэты перыяд прайсці", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт заўважыў, што вяртанне гэтых людзей было б у нейкім сэнсе і выгадна, але патрэбны індывідуальны падыход. "Трэба адсейваць, каб гэта былі нармальныя людзі. А тыя, хто ўчыніў злачынства, яны і прасіцца не будуць. Гэта хутчэй за ўсё ўжо людзі (просяцца назад. - Заўвага), якія зразумелі, што на чужыне дрэнна. Ад іх не трэба адпіхвацца", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама расказаў аб небывалым ураджаі і запэўніў, што краіна не толькі забяспечвае сябе прадуктамі харчавання, але і актыўна пастаўляе на экспарт.
"Ніякай пагрозы не будзе, калі Аляксандр Генрыхавіч (губернатар Мінскай вобласці Аляксандр Турчын. - Заўвага) выканае тое, што я ад іх патрабую", - адзначыў Прэзідэнт, апелюючы да прысутнага на сустрэчы кіраўніка вобласці па пытанні выканання ў рэгіёнах даручэнняў у сферы АПК і непасрэдна арганізацыі ўборачнай кампаніі.
"Небывалы ўражай. Ніколі такога не было. Паварушыліся - і ёсць вынік. І мы атрымалі добры ўраджай", - сказаў беларускі лідар. Але па асобных культурах яшчэ актыўна вядзецца або завяршаецца ўборка.
Як дакладваюць Аляксандру Лукашэнку, агульны ўраджай збожжавых з улікам кукурузы і рапсу складзе каля 11,2 млн т. Але Кіраўнік дзяржавы арыентуе, каб у гэтым плане не гналіся за нейкімі лічбамі і паказухай. Магчыма, больш аптымальна будзе нарыхтаваць кукурузу не на зерне, а на сілас, забяспечыўшы жывёлагадоўлю дадатковым аб'ёмам кармоў.
З пункту гледжання харчавання ў Беларусі ўсё ёсць сваё, асабліва стратэгічныя прадукты, ці тое соль, цукар, ці тое хлеб. У цэлым жа Аляксандр Лукашэнка параіў у асноўным ужываць звычайную ежу, прадукты, якія растуць на роднай зямлі.
"Чызбургер або гамбургер... Ні разу (не каштаваў. - Заўвага). І ў мяне дома. І малодшы, і старэйшыя (сыны. - Заўвага). Яны да гэтага не прывучаны", - падзяліўся ўласным прыкладам Аляксандр Лукашэнка.
"Хвалявацца аб тым, што нехта галадае ў свеце, гэта не пра нас - гатовы падзяліцца. У бягучым годзе больш за $8 млрд можам атрымаць толькі ад продажу прадуктаў харчавання. Інакш кажучы, можна і ад нашай зямлі зарабіць і прадаць", - заўважыў Прэзідэнт.
Галоўнае цяпер, падкрэсліў ён, максімальна закласці вырашчаную прадукцыю на склады, каб можна было забяспечыць патрэбнасці гандлю і экспарту ў міжсезонне.
Адказваючы на пытанне аб патрыятычным выхаванні, Аляксандр Лукашэнка заклікаў берагчы сваё, прывіваць, пачынаючы з дзіцячага ўзросту, любоў да сваёй краіны і Радзімы.
"Сёння мы з вамі тут знаходзімся і гэта робім. Нам што, трэба было ўкладваць немалыя грошы, каб гэта ўсё неяк падняць на больш высокі ўзровень (размова аб рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу. - Заўвага)? Але мы ж бачым, што гэта ўсё разбураецца. І трэба яго прывесці ў парадак. А ў імя чаго? У імя таго, каб мы сваіх дзяцей і ўнукаў сюды прыводзілі. І каб яны, ведаючы вось гэта гістарычнае развіццё нашай краіны, ведалі, колькі за гэта жыццяў паклалі, нявінных людзей колькі загінула. Каб яны гэта цанілі і бераглі ў сваёй памяці, пераносілі гэта на краіну", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што часткова гэту работу ў свой час упусцілі, думаючы, што ўсё прыйдзе само сабой. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў важнасць правільнай адукацыі дзяцей, пачынаючы з ранняга ўзросту. Ён нагадаў, у прыватнасці, аб праблемах, узнятых на прыкладзе невялікай прыватнай школы Мінска, аб чым кіраўнік дзяржавы згадваў на нядаўняй сустрэчы з Дзяржаўным сакратаром Савета Бяспекі Аляксандрам Вальфовічам. Тады Прэзідэнт даручыў вычысціць усё ў сістэме адукацыі.
"Лепш затраты панесці цяпер на адукацыі гэтых дадатковых (школьнікаў. - Заўвага), якія дзесьці па прыватных школах сланяюцца, чым мы потым будзем іх перавыхоўваць. Таму вось адтуль гэта ўсё ідзе - ад дзіцячага сада, ад школы. І вось на такіх прыкладах трэба паказваць. Колькі тут дзетак загінула (у Хатыні. - Заўвага)! Яны ў чым вінаватыя?! Яны гэтак жа хацелі жыць. А яны згарэлі. За што? Таму трэба сваё берагчы, каб не быць спаленымі ў гэтых хлявах. Таму трэба гэта захоўваць, а не зносіць помнікі, як гэта робяць ачумелыя ў нашых суседзяў", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, нагадаў, што пры вызваленні той жа Польшчы паклалі некалькі соцень тысяч савецкіх салдат, сярод якіх шмат было і беларусаў, а цяпер улады ў гэтай краіне топчуць памяць аб іх.