Удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета
- 5
- 10:06
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 снежня прыняў удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.
З-за складанай эпідэмічнай сітуацыі перагаворы лідараў краін Еўразійскага эканамічнага саюза праходзілі ў анлайн-рэжыме. Калі б прэзідэнты ўмовіліся аб сустрэчы ў вочным фармаце, пасяджэнне прайшло б у Мінску, паколькі Беларусь у гэтым годзе старшынствуе ў органах ЕАЭС.
У саміце, акрамя кіраўнікоў дзяржаў - членаў ЕАЭС, удзельнічалі Ганаровы старшыня Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, першы Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў, Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон (краіна мае статус наглядальніка пры саюзе), Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч. На сустрэчу таксама былі запрошаны Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў і Прэзідэнт Кубы Мігель Дыяс-Канель Бермудэс.
Усяго на пасяджэнне былі вынесены 24 пытанні, чатыры з іх абмеркаваны лідарамі ЕАЭС у вузкім коле.
Важнейшы дакумент, вынесены на пасяджэнне, - стратэгічныя напрамкі развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года. Ён ужо абмяркоўваўся на майскім саміце, аднак тады кіраўнікі дзяржаў толькі "ў цэлым адобрылі" гэты праект, выказаўшы некалькі заўваг. Дапрацаваны дакумент прыняты па выніках сённяшняй сустрэчы.
"Другое важнае пытанне парадку дня - удасканаленне механізмаў прымянення агульных антыдэмпінгавых, кампенсацыйных і спецыяльных мер для абароны інтарэсаў вытворцаў тавараў у нашым саюзе. У парадак дня пасяджэння ўключаны блок пытанняў міжнароднага супрацоўніцтва. Нам трэба вызначыць асноўныя напрамкі дзейнасці саюза ў гэтай сферы на будучы год", - агучыў парадак дня саміту Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, на пасяджэнні кіраўнікі дзяржаў таксама павінны прыняць рашэнне аб пачатку работы Пагаднення аб зоне свабоднага гандлю ЕАЭС з Сербіяй, а таксама вызначыцца па тэрмінах пачатку падрыхтоўкі Пагаднення аб зоне свабоднага гандлю з Іранам. "Гэта знакавыя дакументы, якія пацвярджаюць інтарэс да нашага саюза ў свеце. Таму прапануем камісіі актывізаваць перагаворы з іншымі дзяржавамі", - сказаў беларускі лідар.
Акрамя таго, лічыць Кіраўнік дзяржавы, настаў час разгарнуць прадметную работу па выкананні арт. 41 Дагавора аб ЕАЭС, гэта значыць пачаць сумеснае развіццё экспарту сваіх тавараў і паслуг.
"Гэтым пасяджэннем завяршаецца год старшынства Беларусі ў органах Еўразійскага эканамічнага саюза. Мы адразу абазначылі ў сваёй праграме вельмі амбіцыйныя мэты: усямернае ўмацаванне нашага саюза, гарманічнае развіццё эканомік краін і павышэнне дабрабыту грамадзян. Яны маюць універсальны характар і выгадныя ўсім удзельнікам", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, асабліва гэта актуальна ў бягучым годзе, які стаў сапраўдным выпрабаваннем на трываласць аховы здароўя, эканомік і палітычных сістэм усіх краін свету. "Пандэмія, як лакмус, раскрыла сутнасць эканамічных саюзаў і інтэграцыйных аб'яднанняў. Яна на практыцы пераканала нават самых заўзятых скептыкаў, што толькі разам мы зможам быць мацней. Адначасова каранавірус таксама паказаў сапраўдную цану невыканання раней дасягнутых дамоўленасцей", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
На пасяджэнні Аляксандр Лукашэнка коратка падвёў вынікі беларускага старшынства ў ЕАЭС у гэтым годзе. Ён нагадаў, што было прынята некалькі актаў па пераходзе да адзінай або агульнай палітыкі ў сельскай гаспадарцы, энергетыцы, транспарце. Прапрацаваны магчымасці прымянення антыдэмпінгавых, кампенсацыйных і спецыяльных мер для абароны эканамічных інтарэсаў вытворцаў тавараў у ЕАЭС. Прадоўжана ўзгадненне падыходаў да прынцыпаў і механізмаў функцыянавання і дзяржаўнага рэгулявання інтэграванага валютнага рынку, пашырэння выкарыстання нацыянальных валют дзяржаў - членаў ЕАЭС ва ўзаемных разліках, дэвалютызацыі эканомік краін, фарміравання агульнай разліковай інфраструктуры і плацежнай прасторы.
