Удзел у Рэспубліканскім педагагічным савеце
- 27
- 1:15:04
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 жніўня прыняў удзел у Рэспубліканскім педагагічным савеце.
У мерапрыемстве ў Палацы Рэспублікі ўдзельнічалі больш за 2,5 тыс. чалавек. Абсалютная большасць з іх - гэта прадстаўнікі дэлегацый абласцей і горада Мінска, у ліку якіх і кіраўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі. Удзел у Рэспубліканскім педсавеце таксама прынялі кіраўнікі органаў дзяржкіравання, кіраўнікі рэспубліканскіх грамадскіх аб'яднанняў і прадстаўнікі грамадскасці, парламентарыі.
Пасля даклада Міністра адукацыі Андрэя Іванца аб стане і перспектывах развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, якія ў гэтай сферы застаюцца праблемы і ці стала школа сапраўдным храмам у свядомасці вучняў.
"Памятаеце, я сказаў, што школа - гэта храм, і, пераступаючы парог гэтага храма, ты павінен усведамляць (перш за ўсё вучань). Гэта выканана даручэнне? Школьнікі прыходзяць у школу з разуменнем, куды яны прыйшлі? Ці на перапынку дым стаіць слупам? Ёсць гэта ў школе ці не?" - паставіў пытанне Прэзідэнт.
Ён таксама запатрабаваў ад кіраўніка Мінадукацыі абазначыць і праблемныя моманты, якія не былі агучаны ў дакладзе Міністра. "Склалася ўражанне, што няма праблем. Хацелася б, каб вы пералічылі гэтыя праблемы. Пералічыце, каб пачула педагагічная грамадскасць", - сказаў беларускі лідар.
Андрэй Іванец адзначыў, што адна з найважнейшых задач - гэта выхаванне на ўсіх узроўнях адукацыі сапраўднага грамадзяніна і патрыёта. Друга? задача - вяртаць прэстыж прафесіі настаўніка. У гэтым плане прымаюцца меры, але неабходна вярнуць сакральны сэнс прафесіі настаўніка - тую павагу і статус у грамадстве, якія былі, лічыць Міністр.
Трэцяе - неабходна разумець, што маладыя людзі - гэта не працоўны рэсурс, а чалавечы капітал. Таму працэс навучання неабходна разглядаць не цераз прызму падрыхтоўкі вузкага спецыяліста для галіны або прадпрыемства, а ў цэлым рыхтаваць да будучага развіцця краіны.
Што датычыцца стаўлення да школы, міністр адзначыў, што за апошнія гады дасягнуты сур'ёзныя вынікі. Дысцыпліна і парадак забяспечваюцца на добрым і высокім узроўні. І важна звяртаць увагу не толькі на навучэнцаў, але і педагогаў, якія былі б аўтарытэтам для дзяцей.
Аляксандр Лукашэнка адназначна падкрэсліў, што педсавет не павінен быць фармальна-бюракратычным мерапрыемствам, бо калі не выкрываць і не абазначаць праблемы, то яны застануцца.
"Без вас, настаўнікаў, не будзе нікога. І, самае галоўнае, здароўя не будзе. Калі вы не навучыце ў школе - урачоў не будзе", - заўважыў беларускі лідар.
Ён перасцярог Міністэрства адукацыі ад спроб нешта змоўчаць і ўтаіць тую ці іншую праблему. "У мяне дастаткова рычагоў, форм і метадаў, каб даволі глыбока вывучыць праблему", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт абазначыў некалькі праблемных момантаў, якія не прагучалі ў дакладзе Міністра. Напрыклад, у гэтым годзе склаўся пэўны недабор у ВНУ. І большасць з гэтага недабору - сельскагаспадарчыя спецыяльнасці. На другім месцы - спецыяльнасці інжынерна-тэхнічнага профілю. "Тое, што нам вельмі сёння патрэбна. Есці ўсе хочуць. Чалавека трэба накарміць, апрануць. А гэта - сельская гаспадарка. А як заўтра карміцца будзем, у што апранацца будзем. Усё ад зямлі. Чаму тут у нас недабор? Вы нават слова не сказалі, - заўважыў беларускі лідар. - А інжынеры... Як мы без інжынераў заўтра жыць будзем? Юрысты і гісторыкі ні электрамабілі не створаць, ні атамную станцыю не пабудуюць. Гэта значыць, патрэбны перш за ўсё яны - інжынеры. А дзе яны? А вы не сказалі, што гэта праблема. Я проста экспромтам называю тое, на што мы павінны звяртаць увагу".
Яшчэ адзін аспект - працоўнае выхаванне. Міністр дакладваў, што ў гэтым плане работа выбудавана, і ў многіх школ ёсць прысядзібныя ўчасткі. Аляксандр Лукашэнка на гэта заўважыў, што такая практыка ёсць далёка не ва ўсіх школах. "А, можа, там кожнай школе, пачынаючы з ВНУ, а, магчыма, з Міністэрства адукацыі - кожнаму па калгасе?" - выказаў меркаванне Кіраўнік дзяржавы.
Гэту фразу Прэзідэнта зала сустрэла апладысментамі.
"Паверце, вельмі сур'ёзнае пытанне. Я бачу дынаміку. Так, мы дасягнулі небывалых вышынь, ніхто пра гэта не думаў 20 гадоў таму, што мы можам дасягнуць гэтых вышынь. Але, калі мы не ўбачым, што ў нас фарміруюцца праблемы доўгатэрміновага парадку, трапім у тую ж бездань, у якой былі пасля распаду Савецкага Саюза. Мы гэта павінны бачыць. І не трэба гэта рэтушаваць, не трэба гэта ўтойваць", - заклікаў Кіраўнік дзяржавы.
"Я з вамі разам жыву ў гэтым жыцці, грамадстве, і я бачу, што адбываецца. І як чалавек больш інфармаваны, ведаю больш па кожным з напрамкаў. А сфера адукацыі для мяне - найважнейшая. Я крыху ў ёй разумею, што адбываецца. 50 працэнтаў, можа, больш, маёй працы - гэта настаўніцтва. Я павінен бачыць, аналізаваць і вучыць усю краіну. Паказваць: вось гэта трэба, гэта... А часам паставіш задачу, пракантралюеш - не зроблена, потым ідзеш, сам робіш", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Таму мы з вамі ў адной лодцы і дзявацца нам няма куды. Цямніць, хлусіць або прыхарошваць сітуацыю не трэба. Сітуацыя навокал вельмі складаная. Ніколі вакол Беларусі не было такой складанасці, як цяпер. І краіну трэба ўтрымаць. І ўсе хочам быць суверэннымі і незалежнымі. А як яе ўтрымаць - трэба думаць усім. І быць гатовымі да гэтага. І ўсё пачынаецца з нас - настаўнікаў", - падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што, як толькі супраць Беларусі былі ўведзены абмежавальныя меры, ён адразу ж запатрабаваў ад Урада забыць пра гэтыя санкцыі і сканцэнтравацца на развіцці эканомікі. У гэтых умовах трэба было не проста вырабіць, але і прадаць прадукцыю за мяжу. Для краін з экспартаарыентаванай эканомікай падобная сітуацыя - вялікі выклік. Аднак улады з ім справіліся, і звычайныя беларусы не адчулі на сабе маштабнага санкцыйнага націску, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы жывём у вельмі складаны час. Я не гавару, што на поўдні ў нас вайна ідзе. Што гэтыя шалёныя на Захадзе рыхтуюць супраць нас. Мы павінны гэта трымаць у полі зроку. Што нам патрэбна ў гэтай сітуацыі - краіну, махіну гэту (маленькая Беларусь - яна не такая маленькая, калі займаешся ёю ў цэлым) павярнуць з Захаду на Усход. Трэба забяспечыць, каб цябе прынялі на Усходзе. Дзякуй богу, у нас гэта атрымліваецца, але гэта цяжкая работа. Я хачу, каб вы разумелі: краіна жыве ў вельмі цяжкі перыяд, пытанне "або - або", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Нам цяпер раяць, падкідваюць збоку (на мяне ўсё гэта выліваецца): "Давай тут адступі, там вызвалі". Пачынаючы адсюль і заканчваючы: "Ды плюнь ты на гэту Расію, ды адвярніся ты ад гэтай Расіі. Давай будзеш ваяваць з Украінай супраць Расіі. А да той граніцы мы войскі НАТА пад Смаленск завядзём". Даходзіць і да гэтага. Мне сёння ўносяць прапановы з усіх бакоў, якія мы прыняць не можам на 99%. Таму я хачу, каб вы зразумелі, у якой мы абстаноўцы, у якой сіту?цыі жывём. Гэта ўсё, што я вам магу сказаць. І столькі ж я сказаць проста сёння не магу: усе астатнія пытанні - гэта мае пытанні. Зрабіце сваю справу, а я буду рабіць сваю справу разам са сваімі калегамі ва Урадзе, вышэйшымі службовымі асобамі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў час педагагічнага савета хоча пачуць ад яго ўдзельнікаў праўду, адчуць нерв настаўніцтва. "З улікам той абстаноўкі, якая сёння складваецца", - дадаў ён.
На педсавеце таксама выступілі кіраўнікі ўстаноў адукацыі рознага ўзроўню: гімназіі Барысаўскага раёна, Мінскага дзяржаўнага каледжа інавацыйных будаўнічых тэхналогій, Гомельскага і Гродзенскага дзяржаўных універсітэтаў. Гаварылі пра павышэнне якасці адукацыі, удасканаленне сістэмы падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў, узаемадзеянне ВНУ з заказчыкамі кадраў, ідэалагічны складнік выхавання. Аляксандр Лукашэнка дэталёва цікавіўся ў выступоўцаў па тэматыцы іх дакладаў, задаваў удакладняючыя пытанні, а часам і сам выказваўся па тых ці іншых актуальных тэмах.
"Галоўнае, мы ні ў якім разе не павінны знішчыць прафтэхадукацыю", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы, інакш, паводле яго слоў, будуць каласальныя праблемы. Беларусь у гэтым у плане выгадна адрозніваецца ад многіх краін на постсавецкай прасторы, што адзначалася ў тым ліку на вышэйшым узроўні. Так, на адным з самітаў лідараў ЕАЭС прагучала просьба аб аказанні дапамогі ў падрыхтоўцы кваліфікаваных рабочых кадраў. "На што Пуцін адказаў: "Вы ведаеце, у нас яшчэ вялікая праблема". Кажа: "Калі вам нешта і дапаможа (вядома, не ў тым аб'ёме, што вы хацелі б), гэта толькі Беларусь. Яны захавалі прафесійна-тэхнічную адукацыю. А мы яе пасля распаду Савецкага Саюза развалілі", - прывёў змест той размовы Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, у іншых краінах постсавецкай прасторы ўжо адчулі вастрыню праблемы, у той час як для Беларусі яна цалкам вырашаемая за кошт захавання важнейшага звяна ў сістэме адукацыі - сістэмы прафтэхадукацыі. "У нас ёсць база, і мы можам на гэтай базе падрыхтаваць больш рабочых рук, майстроў, прарабаў. Гэта важнейшае звяно", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ адзін станоўчы эфект ад адукацыі ў вучылішчы або каледжы - магчымасць атрымаць поўнае ўяўленне аб выбранай прафесіі, адчуць яе на практыцы, сфарміраваць добрую базу для наступнай вучобы ў ВНУ. "Гэта ўжо сапраўды ўлюбёныя ў прафесію людзі. Іх не трэба агітаваць. Яны, калі аграрыі, або аграномы, або заатэхнікі, або эканамісты, - яны не пойдуць ужо ў іншую прафесію. Таму нам вельмі важна гэту сярэдзіну - паміж школай і ВНУ - абавязкова захаваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу, што для якаснага прафесійна-тэхнічнага навучання зусім не трэба імкнуцца да стварэння ва ўстанове адукацыі "філіяла" сучаснага цэха з самымі сучаснымі ўзорамі абсталявання. Лепш наладзіць супрацоўніцтва з прадпрыемствамі, будаўнічымі і сельскагаспадарчымі арганізацыямі, каб навучанне ішло непасрэдна на месцах. "Нам трэба вырашыць гэту праблему. Члены Урада тут прысутнічаюць. Трэба прыняць рашэнне", - сказаў Прэзідэнт.
"Мы гаспадары ў гэтай краіне. Мы з вамі выстаялі ў 2020 годзе. І мы павінны быць гаспадарамі, мы нікога не павінны баяцца", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Не павінна быць ніякіх апасенняў, напрыклад, наконт таго, каб увайсці ў склад выбарчых камісій: "Гэта ж улада ў вашых руках. Каму вы яе аддаяце? А там Прэзідэнт усё вырашыць... Я не магу за вас вырашыць тое, што вы павінны вырашыць. Таму не трэба нікога баяцца. Будзеце баяцца - будзеце чарговы раз пад бізуном хадзіць, - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. - Будучыня ў вашых руках. Таму бярыце ўладу ў гэтай краіне і дзейнічайце. Мая справа - вас накіраваць і падказаць, а вы - наперад, наперад, наперад".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што цяперашняму пакаленню (а менавіта яго прадстаўнікі ў большасці прысутнічаюць на педсавеце) давядзецца вызначаць лёс краіны ў будучым. "Гэта вы заўтра возьмеце яе (краіну, Беларусь. - Заўвага) на рукі і панесяце, - заўважыў Прэзідэнт. - Вам трэба будзе вырашаць пытанні і граніцы, і вайны, і міру, і сельскай гаспадаркі, і прамысловасці. Я хачу, каб вы пранікліся: гэта вам трэба будзе рабіць".
"Але сёння, калі мы з вамі не зробім (таго, што вышэй абазначыў Аляксандр Лукашэнка. - Заўвага), будзе як ва Украіне. Зноў я вас не палохаю, я вас проста папярэджваю", - растлумачыў Прэзідэнт, дадаўшы, што аналагічным чынам папярэджваў беларусаў аб магчымых наступствах і ў перыяд пандэміі каранавіруса, калі Беларусь па патрабаванні Аляксандра Лукашэнкі выбрала свой (і, як высветлілася, абсалютна правільны) шлях, хоць за гэта і крытыкавалася.
"Я бачу, што будзе заўтра, я бачу, што можа быць. Нам трэба не проста звярнуць увагу, нам трэба абдумацца і ўзяцца за нашых дзяцей, каб яны ў школу прыходзілі, як у храм, каб у іх дрыжыкі па целе беглі, як некалі пасля вайны было, - звярнуў увагу Прэзідэнт на праблему выхавання моладзі. - Яны ўсё гэта цанілі".
Прэзідэнт перакананы, што многім, наракаючы на моладзь, якая, на іх думку, нейкая не такая, трэба звярнуць увагу: моладзь такая, якія мы, сучаснае пакаленне. "Наша моладзь разумная для таго, каб зразумець і ўспрымаць тое, што мы гаворым. Толькі хлусіць ёй не трэба, што яна такая ідэальная, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Трэба ўбіць у галаву нашай моладзі, каб яны разумелі: без працы нічога быць не можа".
Аляксандр Лукашэнка, напрыклад, звярнуў увагу на значную колькасць тых, хто не заняты ў эканоміцы, адкрыта кажучы, гультаёў. І гэта ў той час, калі на рынку працы дастаткова прапаноў, попыт на спецыялістаў высокі. У гэтым сэнсе, як заўважыў Прэзідэнт, у Беларусі вельмі шмат дэмакратыі - хачу працую, хачу не працую. "Я вам хачу адкрыта задаць пытанне: вам што, прыемна, калі вы шмат працуеце, а нехта нічога не робіць, жыве лепш за вас? Гэта нармальна, добра? Дык гэта (вырашэнне пытання аб незанятых у эканоміцы. - Заўвага) ад нас залежыць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт звярнуў увагу на існуючую ўзаемасувязь паміж выхаваннем дзяцей у школах, навучаннем і іх далейшым лёсам і роляй у жыцці роднай краіны. "Паглядзіце, хто сёння гвалтам крычыць, што ён бедны і ў яго нечага не хапае. Паглядзіце, як ён вучыўся ў школе. Адны гаротнікі мучацца, карачацца, (каб. - Заўвага) атрымаць вышэйшую адукацыю, імкнуцца да нечага - ну проста малайцы. А ён у школу абы-як хадзіў, яму напляваць было на настаўніка, дырэктара, - прывёў прыклад Кіраўнік дзяржавы. - Мы павінны прымаць меры. Не чакайце ўказанняў ніякіх".
Аляксандр Лукашэнка на Рэспубліканскім педсавеце пракаменціраваў арышт у Францыі прадпрымальніка, сузаснавальніка мэсэнджэра Telegram Паўла Дурава. Кіраўнік дзяржавы ўзняў гэта пытанне ў кантэксце адукацыі, паколькі многія з тых, хто дрэнна вучыўся ў школе, потым пачынаюць крытыкаваць уладу і гавораць, што недзе на Захадзе, напрыклад у Францыі, лепш, чым на Радзіме.
"Бачылі ўчора ў Францыі, як лепш. І я іх не асуджаю. Яны правільна робяць. Дуравы - не Дуравы... Вінаваты - ідзі адказвай. Толькі да нас навошта прад'яўляць прэтэнзіі, калі мы пачынаем сябе абараняць такімі ж метадамі, як яны?" - заўважыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін неяк паведаміў яму пра адну з размоў з Прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам. Справа была пасля выбараў у Беларусі, і французскі лідар у той тэлефоннай размове з Прэзідэнтам Расіі згадаў беларускую тэматыку: "Вось, у цябе там сябар у Беларусі, палітзняволеныя… (пасля выбараў гэта была размова)".
Пры гэтым у самой Францыі ў той жа час бушавалі акцыі "жоўтых камізэлек". "Помніце, яны мачылі там, не гледзячы на тое, жанчына - не жанчына. І Пуцін расказвае: "А я яму кажу: Эмануэль, ты паглядзі, што ў Францыі робіцца". Вы ж, кажа, без разбору б'яце ўсіх там - жанчын і іншых, а ты папракаеш Лукашэнку. А ён гаворыць: "Дык у нас жа дэмакратыя, нам гэта можна. А ў яго там дыктатура".
"Ведаеце, дэмакратыя - гэта "можна жанчыну галавой аб сценку, кроў свішча ва ўсе бакі". У Амерыцы можна там чарнаскурага задушыць і нічога не будзе. А сёння Дурава арыштавалі. Таму я хачу, каб вы вось гэта (сутнасць заходняй дэмакратыі. - Заўвага) усвядомілі і ўклалі ў галаву нашым школьнікам", - дадаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да педагогаў.
Як заўважыў Прэзідэнт, многія са збеглых, якія паехалі з краіны пасля 2020 года, ужо сталі разумець бесперспектыўнасць свайго ўчынку і просяцца назад у Беларусь. Там, за мяжой, яны ўразумелі, што нікому не патрэбны і могуць прэтэндаваць хіба што на нізкакваліфікаваныя працоўныя месцы. "Настаўнік, урач - пасудамыйкай. Хто ім дасць добрыя месцы, лепшыя ў гэтых краінах? Там сваіх (жадаючых. - Заўвага) хапае", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. Канкурэнцыя на рынку працы за мяжой узмацнілася таксама і за кошт украінцаў, якія ратуюцца ад баявых дзеянняў. І тыя, хто паехаў з Беларусі, сталі прасіцца назад. Для вырашэння пытанняў аб магчымасці вяртання створана спецыяльная камісія. "Свае ж людзі... Можа, разумнейшыя сталі. Вы ім раскажыце і самі зразумейце: вось на гэтай зямлі вашы карані", - падкрэсліў Прэзідэнт. Пры гэтым у краіне, як і раней, будзе праводзіцца палітыка на падтрыманне дысцыпліны і парадку, запэўніў Кіраўнік дзяржавы.
Падводзячы вынікі абмеркаванняў, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што вельмі не любіць фармалізму і бюракратызму ў рабоце. "Ацэньваючы нашу сённяшнюю сустрэчу, я ўсё ж такі думаю аб тым, а які вынік будзе ад таго, што мы з вамі ў такім складзе сабраліся. Бо тут эліта нашай педагагічнай супольнасці, тут лепшыя. Дык ці будзе эфект ад нашай размовы?" - задаўся пытаннем Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, галоўны вынік мерапрыемства не толькі ў тым, што яго ўдзельнікам удалося сустрэцца з Прэзідэнтам і даведацца пра яго пункт гледжання па тых ці іншых пытаннях. У педагогаў была магчымасць паразмаўляць адзін з адным, тым больш што многія некалі вучыліся ў адных навучальных установах.
Прэзідэнт у сваім выступленні абазначыў асноўныя задачы і выклікі, што стаяць перад айчыннай сістэмай адукацыі.
"Таму мы недарэмна сёння тут сабраліся, напярэдадні новага навучальнага года па ўжо існуючай традыцыі праводзячы гэты вялікі педагагічны савет. Адкрыта абмяркоўваем праблемы і перспектывы айчыннай сістэмы адукацыі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта размова вельмі важна. Адукацыя - фундаментальная сфера нашага жыцця, якая пранізвае абсалютна ўсе галіны і вызначае, калі хочаце, развіццё ўсёй нацыі. І людзі, якія працуюць у гэтай сферы, павінны быць бездакорныя".
Прэзідэнт адзначыў, што выхавальнікі, настаўнікі і выкладчыкі закладваюць каштоўнасныя арыенціры ў падрастаючае пакаленне, а гэта вельмі высокая адказнасць. "Хто, калі не вы, павінен фарміраваць у дзяцей правільнае ўспрыманне свету, разуменне ўсіх працэсаў, што адбываюцца ў грамадстве і дзяржаве", - дадаў ён.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў рабоце сістэмы адукацыі няма дробязей. "Любыя нестыкоўкі, недапрацоўкі прыводзяць да таго, што штарміць усю краіну, ад малога да вялікага. Прыклады не трэба называць: вы ведаеце. Вы памятаеце, які негатыўны рэзананс у грамадстве выклікала ў мінулым годзе гісторыя з падлікамі балаў за цэнтралізаваны экзамен, - нагадаў Аляксандр Лукашэнка. - Не ведаю, правільна ці не, але мяне інфармуюць аб тым, што вы гэта яшчэ не зжылі да канца. Гэта мы вывучым у бліжэйшы час".
Прэзідэнт запатрабаваў, каб усё было сумленна і празрыста, зразумела кожнаму. "Усё павінна быць арыентавана на настаўніка і сярэдняга жыхара нашай краіны. Вучні і бацькі павінны разумець, як ацанілі гэтыя балы", - звярнуў ён увагу.
У цяперашнюю ж уступную кампанію, нягледзячы на даволі зладжаную работу, людзі скардзіліся на вялікія чэргі пры падачы дакументаў, адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Яшчэ тэма. Сёння раптам узнікла пытанне са школьнай формай. На роўным месцы. Праблемы вялікай не бачу, але рэагаваць трэба. Гэта, здавалася б, дробязь, але дробязей у нашай рабоце няма!" - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Сфера адукацыі - гэта дзяржаваўтваральная галіна. Так, яна патрабуе сур'ёзных укладанняў. І мы ўкладваем і будзем укладваць у яе сродкі. Калі сёння не будзе адукаванай, выхаванай у сваёй краіне моладзі, заўтра не будзе і краіны", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, за апошнія тры гады на развіццё сістэмы адукацыі было накіравана амаль Br30 млрд. Пабудаваны і капітальна адрамантаваны 73 установы адукацыі, яшчэ дзевяць узвядуць да канца года.
"Як мне дакладваюць, ахоп дашкольнай адукацыяй у нас практычна стапрацэнтны. Там, дзе няма школы або дзіцячага сада, арганізаваны падвоз. У гэтых мэтах значна абноўлены аўтапарк. Толькі з 2022 года ў школы пастаўлена каля 700 аўтобусаў. Але ёсць асобныя нараканні з боку бацькоў. