Рабочая паездка ў Смалявіцкі раён Мінскай вобласці
- 26
- 13:09
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў серыю рэгіянальных паездак па сельскагаспадарчай тэматыцы. У Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці 16 жніўня Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з ходам палявых работ і праінспектаваў сітуацыю ў насенняводстве.
Прэзідэнт наведаў селекцыйна-насенняводчы комплекс РУП "Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробстве". Аляксандру Лукашэнку далажылі аб ходзе палявых работ як у рэгіёне, так і Беларусі ў цэлым, асноўных выніках дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў галіне земляробства, рабоце навукова-практычнага цэнтра па забеспячэнні сельскагаспадарчых арганізацый краіны сучаснымі айчыннымі сартамі збожжавых і кармавых культур.
У час наведвання селекцыйна-насенняводчага комплексу Аляксандр Лукашэнка расказаў, як ён выбірае маршруты сваіх паездак.
"Пайшоў вал зваротаў людзей, вось "чаму Прэзідэнт да нас не прыедзе?" і гэтак далей. У нас жа тысячы, тысячы такіх кропак, куды просяць людзі прыехаць па розных прычынах: прыехаў - нешта зрабілі, паглядзець на Прэзідэнта, ён павінен паглядзець. Павінен сказаць, каб людзі разумелі, што некалькі тысяч - я ўсё роўна не паспею пабываць там. Напэўна, і не зусім правільна, калі я буду матацца па ўсіх кропках без выбару. Я еду туды, дзе можна ўбачыць нешта новае", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт прывёў у якасці прыкладу нядаўні візіт у Мядзельскі раён. Там уключылі ў абарот кінутыя землі і фактычна з нуля стварылі добрую гаспадарку. У планах у Кіраўніка дзяржавы наведаць адну з гаспадарак пад Гроднам: "Нечым губернатар хоча нас здзівіць. Паглядзім, чым".
"Такім чынам, калі нешта ёсць новае, трэба аб гэтым гаварыць. І не для таго, каб толькі мне паглядзець. А для таго, каб гэта ўкараняць і асвойваць у краіне, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Давайце на-гара нешта новае - мы паедзем, паглядзім і будзем асвойваць".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што для высокага ўраджаю важна строга захоўваць тэхналогіі, а месцамі гэтага не робяць, у тым ліку з-за халатнага стаўлення да вынікаў агульнай працы. Ён звярнуў увагу, што фермеры па-іншаму ставяцца да свайго збожжа. "Сваё - да яго па-іншаму ставішся. Яны выконваюць тэхналогіі. Яны ўвесь час у полі. А ў нас кіраўнік планёрку правёў, і ўсе шчокі надзімаюць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Патрэбна дыктатура. А ў нас яна ёсць - давайце ўключаць яе, - вобразна выказаўся Прэзідэнт. - Давайце адміністрацыйны рэсурс уключаць і прымушаць рабіць так, як трэба. Час пачынаць па-сапраўднаму працаваць".
На палях навукова-практычнага цэнтра размова першым чынам зайшла аб вырошчванні бабовых. Напрыклад, лубіну - культуры, багатай на бялок, які вельмі неабходны ў саставе кармоў для жывёлагадоўлі. Аляксандр Лукашэнка падрабязна цікавіўся ў вучоных і чыноўнікаў работай і перспектывамі ў гэтым напрамку. Больш таго, гэта яшчэ і пытанне імпартазамяшчэння.
Яшчэ адна кармавая культура - люцэрна. Кіраўніку дзяржавы таксама падрабязна далажылі аб яе вырошчванні і выкарыстанні. А вось соя ў Беларусі практычна не вырошчваецца, але і яе аграрыі не скідаюць з рахунку.
Аляксандр Лукашэнка ўважліва выслухаў даклады аб перавагах гэтых і іншых культур, даручыўшы на прэзідэнцкіх эксперыментальных палях у будучым годзе апрабаваць на практыцы агучаныя падыходы.
