Сустрэча з Генеральным сакратаром ШАС Чжан Мінам
- 10
- 2:37
Беларусь мае намер выканаць працэдуры для ўступлення ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва да чэрвеньскага саміту ў Дэлі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 9 сакавіка на сустрэчы з Генеральным сакратаром ШАС Чжан Мінам.
"Спадар Генеральны сакратар, Вы ведаеце нашу мэту. Для таго каб юрыдычна стаць паўнапраўным членам Арганізацыі, у Беларусі павінны быць праведзены пэўныя юрыдычныя працэдуры. Мы павінны далучыцца да тых рашэнняў, якія былі прыняты раней у ШАС. Мы паставілі перад сабой амбіцыйную мэту - прайсці гэты шлях на працягу бягучага года да саміту ў Дэлі. Гэта хуткі тэмп, сур'ёзны тэмп. Але калі вы нас падтрымаеце, гэта будзе добры вопыт для іншых. Тым больш, з'яўляючыся наглядальнікам, мы сур'ёзна рыхтаваліся да ўступлення ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва. Таму мы адназначна зможам па тэрмінах укласціся да чэрвеня - да таго моманту, як у Дэлі мы зноў сустрэнемся", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Нашы мэты вы ведаеце. Нашы магчымасці таксама вядомы ўсім членам ШАС. Я адзінае хацеў бы спытаць, ці ёсць у вас якія-небудзь насцярожанасці або пытанні да Беларусі ў працэсе нашага юрыдычнага ўступлення ў Арганізацыю", - дадаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адрасаваў Чжан Міну і ў яго асобе ўсяму сакратарыяту ШАС самыя добрыя і цёплыя словы ўдзячнасці за тую работу, што яны праводзяць перш за ўсё ў адносінах да Беларусі, якая на саміце ў Самаркандзе была фактычна прынята ў сям'ю Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Тады было прынята рашэнне аб пачатку працэдуры ўступлення Беларусі ў ШАС.
У сваю чаргу Чжан Мін падкрэсліў, што для яго вялікі гонар і радасць прыехаць у Беларусь. Ён падзякаваў за сардэчны прыём і гасціннасць. "У мяне засталіся добрыя ўражанні ад нашай сустрэчы напярэдадні саміту ШАС (у Самаркандзе. - Заўвага). Мы правялі вельмі канструктыўны дыялог. Тады мы з Вамі таксама абмяркоўвалі пытанні ўступлення і далучэння Беларусі да ШАС. Гэта была ключавая тэма нашых перагавораў", - адзначыў Генеральны сакратар.