Сустрэча з кіраўніком Рэспублікі Мардовія Расійскай Федэрацыі Арцёмам Здунавым

  • 15
  • 8:41

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 кастрычніка сустрэўся з кіраўніком Рэспублікі Мардовія Расійскай Федэрацыі Арцёмам Здунавым.

Вітаючы дэлегацыю, Прэзідэнт заўважыў, што для кіраўніка Мардовіі гэты візіт на беларускую зямлю не проста рабочы: "Вы дакранаецеся да гераічнай гісторыі сваёй сям'і. Беларусь памятае здзейснены ў гады Айчыннай вайны (Вялікай Айчыннай вайны. - Заўвага) подзвіг старшага сяржанта Здунава Васіля Фёдаравіча - Героя Савецкага Саюза".

У сувязі з гэтым Прэзідэнт прывітаў ініцыятыву кіраўніка Мардовіі ўстанавіць пабрацімскія сувязі паміж Чэрвеньскім раёнам Мінскай вобласці, дзе ваяваў брат дзядулі Арцёма Здунава, і яго радзімай - Ацяшаўскім муніцыпальным раёнам Мардовіі.

"А нашы баталіі сёння працягваюцца ў палях, на заводах, у культурнай, інфармацыйнай сферах, у школах і ўніверсітэтах - за нашу праўду, нашы перспектывы развіцця, наша права быць суверэннымі і незалежнымі. Усё гэта будзе, калі будзем мець моцную эканоміку. Гэта база усяго", - звярнуў увагу беларускі лідар.

У мінулым годзе бакі дасягнулі рэкорднага тавараабароту - амаль $90 млн. Але па выніках васьмі месяцаў 2023 года ўжо значна перасягнулі яго - тэмп росту склаў амаль 300%, або $115,7 млн.

"Прычым гэта далёка не рубеж. Рэсурсаў для далейшага развіцця ў гэтым плане ў нас дастаткова", - упэўнены Прэзідэнт.

Бакі, паводле яго слоў, традыцыйна актыўна супрацоўнічаюць у машынабудаванні і металургіі, хіміі і нафтахіміі, электроніцы, АПК. Амаль 15% патрэбнасцей Беларусі ў оптавалакне таксама забяспечваюцца імпартам з Мардовіі.

Кіраўнік дзяржавы асабліва падзякаваў кіраўніку Мардовіі за аператыўна аказаную дапамогу ў пастаўках для патрэб "Беларуськалія" і іншых беларускіх прадпрыемстваў чыгуначных вагонаў.

Суб'екты гаспадарання нашай краіны ў сваю чаргу экспартуюць шырокую гаму прадукцыі машына- і станкабудавання, дрэваапрацоўкі, хімічнай і лёгкай прамысловасці, сельскагаспадарчую сыравіну і прадукты харчавання.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка ўказаў і на яўны прабел у адносінах - адсутнасць двухбаковых вытворча-кааперацыйных праектаў. І кіраўнік дзяржавы звярнуў на гэта ўвагу беларускага Урада. "Але менавіта цяпер надышоў самы зручны час для развіцця прамысловай кааперацыі, у першую чаргу сумесных імпартазамяшчальных вытворчасцей, перспектыўных вытворчасцей, - сказаў ён. - Тым больш, як мне дакладваюць, Мардовія ўваходзіць у лік лідараў у Расіі па долі інавацыйнай прадукцыі ў аб'ёме прамвытворчасці".

Вялікую цікавасць для Беларусі ўяўляюць вядучыя інавацыйныя напрамкі Мардовіі - оптавалакно і фармацэўтыка, адзначыў кіраўнік дзяржавы. "Якія ў нас ёсць магчымасці разам развіваць гэтыя тэмы?" - пацікавіўся Прэзідэнт. Цікавы, паводле яго слоў, таксама вопыт работы нядаўна створанай у рэспубліцы свабоднай эканамічнай зоны, тым больш што ў кожнай вобласці Беларусі таксама ёсць такія пляцоўкі.

"Мы маглі б удзельнічаць у стварэнні сумесных прадпрыемстваў у мікра- і радыёэлектроніцы. Адпаведныя кампетэнцыі ў Беларусі захаваны з часоў СССР і сёння паспяхова развіваюцца", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, айчынным спецыялістам было б цікава паўдзельнічаць у стварэнні ў Мардовіі Федэральнага біятэхналагічнага цэнтра. Паколькі Беларусь ужо мае вопыт працы ў гэтай сферы і плануе разгарнуць на базе Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі цэлы біятэхналагічны кластар.

"Ды і з улікам пандэмій ва ўсім свеце тэма лекавай бяспекі набыла асаблівае значэнне, якое будзе толькі ўзрастаць. Гэта адна з інвестыцый у будучыню не толькі нашых краін, але і ўсяго свету", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Вы таксама, напэўна, у курсе, што мы цяпер актыўна працуем з расійскімі партнёрамі над канцэпцыяй стварэння самалёта для рэгіянальных перавозак. Магчыма, з улікам вашага вытворчага патэнцыялу мы маглі б знайсці агульныя інтарэсы і па гэтым пытанні", - прапанаваў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў зацікаўленасць беларускага боку ў супрацоўніцтве з кампаніяй "Рузхіммаш" па развіцці ліцейнай вытворчасці і выпуску абсталявання для хімічнай прамысловасці. Размова ішла таксама аб гатоўнасці нашай краіны падзяліцца вопытам і тэхналогіямі выкарыстання другасных рэсурсаў, уключаючы сінтэтычнае РДФ-паліва, для атрымання цеплавой энергіі. "Тэма не простая, але вельмі-вельмі перспектыўная", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама прывітаў ініцыятыву Мардовіі па стварэнні шматфункцыянальнага цэнтра па рэалізацыі і тэхнічным суправаджэнні тэхнікі беларускай вытворчасці.

"Лічу вельмі карысным абмен вопытам у галіне арганічнага земляробства, сучасных агратэхналогій і перапрацоўкі сельгаспрадукцыі, селекцыйнай работы і племянной справы, - прадоўжыў Прэзідэнт. - Мы таксама маглі б пашырыць супрацоўніцтва па пастаўках сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання. Упэўнены, можна знайсці новыя магчымасці для работы ў галіне будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У гэтых сферах у нас з вамі, на жаль, пакуль неаранае поле. І трэба з нечага пачынаць".

Надышоў час таксама актыўна развіваць узаемадзеянне і па ўсім спектры гуманітарнага супрацоўніцтва: навука і адукацыя, культура і мастацтва, пабрацімскія сувязі, спорт і турызм, упэўнены Кіраўнік дзяржавы. "Але самае важнае - даць магчымасць для развіцця стасункаў нашай моладзі", - дадаў ён.

Гаворачы аб маючай адбыцца ў лістападзе на ВДНГ у Маскве Міжнароднай выстаўцы-форуме "Расія", дзе Мардовія прадставіць свае лепшыя дасягненні, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў даручыць урадам у гэты ж час правесці сустрэчу на пляцоўцы ВДНГ і актуалізаваць сумесныя дамоўленасці. Тут прадстаўнікі Мардовіі маглі б азнаёміцца з нацыянальным павільёнам Беларусі, які нядаўна быў сур'ёзна абноўлены.

"Як вы бачыце, цікавых тэм для супрацоўніцтва шмат - і на бліжэйшую, і на аддаленую перспектывы. Усё, аб чым мы дамовімся, будзьце ўпэўнены, будзе выканана, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Нам вельмі важна, каб ваш візіт у Беларусь быў напоўнены канкрэтнымі дамоўленасцямі. Мы да гэтага гатовы".