Сустрэча з актывам мясцовай вертыкалі па актуальных пытаннях грамадска-палітычнай абстаноўкі

  • 16
  • 5

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30 ліпеня сабраў актыў мясцовай вертыкалі для правядзення сустрэчы па актуальных пытаннях грамадска-палітычнай абстаноўкі.

"Я лічу, што такія кароткія, але вельмі важныя сустрэчы павінны стаць нашай традыцыяй. Гэта не толькі інфармаванне людзей, якія прыехалі з месцаў, але і пэўны дух, які павінен яднаць вертыкаль улады, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Наша сустрэча прадыктавана неабходнасцю зверыць гадзіннікі, вызначыць далейшую стратэгію работы ў новых для нас умовах. Перш за ўсё эканамічных".

Паводле слоў Прэзідэнта, калі з пандэміяй, якая паўтара года таму ўвяла ў шок усё насельніцтва Зямлі, у Беларусі ўжо навучыліся жыць, то да чарговай санкцыйнай вакханаліі краіна толькі пачынае прыстасоўвацца. "І на сваім вопыце добра ведаем, што любыя абмежаванні - гэта шанц для раскрыцця ўнутраных рэзерваў. Пэўныя крокі ў гэтым напрамку зроблены", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад: у Беларусі даўно развіваюць імпартазамяшчэнне, але пастаўленых мэт яшчэ не дабіліся. Ва ўмовах, калі ў краіну нельга паставіць тыя ж запчасткі для вытворчасці беларускай тэхнікі, гэта пытанне нумар адзін і шанц зрабіць рывок у гэтым напрамку. "Вось вам шанц - абставіны нас прымушаюць паглыблена займацца імпартазамяшчэннем. І гэта важнейшае пытанне для эканомікі краіны, каб мы былі менш залежныя ад іншых рынкаў і, самае галоўнае, атрымлівалі вялікую дабаўленую вартасць ад таго, што мы вырабляем", - адзначыў Прэзідэнт.

Таксама, паводле яго слоў, актыўна вядуцца перагаворы на пляцоўках ШАС, ЕАЭС у двухбаковых фарматах. "Урад выпрацаваў і ўжо рэалізуе комплекс антысанкцыйных мер", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што сёння Беларусь трымае ўдар ва ўсіх сферах жыцця: палітычнай, дыпламатычнай, інфармацыйнай, грамадскай, на ўзроўні ваенных пагроз, у сферы гістарычнай палітыкі. "Нехта вельмі хоча, каб беларусы назаўсёды страцілі сваю ідэнтычнасць і завяршылі шлях як нацыя, растварыліся ў глабальным свеце. Па розных прычынах. Адны заходнія партнёры шукаюць у нас "свае" гістарычныя тэрыторыі. Іншыя бачаць плацдарм для новага кідка на ўсход", - сказаў Уіраўнік дзяржавы.

Але пры любых інтарэсах знешніх ігракоў развязаная імі бітва - гэта бітва за каштоўнасці, заявіў Аляксандр Лукашэнка. "Нашы каштоўнасці не ўпісваюцца ў сістэму глабалісцкага светаўладкавання, таму што супярэчаць і перашкаджаюць мэтам тых, хто ў гэтай сістэме мае намер дамінаваць. У адрозненне ад нас, беларусаў, як і большасці народаў свету. Бо што не падабаецца на самай справе, я нават сказаў бы, раздражняе, - тое, што беларусы з'яўляюцца захавальнікамі міру, хрысціянскіх традыцый і, скажам адкрыта, здаровага кансерватызму. Што мы з'яўляемся ўзорам міжнацыянальнага, міжканфесійнага і сацыяльнага адзінства - усяго таго, што робіць нас, як і любую іншую дзяржаву, суверэннымі, незалежнымі. І асабліва іх раздражняе тое, што мы аказаліся мацнейшымі за тэхналогіі так званых каляровых рэвалюцый", - упэўнены Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беларусы выстаялі, зведаўшы на сабе ўздзеянне сямі або нават васьмі этапаў каляровай рэвалюцыі. "Усё, што мы прайшлі, - гэта не спантанныя атакі, а паслядоўная і скаардынаваная палітыка Захаду", - звярнуў ён увагу.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што такім чынам Беларусь аказала пэўную паслугу аўтарам гэтых тэхналогій. "Цяпер, выпрабаваўшы гэта на прыкладзе Беларусі, яны дапрацуюць свае канцэпцыі, тэорыі і практыкі. Яны зразумелі, што пры пэўных умовах, напрыклад як у Беларусі, іх план не спрацоўвае. Значыць, трэба нешта дабаўляць", - растлумачыў Прэзідэнт.

"Наша краіна, з'яўляючыся сувязным звяном паміж Захадам і Усходам, трапіла ў эпіцэнтр цывілізацыйнага процістаяння. Мы не згушчаем фарбы, а канстатуем факт: уздоўж нашых граніц метадычна нарошчваецца наступальная ваенная інфраструктура НАТА", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, акрамя разгорнутых ва Усходняй Еўропе шматнацыянальных сіл у Польшчы паблізу Беларусі фарміруецца новае злучэнне - 18-я механізаваная дывізія. На ўзбраенне гэтай дывізіі паступяць амерыканскія танкі "Абрамс" самай сучаснай камплектацыі. Два батальёны будуць стаяць літаральна за 20 км ад Брэста. "Як бачыце, нічога не мяняецца. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны іх так нічому і не навучыў. Яны забылі, што такое Брэсцкая крэпасць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Так, выбудаваная за гады незалежнасці сістэма бяспекі і забеспячэння абараназдольнасці, паслядоўная міралюбная палітыка, міжнародныя дамоўленасці ствараюць нам задзел для адбіцця ваенных пагроз. Расія і многія іншыя краіны зацікаўлены ў моцнай Беларусі. Таму што ў гэтым сіла самой Расіі. Дэстабілізацыя ў цэнтры Еўропы адназначна будзе заразнай, выкліча ланцуговую рэакцыю распаўсюджвання і на Усход, і на Захад, і на Поўдзень", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што для ўрэгулявання крызісу ва Украіне былі прыкладзены тытанічныя намаганні сусветных лідараў. Перагаворы ішлі ў Мінску. "А калі раптам шугане тут у нас, на тэрыторыі Беларусі? Мы павінны разумець, што калі самі апусцім рукі, то і абараніць нас ніхто не зможа", - звярнуў ён увагу.

Прэзідэнт адзначыў, што на Захадзе чарговы раз занепакоіліся беларуска-расійскімі вучэннямі, якія пройдуць у верасні. "Прынамсі смешна гэта ўсё чуць. Колькі вучэнняў яны правялі каля нашых граніц? Яны нас крытыкуюць: вось Лукашэнка хоча размясціць расійскія базы на тэрыторыі Беларусі. Слухайце, мы ж не перажываем наконт таго, што яны стварылі кучу гэтых баз у Еўропе. Іх жа мноства там, чаго вы нам прад'яўляеце прэтэнзіі? - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Ніколі на ўзроўні прэзідэнтаў пытанне аб размяшчэнні расійскіх баз у Беларусі не абмяркоўвалася. Перш за ўсё таму, што ў гэтым няма ніякай неабходнасці пры сучасных узбраеннях".

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка заявіў: "Калі трэба будзе для бяспекі Саюзнай дзяржавы, якую мы будуем, для бяспекі Беларусі і Расіі размясціць тут усе ўзброеныя сілы з усімі відамі ўзбраенняў - яны будуць тут размешчаны неадкладна. Цяпер у гэтым няма ніякай неабходнасці, у нас дастаткова моцныя, з'яднаныя, кампактныя Узброеныя Сілы. Не лічачы "тэрытарыялаў", мы можам у патрэбны момант у кароткі прамежак часу 500 тысяч чалавек паставіць пад ружжо, а гэта ўжо сіла. Калі будзе мала, сюды будуць уведзены ўсе Узброеныя Сілы Расійскай Федэрацыі. Такога ніколі не будзе. Але калі трэба, мы раздумваць не будзем".

"Яшчэ раз паўтараю: у гэтым сёння няма абсалютна ніякай неабходнасці. У востры перыяд у жніўні мінулага года, калісьці нехта вагаўся, нехта здрадзіў, нехта пад плінтус залез, у некага ў мазгах кіпела, я не ўвёў ніякія ўзброеныя сілы, ні з Расіі, ні з Украіны, ні з іншых краін. Мы з гэтай бядой справіліся самі. Вось мая пазіцыя", - падагульніў беларускі лідар.

