Сустрэча з касманаўтамі Марынай Васілеўскай і Алегам Навіцкім у Крамлі
- 13
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і расійскі лідар Уладзімір Пуцін правялі 12 красавіка ў Крамлі сумесную сустрэчу з удзельніцай 21-й касмічнай экспедыцыі на МКС Марынай Васілеўскай і лётчыкам-касманаўтам Алегам Навіцкім.
Сімвалічна, што сустрэча кіраўнікоў дзяржаў з касманаўтамі Беларусі і Расіі адбылася ў Дзень касманаўтыкі. Зусім нядаўна Марына Васілеўская і Алег Навіцкі вярнуліся з арбіты. Для Беларусі гэта падзея асабліва значная: упершыню ў гісторыі суверэннай рэспублікі яе грамадзянін здзейсніў касмічны палёт. На МКС у Марыны Васілеўскай была свая задача - правесці шэраг даследаванняў для беларускай навукі.
Уладзімір Пуцін павіншаваў касманаўтаў са святам і ў іх асобе - усіх, хто працуе ў гэтай галіне.
Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу яшчэ раз выказаў удзячнасць расійскаму боку за супрацоўніцтва ў сферы космасу і падтрымку.
"Для вас гэта звычайна, для нас гэта вялікая навіна, таму што першая дзяўчына-касманаўт апынулася ў космасе. Першы беларускі касманаўт незалежнай Беларусі. І Алег - наш: ён жа нарадзіўся пад Мінскам. Мама яго жыве там, нядаўна сустракаліся. Гэта сімвалічна. Таму я вам вельмі ўдзячны. Гэта не проста даніна павагі, што мы тут. Калі б тады Вы не далі адмашку і не згадзіліся, не было б гэтага палёту. Дзякуй за Марыну і дзякуй, што камандзірам гэтага палёту быў Алег. Гэта і ёсць наша адзінства: нарадзіўся ў Беларусі, служыў у Савецкім Саюзе (лётчык, выпрабавальнік), стаў касманаўтам у Расіі", - адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сфера касманаўтыкі для беларусаў не чужая. Ды і сам ён ужо даўно паглыблены ў спецыфіку: бываў на розных касмадромах і ў галіновых установах розных краін, вывучаў тэхнічны бок пытання.
"Мы не сімвалічна, мы вельмі сур'ёзна працуем над сумеснымі праграмамі Беларусі і Расіі. Спадарожнікавыя праграмы мы робім разам. Мы з савецкіх часоў захавалі гэтыя заводы па вытворчасці спадарожнікаў. Разам з расіянамі працуем. Цяпер - пілатуемыя палёты. Я гаварыў Уладзіміру Уладзіміравічу, што мы і далей будзем разам працаваць. Ён учора мяне падтрымаў", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Оптыка за вамі", - растлумачыў Уладзімір Пуцін.
"Гэта без пытанняў. У нас оптыка, дарэчы, не горшая, чым на Захадзе. Таму падтрымана, што мы будзем працаваць разам, у тым ліку будзем лятаць у космас, будзем працаваць і ў цэнтры падрыхтоўкі (касманаўтаў. - Заўвага) і ў іншых месцах, дзе рыхтуюць, трэніруюць нашых пілотаў", - дадаў беларускі лідар.
"Вас віншую з вяртаннем на Зямлю, - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да касманаўтаў. - Даліся вы нам, асабліва мне, вельмі нялёгка: калі не стартанула адразу ракета, у мяне ўсё ўпала. Я ўжо думаў: бяда. Не, малайцы. Усё нармальна, усё спрацавала. Вы своечасова вярнуліся, правялі эксперыменты патрэбныя. Я думаю, што мы яшчэ не раз убачым сумесныя палёты расіян і беларусаў".
Планы тут сапраўды грандыёзныя: у бліжэйшыя гады Расія плануе вывесці на арбіту першы модуль айчыннай арбітальнай станцыі. Гэта адкрывае вялікія перспектывы для двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі.
Алег Навіцкі падкрэсліў, што брацкія і саюзніцкія адносіны дзвюх дзяржаў дарагога вартыя. Паводле яго слоў, падрыхтоўка беларускіх касманаўтаў прайшла паспяхова: паводле ацэнак інструктараў, абедзве дзяўчыны падышлі да яе вельмі адказна. "Усе надзеі, якія ўскладаліся на Марыну, яна поўнасцю апраўдала", - сказаў касманаўт.