"Ініцыяваны шэраг мер па імпартазамяшчэнні ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Аднак удзельнікі саюза перыядычна парушаюць дамоўленасці і ўносяць прапановы аб бяспошлінным увозе на тэрыторыю ЕАЭС тых ці іншых тавараў трэціх краін, аналагі якіх вырабляюцца ў нас у саюзе. Мы маем выпадаючыя бюджэтныя даходы, фактычна падтрымліваем замежнага вытворцу і дыскрэдытуем нашу агульную работу па развіцці прамысловай кааперацыі і зніжэнні залежнасці ад імпарту", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Ён таксама адзначыў, што неабходна выкарыстоўваць патэнцыял Еўразійскага эканамічнага саюза для пашырэння прадукцыі на рынках трэціх краін.
"Пазітыўна ацэньваю дзейнасць камісіі па фарміраванні збалансаванага аграрнага рынку на падставе міждзяржаўнай кааперацыі і сістэмы прагназавання развіцця АПК нашага саюза. Разам з тым лічу, што патэнцыял саюза павінен быць задзейнічаны не толькі ў мэтах развіцця ўнутранага рынку, але і для пашырэння сельскагаспадарчай прадукцыі на рынках трэціх краін", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ў гэтым годзе ў ЕАЭС былі прыняты рашэнні ў сферы тэхнічнага рэгулявання. Праводзіцца работа па гарманізацыі заканадаўстваў дзяржаў - членаў ЕАЭС для ўстанаўлення адказнасці за парушэнне абавязковых патрабаванняў да прадукцыі, а таксама правіл і працэдур правядзення ацэнкі адпаведнасці.
"На жаль, адсутнічаюць вынікі ва ўрэгуляванні пытання аб метадах кантролю наяўнасці лекавых сродкаў у харчовай прадукцыі жывёльнага паходжання, у тым ліку ў перапрацаванай. Праблема не вырашаецца некалькі гадоў. Лічу, што гэта пытанне камісія прынцыпова павінна ўрэгуляваць на працягу наступнага года", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у гэтым годзе ў ЕАЭС была значна актывізавана работа па ўстараненні бар'ераў, максімальным скарачэнні выключэнняў і абмежаванняў на ўнутраным рынку саюза. Ёсць зрухі ў стрымліванні з'яўлення новых відаў перашкод. "Але гэтага недастаткова, - упэўнены Прэзідэнт. - Да гэтага часу не ўкаранёны дазвольны парадак увядзення нацыянальных абмежавальных мер з іх папярэднім разглядам органамі саюза. Застаўся пралаз у выглядзе магчымасці шматразовага ўвядзення выключэнняў у сферы дзяржзакупак".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што паўнамоцтвы Еўразійскай эканамічнай камісіі неабходна ўзмацняць. "Намі ініцыявана работа па ўзмацненні паўнамоцтваў Еўразійскай эканамічнай камісіі. Але поспехаў тут таксама пакуль няшмат. Аб якім развіцці можа ісці размова, калі камісія да гэтага часу не надзелена правам звяртацца як самастойны суб'ект у Суд ЕАЭС па спрэчных пытаннях?" - задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб выніках работы ЕАЭС у гэтым годзе, Прэзідэнт адзначыў, што, нягледзячы на складанасці, абумоўленыя пандэміяй, была прадоўжана работа па актывізацыі супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі. Праведзены мерапрыемствы ў рамках пагадненняў аб гандлі з Кітаем, В'етнамам і Іранам. Прадаўжаюцца перагаворы па заключэнні гандлёвых дагавораў з Егіптам, Ізраілем і Індыяй. Вядзецца падрыхтоўка да пачатку перагавораў па лібералізацыі гандлёвых рэжымаў з Інданезіяй і Манголіяй.
"У рамках лічбавага парадку дня фарміруецца сістэма адпаведных транспартных калідораў, забяспечваецца ўзаемадзеянне ў сферах прамысловай кааперацыі, субкантрактацыі і трансферу тэхналогій, садзейнічанне працаўладкаванню і занятасці грамадзян дзяржаў - членаў ЕАЭС", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Не ўсё з акрэсленага ў праграме беларускага старшынства ўдалося выканаць з-за аб'ектыўных абставін, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Частка мерапрыемстваў запатрабавала на рэалізацыю значна больш часу, чым адзін год. Аднак Прэзідэнт перакананы, што сумесная работа па прапанаваных напрамках прадоўжыцца і ў наступным годзе. Паводле яго слоў, задачы беларускага старшынства, накіраваныя на ўмацаванне і развіццё ЕАЭС, шмат у чым сугучныя з ідэямі Казахстана, якому сёння будуць перададзены правы краіны - старшыні ў органах саюза на 2021 год.