"Спробы дыскрэдытацыі нашай краіны на міжнароднай арэне не спыняюцца са жніўня мінулага года. Мы назіраем серыю бессэнсоўных дэманстратыўных дэмаршаў, асабліва па перыметры граніц", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, апагеем абсурду стала закрыццё паветранай прасторы пасля рэагавання беларускімі ўладамі на тэрарыстычную пагрозу ў небе. "Каму горш зрабілі? Толькі сабе. Палітычная падтрымка "збеглых", як бачым, ні да чаго не прывяла і звялася да іх бясконцых гастролей у духу "Байдэн нам дапаможа". Кажуць, пячэнькамі нейкімі пачаставаў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт лічыць, што наступным крокам можа стаць націск на партнёраў Беларусі. "У гэтых умовах нам важна заставацца надзейным, паслядоўным і прадказальным суб'ектам міжнародных адносін, няўхільна выконваць дамоўленасці з дружалюбнымі краінамі", - падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што галоўная мэта заходніх санкцый - пакінуць беларусаў без пенсій, зарплат, дапамог, якаснага медыцынскага абслугоўвання. 

"З такім размахам абмежавальных мер мы яшчэ не сутыкаліся, хоць мы гэта не драматызуем. Так, Захад разумее стратнасць санкцыйнай тактыкі для самога сябе. Таму ўводзіць санкцыі паэтапна - пакетна. Яны нібы намацваюць нашы болевыя кропкі. Б'юць перш за ўсё па экспартных галінах беларускай эканомікі: нафтахімія, машынабудаванне, калійная галіна і іншае. Але галоўная мэта - пакінуць народ без пенсій, зарплат, дапамог, адукацыі, медыцынскага абслугоўвання (асабліва цяпер) і выклікаць незадаволенасць беларусаў", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Інакш кажучы, адзначыў Прэзідэнт, дэмаралізаваць працоўныя калектывы, выклікаць новую хвалю стачак і пратэстаў. "Тым самым яны цэляцца ў аснову беларускай мадэлі развіцця - сацыяльную дзяржаву. Але менавіта такі, падкрэслю, традыцыйны для нас уклад жыцця і забяспечвае асаблівую абарону нашых грамадзян ад санкцый. Тым больш калі размова ідзе аб слабаабароненых слаях насельніцтва", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Сёння ўжо ўсе павінны разумець, з якой канкрэтнай мэтай па ўсёй краіне ствараліся ангажыраваныя інфармацыйныя рэсурсы: сайты, Telegram-каналы, відэаблогі, групы ў сацыяльных сетках, мэсэнджары. Уся Беларусь была ахутана гэтай сеткай", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што быў сфарміраваны цэлы пояс медыяпарталаў, арыентаваных на канкрэтныя населеныя пункты і цэлыя тэрыторыі. Акрамя Мінска і абласных цэнтраў, асабліва гэта характэрна для палескага рэгіёна, дзе арудавалі як мінімум тры буйныя парталы. Толькі ў гэтым годзе ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў уключаны больш за сто інтэрнэт-рэсурсаў.

"Завяршаецца сістэмная работа па навядзенні парадку ў інфармацыйным полі. Тут важна разумець: мы змагаемся не з іншадумствам або рознымі меркаваннямі. Барані бог. Пад гэту марку выразаць розныя пункты гледжання - усё, прападзём, загіне краіна. Проста свабода слова, якую мы абараняем канстытуцыйна, сёння перарасла ў экстрэмісцкую дзейнасць. І супраць гэтага мы будзем змагацца жорстка і рашуча. Мы не адступім", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу: "Адна гісторыя - крытыкаваць уладу. І мы заўсёды ўспрымалі крытыку адэкватна. Не тое каб ужо вельмі любілі (хто любіць крытыку, напэўна, ніхто). Але адэкватна ўспрымаць трэба. Іншая - заклікаць да бунту і крывавых распраў з тымі, хто не падтрымлівае гэтыя так званыя рэвалюцыйныя, бандыцкія настроі. Нагнятаць атмасферу страху і недаверу праз сфабрыкаваныя злівы, кібератакі і доступ да асабістых даных. Гэтага не будзе".

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся аб спробах падарваць сітуацыю знутры. "Пачалі ведаеце калі і з чаго. Дайшлі да змоў, перайшлі да спроб тэрактаў, пагроз мініравання. Гэта звёны аднаго ланцуга і далёка не ўвесь іх арсенал. Як паказваюць выкрытыя факты, усе гэтыя дзеянні не маюць рэальнай сацыяльнай асновы. Мадэратары знаходзяцца за мяжой. Гэта нашы збеглыя і іх замежныя куратары", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што яны працуюць на адну мэту - стварыць ілюзію раздраю ў грамадстве, трымаць людзей у пастаянным напружанні, сфарміраваць вобраз ворага з тых, хто сёння ім процістаіць у барацьбе за беларускія каштоўнасці і сацыяльна арыентаваны палітычны курс.

