Сустрэча з Міністрам замежных спраў і міжнароднага гандлю Зімбабвэ Фрэдэрыкам Шавам
- 8
- 5:13
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў гатоўнасць да цеснага супрацоўніцтва з Зімбабвэ. Аб гэтым ён заявіў 28 сакавіка на сустрэчы з Міністрам замежных спраў і міжнароднага гандлю Зімбабвэ Фрэдэрыкам Шавам.
"Вельмі добра, што мы вытрымліваем нашы дамоўленасці, і Вы сёння знаходзіцеся ў Беларусі з дзелавым візітам. Я яшчэ раз хачу пацвердзіць гатоўнасць Беларусі да цеснага супрацоўніцтва з вашай краінай. Мы намецілі спецыяльны план нашай работы з Зімбабвэ і строга гатовы прытрымлівацца рэалізацыі гэтых планаў і заданняў. У той жа час намеціліся некаторыя новыя напрамкі нашага супрацоўніцтва. Перш за ўсё ў гуманітарнай сферы. Я ўжо не гавару аб адукацыі. Мы са спадаром Мнангагвам дамовіліся, што ўдзелім вялікую ўвагу супрацоўніцтву ў сферы мацярынства, дзяцінства, аховы здароўя, дзіцячага харчавання. І я спадзяюся, што ў бліжэйшы час тут будзе жонка Прэзідэнта, якой даручана з боку Зімбабвэ займацца гэтым пытаннем. Вы павінны ведаць, што мы зробім максімальна магчымае для таго, каб аказаць тут дапамогу і падтрымку нашым сябрам у Зімбабвэ. Можаце на нас у гэтым плане разлічваць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца гандлёва-эканамічных адносін, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што шляхі ў гэтым плане вядомыя. "Мы гатовы з вамі не проста абменьвацца таварамі. Мы гатовы ствараць сумесныя прадпрыемствы ў вас. Мы гатовы прыняць вашы інвестыцыі ў Беларусі, калі гэта вас будзе цікавіць. І на цывілізаванай высокай аснове выбудоўваць гэта супрацоўніцтва ў сферы эканомікі. Усе дамоўленасці, якіх мы дасягнулі ў час майго візіту ў вашу краіну, будуць няўхільна выконвацца", - запэўніў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што паміж бакамі фактычна створана камісія на міждзяржаўным узроўні. З беларускага боку сітуацыю ў сферы ўзаемаадносін з Зімбабвэ кантралюе віцэ-прэм'ер Пётр Пархомчык. Таксама гэту краіну часта наведвае спецпасланнік Прэзідэнта Беларусі Віктар Шэйман. "Калі тэрмінова якія-небудзь пытанні ўзнікнуць, я праз яго буду інфармаваць і Вас, і майго калегу - Прэзідэнта Зімбабвэ. Таму вы можаце разлічваць на нашы самыя добрыя і рашучыя адносіны з вашай краінай", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў, што таксама намячаўся шэраг праграм па супрацоўніцтве на шматбаковай аснове з удзелам Беларусі, Зімбабвэ і іншых дзяржаў. "Калі ў вас будзе да гэтага цікавасць і ў гэтых краін будзе зацікаўленасць, мы зробім усё неабходнае для таго, каб супрацоўнічаць з вамі", - пацвердзіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што даволі падрабязна размаўляў і з Прэзідэнтам Расіі наконт сумеснага супрацоўніцтва з афрыканскімі дзяржавамі, перш за ўсё з Зімбабвэ, і атрымаў ад яго запэўненні ў вялікай зацікаўленасці да выбудоўвання такога эфектыўнага ўзаемадзеяння.
"Словам, усё, што я абяцаў Прэзідэнту (Зімбабвэ. - Заўвага), я зрабіў і працягваю рабіць. І можаце на нас разлічваць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Вітаючы госця, Аляксандр Лукашэнка адзначыў і цяперашняе снежнае надвор'е ў Беларусі: "Спадар міністр, як бачыце, Вы своечасова прыехалі ў Беларусь. Нават можаце адчуць, што такое зіма ў Беларусі. Праўда, вельмі цёпла сёння. Але снег сапраўдны".
Фрэдэрык Шава ў сваю чаргу падзякаваў беларускаму лідару за запрашэнне ў краіну і магчымасць сустрэчы ў Палацы Незалежнасці, які зрабіў на яго прыемнае ўражанне. "Дазвольце таксама перадаць самыя цёплыя пажаданні ад Вашага брата, Прэзідэнта Зімбабвэ Эмерсана Мнангагвы, - сказаў Міністр замежных спраў і міжнароднага гандлю Зімбабвэ, маючы на ўвазе дружалюбныя адносіны паміж лідарамі дзвюх краін. - Ён перадае Вам пажаданні моцнага здароўя і далейшага развіцця адносін паміж нашымі краінамі", - прадоўжыў Фрэдэрык Шава. Ён выказаў таксама словы ўдзячнасці ў адрас Урада Беларусі і асабіста Міністра замежных спраў Сяргея Алейніка за ветлівасць і цёплы прыём, аказаны дэлегацыі Зімбабвэ.