Беларускі лідар таксама адзначыў, што вастрыё атак з-за меж Еўразійскага эканамічнага саюза нацэлена перш за ўсё на Расію. "Мы ўсе адзначаем, што час няпросты. Няпросты ён перш за ўсё для нашых блізкіх сяброў і братоў - Расійскай Федэрацыі. Вы бачыце, што вастрыё атак з-за меж нацэлена на Расію, мы гэта ў Беларусі востра адчуваем", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт пажадаў свайму расійскаму калегу Уладзіміру Пуціну цярпення ў гэты няпросты час. "Як гаварыў наш Ганаровы старшыня (Нурсултан Назарбаеў. - Заўвага), Расія - стрыжань нашай інтэграцыі. Таму цярпення вам і яшчэ раз цярпення. Ведайце, што мы заўсёды падтрымлівалі Расію і будзем падтрымліваць, таму што без яе не можа быць інтэграцыі на постсавецкай прасторы", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
У час пасяджэння выступілі першы Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў і Кіраўнік казахстанскай дзяржавы Касым-Жамарт Такаеў.
"У нас быў няпросты высакосны 2020 год, няпросты будзе і 2021 год. Ведаю, што ў Казахстане год пачнецца з парламенцкіх выбараў. Мы хацелі б пажадаць Казахстану поспехаў у правядзенні гэтай палітычнай кампаніі. Тое, што яна будзе няпростай, вы гэта бачыце і па Беларусі, і па іншых краінах, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Таму мы будзем балець за вас, будзем усяляк падтрымліваць вас у стварэнні стабільнага, магутнага, працвітаючага Казахстана".
Лідары краін ЕАЭС на пасяджэнні зацвердзілі рашэнне аб надзяленні Узбекістана і Кубы статусам наглядальніка пры ЕАЭС. Прэзідэнт Беларусі - краіны, якая ў бягучым годзе старшынствуе ў Еўразійскім эканамічным саюзе, - прывітаў гэтыя дзве краіны ў новым статусе і пажадаў ім паспяховай работы.
Ён асабліва адзначыў важнасць прысутнасці Узбекістана ў гэтым інтэграцыйным аб'яднанні. "Мы ўпэўнены, што вы нядоўга будзеце назіраць за намі і ў бліжэйшы час прымеце рашэнне і станеце паўнапраўным членам нашага саюза, як вы вельмі правільна сказалі, калі гэта будзе выгадна ўзбекскаму народу. Вы ведаеце, што мы заўсёды чакаем вас у нашым саюзе як паўнапраўнага члена", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў адзначыў: у яго краіне з вялікай цікавасцю назіраюць за развіццём інтэграцыйных працэсаў і дзейнасцю ЕАЭС. "Асабліва адзначаем усё большы міжнародны аўтарытэт арганізацыі і шырокую геаграфію практычнага супрацоўніцтва з замежнымі краінамі", - сказаў ён.
Паводле яго слоў, краіны ЕАЭС з'яўляюцца для Узбекістана асноўнымі гандлёвымі партнёрамі. "Важна больш поўна выкарыстоўваць велізарны патэнцыял нашых краін, сумесна ўстараняць бар'еры і перашкоды ў гандлёвых адносінах, узаемна фарміраваць новыя рынкі, - падкрэсліў Шаўкат Мірзіёеў. - Эканомікі нашых краін шмат у чым дапаўняюць адна адну, нават па тых напрамках, дзе яшчэ пару гадоў таму мы канкурыравалі. Нашы вядучыя прадпрыемствы наладзілі эфектыўную кааперацыю і сумесна асвойваюць рынкі трэціх краін. Мы зацікаўлены ў паглыбленні прамысловай кааперацыі і фарміраванні ўстойлівых ланцужкоў стварэння дабаўленай вартасці на аснове перадавога вопыту і інавацыйных падыходаў".
Што датычыцца Кубы, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Куба толькі геаграфічна далёкая ад нас, а гістарычна вы заўсёды былі з намі. Мы добра ведаем вас з часоў Савецкага Саюза. Упэўнены, што ваш уклад у пашырэнне нашага эканамічнага супрацоўніцтва будзе значны. Упэўнены, што і Куба, і Венесуэла, з якімі мы ўсе, члены саюза, падтрымліваем добрыя адносіны, будуць добрай асновай для нашага супрацоўніцтва з усёй Лацінскай Амерыкай".
Кіраўнікі дзяржаў у час дыскусіі абмяняліся меркаваннямі аб перспектывах развіцця інтэграцыі, а таксама выказаліся аб міжнароднай абстаноўцы ў сферы эканомікі. "Мы бачым, што яна няпростая. Але мы маем усё для таго, каб дастойна выйсці з гэтай няпростай сітуацыі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, падводзячы вынікі пасяджэння ў шырокім складзе.