Удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета

  • 22
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 мая прыняў удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Астане.

Перш за ўсё Прэзідэнт Беларусі падзякаваў Старшыні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, Прэзідэнту Казахстана Касым-Жамарту Такаеву за бездакорную арганізацыю саміту і Еўразійскага эканамічнага форуму.

Кіраўнік дзяржавы таксама далучыўся да віншаванняў з Днём ЕАЭС, якія прагучалі. "Роўна 12 гадоў таму тут, у Астане, мы далі старт інтэграцыйнаму праекту, які зрабіў кожную з нашых краін значна мацнейшай, - падкрэсліў беларускі лідар. - Але давайце не забываць пра першапачатковыя амбіцыйныя мэты, а таксама пра сур'ёзныя кампрамісы, на якія мы пайшлі дзеля іх дасягнення".

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка выказаўся аб неабходнасці павышаць эфектыўнасць Еўразійскага эканамічнага саюза. Ён падкрэсліў, што ў бліжэйшы час неабходны рашучы крок у рэалізацыі асноўных ідэй, якія былі намечаны ў рамках ЕАЭС.

"Паверце майму вопыту: трэба рабіць эфектыўным наш саюз. Для гэтага мы павінны яшчэ раз прарэвізаваць нашу работу і адмовіцца ад таго, што перашкаджае працаваць, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Не зробім, ператворымся ў празасядалых, як Маякоўскі гаварыў, і будзем займацца звычайнай гаварыльняй".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Еўразійскай эканамічнай камісіі трэба сур'ёзна падумаць над актывізацыяй работы: "Трэба зрабіць так, каб не толькі мы, але і журналісты, якія асвятляюць нашы сустрэчы і нарады, нашы народы адчулі, што ёсць вынік. Па ўсіх напрамках".

Пры гэтым, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка, работа па павышэнні эфектыўнасці павінна ісці без прамаруджвання. У адваротным выпадку ЕАЭС можа страціць сваю прывабнасць. "Калі мы гэта не зробім (а цяпер трэба рабіць хутка, таму што час такі, трэба паскарацца), прывабнасць нашага саюза будзе імкнуцца да нуля. І калі нават нехта паназірае за работай, а потым стане членам Еўразійскага эканамічнага саюза, хутка расчаруецца ў эфектыўнасці яго дзейнасці", - дадаў Прэзідэнт.

"Мы дакладна павінны разумець, хто павінен паступіцца нейкімі інтарэсамі. А паступіцца ўсе павінны - нехта ў большай ступені, нехта ў меншай. Ад Расіі спатрэбяцца вельмі сур'ёзныя крокі, а, магчыма, і ўступкі пэўныя. Але прыярытэтам будзе ў нас эфектыўнасць Еўразійскага эканамічнага саюза, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - Каб тыя, хто ўступіць у гэты саюз (да ўступлення тым больш), разумелі, што яны атрымаюць ад удзелу ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Каб нават члены цяперашняга Еўразійскага эканамічнага саюза не думалі аб тым, што недзе там будзе лепш. У гэтым напрамку нам трэба нямала зрабіць".

Прэзідэнт асобна спыніўся на некалькіх аспектах работы ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, якія прапісаны ў стратэгічных дакументах і планах аб'яднання. "Людзі будуць ацэньваць нашу работу не па колькасці дагавораў і нарматыўных актаў. А выключна па тым, ці ёсць ад іх рэальная карысць, ці апраўдвае саюз чаканні грамадзян і бізнесу", - канстатаваў ён.

Аб рэалізацыі стратэгічных дакументаў ЕАЭС

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на пазітыўныя лічбы рэалізацыі Стратэгічных напрамкаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года. "Праведзена больш за 480 мерапрыемстваў, падпісана 18 міжнародных дагавораў, прынята каля 500 нарматыўных актаў", - прывёў канкрэтныя прыклады Аляксандр Лукашэнка.

"Давайце будзем сумленнымі: ключавыя пытанні - рэгуляванне агульнага фінансавага рынку, гандлёвыя бар'еры, электронны лічбавы подпіс і іншыя - адкладзены на потым. Гаворым пра штучны інтэлект, а пытанні практычныя (лічбавага, дапусцім, подпісу) адклалі", - канстатаваў беларускі лідар.

"Не папракаю, а настойліва заклікаю: калі ўжо мы 12 гадоў таму пагадзіліся ісці да глыбокай эканамічнай інтэграцыі, давайце ўсе мэты і задачы саюза ўвасабляць у жыццё своечасова і ў поўным аб'ёме, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Дэкларацыя аб далейшым развіцці інтэграцыйных працэсаў "Еўразійскі эканамічны шлях" павінна быць рэалізавана без пераносаў тэрмінаў і спасылак на ўсемагчымыя "аб'ектыўныя" прычыны".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што рэагаваць на актуальны парадак дня трэба абавязкова, але не забываючы пра базавыя мэты ЕАЭС - макраэканамічную стабільнасць і павышэнне якасці жыцця грамадзян. "Паказчыкі мінулай пяцігодкі сведчаць аб тым, што мы свядома і паслядоўна рухаемся ў гэтым напрамку", - дадаў ён.

Прэзідэнт адзначыў, што ВУП дзяржаў - членаў "пяцёркі" вырас на 16,6%, экспарт сферы паслуг паміж краінамі саюза - у 2,6 раза. Узаемны гандаль таварамі павялічыўся да рэкордных $95 млрд, або ў 1,7 раза. Пры гэтым яго доля ў знешнегандлёвым абароце ЕАЭС павысілася з 15% да 20%.

"На жаль, даводзіцца шмат адцягваць увагі на тое, каб збалансаваць знешнія фактары. Сітуацыя ў свеце развіваецца па канфліктным сцэнарыі, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Падзеі на Блізкім Усходзе выклікалі ў шэрагу краін дэфіцыт паліва, важнейшых матэрыялаў, угнаенняў. Запушчана вялізная лавіна праблем, і мы пакуль не ведаем, дзе менавіта і якой сілы ўдар яна нанясе".

Разам з тым, перакананы Аляксандр Лукашэнка, незалежна ад сітуацыі на знешнім контуры, ні ў якім разе нельга збаўляць тэмпы работы па дасягненні мэт Дагавора аб ЕАЭС. "Нельга забываць аб навядзенні парадку ўнутры нас", - дадаў ён.

Аб лічбавізацыі і развіцці перадавых тэхналогій

Аляксандр Лукашэнка адзначыў актуальнасць прыярытэтаў ЕАЭС, выкладзеных у звароце Прэзідэнта Казахстана да кіраўнікоў дзяржаў "пяцёркі". Ён таксама звярнуў увагу, што Беларусь актыўна ўключылася ў работу, у тым ліку па новым напрамку - развіцці штучнага інтэлекту.

"З аднаго боку, гэта важны фактар канкурэнтаздольнасці і эканамічнага росту, з іншага - сур'ёзны выклік бяспецы. Як некалі з атамам, наша задача - зрабіць штучны інтэлект мірным і не даць ператварыць яго ў зброю масавага паражэння. Таму словы "адказнае выкарыстанне" ў заяве саюза з'яўляюцца ключавымі", - лічыць Прэзідэнт.

Кіраўнік беларускай дзяржавы падтрымаў ідэю развіцця штучнага інтэлекту ў рамках ЕАЭС, у тым ліку сумеснымі намаганнямі. "Рабіць гэта трэба свядома, разумеючы, што мы робім, а не бегчы за нейкай модай і хайпаваць тым больш на гэтым", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым, падкрэсліў ён, нельга дапусціць размывання дагаворных абавязацельстваў за кошт новых тэхналагічных рашэнняў, якія звернуты да нацыянальнай кампетэнцыі, але непасрэдна ўплываюць на работу ўнутранага рынку ЕАЭС.

