Уручэнне дзяржаўных узнагарод прадстаўнікам сілавых ведамстваў
- 16
- 16:29
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 жніўня ўзнагародзіў сілавікоў з розных ведамстваў.
Сярод узнагароджаных - прадстаўнікі КДБ, МУС, Дзяржсакратарыята Савета Бяспекі і Дзяржпагранкамітэта. Усяго ўзнагароджаны 28 чалавек.
Цырымонія прайшла на базе аднаго з аб'ектаў КДБ.
"Паважаныя сябры, я сёння магу асабіста падзякаваць вам за службу. Сказаць дзякуй за тое, што вы зрабілі за апошні год для нашай краіны. Паказаўшы высокі прафесіяналізм, вы не пахіснуліся ў мінуту небяспекі. Вы выстаялі. Як нашы дзяды ў пераможным 1945-м. Гавару гэта без лішняга пафасу", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Як заўсёды кажуць, вялікае бачыцца на адлегласці. Пройдзе яшчэ трохі часу, і вы, хто не ўсвядоміў, добра ўсвядоміце, што мы зрабілі ў мінулым годзе. І асабліва ўсё тое, што вы зрабілі пасля тых падзей. Гэта больш тонкая, акуратная, але не менш небяспечная і дасканалая работа", - адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што за гады незалежнасці мы прызвычаіліся да таго, што жывём у спакойнай прыгожай і добраўпарадкаванай краіне, што беларусы могуць працаваць пад мірным небам. "Пры гэтым скрытая закулісная вайна супраць Беларусі з боку так званага калектыўнага Захаду ніколі не спынялася і не спыніцца. Вы гэта ведаеце не горш за мяне, таму што поўнасцю ўключаны ў падзеі, якія адбываюцца пасля жнівеньскіх-вераснёўскіх падзей мінулага года. Нам здавалася: ну ўсё - перамаглі, далей будзе спакойна. А не, нічога падобнага", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што падзеі ў Афганістане прадэманстравалі сапраўдную сутнасць так званай заходняй дэмакратыі.
"Бачыце, як яны прадэманстравалі нам сутнасць сваёй дэмакратыі. Ну не важна, што там на ўзлётна-пасадачную паласу ў гэты люк, у які пры ўзлёце шасі закрываюцца (людзі набіліся. - Заўвага)... Кавалак цела застаўся, нешта адарвала, ногі матляюцца... Гэта няважна, гэта - іншае, гэта так званая дэмакратыя. Яны паказалі сваё аблічча. Вось гэтак магло быць з намі, калі б яны гэты бліцкрыг у мінулым годзе ажыццявілі. А потым народ праз некалькі гадоў іх вышпурнуў бы, і некаторыя чапляліся б за шасі самалёта, каб адсюль паляцець. Таму з гэтага трэба атрымліваць урокі і вучыць наша насельніцтва і наш народ", - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што матыў прынятых у адносінах да Беларусі дзеянняў зразумелы і стары як свет: "Матэрыяльны інтарэс - падзяліць і распрадаць народную, дзяржаўную ўласнасць. І глыбока напляваць ім на тое, што ў многіх беларусаў жыццёвы ўзровень значна ўпадзе. Яны аб гэтым не думаюць".
"Тыя, хто лялькаводзіць мясцовымі калабарантамі, добра разумее, што Беларусь - ключ да ўсёй постсавецкай прасторы", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Якраз гэтак жа, як і краіны Цэнтральнай Азіі - Таджыкістан, Узбекістан і часткова Туркменістан - цяпер сталі вельмі важныя для постсавецкай прасторы ў сувязі з падзеямі ў Афганістане, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Нашы праціўнікі, калі гаварыць прама, ворагі, не грэбуюць літаральна нічым. Вы лепш за мяне гэта ведаеце. Аднак яны пралічыліся. Людзі ў пагонах засталіся верныя народу і свайму абавязку. Ды і пераважная большасць беларусаў не падтрымала гэты бліцкрыг. Вы, вашы калегі, прадстаўнікі іншых сілавых структур былі той сцяной, аб якую разбіўся мутны паток уяўных дэмакратычных каштоўнасцей, навязваемых нам сілай", - заявіў беларускі лідар.