"Выяўлена дакладная заканамернасць: рост колькасці некамерцыйных арганізацый - гэта маркер падрыхтоўкі каляровых рэвалюцый. Пад выглядам дабрачыннасці, сацыяльна значных праектаў яны адпрацоўваюць чужы палітычны заказ. Так было і ў нас", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Розных недзяржаўных фондаў, прыватных устаноў, нібыта праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы. У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструктыўных структур, якія ўяўляюць патэнцыяльную пагрозу нацыянальнай бяспецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамерцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадскае аб'яднанне, 113 устаноў. Гэта вялікія лічбы, адзначыў Прэзідэнт.

"За кожнай структурай стаяць дзясяткі і сотні актывістаў, тысячы людзей, якія трапілі пад іх уплыў. Фактычна быў створаны легальны рэсурс для дэструктыўнай дзейнасці замежных каардынатараў, якія падбіралі і трэніравалі кадры, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Гэтыя кадры, навучаныя псіхалагічным методыкам работы з людзьмі (не ўсе, кіраўнікі), навыкам аб'яднання людзей на пратэсных акцыях, мы бачылі ў жніўні. Ведаем, хто падбіраў магчымых лідараў пратэснага руху, ствараў імідж і фінансаваў дзейнасць".

Грошы якраз ішлі праз гэтыя фонды і іншыя некамерцыйныя структуры. Каб мабілізаваць людзей на пратэсты, шэраг НКА тыражаваў фэйкі, заклікаў да акцый непадпарадкавання, абучаў радыкальна настроеных грамадзян навыкам барацьбы з супрацоўнікамі праваахоўных органаў, складаў чорныя спісы людзей, адданых краіне.

"Каб вы разумелі - гэта дзейнасць не абмежавалася б інфармацыйнай прапагандай і пагрозамі ў адрас прыхільнікаў улады. Гэтыя людзі ў любы момант былі гатовы перайсці ад слоў да справы. У іх арсенале выяўлена незарэгістраваная пнеўматычная, баявая, паляўнічая, халодная зброя, боепрыпасы, выбуховыя рэчывы, элементы самаробных выбуховых устройстваў. Калі мне прынеслі фатаграфіі ўсіх гэтых арсеналаў, можна было ў жах прыйсці", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Натхняліся ж прыхільнікі "перамен", паводле слоў Прэзідэнта, у прамым сэнсе фашысцкай ідэалогіяй. Знойдзены пры вобысках нацысцкая сімволіка, кніга "Майн кампф" і іншая экстрэмісцкая літаратура. "Але галоўная матывацыя - грошы. Знойдзены распіскі аб атрыманні пэўных сум. Мы маем дакументацыю, якая пацвярджае атрыманне арганізацыямі і некаторымі асобамі грашовых сродкаў з-за мяжы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, доказы фінансавання так званых незалежных прафсаюзаў і дэструктыўных недзяржаўных арганізацый былі знойдзены ў прадстаўніка нямецкага фонду імя Эберта Аляксандра Петрачкова. "Што важна, падрыўная дзейнасць вялася гадамі. Размова не аб апошніх двух-трох. У лідара праваабарончага цэнтра "Вясна" Бяляцкага знойдзены архіў за 25 гадоў", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: меры былі прыняты адэкватныя, і ёсць вынік. Пры гэтым аператыўная работа вялася даволі адкрыта. "Упершыню ў нашай гісторыі прадастаўлялі ў такой колькасці факты, відэа- і аўдыякантэнт распрацаваных мерапрыемстваў у СМІ. Усё гэта прывяло да масавага выхаду людзей з чатаў і Telegram-каналаў. Многія карыстальнікі зачысцілі свае публікацыі ў сацыяльных сетках і на інтэрнэт-рэсурсах. Напрыклад, колькасць удзельнікаў радыкальнай Telegram-супольнасці АГСБ скарацілася ў пяць разоў", - прывёў прыклад Кіраўнік дзяржавы.

"Гэта, вядома, не значыць, што ўсе адумаліся, усвядомілі. Іх дзейнасць проста паралізавана. І заходнімі куратарамі ўжо, напэўна, вядзецца пошук новых ніш і новых інструментаў уплыву на так званую грамадзянскую супольнасць з мэтай пашырэння "ліберальных дэмакратычных каштоўнасцей", - лічыць Прэзідэнт. - Аднак не ўсе некамерцыйныя арганізацыі дэструктыўныя. І вы, кіраўнікі мясцовых органаў улады, павінны бачыць, дзе сапраўды дапамагаюць старым, інвалідам, ахвяруюць царкве, займаюцца экалогіяй - без палітыкі. І павінны фіксаваць, дзе пад выглядам добрых спраў расхістваюць грамадства".

Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы абазначыў асноўныя вектары і прынцыпы ў рабоце органаў улады ў справе далейшага развіцця краіны. Адзін з вектараў - забеспячэнне бяспекі і парадку. Тут Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на такіх аспектах, як узмацненне дысцыпліны, мабілізацыя і сабранасць, забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі, кадравая дысцыпліна, арганізацыя тэрытарыяльнай абароны.

У ліку асноўных мер Прэзідэнт назваў узмацненне дысцыпліны на ўсіх узроўнях і ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. "Асноўныя падыходы закладзены ў Дырэктыве № 1, а таксама ў Дэкрэце № 5. Магчыма, настаў час іх актуалізаваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Мабілізацыя і сабранасць таксама вельмі важныя для забеспячэння бяспекі і парадку, канстатаваў Прэзідэнт. "Нам трэба мець адпрацаваныя механізмы рэагавання на новыя, невядомыя выклікі. Дзейнічаць эфектыўна, без бюракратычных працэдур, узаемных перашкод, чакання інструкцый, цыркуляраў і іншых растлумачэнняў", - перакананы беларускі лідар.

Прэзідэнт таксама зрабіў акцэнт на неабходнасці работы ў прававым полі. Гаворачы аб абнаўленні беларускага заканадаўства, Кіраўнік дзяржавы, у прыватнасці, адзначыў, што ўстаноўлены прававыя рамкі ўдзелу ў масавых мерапрыемствах і грамадска-палітычнай дзейнасці, функцыянавання СМІ. "Не дапускайце ніякіх сходаў і іншага без вашага ведама, без вашага рашэння", - папярэдзіў прысутных Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама згадаў, што нядаўна падпісаў Закон, які рэгламентуе парадак увядзення надзвычайнага становішча, іншыя аспекты абароны канстытуцыйнага ладу. "На месцах трэба даходліва растлумачыць людзям сутнасць законаў - праз мясцовыя СМІ, работу з навучэнцамі, у працоўных калектывах", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.

Асабліва гэта важна цяпер, калі вядзецца работа над праектам новай Канстытуцыі, упэўнены Прэзідэнт. "Змяненні, якія прапануюцца ў Асноўны закон, - гэта канцэпт будучыні Беларусі. Будучыні, якая абмяркоўвалася на дыялогавых пляцоўках, у грамадскіх аб'яднаннях, працоўных і навучальных калектывах. Усе, хто хацеў прыняць у гэтым абмеркаванні ўдзел, былі пачуты", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што для прыняцця Канстытуцыі трэба будзе правесці рэферэндум, і ён павінен прайсці на ўзорным узроўні. "Цяпер вельмі шмат спрабуюць стварыць розных фэйкаў на гэтай глебе. Яшчэ раз падкрэсліваю: мы прынялі, абмяркоўваючы на Усебеларускім народным сходзе, рашэнне, што рэферэндум павінен прайсці не пазней за люты будучага года. Так і будзе", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт расказаў, што яму прадстаўлены праект Асноўнага закона ўжо, аднак назваць яго прапрацаваным і добра падрыхтаваным складана. "Заўваг аж на 170 лістоў Наталля Іванаўна з Міклашэвічам і Уладзімір Паўлавіч выкацілі Прэзідэнту (размова пра Старшыню Савета Рэспублікі Наталлю Качанаву, Старшыню Канстытуцыйнага Суда Пятра Міклашэвіча і Старшыню Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанку. - Заўвага), - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Я сёння вярнуў усё гэта пісанне вам. Збірайцеся і паспрабуйце гэта да чытання на ўзроўні Прэзідэнта прывесці ў адпаведнасць. А потым разам са мной (я абяцаў гэта), мы сядзем і пойдзем па кожным раздзеле, па кожным артыкуле. А потым вынесем на ўсенароднае абмеркаванне - няхай людзі азнаёмяцца. І не пазней за люты мы правядзём рэферэндум".

Кіраўнік дзяржавы назваў забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі важным аспектам комплексу мер па забеспячэнні бяспекі і парадку. "Кожны старшыня выканкама павінен мець добрае ўяўленне аб інфармацыйнай карце свайго раёна або горада. Якія СМІ і рэсурсы дзейнічаюць, якую рэдакцыйную палітыку яны праводзяць, якой падтрымкай насельніцтва карыстаюцца, - паставіў задачу Прэзідэнт. - Намеснік старшыні, які курыруе пытанні ідэалогіі і інфармацыі, павінен у твар ведаць усіх журналістаў, якія пражываюць і працуюць у рэгіёне, блогераў, адміністратараў тэлеграм-каналаў і чатаў, працаваць з імі асабіста. Усё павінна быць не проста пад кантролем, а рабіцца з вашага дазволу".