"Ведаеце, нешта прыдумаем, назавём штучным інтэлектам і зробім так, што гэта наносіць шкоду існуючаму парадку - у гандлі і іншых пытаннях. Напрыклад, лічбавізацыя сістэмы дзяржаўных закупак, якая прызначана забяспечыць аператыўнасць працэдур і не ствараць лічбавыя бар'еры для ўдзельнікаў з іншых дзяржаў-членаў. Давайце лепшае з нацыянальных практык рабіць агульным, а не выкарыстоўваць як загараджальны рэсурс", - заклікаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб прамысловым росце і кааперацыі ў ЕАЭС

"Напрамак прамысловай палітыкі ў рамках ЕАЭС яўна кульгае, і Еўразійскай эканамічнай камісіі, усім нам трэба гэту сітуацыю выпраўляць. Механізм стымулявання кааперацыі запушчаны, але маштаб і эфект пакуль нязначныя. Не можам знайсці дастойныя саюзныя праекты. Адначасова ствараем дубліруючыя вытворчасці, а потым іх адзін ад аднаго усімі сіламі абараняем. У тым ліку ствараючы бар'еры, якія супярэчаць не толькі прынятым намі рашэнням, але і духу ўтварэння нашага саюза", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы для прыкладу спыніўся на такой галіне, як аўтамабілебудаванне. "На заранку стварэння саюза гаварылі аб сумесным прыцягненні інвестыцый у развіццё кампанентнай базы. А цяпер што адбылося? Кожны закрыўся так, што мыш не праскочыць. Стаўкі ўтылізацыйных збораў хутка перасягнуць кошт саміх машын. Я гавару пра наш саюз! Навошта мы гэта робім, пра які саюз можна гаварыць?" - задаў заканамернае пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ў ліку дакументаў, вынесеных на падпісанне ў рамках пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, - пратакол аб унясенні змяненняў у дагавор у частцы распаўсюджвання мер фінансавага садзейнічання на кааперацыйныя праекты ў аграпрамысловым комплексе. "Прадукцыя такіх сумесных праектаў павінна стаць для простых грамадзян бачным увасабленнем еўразійскай інтэграцыі і стымуляваць рост нашых эканомік", - падкрэсліў ён.

Аб міжнародным пазіцыянаванні ЕАЭС

"У адрозненне ад Захаду, які вечна спрабуе каго-небудзь ізаляваць, плодзіць санкцыі і стварае раздзяляльныя лініі, мы разумеем, што вытворчы і рэсурсны патэнцыял саюза не можа быць рэалізаваны ў адрыве ад сусветнай эканомікі, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Чакаем ад (Еўразійскай эканамічнай. - Заўвага) камісіі энергічнай работы з краінамі Азіі і Афрыкі па заключэнні гандлёвых пагадненняў".

Кіраўнік дзяржавы ўказаў на неабходнасць падтрымліваць высокі тэмп перагавораў з Індыяй і без затрымак запусціць працэс з Тунісам. Ён таксама адзначыў, што рэалізацыя ўжо заключаных гандлёвых дагавораў патрабуе пастаяннага кантролю. "Усе ўзаемныя абавязацельствы павінны выконвацца ў поўнай меры, у тым ліку пагадненні з Манголіяй і ААЭ, якія ўступаюць у сілу ў гэтым годзе", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Па выніках пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета лідары краін ЕАЭС прынялі пакет дакументаў.

Кіраўнікі дзяржаў - удзельніц Еўразійскага эканамічнага саюза падтрымалі сумесную заяву аб адказным развіцці штучнага інтэлекту ў рамках ЕАЭС. Дакумент накіраваны на павышэнне глабальнай канкурэнтаздольнасці нацыянальных эканомік, паскарэнне працэсаў лічбавізацыі ключавых галін, забеспячэнне этычнага і бяспечнага развіцця штучнага інтэлекту. 

Па выніках саміту таксама былі прыняты два важныя міжнародныя дакументы. Першы з іх датычыцца пачатку перагавораў ЕАЭС аб свабодным гандлі з Тунісам. Другі дакумент прадугледжвае актуалізацыю асобных дамоўленасцей, дасягнутых у 2019 годзе з Сербіяй.

Акрамя таго, лідары Беларусі, Расіі, Казахстана і Кыргызстана выступілі за правядзенне ў Арменіі рэферэндуму аб уступленні гэтай краіны ў Еўрасаюз або знаходжанні ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Была прынята адпаведная заява.

У Астане Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні прадстаўнікоў СМІ.

Кіраўнік дзяржавы па просьбе журналістаў раскрыў падрабязнасці сваёй нядаўняй тэлефоннай размовы з Прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам.

Размова кіраўнікоў дзяржаў адбылася 24 мая па ініцыятыве французскага боку, пасля чаго з'явіліся розныя версіі. Аж да таго, што Эмануэль Макрон тэлефанаваў, каб нібы перасцерагчы ад уступлення ў вайну.

"Не, пра гэта размова ішла. Але каб нехта мяне… Эмануэль Макрон добра мяне ведае, што мяне лепш не перасцерагаць. Я, перш чым нешта раблю, тысячу разоў падумаю. І думаю, а што потым, у адрозненне ад іх", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Гэта была такая сяброўская, добрая, хоць і доўгая (гадзіну сорак) размова. Успаміналі і нашы размовы раней і гэтак далей. Але каб нехта мяне прымушаў - не", - расказаў Аляксандр Лукашэнка журналістам.

Што датычыцца Эмануэля Макрона - Прэзідэнта Францыі - аб гэтым ішла размова. Але ў такім плане: "Аляксандр Рыгоравіч (мне дзіўна, як ён гэта вымаўляе), вось ёсць інфармацыя, што вы хочаце ўступіць у вайну".

Аляксандр Лукашэнка расказаў, якая была яго рэакцыя на гэта пытанне: "Я гавару: ды гасподзь з табой (перабіў нават яго), ды я не планую нікуды ўступаць, навошта мне ўступаць?"

Прэзідэнт Францыі ў адказ згадаў аб праведзенай нядаўна беларуска-расійскай сумеснай трэніроўцы ядзерных сіл. "Вось, вы правялі ядзерную трэніроўку з Уладзімірам Уладзіміравічам, вы тут ледзь ці не вайну развязваеце ядзерную. Вы што, хочаце прымяніць ядзерную зброю?" - перадаў Кіраўнік беларускай дзяржавы словы свайго французскага калегі. - Я гавару: ды гасподзь з табой! Я публічна аб гэтым сказаў: толькі ў адным выпадку - калі ўчынена будзе агрэсія супраць Беларусі. Вось і ўсё".

Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў: "І, чым скончылі, - галоўнае: скончылі Украінай і наступствамі, калі мы з расіянамі яшчэ атакуем Украіну з поўначы. Вы ж, кажа, разумееце, што мы вымушаны будзем адказваць? Я гавару: "Вам не адказваць трэба, а імкнуцца да міру". - А мы імкнёмся. Я гавару: "Калі б вы імкнуліся да міру, то вы б, калі былі на "сходцы" ў Ерэване (у маі бягучага года на саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці. - Заўвага)... Ну, у Маскву, можа, вам і не вельмі - прыехалі б у Мінск, і мы б з Уладзімірам Уладзіміравічам (Пуціным. - Заўвага) вас сустрэлі ў Мінску". Ну вось так, жартуючы. Ён кажа: "Я не выключаю гэтай сустрэчы". Я гавару: "Дык трэба патэлефанаваць Пуціну. Прыехаць, сесці, па-мужчынску пагаварыць".

У адказ на адпаведную прапанову Эмануэль Макрон адказаў, што трэба яшчэ параіцца ў Еўрапейскім саюзе. Прэзідэнт жа Беларусі ў размове падкрэсліў, што менавіта цяперашні Прэзідэнт Францыі ў гэтым выпадку павінен быць маторам адпаведнага працэсу. "Я гавару: пачакай, ты - аксакал, ты на чале ўлады ўжо столькі гадоў! А хто там? Мерц - малады зусім палітык. Стармер - той таксама зусім малады. Хто будзе размаўляць? Усе маладыя. У Італіі наогул жанчына прэм'ер-міністр. Што вы, хочаце на жанчыну ўскласці гэтыя абавязкі? Ты - аксакал, пачынай варушыцца. Ты ў Еўропе сёння, можна сказаць, галоўная дзеючая асоба і матор гэтага. У Арменію з'ездзіў, ну дык цяпер трэба да нас прыехаць пагаварыць у Маскве ці ў Мінску. І ў размове вырашаць гэта пытанне".

"Вось тэма вакол гэтага круцілася", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, спадарожных пытанняў "было мноства". "І аб перагаворах ЗША з намі. Мімаходзь закранулі гэта пытанне", - падзяліўся ён дадатковымі падрабязнасцямі.

Прэзідэнт расказаў, што таксама абмяркоўвалася тэма бяспекі ў Еўропе: "Мы сышліся на думцы, што ўсе пытанні еўрапейскай бяспекі і Еўропы павінны вырашацца ў Еўропе. Не Дональд Трамп павінен паляпваць там нас па галаве і штурхаць да міру, яшчэ да чагосьці. А мы павінны вырашаць гэтыя пытанні. Таму што мы непасрэдна тут жывём. Дарэчы, Дональд Трамп аб гэтым не аднойчы ўжо гаварыў, што вайна ва Украіне - гэта пытанне Еўропы. Правільна гаворыць. І мы павінны рухацца ў гэтым напрамку і вырашаць, не чакаць, што нас нехта, ведаеце, як дохлых кацянят, возьме, пасадзіць за стол недзе і прымусіць вырашаць гэтыя праблемы".

Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў журналістам аб просьбе з боку французскага калегі: "Я гавару: "Слухай, ну мы з табой размаўляем - гэта практычна адкрытая сувязь. Пра што мы можам з табой паразмаўляць? Пасля Ерэвана ў Маскву ты не прыехаў, у Мінск ты не прыехаў. Пра што гаварыць?" Ён мне гаворыць: "Спадар Прэзідэнт, вы можаце прыняць маю давераную асобу і з ёю пагаварыць, і каб ён прыехаў і мне ўсё гэта выклаў?"

Прэзідэнт на гэту просьбу адказаў згодай: "Я гавару: калі ласка, калі ты баішся ў Мінск прыляцець, прысылай сваю давераную асобу".

"На днях літаральна - у панядзелак-аўторак (не помню) - гэты чалавек будзе тут. Не хачу называць яго прозвішча. Ён (Прэзідэнт Францыі. - Заўвага) назваў каардынаты. І мы з ім (даверанай асобай. - Заўвага) сур'ёзна пагаворым. Гэта яго чалавек, абсалютна давераны, ён у тэме. І я яму выкажу дэталёва ўсе праблемы, якія існуюць".

На заканчэнне, расказаў Аляксандр Лукашэнка, Прэзідэнт Францыі спытаў: "Што я магу, і мы ў Еўрапейскім саюзе можам зрабіць для нармалізацыі адносін з Беларуссю?"

"Я гавару: "Слухай, гэта больш, чым вядома, усім". - Ну, вось, калійныя там угнаенні… (словы Макрона. - Заўвага). Ён там яшчэ нешта назваў, - перадаў дэталі размовы Кіраўнік дзяржавы. - Я кажу: "Ды гасподзь з табой! Сёння калій у цане падскочыў - мінеральныя ўгнаенні. Усе аб'ёмы закантрактаваны, і калі б некаму пастаўляць, у нас сёння няма ніводнай (свабоднай. - Заўвага) тоны мінеральных угнаенняў. Не толькі калійных. Фосфарных, азотных - яны ўсе пад кантрактамі ўжо і па добрай цане".

Аляксандр Лукашэнка ў адказе на пытанне журналістаў падкрэсліў, што Беларусь пераарыентавала ўжо пастаўкі ўгнаенняў і ў цэлым не мае адносна гэтага якіх-небудзь праблем. "Таму для нас калій... Ну, гэта з падачы нашых там "ціхушак - лахушак" - гэтых збеглых. Яны ім усё: "Вось, калій, і ўсё!" - адзначыў Прэзідэнт.

"Рынкі перанастроены ўжо, пераарыентаваны. Вядома, было б нядрэнна, калі б, як раней, мы ў Літве там пад бокам у сябе грузілі гэты калій. Гэта была б яшчэ большая маржынальнасць. Ну, не атрымліваецца, не хочуць яны ісці нам насустрач - у Расіі грузім. Таму не праблема", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Адно з пытанняў Кіраўніку беларускай дзяржавы датычылася пазіцыі Арменіі, якая, паводле заяў кіраўніцтва краіны, хацела б і ў ЕАЭС заставацца, і да Еўрасаюза далучыцца.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што гэта тэма абмяркоўвалася на пасяджэнні ВЕЭС у закрытым фармаце і была падпісана адпаведная заява. "Мы ўсе канстатавалі: мы не хочам, каб Арменія выходзіла з нашага Еўразійскага саюза. У той жа час - гэта заява Уладзіміра Уладзіміравіча (Пуціна. - Заўвага) у выступленні - мы паважаем выбар Арменіі. Я тут жа дадаў: мы паважаем выбар народа Арменіі. Калі народ прыме такое рашэнне і згодны выйсці з саюза, у якім ён знаходзіцца, і ўступіць у Еўрапейскі саюз калісьці, мы не можам быць супраць волі армянскага народа", - раскрыў падрабязнасці Прэзідэнт Беларусі.

"І следам у гэтай заяве дапісалі, што мы падтрымліваем жаданне кіраўніцтва Арменіі, якое аб гэтым заявіла, правесці па гэтым пытанні рэферэндум", - прадоўжыў ён.

І арганізаваны такі рэферэндум павінен быць сумленна, адкрыта, дэмакратычна, звярнуў увагу беларускі лідар. Калі ўсё гэта будзе так і армянскі народ выкажацца не на карысць ЕАЭС, гэта рашэнне будзе ўспрынята ў Еўразійскім эканамічным саюзе, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Але кіраўніцтва Арменіі, і асабліва народ Арменіі, павінны разумець, што яны набываюць, а што яны страчваюць. Аб гэтым Прэзідэнт Расіі абяцаў дэталёва далажыць усёй сусветнай супольнасці, хто захоча гэта пачуць, - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. - Ён яшчэ раз у дэталях раскажа (спецыялісты Расіі падрыхтавалі яму гэту інфармацыю), што такое адмовіцца ад Еўразійскага саюза, у якім цяпер Арменія, і ўступіць у Еўрапейскі саюз".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што прыклады шэрага краін паказваюць: тэрміны прыняцця ў Еўрасаюз бываюць вельмі расцягнутымі ў часе. І гэты фактар таксама трэба ўлічваць армянскаму народу, прымаючы важнае рашэнне. "З улікам Украіны, якая даўно хоча, а яшчэ важней - з улікам Турцыі, якая ўжо, па-мойму, 25 або 30 гадоў у чарзе стаіць для ўступлення ў Еўрапейскі саюз", - заўважыў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў, крытычна адазваўся аб заявах Прэм'ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна аб арганізацыі новага транзітнага газаправода праз Арменію.

"Нядаўна я пачуў з заявы Пашыняна: "Вось, праз нас трубы пойдуць, і нам будуць плаціць газам. І газу, і грошай будзе шмат". Слухайце, калі гэта яшчэ будзе - пытанне", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

"Народ, людзі ж у дэталі не паглыбляюцца. Адкуль якія трубы будуць пракладзены? Вось хацелася б ведаць, навошта ён хлусіць сваім людзям. Якія трубы, адкуль трубы гэтыя будуць ісці і хто гэты газ ім дасць, і якія грошы будуць?" - абазначыў Аляксандр Лукашэнка крытычныя пытанні, на якія няма выразных і рэалістычных адказаў.