Прэзідэнт падкрэсліў, што кожны з узнагароджаных у баявых умовах даказаў сваю адданасць краіне, праявіў сапраўдны патрыятызм, добра разумеючы, што за імі - Радзіма. "Я, можа, крыху пафасна сказаў. Вы гэта адчувалі і рабілі проста таму, што гэта ваша, наша работа. Для таго мы і прызначаны, каб яе прыгожа, эфектыўна і адказна рабіць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што праціўнікамі ставілася мэта захапіць Беларусь, якая з'яўляецца ключом да ўсёй постсавецкай прасторы. "Якая не ўстала на калені, не пахіснулася, паводзіць сябе як Брэсцкая крэпасць - яе трэба разбурыць або захапіць. Сродкі ўсе добрыя, аж да тэрарыстычных атак, рытуальных забойстваў, узброенага мяцяжу. Гэта якраз тое, чаму вы процістаялі і процістаіце", - сказаў Прэзідэнт.
"Сёння грамадска-палітычная сітуацыя шмат у чым стабілізавалася, але застаецца няпростай. І расслабляцца не даводзіцца. Калі вы заўважылі, я вельмі часта паўтараю фразу: ужо калі пасля гэтых аперацый, якія вы правялі апошнім часам, нехта там - ачумелыя, ашалелыя, аблудныя - не зразумелі і паводзяць сябе па-ранейшаму, гэта ворагі. Таму што якія яшчэ патрэбны доказы таго, што яны хацелі з намі зрабіць - перавярнуць краіну, знішчыць дзяржаву, зрабіць нас рабамі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"Мы гэта даказалі з дапамогай вас, і перш за ўсё дзякуючы вам. Што яшчэ ім незразумела? - задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка. - Калі дзейнічаюць па-ранейшаму, насуперак той логіцы, якая склалася апошнім часам у грамадстве, гэта - ворагі. Не дай бог вайна - мы іх убачым з павязкамі (якія насілі калабаранты і паліцаі ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі Беларусі. - Заўвага), як гэта было ў гады апошняй вайны".
Паводле слоў Прэзідэнта, сур'ёзную занепакоенасць выклікаюць рызыкі і выклікі, якія зыходзяць з глабальнай інфармацыйнай прасторы. "Ідзе інфармацыйная вайна. І тут усе сродкі добрыя. І нам трэба процістаяць гэтаму", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што лічыць недапушчальным замарозіць сітуацыю ў краіне, каб не было застою. Кіраўнік дзяржавы падтрымлівае неабходнасць руху наперад і перамен, але выключна ў рамках закону.
"Хачу звярнуць вашу ўвагу на адну акалічнасць (гэта з вашага асяроддзя - міліцэйскага, Узброеных Сіл) - некаторыя нашы ваеннаслужачыя (яны так не гавораць, але я скажу больш жорстка) не разумеюць: ну навошта Прэзідэнту гэты рэферэндум, ну навошта гэта Канстытуцыя (абнаўленне Канстытуцыі. - Заўвага), ды не трэба гэтага рабіць. Хлопцы, не! Мы не можам так зрабіць. Па-першае, мы паабяцалі. Па-другое, вы ж помніце іх (апанентаў. - Заўвага) лозунг: "Перамены, перамены, перамены". І мы сказалі: так, патрэбны перемены", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"І яны сапраўды патрэбны. Мы не можам замарозіць у краіне сітуацыю і абстаноўку, інакш паўторацца брэжнеўскія часы. Маладыя людзі гэтага не помняць, але мы ж, старэйшыя, добра помнім гэты перыяд застою. Таму патрэбны рух наперад, патрэбны гэтыя перамены. І тады мы сказалі: так, патрэбны, але гэтыя перамены павінны быць законнымі. Інакш кажучы калі ісці да перамен, трэба пачынаць з Канстытуцыі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў, што нават і не гэта галоўнае. "Мы і так на месцы не стаялі. Мы з вамі стварылі першую суверэнную, незалежную дзяржаву. Што яшчэ трэба? Мы застанемся ў гісторыі. Галоўнае - што будзе пасля нас, хто прыйдзе пасля нас, хто будзе Прэзідэнтам, якая сістэма кіравання будзе. І не дай бог гэта паўторыцца (спроба расхістаць дзяржаву і ўладу. - Заўвага), новае пакаленне ўтрымае краіну ці не? Актуальнае пытанне", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што і ён не святы, але за чвэрць стагоддзя тым не менш не было дапушчана грубых сістэмных памылак. "Не зрабілі мы іх. Так, былі памылкі, недахопы. Мы першапраходцамі былі, нам не было дзе навучыцца нечаму. Таму не выключана, што былі памылкі. Але сістэмных памылак мы не дапусцілі. Мы не ламалі, не крышылі. Ніякай дыктатуры ў нас у краіне няма, я ўжо гаварыў, - сказаў Прэзідэнт. - У мяне няма ядзернай зброі, у мяне няма кіберхакераў і іншага, каб я націснуў недзе кропку і ўвесь свет перавярнуўся. Якая тут дыктатура?!".
Разам з тым беларускі лідар прызнаў, што ў Беларусі выбудавана вельмі жорсткая кіруемая дзяржава. "Калі б мы гэтага не зрабілі, мы б не стварылі гэту дзяржаву. Вы людзі ваенныя, мяне разумееце", - падкрэсліў ён.
У сувязі са сказаным Кіраўнік дзяржавы абазначыў шэраг пытанняў аб тым, што будзе пасля таго, як у Беларусі выберуць новага Прэзідэнта: "Вы гарантуеце, што прыйдзе чалавек, які будзе спакойна рухаць краіну наперад? Хто гарантуе ў гэтай сітуацыі? Калі з Захаду нас ціснуць, хочуць парваць, падзяліць: гэта - у Польшчу, гэта - туды, гэта - сюды, а тое і цалкам, як яны кажуць, далучыць Беларусь да Польшчы. Нас падаграваюць з Украіны. Вы бачыце, што адбываецца. Не дай бог натаўцы пераступілі б граніцу адтуль, Расія ўбаку не застанецца".
"Таму што тут бяспека Расіі, тут сутыкненне з асноўным праціўнікам - натаўскім. Як бачыце, мы ў такім акружэнні, што нам трэба вярцецца і заўсёды ўмець адчуваць гэта ўсё на кончыках пальцаў для таго, каб недзе не спатыкнуцца. Каб захаваць сваю дзяржаўнасць", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ў гэтым кантэксце прыгадаў і аб падзеях у Афганістане, на якія цяпер пераключыў увагу ўвесь свет: "Афганістан з'явіўся. Усе цяпер звярнулі ўвагу на Афганістан. Але не думайце, што яны нас забудуць. Зразумела, новая міжнародная канфігурацыя. Таму трэба быць вельмі акуратнымі і асцярожнымі і не паводзіць сябе як слон у пасуднай краме".
"Іншым разам даводзіцца ісці па вельмі тонкім лёдзе. Таму нам трэба выбудаваць далей рух такім чынам, каб новая ўлада не загубіла дзяржаву як мінімум", - рэзюмаваў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, у чым ён бачыць ролю Усебеларускага народнага сходу, паўнамоцтвы якога плануецца асобна прапісаць у абмяркоўваемым абноўленым варыянце Канстытуцыі.
"Маладыя людзі тут сядзяць. Ім будаваць гэту Беларусь. Наша пакаленне многае зрабіла. І калі я кажу пра Канстытуцыю, ролю Усебеларускага народнага сходу я бачу ў тым, каб наша пакаленне - Вальфовічаў, Тэртэляў, Кубраковых нават, нягледзячы на яго маладосць (цяперашнія кіраўнікі Дзяржсакратарыята Савета Бяспекі, КДБ і МУС. - Заўвага), - мы маглі адысці і не перашкаджаць моладзі будаваць дзяржаву. Адысці на нейкія запасныя пазіцыі (ваенныя мяне зразумеюць), каб бачыць, што адбываецца ў краіне. І калі нехта пахіснецца, мужыкі, мы з гэтых пазіцый павінны падключыцца", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: пытанне зусім не ў тым, што ён нібыта хоча да смерці трымаць уладу ў краіне. "Ды глупства поўнае. Я, калі па-чалавечы ўжо, проста хачу хоць некалькі гадоў пажыць нармальным жыццём. Я яго ж і не бачыў. Той, хто з'яўляецца хоць невялікім кіраўніком, ён мяне зразумее, што такое жыццё кіраўніка. Гэта з раніцы да вечара над табой такі груз і такі прэс, што далей няма куды. Таму пытанне не ўва мне. Пытанне ў тым, што будзе потым", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён таксама адзначыў, што на будучае важна гарантаваць спакойнае жыццё як для прадстаўнікоў сілавых структур, так і грамадства ў цэлым: "Што з вамі будзе? Добра, прыйшоў нейкі Прэзідэнт (усе добрыя, калі ідуць), улада псуе людзей, гэта праўда. Сапсаваўся і пачаў крышыць, ламаць. А што будзе з вамі, людзьмі? Каб не вярнулася сярэдзіна 90-х, вы памятаеце, калі людзі баяліся ў пагонах па Мінску хадзіць. Калі я стаў Прэзідэнтам, мне давялося на калена гэта ўсё ламаць пасля гэтых Шушкевічаў і нацменаў. Вось гэта не павінна вярнуцца".
"Таму трэба рабіць нармальную Канстытуцыю. Без усялякага двоеўладдзя. Каб Прэзідэнт быў Прэзідэнтам, Кіраўніком дзяржавы, і гэтак далей і да таго падобнае", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Але Усебеларускі народны сход, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, трэба сфарміраваць такім чынам, каб ён прадстаўляў інтарэсы ўсяго грамадства. "Калі раптам пахіснецца нехта, прыйдуць новыя людзі ў пагонах (калі яны там шчыты складуць, а гэтак жа было ў свеце, і не ў адной краіне). Або здрада накшталт Украіны, калі Прэзідэнт здрадзіў сваім людзям, кінуў і паляцеў. Вось тады Усебеларускі народны сход павінен сабрацца і прыняць усе рашэнні", - сказаў беларускі лідар.
"Якія гэта будуць функцыі, паўнамоцтвы, мы разам вызначым", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Запомніце: я ніколі не быў здраднікам. Я па натуры ваенны чалавек. Мне гэта даказваць не трэба. Вы заўсёды для мяне будзеце маімі дзецьмі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што Беларусь - адносна невялікая, сярэдняя па еўрапейскіх маштабах краіна, але вельмі развітая ў інтэлектуальных адносінах. Краіна, якая не мае вялікіх рэсурсаў, а таму ў ашалелым ад пандэміі і іншых пытанняў свеце трэба быць вельмі акуратнымі і асцярожнымі. "Мы справімся з усімі выклікамі, але кожны павінен рабіць сваю справу. Вы выдатна зрабілі сваю справу. Я павінен рабіць сваю, міністры - сваю. Гэта на вачах у вас", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, асаблівую актуальнасць сёння набылі пытанні процідзеяння так званай мяккай сіле - працягванню праз розныя недзяржаўныя арганізацыі і псеўдагуманныя праекты чужой дэструктыўнай ідэалогіі.
"Расслабляцца нельга. Дзякуй богу, што мы справіліся ў мінулым годзе. І пасля гэтага вы ўжо сёння працуеце. Кожны па сваім профілі. Для таго каб канчаткова стабілізаваць сітуацыю ў Беларусі, - сказаў беларускі лідар. - Шчыра кажучы, мужыкі, я ганаруся вамі. Тут людзі не тыя, якія на барыкадах стаялі. Тым мы дзякуй ужо сказалі. Тут людзі, якія працуюць тонка, аператыўна пасля таго, як знеслі гэтыя барыкады. Я вам вельмі ўдзячны за чысціню вашай работы. Паверце, я крыху разбіраюся ў вашай рабоце, разумею".
"Я ганаруся тым, што ў нас ёсць такія людзі. Вы - ядро нашага грамадства. Не таму, што вы перада мной сядзіце. Я ніколі ні перад кім не ліслівіў і ліслівіць не збіраюся. Вы сапраўды ядро. І вакол вас павінны вырастаць сапраўдныя мужыкі і фарміравацца будучыня. І не толькі ў ваенных адносінах", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.