"Трэба спрабаваць. Трэба паглядзець. Калі мы ўбачым, што гэтаму быць, мы хутчэй гэта рэалізуем", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў вучоных, наколькі перспектыўна пашыраць у Беларусі пасевы сланечніку. Усё ж такі гэта пытанне датычыцца імпартазамяшчэння: сланечнікавы алей Беларусь імпартуе.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што па дарозе ў Смалявіцкі раён праязджаў поле сланечніку. "Не гавару, якое яно па ўраджайнасці, але выдатны сланечнік расце, - адзначыў ён. - Нам трэба вырошчваць сланечнік. Чаму мы гэты алей завозім, закупляем? Чаму мы не можам выціснуць свой алей, а гэту макуху - на корм?"
Дзеля сланечніку ў тым ліку ёсць прапанова ўрэзаць пасевы кукурузы. Але пры належным падыходзе і выкананні тэхналогій на астатніх плошчах аб'ём ураджаю скараціцца не павінен. А віцэ-прэм'ер Леанід Заяц прапанаваў, наадварот, сканцэнтравацца на рапсе і атрыманні алею з гэтай расліны. На яго думку, гэта можа быць больш выгадна і менш рызыкоўна.
Аляксандр Лукашэнка даручыў на эксперыментальных прэзідэнцкіх палях апрабаваць пасевы сланечніку, каб канчаткова вызначыцца. "Спрабаваць трэба. А потым зробім выснову. Масава ці паўмасава і гэтак далей", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
У свой час у Беларусі падобным чынам пачыналі вырошчваць азімыя. Хутка гэта культура паказала добрую ўраджайнасць і вопыт распаўсюдзілі на ўсю краіну.
Падрабязна абмеркавалі і вырошчванне, як часта гаворыць Аляксандр Лукашэнка, "палітычнай" культуры - лёну.
"Зрухі ёсць. У гэтым годзе хоць і маленькі, але зрух па ўраджайнасці. Хоць год няпросты быў для лёну", - канстатаваў Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што трэба кіраўнікоў на месцах прымусіць вылучаць пад лён нармальныя землі, тады і вынік будзе больш важкім. Да пытання вырошчвання лёну Кіраўнік дзяржавы паабяцаў вярнуцца восенню: Прэзідэнт плануе наведаць Аршанскі льнокамбінат.
Аляксандр Лукашэнка даручыў "паварушыць" Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, адзначыўшы, што яно крыху застыла. Людзей у штаце прыкладна столькі ж, колькі ва ўрадзе. І кіраўнік дзяржавы арыентуе ведамства больш унікаць у сітуацыю на месцах.
"Таму распішы за зіму, колькі пасеем соі, колькі - гароху, лубіну і гэтак далей, - даручыў Прэзідэнт Міністру сельскай гаспадаркі і харчавання Ігару Брыло. - Але тэхналогіі, тэхналогіі. Тады трэба будзе менш плошчаў".
Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з селекцыйнымі палямі па вывядзенні сартоў пшаніцы і зернебабовых культур, наведаў вытворчы ўчастак навукова-практычнага цэнтра па дапрацоўцы насеннага матэрыялу.
Як запэўнілі Прэзідэнта, вырабляць насенне айчынныя вучоныя ўмеюць не горш, чым у лепшых арганізацыях за мяжой.
"Гэта і мая гордасць, што мы захавалі аграрную навуку. І не толькі ў насенняводстве. Унікальныя людзі! Мы і захавалі, і перасягнулі. Гэта даражэй за золата. Людзі павінны разумець, што тое, што яны прыйшлі і купілі хлеб у магазіне... Хлеб пачынаецца з вучоных і гэтых дзялянак", - падкрэсліў беларускі лідар.
У ходзе рабочай паездкі таксама зайшла размова аб рабоце банка генетычных рэсурсаў Беларусі, у якім цяпер налічваецца 90 тыс. узораў захоўвання, а толькі насення - 46 тыс. узораў захоўвання.
"Банк - гэта святое. Каб журналісты разумелі", - акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў гісторыю аб тым, як у блакадным Ленінградзе людзі хоць і галадалі, але, самі паміраючы, захавалі фонд аналагічнага банка генетычных рэсурсаў, не ўзяўшы адтуль ні аднаго зернетка.
