Зацверджаны параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2021 год
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 снежня падпісаў Указ № 480 "Аб важнейшых параметрах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021 год".
Дакументам устанаўліваюцца наступныя важнейшыя параметры, накіраваныя перш за ўсё на паляпшэнне якасці жыцця:
рост рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва на ўзроўні 101,6%,
забеспячэнне ўзроўню беспрацоўя ў працаздольным узросце па метадалогіі Міжнароднай арганізацыі працы на ўзроўні 4,2-4,4%,
увод жылля ў эксплуатацыю, якое будуецца з дзяржаўнай падтрымкай, - не менш як 1 млн кв.м,
утрыманне росту цэн на сацыяльна значныя тавары на ўзроўні не больш як 104,9% (снежань 2021 года да снежня 2020 года). Гэты паказчык у якасці важнейшага ўстаноўлены ўпершыню. Ён уключае ў сябе змяненне цэн на асноўныя тавары, якія выкарыстоўваюцца насельніцтвам штодзённа. Таму для сацыяльнай абароненасці насельніцтва мэтавы параметр паказчыка ўстанаўліваецца ніжэйшы за ўзровень агульнай інфляцыі (5%),
забеспячэнне долі інвестыцый у асноўны капітал у ВУП на ўзроўні 21,3-21,7%,
дасягненне росту ВУП у 2021 годзе - 101,8%.
Для дасягнення вызначаных Указам важнейшых параметраў прагнозу Ураду даручана зацвердзіць мэтавы план сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021 год, які забяспечвае мабілізацыю рэсурсаў для аднаўленчага росту эканомікі пры захаванні макраэканамічнай збалансаванасці.