Сустрэча з кіраўніком Рэспублікі Калмыкія Расійскай Федэрацыі Бату Хасікавым
- 11
- 7:42
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 сакавіка на сустрэчы з кіраўніком Рэспублікі Калмыкія Бату Хасікавым адзначыў актывізацыю кантактаў з гэтым расійскім рэгіёнам.
Павітаўшы госця, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што з вялікім задавальненнем сустракае кіраўніка расійскага рэгіёна ў Палацы Незалежнасці: "Дзякуй за тое, што вы прыязджаеце ў Беларусь, знаёміцеся з Беларуссю. Для нас гэта вельмі важна".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што, нягледзячы на адлегласць, якая аддзяляе Беларусь і Калмыкію, народы заўсёды былі блізкімі па духу, сумеснай гісторыі, выхаванні. "Нашы продкі разам абаранялі заваяванні Кастрычніка, атрымалі Вялікую Перамогу ў барацьбе з фашызмам, узнімалі з руін разбураную краіну, здзяйсняючы працоўныя подзвігі. Мы выхаваны мірна ствараць, а не ламаць, - заявіў беларускі лідар. - Гэта нас аб'ядноўвае, робіць мацнейшымі перад усялякімі цяжкасцямі".
Што датычыцца кантактаў з Калмыкіяй, то яны, паводле слоў Прэзідэнта, набываюць усё больш актыўны характар. Дадатковы імпульс гэтаму надаў абмен візітамі дэлегацый у верасні 2022 года, праведзеныя сустрэчы і перагаворы. "Але ўпэўнены, што сапраўдны эканамічны прарыў у нас наперадзе, - сказаў беларускі лідар. - Гаворачы мовай спартсменаў, наш цяперашні тавараабарот - гэта нават не першая спроба, а наогул размінка перад гэтай першай спробай".
"Для вашага рэгіёна ў нас вельмі шмат прадукцыі - ад машынабудавання да будаўніцтва, ІТ, фармацэўтыкі і высокатэхналагічнага транспарту, - прадоўжыў беларускі лідар. - У сённяшніх умовах па суадносінах цана - якасць гэта нармальны для нас з вамі прадукт. Наша прадукцыя даўно карыстаецца попытам у многіх рэгіёнах Расіі. Упэўнены, і вашым грамадзянам яна добра знаёмая".
Разам з тым у разуменні беларускага боку наспела неабходнасць пераходу ад разавых гандлёвых здзелак да доўгатэрміновых кантрактаў, стварэння рамонтнай базы і складоў запасных частак, умацавання вытворчай кааперацыі, падкрэсліў Прэзідэнт.
Акрамя паставак сельскагаспадарчай, грузавой тэхнікі, пасажырскага транспарту Аляксандр Лукашэнка параіў кіраўніку Калмыкіі звярнуць увагу на вопыт і напрацоўкі Беларусі ў аграпрамысловым комплексе, перапрацоўчай прамысловасці. Тым больш у Калмыкіі, як і шэрагу іншых рэгіёнаў Расіі, стартавала маштабная праграма будаўніцтва, і ў Беларусі ёсць усё для гэтай галіны: кампетэнцыі, тэхніка, абсталяванне, матэрыялы, а таксама вопыт узвядзення розных аб'ектаў у рэгіёнах Расіі. Ёсць патэнцыял супрацоўніцтва таксама ў сферах адукацыі, спорту, турызму, медыцынскіх паслуг, культурных абменаў, і Беларусь гатова ў самыя кароткія тэрміны разгледзець прапановы па гэтых напрамках.
"Думаю, што Вам, як прафесійнаму спартсмену, будуць цікавыя нашы спартыўная інфраструктура, вопыт у падрыхтоўцы атлетаў па многіх дысцыплінах, арганізацыі фізічнага выхавання моладзі. У нас у краіне створаны для гэтага ўсе ўмовы", - звярнуў увагу Прэзідэнт. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да асабістага вопыту Бату Хасікава, які на прафесійным узроўні займаўся кікбоксінгам, з'яўляецца шматразовым чэмпіёнам свету ў гэтым відзе спорту. "Ваш вопыт проста неверагоднае значэнне мае для нас, беларусаў, вельмі вялікае значэнне. Калі Вы нам дапаможаце, мы Вам будзем удзячныя", - сказаў ён. Тым больш кіраўнік Калмыкіі ў мінулым месяцы асабіста пабываў на "Мінск-Арэне", лядовай пляцоўцы "Алімпік-Парк" і змог пераканацца, што ў Беларусі ёсць усе ўмовы для заняткаў фізкультурай і спортам на дастойным узроўні.
"Заўсёды рады прыняць міжнародныя спаборніцтвы самага высокага ўзроўню, а таксама асобныя зборы расійскіх каманд. Дзякуй богу (не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло), мы з расіянамі, спартсменамі пачалі бліжэй трэніравацца, спаборнічаць па многіх відах спорту. Думаю, у гэтым годзе мы дасягнём самага высокага ўзроўню ў арганізацыі гэтых мерапрыемстваў. І суседзяў будзем пакрыху падцягваць да сябе, а таксама прадстаўнікоў Азіі, афрыканскіх дзяржаў. Калі з еўрапейцаў нехта захоча або лацінаамерыканцаў - калі ласка, мы з расіянамі заўсёды для спартсменаў адкрытыя", - дадаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў зацікаўленасць Беларусі ў арганізацыі рэйса па маршруце Эліста - Мінск сіламі расійскіх авіяперавозчыкаў. "Беларускі бок у рамках гэтага праекта гатовы абмяркоўваць прадастаўленне эксклюзіўных прэферэнцый для расійскіх авіякампаній у нашым нацыянальным аэрапорце", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Інтарэс, я так разумею, павінен быць у вас да Беларусі вялікі. Мы гатовы на гэта адказваць у тым плане і ў тым аб'ёме, як гэта трэба будзе для вас. Дзверы для вас, як і для ўсіх расіян, у нас адкрыты. Глядзіце, бярыце ўсё, што трэба, з нашага вопыту для вас. Трэба дапамагчы на месцы - мы з задавальненнем прыедзем і будзем аказваць адпаведную дапамогу і вучыцца ў вас таму, чаго няма ў нас", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.
"Беларусь для нас і асабіста для мяне - брацкая краіна, - заявіў у сваю чаргу Бату Хасікаў падчас сустрэчы. - Сёння мы наведалі плошчу Перамогі, усклалі вянок і кветкі да мемарыяла, аддалі даніну памяці тым, хто, як вы гэта падкрэсліваеце, загінуў за незалежнасць нашай агульнай вялікай Радзімы, перамогшы фашызм. На сённяшні дзень мы бачым, што новыя парасткі спрабуюць падняць галаву. І тут зноў мы, аб'яднаўшыся, разам, як адзіны кулак, пераможам гэту напасць. У гэтым сумнення няма. Вам вялікі дзякуй за Вашу прынцыповую пазіцыю і дэманстрацыю таго духу, які Вы і Ваша каманда несяце. Для многіх маіх калег і для многіх расіян гэта сапраўды прыклад".
"Цяпер рэалізуецца новы імпульс нашых узаемаадносін. Я рады таму, што нам ёсць ад чаго адштурхоўвацца. У нас ёсць гісторыя адносін, яна як фундамент для далейшага развіцця", - дадаў кіраўнік Калмыкіі.