Даклад аб удасканаленні сацыяльнай падтрымкі насельніцтва

  • 5
  • 5:47

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 кастрычніка заслухаў даклад аб удасканаленні сацыяльнай падтрымкі насельніцтва.

На даклад да Кіраўніка дзяржавы былі запрошаны віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка, Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Ягораў, Міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка, Міністр фінансаў Юрый Селіверстаў, Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько.

"Гаворка пойдзе на нашай нарадзе аб пытаннях сацыяльнай падтрымкі, як мы іх называем, слабаабароненых катэгорый нашых грамадзян. Тэма важная. Сацыяльна арыентаваная дзяржава. Зразумела, што ў такой сітуацыі, пры такой палітыцы мы і пенсіянераў, і інвалідаў, і дзяцей-сірот павінны падтрымліваць. Ну і ўвогуле па тым, як мы вырашаем гэтыя пытанні, робяць выснову пра ўладу", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Сацыяльныя праграмы, між іншым, у нас у краіне вельмі шырокія. Наша эканоміка прадастаўляе магчымасць накіраваць больш грошай менавіта ў гэту сферу, што мы і робім. Але я ўжо некалькі разоў гаварыў: і перабору і тут быць не павінна. Мы павінны, прымаючы тыя ці іншыя рашэнні, заўсёды разумець, у якой сітуацыі мы знаходзімся. І абавязкова разумець, што можам мы сёння прымаць, што не можам. І, самае галоўнае, ці выканаем мы гэта. Прынятыя рашэнні павінны выконвацца", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўніку дзяржавы быў прадстаўлены праект дакумента ў гэтай сферы. "За сталом распрацоўшчыкі адпаведнага дакумента. Хацеў бы пачуць адказы менавіта на гэтыя пытанні: што вы прапануеце прыняць і ці зможам мы гэта выканаць? І, самае галоўнае, ці патрэбна нам гэта, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Ніякага спаборніцтва тут быць не павінна: нехта будзе гаварыць, што ў нас грошай не хопіць, а нехта будзе выступаць у ролі нейкага вялікага дабрадзея - з пазіцыі падтрымкі нашага насельніцтва".

Адным з пытанняў была падтрымка пенсіянераў.

"Пенсіянеры. Мы ў гэтым годзе двойчы паднімалі пенсіі. 10% і 5%. Пенсіянеры ёсць пенсіянеры. Іх мы падтрымлівалі і будзем падтрымліваць. Яны павінны жыць нармальна", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Ёсць адно пытанне, прыемнае, я сказаў бы, пытанне з боку пенсіянераў. З тых, хто пайшоў на пенсію, асобныя людзі хочуць працаваць. Аб гэтым і прафсаюзы заяўляюць і гэтак далей. Зразумела, для таго, каб людзі працавалі, павінны быць створаны нармальныя ўмовы. Ну і запатрабаванасць на рынку працы, як вядома, вельмі вялікая", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што тыя, хто можа працаваць, яны самі прапануюць свае паслугі на рынку працы: "Што тут дрэннага? Калі чалавек жадае, трэба даць яму такую магчымасць працаваць".

"Ёсць звароты некаторых пенсіянераў наконт парадку звароту за пенсіяй, назначэння пенсіі. Трэба дэбюракратызаваць поўнасцю гэты працэс. Максімальна трэба дэбюракратызаваць", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Працэдура павінна быць канкрэтная: пара дзён - і чалавек пайшоў на пенсію, аформіў сабе пенсію", - канкрэтызаваў даручэнне Аляксандр Лукашэнка.

На сустрэчы таксама абмяркоўвалася падтрымка шматдзетных. Наконт гэтага Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі прадоўжаць аказваць падтрымку гэтай катэгорыі грамадзян, але падыход павінен быць дыферэнцыраваны. "Агулам тут працаваць нам нельга, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Так, мы будзем падтрымліваць тых, хто нараджае дзяцей, асабліва ў якіх пяцёра дзетак і больш (ёсць і такія)".