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу, што цяпер Расія прадае Арменіі бяспошлінна прыродны газ па цане ў некалькі разоў ніжэйшай, чым ён каштуе, напрыклад, на рынку Еўрасаюза. "150-160 долараў за тысячу кубаметраў (для Арменіі. - Заўвага). У ЕС прыродны газ 550-650 долараў за тысячу (кубаметраў. - Заўвага), - сказаў ён. - Вось толькі прыродны газ. Я больш ні пра што не гавару. Гэта якая выгада? Пра грошы калі гаварыць".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што многія заявы робяцца цяпер у Арменіі ў сувязі з маючымі адбыцца парламенцкімі выбарамі, якія запланаваны на 7 чэрвеня. Па той жа прычыне ініцыююцца размовы пра магчымы выхад краіны з ЕАЭС і курс на ўступленне ў Еўрасаюз. Лідары ЕАЭС у сувязі з гэтым прынялі сумесную заяву па выніках саміту ў Астане, дзе выступілі за правядзенне ў Арменіі адпаведнага рэферэндуму.

"Мы не ціснем народ, тым больш, мы ж разумеем, што тут гульня палітычная - заўтра выбары ў Арменіі. Зразумела, гэта круцяць-муцяць пад выбары. Але кіраўніцтва Арменіі дарэмна так робіць. Гэта даходзіць да прыніжэння Еўразійскага эканамічнага саюза. І члены ЕАЭС усе аднагалосна з гэтым пагадзіліся", - сказаў беларускі лідар. Ён адзначыў, што на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Астане Арменію прадстаўляў віцэ-прэм'ер Мгер Грыгаран і пазіцыі бакоў агучваліся ў яго прысутнасці.

"Армянам трэба быць вельмі акуратнымі, каб, барані гасподзь, не паўтарыць тое, што адбылося ва Украіне... Ва Украіне ўсё роўна так пачыналася. Вы гэта памятаеце. Каб яны, армяне, якія толькі што выйшлі з адной вайны, не трапілі ў цяжкую сітуацыю ў сувязі з гэтым. Не трэба спяшацца. Трэба проста падумаць, трэба быць мудрымі людзьмі, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Перш чым рабіць такі крок, армянскаму народу вельмі сур'ёзна трэба падумаць. Вось адзінае, да чаго я іх заклікаю. Выкажа народ сваё меркаванне - мы з ім пагодзімся".

Прэзідэнт Беларусі папярэдзіў, што пэўным колам выгадна тое, што цяпер адбываецца ў Арменіі, і празрыста намякнуў, каму менавіта. "Камусьці гэта выгадна. Прыехалі, сабралі там кагосьці (вы ведаеце, хто там быў з еўрапейцаў), панаабяцалі цэлую кучу (у пачатку мая ў Ерэване праходзіў двухбаковы саміт ЕС-Арменія. - Заўвага)… Хаця мы не чулі гэтых абяцанняў, былі толькі асуджэнні: "Беларусь і Расія такія-сякія". Зразумела, мы не дасканалыя, чаго тут гаварыць. Але на сябе паглядзіце", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўніка дзяржавы папрасілі пракаменціраваць агрэсіўныя заявы, якія гучаць з Кіева, у тым ліку аб нейкіх вызначаных на тэрыторыі Беларусі 500 патэнцыяльных цэлях.

"Яны, можа, і вызначылі 500 цэлей. У нас ёсць адна цэль вельмі сур'ёзная з дакладнымі каардынатамі і зусім недалёка ад Беларусі. Гэта ж яны таксама разумеюць", - заўважыў у сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка.

У цэлым Прэзідэнт ахарактарызаваў такія заявы з Кіева як балбатню. "Няхай мяне Уладзімір Аляксандравіч (Зяленскі. - Заўвага) прабачыць за гэта, але гэта балбатня нейкая".

Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама адзначыў, што пазіцыя ўкраінскіх ваенных у гэтым пытанні іншая. "Ваенныя Украіны ніякай вайны з Беларуссю не хочуць. Гэта я ведаю дакладна. Таму што яны разумеюць, што гэта 1500 кіламетраў дадатковага фронту - граніца. І няпростая граніца Беларусі і Украіны. Ім гэта трэба? Не", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, Прэзідэнт звярнуў увагу на склад ваенных сіл ва Украіне з боку граніцы з Беларуссю: "Ён 500 цэлей бачыць. Напэўна, калі не сляпы, то і больш убачыць. Але ён павінен разумець, што мы бачым, хто стаіць на граніцы з таго боку. Гэта ж людзі, злоўленыя на вуліцах: гаротнікі ўкраінцы і воіны так званай тэрытарыяльнай абароны - учарашнія рабочыя, механізатары, калгаснікі і гэтак далей. Гэта што за воіны? Гэта ж гарматнае мяса. Таму мы добра бачым. Гэта - балбатня".

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што часта разважае над тым, навошта Уладзімір Зяленскі апошнім часам робіць такія заявы. Прэзідэнт мяркуе, што да гэтага падштурхоўваюць у шэрагу еўрапейскіх краін. "З амерыканцамі мы размаўляем. Пазіцыя Трамп зразумела. Які б ён ні быў, ён правільную займае пазіцыю. Амерыканцы размаўляюць, хтосьці там маўчыць шматзначна, хтосьці, зноў жа, гаворыць, еўрапейцы чагосьці там мыкаюць. І яны яму гавораць: "А ты чаго маўчыш? Заўтра быццам бы будзе атака з боку Беларусі на Украіну".

У сувязі з гэтым Прэзідэнт Беларусі яшчэ раз адназначна заявіў: "Гэтага ніколі не будзе. Ніколі! Нашых там салдат не было і не будзе. Гэта таксама ён ведае, і ваенныя (ва Украіне. - Заўвага) ведаюць".

"Гэта значыць еўрапейцы яго падштурхнулі да таго, каб ён рабіў такія заявы. Як гэта - яны змагаюцца за Украіну, а Украіна сама маўчыць? Вось ён і ляпае, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - І нейкія там дзеянні - нашых "ціхушак-лахушак", гавораць, запрасіў і іншае. Я рады, што ён (Уладзімір Зяленскі. - Заўвага) іх запрасіў. І дзякуй расіянам, якія гэта заўважылі - тэлевізійныя работнікі, - я чуў на РТР гэту перадачу. Добра, што яны паглядзелі на нашу так званую апазіцыю. Ніякая гэта не апазіцыя. Гэта бандыты. І яны разлічваюць, што там яны падрыхтуюць баевікоў з ліку беларусаў, украінцаў, палякаў і яшчэ літоўцаў, і яны рушацца і захопяць нейкі раённы цэнтр (на тэрыторыі Беларусі. - Заўвага)".

Аляксандр Лукашэнка наконт гэтага таксама недвухсэнсоўна папярэдзіў: "Не дай бог з якой-небудзь тэрыторыі будзе ажыццёўлена ваенная атака на тэрыторыю Беларусі - вайна атрымае зусім іншую якасць ва Украіне. Не буду канкрэтызаваць, сам разумееш (звяртаючыся да журналіста. - Заўвага), аб чым".

Вяртаючыся да персоны і заяў Уладзіміра Зяленскага, Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ў пэўнай ступені шкадуе яго і спрабуе зразумець з улікам абставін. "Я спрабую Прэзідэнта Украіны зразумець. Ідзе вайна, ідзе жудасны націск. Перажыць гэта не так проста. Ну, і там, можа быць, нешта здарылася. Дзесьці курнуў, дзесьці кальнуў і іншае адбылося, і ён пачынае рабіць гэту заяву. Мне яго проста шкада. Таму я маўчу. Не дай бог трапіць у такую сітуацыю", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.