"Нельга дапускаць інфармацыйнага вакууму. Аб гэтым гаварылася неаднаразова", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Цэнтральныя СМІ, паводле яго слоў, працуюць ўжо на якасна новым узроўні і аблвыканкамам i райвыканкамам трэба падцягвацца хаця б да ўзроўню Мінскай вобласці, дзе паспяхова развіваецца абласны медыяхолдынг.

"На жаль, роля рэгіянальнай прэсы на месцах незаслужана заніжана. Часам кіраўнікі раёнаў выкарыстоўваюць мясцовыя газеты як асабістую Дошку гонару. Не хапае праблемных матэрыялаў, актуальных і цікавых чытачу тэм. Займіцеся гэтымі пытаннямі", - указаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў узмацнення кадравай дысцыпліны, што з'яўляецца важным аспектам для забеспячэння бяспекі і парадку на сучасным этапе. "Гавару шчыра: на адказных пасадах не месца тым, хто адкрыта выступаў супраць палітычнага курсу краіны, - падкрэсліў беларускі лідар. - Перш за ўсё гэта датычыцца дзяржаўнай службы, кіруючых пасад у бюджэтнай сферы і на дзяржпрадпрыемствах, педагогаў, а таксама асоб, якія з прычыны публічнасці ўплываюць на грамадскую думку. Недапушчальна сітуацыя, пры якой нехта атрымлівае з бюджэту зарплату, карыстаецца льготамі, сацыяльным пакетам і пры гэтым палівае граззю сваю краіну". Такія паводзіны, на думку Кіраўніка дзяржавы, акрамя ўсяго іншага з'яўляюцца яшчэ і амаральнымі.

"Галоўнае - не страціць тых, хто не пахіснуўся і ў востры перыяд адкрыта выступаў у абарону дзяржавы. Яны ў вас павінны быць на пастаянным кантролі дзеля падтрымкі. У першую чаргу для такіх людзей кадравы рэзерв у райвыканкамах павінен стаць сапраўднай сацыяльнай і прафесійнай лесвіцай наверх", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што цяпер заўважыць такіх людзей няцяжка, гэтаму садзейнічаюць і сацсеткі, паказваючы сутнасць кожнага. "Трэба актыўна працаваць з грамадскімі арганізацыямі, паднімаць нашы арганізацыі. Не трэба іх пладзіць тысячамі і хваліцца, што ў нас камсамола або іншых грамадскіх арганізацый - тысячы. Няхай будзе некалькі соцень, але з сапраўдных байцоў, на якіх мы можам абаперціся", - абазначыў задачы Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў пытанне арганізацыі тэрытарыяльнай абароны і звярнуў асаблівую ўвагу на ролю кіраўнікоў мясцовай улады ў забеспячэнні поўнай укамплектаванасці падраздзяленняў, іх гарантаванай боегатоўнасці.

"Ключавы прынцып - не нашкодзь дзяржаве. Любая дзейнасць - грамадская, палітычная - нараўне з няўхільным захаваннем закону павінна абавязкова суадносіцца з вектарам дзяржаўнай палітыкі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Ён акцэнтаваў увагу, што ў розных людзей могуць быць розныя меркаванні, але заклікі да дзеянняў, накіраваных супраць краіны і курсу, адобранага большасцю, недапушчальны. "Гэта як мінімум парушэнне так званых дэмакратычных норм", - перакананы беларускі лідар.

"Наступны прынцып - заахвочванне стваральнай ініцыятывы. Новыя ўмовы патрабуюць якасных нетрывіяльных рашэнняў, - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. - Наш асноўны рэзерв - гэта ініцыятыўныя, мэтанакіраваныя людзі, якія змагаюцца за сваю краіну. Таму важна не заціскаць энергію грамадства, увесь час перастрахоўваючыся - як бы чаго не выйшла". Прэзідэнт папярэдзіў, каб чыноўнікі на месцах не чакалі ад яго спецыяльных указанняў у гэтым плане. "Зразумейце, што пры ўсёй жорсткасці курсу гэта жорсткасць павінна быць накіравана на тых, на каго трэба. Мы не павінны ўдушыць ініцыятыву людзей, трэба падтрымліваць ініцыятыўных і сумленных людзей як у бізнесе, так і ў палітыцы", - сказаў беларускі лідар.

Яшчэ адным важным прынцыпам ён назваў забеспячэнне зваротнай сувязі з насельніцтвам. "Сёння трэба быць на крок наперадзе ў непасрэдным узаемадзеянні з грамадзянамі. Новага тут я нічога не скажу. Слухайце людзей. Ва ўмовах развіцця сучасных сродкаў камунікацыі гэта не з'яўляецца складанай задачай. Маё прынцыповае патрабаванне вы ведаеце: прымаемыя рашэнні павінны ісці ад жыцця і адпавядаць інтарэсам людзей", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Сёння мы як ніколі павінны хутка і адэкватна рэагаваць на звароты грамадзян, яшчэ важней - папярэджваць гэтыя звароты. І не таму, што ўсё сказанае ператвараецца ў вострую медыйную прычыну для незадаволенасці. Важна, каб народ, які паслядоўна падтрымлівае нас, адчуваў, што знаходзіцца пад нашай абаронай", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, тая сітуацыя, якую давялося выпраўляць на працягу апошняга года, з'яўляецца ў многім вынікам недапрацовак канкрэтных чыноўнікаў на месцах і ў сталіцы. Аналіз зваротаў у Адміністрацыю Прэзідэнта паказвае, што хранічныя раздражняльнікі для людзей прысутнічаюць у кожным рэгіёне, канстатаваў беларускі лідар і прывёў некаторыя прыклады.

Так, у Брэсцкай вобласці грамадзяне з году ў год пішуць аб нізкай якасці вады, адсутнасці ў сельскіх населеных пунктах патрэбных інжынерных сетак. На Віцебшчыне асаблівую вастрыню выклікае пытанне своечасовай выплаты заработнай платы. У Магілёўскай вобласці пастаянныя скаргі на адсутнасць неабходнай транспартнай інфраструктуры ў сельскай мясцовасці і прыватным сектары гарадоў. У Мінску людзі абураны існуючай практыкай здачы дамоў з істотнымі недаробкамі.

"Самую пільную ўвагу трэба ўдзяліць папярэджанню здарэнняў і выкананню тэхнікі бяспекі на вытворчасці. Колькі людзей гіне там, вайны ніякай не трэба, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Сёння любым інцыдэнтам - ад катастрофы ваеннага самалёта да аварыі на вадаправодзе і перагрэву трансфарматара - адразу надаецца палітычная афарбоўка".

Далей Прэзідэнт згадаў прынцып законнасці і ўзаемнай павагі. "Прававыя нормы - гэта правілы жыцця, якія з'яўляюцца меркай нармальнасці грамадства, крыніцай парадку, базісам міру і стабільнасці, - сказаў ён. - Аксіёма: свабода аднаго чалавека заканчваецца там, дзе пачынаецца свабода другога. Наўрад ці непакоіліся пра такія маральныя прынцыпы тыя, хто год таму кругласутачна парушаў спакой грамадзян крыкамі, аўтамабільнымі сігналамі і іншым".

Аляксандр Лукашэнка абурыўся тым фактам, што ўжо пайшлі пагрозы ў адрас тых, хто, не вытрымліваючы такога парушэння парадку, звяртаўся ў міліцыю з просьбамі спыніць беззаконне. Прэзідэнт запатрабаваў спыняць такія пагрозы грамадзянам.

"Мы ўсё вытрымалі, але цкаванне дзяржаўных людзей, а тым больш іх сем'яў і блізкіх, пагроза жыццю патрыётаў краіны сталі для нас чырвонай лініяй. Папярэджваю: усе, хто гэту чырвоную лінію перайшоў або збіраецца перайсці, будуць вучыцца нормам маралі і дэмакратыі ў адпаведных папраўчых установах", - заявіў беларускі лідар.

Што датычыцца канструктыўнай крытыкі ў законных формах, то Аляксандр Лукашэнка лічыць патрэбным уважліва вывучаць паступаючыя калектыўныя звароты, асабліва калі там уздымаюцца канкрэтныя праблемы. "У іх могуць быць рацыянальныя прапановы. Наша задача - адпрацаваць кожную", - заўважыў ён.

Яшчэ адзін вектар - гэта ўстойлівая стваральная праца. У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ключавыя рашэнні, прынятыя Усебеларускім народным сходам, застаюцца ў прыярытэце, нягледзячы ні на якія знешнія абставіны. "Якія б цяжкасці ні стваралі санкцыі, для нас гэта падстава нарасціць унутраныя рэзервы, удасканальваць сістэму кіравання, працаваць з інвестарамі і кожны дзень дабаўляць. Мы ні на міліметр не павінны ўпасці па валавым унутраным прадукце, па руху нашай эканомікі. Ні ў якім выпадку, недапушчальна", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што для кіраўнікоў прадпрыемстваў цяпер гарачая пара - час заключэння кантрактаў, пошуку рынкаў збыту і кропак росту. "Зніжэння вытворчасці, продажаў прадукцыі прамысловасці і сельскай гаспадаркі быць не павінна. У гэтым сутнасць нашых антысанкцый", - сказаў ён.

Асаблівую ўвагу, паводле слоў Прэзідэнта, трэба ўдзяліць гарадам - 80-тысячнікам: "Мы прынялі ўсе рашэнні. Там павінна перш за ўсё актыўна працаваць кіраўніцтва гэтых гарадоў. Але і губернатары павінны звяртаць увагу, а міністры (там, дзе пастаўлена задача, прыняты планы) павінны іх рэалізоўваць".

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу і на пытаннях рэгіянальнага развіцця, харчовай бяспекі, вакцынацыі і барацьбы з пандэміяй.

"Звяртаю ўвагу на харчовую бяспеку. У гэтым годзе мы са спазненнем правялі пасяўную кампанію - па ўмовах надвор'я. Цяпер асноўная задача - вырасціць і захаваць ураджай. Анамальная гарачыня і ліўні ўнеслі свае карэктывы. Каб не страціць хлеб, неабходна паскорыцца з уборкай ураджаю. Цяпер кожны кілаграм збожжа будзе літаральна на вагу золата", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што сусветныя цэны на прадукты харчавання лавінападобна растуць. "Дрэнна, але для нас гэта шанц прадаць сваю прадукцыю вельмі дорага", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў і важнасць своечасова разлічвацца з працаўнікамі.

"Мы з вамі перажылі паўтара года пандэміі. Цяпер на парадку дня стаіць пытанне вакцынацыі. У краіне створаны ўсе ўмовы для тых, хто хоча засцерагчы ад небяспекі сябе і сваіх блізкіх", - сказаў Прэзідэнт.

"У нас вакцын хапае. Але гэта будзе добраахвотна, па жаданні чалавека", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў, што бягучы год у Беларусі аб'яўлены Годам народнага адзінства. "17 верасня ў нашай краіне ўпершыню будзе адзначацца новае дзяржаўнае свята - Дзень народнага адзінства. Яно павінна прайсці на дастойным узроўні, стаць запамінальным для кожнага беларуса, набыць з часам свой непаўторны каларыт, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Дата выбрана не выпадкова: яна прымеркавана да пачатку вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь у 1939 годзе. Прайшло больш за паўстагоддзя, але памяць аб гэтай падзеі жыве ў сэрцах беларусаў, таму што яна стала актам гістарычнай справядлівасці ў адносінах да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі".

"Вось чаму патрэбны суверэнітэт і незалежнасць - каб нас ніколі больш супраць нашай волі не дзялілі. 17 верасня сімвалізуе непахіснасць тэрытарыяльнай і этнічнай кансалідацыі беларускай нацыі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што нават сёння не ўсе народы на планеце могуць пахваліцца такім здабыткам. "Для кагосьці ідэя нацыянальнага адзінства ў рамках агульнай дзяржаўнасці прадаўжае заставацца толькі марай", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Сёння беларускі народ, нягледзячы на сур'ёзныя знешнія выклікі і пагрозы, адзіны ў выбары стратэгічнага курсу на развіццё моцнай, суверэннай і працвітаючай краіны. Хацелася б, каб так было заўсёды. Мы, людзі на чале ўлады, абавязаны ўмацоўваць гэта адзінства, заснаванае на каштоўнасцях міру, узаемапавазе, шанаванні традыцый і гісторыі. Разгорнутай супраць нас тактыцы ўдушэння проціпаставім сваю стойкасць, рашучасць і самаадданасць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Давайце пакажам, што мы невялікая краіна, але тут сапраўды жыве горды і незалежны народ, які помніць подзвігі сваіх продкаў. Давайце ім, хто глядзіць на нас з нябёсаў, пакажам, што мы не проста ведаем і цэнім іх подзвігі, а зробім усё, каб не дапусціць гэтай гарачай вайны і процістаяння, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Нам трэба выстаяць. Толькі так зможам перадаць будучым пакаленням нашу Беларусь - сацыяльную, высокатэхналагічную, экалагічную краіну з развітымі прамысловасцю, энергетыкай, сельскай гаспадаркай і моцнымі рэгіёнамі. І, прайшоўшы праз выпрабаванні, застанёмся вернымі сваёй нацыянальнай ідэі - "людзьмі звацца". Такі шанц выпаў на наша пакаленне і пакаленне, якое ідзе за намі. І мы гэты шанц не маем права страціць".