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі дзяржава аказвае падтрымку шматдзетным па шэрагу напрамкаў, у тым ліку ў вырашэнні жыллёвага пытання. Але пры гэтым важна, каб такая дапамога была адраснай і трапляла да таго, хто ў ёй на самай справе мае патрэбу.

"Па жыллі мы сто працэнтаў вырашым пытанне, а гэта - найважнейшае пытанне. Мы таксама вырашаем пытанне па сямейным капітале. Прынялі вельмі сур'ёзныя рашэнні. Таму тут нам трэба вельмі акуратна дзейнічаць і глядзець, што нам трэба, што не трэба. А галоўнае - мы можам ці не можам. "Верталётных" грошай быць не павінна. У гэтай праблеме я ўжо звяртаў вашу ўвагу не адзін раз - каб не агулам прымаць рашэнні", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым Прэзідэнт звярнуўся да выпадкаў, калі сацыяльная падтрымка шматдзетным не даходзіць непасрэдна да дзяцей з-за нядбайных бацькоў.

"Мы павінны, мы дапамагаем дзецям. Таму грошы павінны дайсці да дзяцей. Ну што тут цямніць адзін перад адным - шмат яшчэ сем'яў, якім наогул у рукі нельга даваць грошы, таму што праз двое сутак гэтых грошай не становіцца, яны знікаюць, прапіваюцца, шчыра кажучы. Таму нам і тут трэба ўстанавіць пэўны кантроль за пэўнымі сем'ямі", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт запатрабаваў узмацніць адраснасць сацыяльнай падтрымкі.

"Пазіцыю маю вы ведаеце: мы павінны падтрымліваць тых, каго трэба падтрымліваць, а той, хто павінен працаваць і зарабляць сам, - павінен працаваць і зарабляць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы, падкрэсліўшы, што ў адваротным выпадку вынікам такой падтрымкі стане ўтрыманства.

У якасці прыкладу такой памылковай сацыяльнай палітыкі Аляксандр Лукашэнка прывёў Германію і іншыя краіны Заходняй Еўропы. "Цяпер узнімаюць на Захадзе вельмі сур'ёзна пытанне міграцыйнай палітыкі. А адкуль яно ўзнікла? З запрашэння ў Германію (працаваць няма каму) людзей. І вялікіх грошай, што яны выдавалі тым людзям, якія прыязджалі. Сёння абдумаліся. А адкруціць назад у такой магутнай краіне, як Германія, цяжкавата. Ды і сілы волі не хапае ў пэўных палітыкаў", - адзначыў Прэзідэнт.

"Таму мы самі сябе не павінны заганяць вось у гэту пастку. Ні ў якім разе, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Трэба (калі ёсць такая неабходнасць. - Заўвага) - трэба дапамагчы. Але грошы павінны дайсці таму, каму мы дапамагаем, каму мы хочам дапамагчы".

Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што, прымаючы тыя ці іншыя рашэнні ў сферы сацыяльнай падтрымкі, трэба ўлічваць цяперашнюю няпростую сітуацыю.

"Можам ці не можам? Які ад гэтага будзе эфект?" - арыентаваў чыноўнікаў Кіраўнік дзяржавы.

Па выніках нарады Аляксандр Лукашэнка адобрыў праект Указа па сацыяльнай падтрымцы, але асобныя палажэнні дакумента яшчэ трэба будзе дапрацаваць.

У прыватнасці, прапанаваныя змяненні датычацца зняцця абмежавання па памеры пенсій у працуючых пенсіянераў, адміністравання (разлікаў) і назначэння пенсій для будучых пенсіянераў, пенсійнага забеспячэння для шматдзетных бацькоў, бацькоў дзяцей-інвалідаў, а таксама магчымасцей атрымання пенсіі дома.