Усебеларускі народны сход

Упершыню Усебеларускі народны сход быў скліканы ў 1996 годзе. Затым пасяджэнні гэтага важнейшага органа народаўладдзя праходзілі раз у пяць гадоў - у 2001, 2006, 2010, 2016 і 2021 гадах.

Згодна са змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь па выніках рэспубліканскага рэферэндуму 27 лютага 2022 года, Усебеларускі народны сход стаў канстытуцыйным органам. Кампетэнцыя, парадак фарміравання і дзейнасць Усебеларускага народнага сходу вызначаецца главой 31 Канстытуцыі і законам.

Першае пасяджэнне VII Усебеларускага народнага сходу - упершыню ў новым канстытуцыйным статусе - адбылося 24-25 красавіка ў Мінску і прайшло пад дэвізам "Час выбраў нас!".
 

Усебеларускі народны сход - вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя Рэспублікі Беларусь, які вызначае стратэгічны напрамак развіцця грамадства і дзяржавы, забяспечвае непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду.

Дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу з'яўляюцца:

  • Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь;
  • Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў у сувязі з заканчэннем тэрміну яго знаходжання на пасадзе або датэрмінова ў выпадку яго адстаўкі;
  • прадстаўнікі заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады;
  • прадстаўнікі мясцовых Саветаў дэпутатаў;
  • прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці.

Прадстаўнікі мясцовых Саветаў дэпутатаў і грамадзянскай супольнасці на Усебеларускі народны сход выбіраюцца ад кожнай вобласці і горада Мінска ў парадку, вызначаным законам.

Гранічная колькасць дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу складае 1200 чалавек.

Тэрмін паўнамоцтваў Усебеларускага народнага сходу складае пяць гадоў.

Пасяджэнні Усебеларускага народнага сходу праводзяцца не радзей як адзін раз у год.

Усебеларускі народны сход надзелены правам зацвярджаць асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бяспекі; зацвярджаць праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь; заслухоўваць Прэм'ер-міністра аб выкананні праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь. Усебеларускі народны сход надзелены правам заканадаўчай ініцыятывы.

Рашэнні Усебеларускага народнага сходу з'яўляюцца абавязковымі для выканання і могуць адмяняць прававыя акты, іншыя рашэнні дзяржаўных органаў і службовых асоб, якія супярэчаць інтарэсам нацыянальнай бяспекі, за выключэннем актаў судовых органаў.