Ён таксама павіншаваў прэзідэнтаў з Днём касманаўтыкі, адзначыўшы іх уклад у развіццё гэтага напрамку ў Беларусі і Расіі. "Вельмі прыемна, што наша тэхніка сапраўды самая надзейная. Гэта паказаў і аварыйны старт Аляксея Аўчыніна, калі пайшоў падрыў ракеты пад ім. Тут аўтаматыка адмяніла пуск рухавікоў перад стартам: у Марыны быў пульс 66, ніхто не хваляваўся, Трэйсі (член экіпажа, астранаўт NASA Трэйсі Дайсан. - Заўвага) была спакойная. Наша тэхніка не падводзіць проста", - заявіў Алег Навіцкі.
Марына Васілеўская прызналася, што для яе было шчасцем стаць першым касманаўтам у гісторыі суверэннай Беларусі. "Я старалася зрабіць усё магчымае, каб выканаць праграму на 100% і нават больш. Пакарэнне космасу грамадзянінам Рэспублікі Беларусь - гэта вельмі значная падзея для нашай краіны. Хацелася б, вядома, і далей прадаўжаць у гэтай сферы. Шчаслівая, рада і ганаруся тым, што гэты праект адбыўся".
Кіраўнікі дзяржаў сустрэліся не толькі з касманаўтамі, але і прадоўжылі сам-насам пачатыя напярэдадні перагаворы.
На сустрэчы ў Крамлі былі і нечаканыя моманты. Па запрашэнні расійскага лідара Аляксандр Лукашэнка і касманаўты падключыліся да тэлефоннай размовы са шматдзетнай сям'ёй Пяк - патомныя аленяводы, якія жывуць у тундры на Ямале. Енкся і Зоя Пяк адзначаюць 50-годдзе сумеснага жыцця, прэзідэнты павіншавалі іх з залатым вяселлем.
"У нас тут госці. Першая жанчына-касманаўт Беларусі, Прэзідэнт Беларусі. І сёння свята - 12 красавіка, Дзень касманаўтыкі. Мы вас усе разам віншуем з юбілеем залатога вяселля. І ўсю вашу сям'ю вялікую. Жадаем вам усяго самага добрага, поспехаў. Спадзяюся, што мы з вамі яшчэ ўбачымся. Ведаю, што адзін з вашых унукаў хоча паглядзець на старт касмічнага карабля. Абавязкова арганізуем паездку вашага ўнука", - паабяцаў Уладзімір Пуцін, перадаўшы слова Кіраўніку беларускай дзяржавы.
"Я таксама далучаюся да віншавання Прэзідэнта Расіі. Залатое вяселле. Рэдка бывае такое - 50 гадоў. Добрая нагода. Мне Уладзімір Уладзіміравіч у дэталях расказаў пра вашу сустрэчу на ВДНГ", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама выказаў упэўненасць, што касманаўты запросяць іх сям'ю ўбачыць найпрыгажэйшую з'яву - старт касмічнага карабля.
"Я дзякую Уладзіміру Пуціну за запрашэнне да гэтай размовы. Для мяне вельмі сімвалічна і важна пагаварыць з людзьмі, якія знаходзяцца далёка-далёка і займаюцца гэтай добрай і светлай справай - разводзяць аленяў. Шчасця вам! І дай бог, каб у вас, вашых дзяцей было здароўе. Каб вы жылі, і асабліва вашы дзеткі, унукі, і не адчувалі праблем. І абавязкова былі аленяводамі. Рэдкая прафесія. Дзякуй вам вялікі. Поспехаў і шчасця", - дадаў беларускі лідар.
З юбілеем вяселля сям'ю аленяводаў павіншавалі і касманаўты. Марына Васілеўская пажадала ім здароўя і ўсяго найлепшага.
Перад сустрэчай з касманаўтамі, адразу пасля прыезду ў Крэмль, журналісты задалі Аляксандру Лукашэнку шэраг пытанняў.