"Каб разумелі, што гэта такое. Там людзі паміралі, але гэта сховішча захавалі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Пасля развалу Савецкага Саюза ў Беларусі не толькі захавалі, але і развілі айчынную школу насенняводства. Стварылі і ўласны банк генетычных рэсурсаў, які цяпер высока каціруецца ў свеце і з'яўляецца ўнікальным на прасторы СНД. У гэтым банку знаходзіцца насенне фактычна ўсяго, што расце ў Беларусі, - не толькі сельгаскультуры, але нават пустазелле, лясныя пароды. Усё гэта патрэбна не цяпер, а захоўваецца для будучых пакаленняў, якім гэты генетычны матэрыял цалкам можа спатрэбіцца.
"Карацей, залаты запас у раслінаводстве", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Як расказаў генеральны дырэктар НПЦ па земляробстве Фёдар Прывалаў, калі ў свеце такія банкі ствараліся сотнямі гадоў, то ў Беларусі гэта было зроблена за адносна кароткі час. Больш таго, работа айчынных вучоных атрымала найвышэйшыя ацэнкі на сусветным узроўні. Так, беларускі сорт пшаніцы "Капылянка" прызналі ўнікальным і заклалі ў планетарнае сховішча ў ільдах на востраве Шпіцберген, дзе збіраюць лепшыя ўзоры з усёй планеты. У гэтым выпадку беларускі сорт па хлебапякарнай якасці пакуль застаецца ўнікальным і непераўзыдзеным.
Аднак такія банкі генетычных рэсурсаў усё ж арыентаваны не толькі на будучыя пакаленні, але гэта таксама з'яўляецца асновай для селекцыйнай работы вучоных цяперашняга пакалення.
У цэлым жа насеннем цэнтра НАН Беларусі засяваецца больш за 80% плошчаў у краіне. Усе зарэгістраваныя сарты цэнтра паспяхова канкурыруюць з лепшымі дасягненнямі замежнай селекцыі і маюць высокі ўзровень ураджайнасці і якасці прадукцыі: у збожжавых - больш за 100 ц/га, рапсу - 60, зернебабовых культур - да 50 ц/га. Апошнім часам ва ўмовах санкцый значна ўзрос попыт і з боку расійскіх партнёраў. У Расіі беларускім насеннем было засеяна прыкладна 3 млн га збожжавых і 2 млн га рапсу. Насенне пастаўляецца ў 37 рэгіёнаў Расіі.
У час наведвання ў Смалявіцкім раёне селекцыйна-насенняводчага комплексу Аляксандру Лукашэнку прадэманстравалі новы від хлеба, які хутка можа з'явіцца ў Беларусі.
Айчынныя вучоныя аналізуюць хлебапякарныя якасці зерня тых ці іншых культур. І цяпер актыўна працуюць над трыцікале. Хлеб з яго атрымліваецца з шэрым адлівам у адрозненне ад традыцыйных чорнага (жытняга) і белага (пшанічнага). Як расказалі Прэзідэнту, шэры хлеб можа з'явіцца ў шырокім продажы на працягу двух-трох гадоў.
Звычайна трыцікале не выкарыстоўваецца ў хлебапячэнні, аднак вучоныя паставілі перад сабой мэту стварыць такі сорт, які па сваіх якасцях будзе для гэтага прыдатны.
Аляксандр Лукашэнка прадэгуставаў і пшанічны хлеб. У саставе выпечкі толькі 50 г мукі і вада, хоць па аб'ёме хлеб выйшаў значны. Як растлумачылі вучоныя, аб'ём хлеба, што выпякаецца з 50 г мукі, можа быць розным. Такім чынам вызначаецца хлебапякарная якасць зерня - сіла хлеба. Калі выходзіць аб'ём 0,75-0,8 л, то гэта вельмі высокая якасць, а калі менш 0,4 л, то такое зерне прыдатнае толькі на фураж.
Прэзідэнт знайшоў такі хлеб вельмі смачным. Выйшла невялікая замінка, калі паспрабавалі знайсці нож, каб парэзаць хлеб на кавалачкі, але Аляксандр Лукашэнка зрабіў па-народнаму. "Хлеб не рэжуць, хлеб ламаюць", - сказаў ён. І ўзяў працэс у прамым сэнсе слова ў свае рукі, паспрабаваўшы выпечку сам і пачаставаўшы прысутных.
Увазе Кіраўніка дзяржавы таксама прадставілі і іншыя прадукты - розныя віды зерня, круп, рапсавы і нават гарчычны алей.