Адно з іх датычылася перспектыў мірнага ўрэгулявання ва Украіне. Адказваючы на гэта пытанне, Прэзідэнт Беларусі адзначыў: "Калі Прэзідэнт Расіі ўчора (на перагаворах з Аляксандрам Лукашэнкам у Крамлі. - Заўвага) палавіну ўступнага слова ўдзяліў мірным перагаворам, з пункту гледжання дыпламатычнага вы ж разумееце, да чаго гэта. Мне здаецца, што сёння момант, гэта перш за ўсё для ўкраінцаў і для Захаду, сесці за стол перагавораў і канчаткова дамовіцца. Прынцып адзін, Пуцін у гэтым плане малайчына (ён не адступае ад сваіх ранейшых заяў): дакументы ёсць (выпрацаваныя раней па выніках мірных перагавораў у Беларусі і Турцыі. - Заўвага), яны парафіраваны і расійскім, і ўкраінскім бокам. Давайце вернемся да гэтых дакументаў і ад гэтага будзем зыходзіць. Або спынімся на тых прынцыпах, якія закладзены ў дакументах. Што, няправільна? Правільна", - заявіў беларускі лідар.
"Таму вельмі добры момант для Украіны і куратараў украінскіх прыняць рашэнне. Яго трэба прымаць. Я так разумею Прэзідэнта Расіі, ён разумна гэта робіць. Гэта - лакмусавая паперка. Хочаце перагавораў - давайце, мы адкрытыя, мы дамаўляемся. Вось дакументы, садзімся за стол. Не будзем далей разгортваць, спыняемся на тым, што было тады - у гэтых дакументах. Або на падставе дакументаў ідзём далей, шукаем нейкія кампрамісы. Калі пасля гэтага не будзе рэакцыі Украіны і Захаду, значыць, яны проста не хочуць міру ва Украіне. Вельмі разумна пастаўлена расійскім бокам пытанне. Я цалкам падтрымліваю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік беларускай дзяржавы расказаў журналістам, што напярэдадні па запрашэнні Уладзіміра Пуціна сустрэўся з членамі Савета Бяспекі Расіі.
"Учора быў Савет Бяспекі. Уладзімір Уладзіміравіч запрасіў мяне на Савет Бяспекі, я змог перагаварыць з усімі членамі Савета Бяспекі Расіі па тых ці іншых пытаннях. З Міністрам абароны, дырэктарам ФСБ, знешняй разведкі. І Сяргей Лаўроў быў, Міністр замежных спраў. І з кіраўнікамі парламента ў добрых адносінах. Таму я мог абмеркаваць пытанні, якія нам трэба. Ну і проста пагаварыць. Гэта вельмі важна ў дыпламатычных адносінах", - расказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама падзяліўся падрабязнасцямі перагавораў на вышэйшым узроўні гэтымі днямі ў Маскве. "У нас заўсёды з Прэзідэнтам Расіі атмасфера на перагаворах вельмі сур'ёзная. Мы падзялілі нашы перагаворы на дзве часткі. На сённяшнюю - афіцыйную частку, каб падзякаваць людзям (гаворка пра касманаўтаў дзвюх краін. - Заўвага), павіншаваць нашы народы з Днём касманаўтыкі, яшчэ раз адзначыць, што мы разам будзем асвойваць космас і працаваць. Мы будзем не лішнімі ў касмічнай праграме вось гэтай расійскай імперыі ў касмічных адносінах, - сказаў Прэзідэнт Беларусі. - Мы вельмі рады, задаволены, што мы будзем развіваць гэты высокатэхналагічны спектр нашай эканомікі. Нашы людзі будуць працаваць і працуюць разам з расіянамі. Гэта добра. Гэта сённяшні момант".
Што датычыцца перагавораў з Уладзімірам Пуціным напярэдадні ў Крамлі, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што прэзідэнты доўга не абмяркоўвалі эканамічныя праблемы. Дамовіліся, што 15 красавіка сустрэнуцца прэм'ер-міністры Беларусі і Расіі і прымуць неабходныя рашэнні па існуючых трох-чатырох пытаннях у эканоміцы. "Каб рухацца далей па імпартазамяшчэнні, а таксама да роўных умоў для суб'ектаў гаспадарання і людзей. Прэм'ер-міністры гэта абмяркуюць у дэталях. Таму мы асабліва не паглыбляліся ў гэтыя пытанні", - адзначыў ён.
Абмяркоўвалі прэзідэнты і тэматыку бяспекі. "Гэта для нас найважнейшае пытанне. І не думайце, што мы ўвесь час прысвяцілі Украіне. Для нас там абсалютна зразумелы працэс, які адбываецца. У СМІ, асабліва ў Расіі, абсалютна правільна ацэньваюць сітуацыю ва Украіне - усё, што там адбываецца. Там не толькі снарадаў - людзей не хапае. Таму рэйтынг (Прэзідэнта Украіны Зяленскага. - Заўвага) з 98% упаў ці то да 14%, ці то 30%. Падзенне вельмі сур'ёзнае", - падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўніка дзяржавы спыталі, чаму ён лічыць, што Украіна хутка абдумаецца. "Я адчуваю, што адбываецца ва Украіне. Не хачу, каб Уладзімір Аляксандравіч Зяленскі пакрыўдзіўся на мяне - я ўчора Прэзідэнту Пуціну пра гэта гаварыў, параўноўваў. Мы вельмі ўважліва назіраем, што адбываецца ўнутры Украіны. Галоўнае - гэта ўнутры. У пачатку СВА Валодзю Зяленскага падтрымлівалі амаль 98%. Сёння адрозніваюцца лічбы. Нехта кажа 34%, а апошнія даныя ў расіян - каля 14%. Самы высокі рэйтынг у Залужнага - 35%. Усё роўна няшмат. Бачыце, якое падзенне, калі гаварыць пра Прэзідэнта", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама нагадаў, што ў маі ва Уладзіміра Зяленскага заканчваецца тэрмін паўнамоцтваў і гэта можа спарадзіць праблему легітымнасці тых ці іншых патэнцыяльных пагадненняў. "Можа стварыцца сітуацыя, калі той жа Пуцін скажа: "А з кім падпісваць дагавор? Паўнамоцтвы ў Прэзідэнта Украіны скончыліся". Сёння мы падпішам з ім, дапусцім, нейкі дагавор, заўтра вы (іншы палітык. - Заўвага) прыйдзеце да ўлады, станеце Прэзідэнтам, вам гэта не спадабаецца. А яны ўмеюць гэта рабіць, як па Мінскіх пагадненнях. Памятаеце. Яны гэта ўсё адкінуць і скажуць: "Ды гэта нелегітымны прэзідэнт падпісваў!". "Я наогул гэтага не ведаю! - Новы прэзідэнт скажа", - змадэляваў магчымую сітуацыю Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што такое рэальна можа адбыцца: "Асабліва не дай бог там Пётр Парашэнка (экс-прэзідэнт Украіны. - Заўвага) прыйдзе да ўлады. Ён скажа: "Я гэта не ведаю і ведаць не хачу!" Заўтра яму на кішэню націснуць (мільярды ж ціснуць заўсёды) амерыканцы і скажуць: "Працягвай вайну". Будзе працягвацца вайна".
"Таму, як гаварыў першы Прэзідэнт Расіі, загагулінка нейкая ёсць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Пакуль не пачаліся мірныя перагаворы (па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне. - Заўвага), як Вы для сябе ацэньваеце верагоднасць таго, што Беларусі давядзецца ўступіць у баявыя дзеянні?" - спыталі журналісты Кіраўніка беларускай дзяржавы.
"А ніяк не ацэньваю. Такой неабходнасці няма. І не будзе такой неабходнасці. Я неяк сказаў напярэдадні, што Расіі цяпер патрэбна такая Беларусь - мірная, ціхая, спакойная, якая робіць сваю справу. У дэталях я вам не буду расказваць, чым мы займаемся і гэтак далей. Я ж не адмаўляюся, што мы "суагрэсары", - сказаў Прэзідэнт Беларусі. - Кожны робіць сваю справу. Але я адкрыта гавару: ні я, ні Пуцін (мы ўчора таксама гэту праблему абмяркоўвалі) не хочам, каб пакутаваў брацкі нам украінскі народ. Не хочам!"
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым згадаў аб ударах Расіі па энергааб'ектах ва Украіне, адзначыўшы, што гэта быў адказ на аналагічную атаку з украінскага боку.
"Украінцы павінны разумець: калі яны там будуць закідваць БПЛА на такія аб'екты, як нафтаперапрацоўчы завод, - адказ прыляціць імгненна ў 10-кратным памеры. Ну навошта правакаваць і распальваць гэты агонь? Навошта ён патрэбны? І ў той жа час расказваюць пра мірныя нейкія перагаворы і канферэнцыю ў Швейцарыі. Без Расіі хочуць ва Украіне мір. Чытай і без Кітая. Прадстаўнік Кітая таксама туды не збіраецца ляцець і ехаць. Якія могуць быць мірныя перагаворы?" - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
Вяртаючыся да пытання аб уступленні Беларусі ў ваенныя дзеянні, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што да гэтага часам заклікаюць "ура-патрыёты" ў Расіі, як іх называюць у расійскіх СМІ. "Гэтыя заклікі - Беларусь у вайну ва Украіне - гэта на карысць НАТА. Гэта яны хочуць і робяць усё, каб нас уцягнуць у вайну з Украінай", - падкрэсліў ён.
Прэзідэнт растлумачыў, што ў гэтым выпадку працягласць фронту за кошт граніцы Беларусі з Украінай, Польшчай і краінамі Балтыі павялічыцца на тысячы кіламетраў: "Нам з вамі давядзецца гэты фронт закрыць, калі мы ўступім у вайну. Мы зможам гэта зрабіць? Не зможам. Гэта я вам гавару: не зможам. Мы хочам сабе праблем? Не хочам. Гэта па-другое. Па-першае - магчыма, Украіне гэтак жа, як сёння Расіі, спатрэбіцца такая Беларусь (мірная. - Заўвага)".
Разам з гэтым Беларусь забяспечвае бяспеку паблізу рубяжоў краіны на ўкраінскім і заходнім напрамках.
"У нас паўкраіны знаходзіцца ў радыусе 100 кіламетраў ад Кіева. У тым ліку і Мазырскі НПЗ, які, на шчасце, сёння працуе без перабояў, мадэрнізаваны, і вы запраўляецеся палівам з Мазырскага НПЗ. Вашы і нашы збеглыя (гэта мне пазаўчора інфармацыю перадалі) увесь час палякам і іншым пакрыкваюць: "Давайце па Мазыры ўдарым, па НПЗ, яны ж агрэсару пастаўляюць паліва для ваенных патрэб у тым ліку. Значыць, законная мэта", - падзяліўся Аляксандр Лукашэнка падрабязнасцямі абстаноўкі. - Я тады сваіх ваенных паклікаў, гавару: "Пастаўце на пазіцыі ўсё, што ў нас ёсць (не буду пералічваць), і тады адкажам так, што мала не падасца".
"Гэта значыць, калі б мы сёння ўступілі ў вайну супраць Украіны, гэта нічога не дало б. Таму што ў іх граніца з Беларуссю забарыкадавана так, што туды не падысці. Яна замініравана цалкам, забетанавана і 120 тыс. украінскіх ваеннаслужачых на гэтай граніцы. Ну яны хочуць на фронт туды (іх. - Заўвага) кінуць супраць Расіі, а тут французаў паставіць. Мы чакаем. Французы будуць абараняць Украіну... Слухайце, смех! Гэта ўсё размовы. Ніякія французы туды не палезуць, і ніхто там абараняць не будзе. Яны нас спрабуюць з Пуціным запалохаць. А тое, што Беларусь уступіць у вайну і іншае, - гэта з той оперы, што мы з Пуціным заўтра хочам захапіць Еўропу (ну, для пачатку Польшчу і Прыбалтыку). Гэта лухта, як ён учора сказаў, гэта хлусня поўная. Мы ніколі нават не абмяркоўвалі гэта пытанне", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што паблізу граніц Беларусі ў Польшчы і Літве размешчаны амерыканская і нямецкая батальённыя тактычныя групы. У адказ Беларусь была вымушана разгарнуць свае часці.
"І стаім цяпер лоб у лоб. Таму самае простае сёння - пачаць Беларусі вайну супраць Украіны. Але яна Расіі, гэта вайна, не патрэбна. Нам дай бог там разабрацца", - рэзюмаваў Кіраўнік беларускай дзяржавы.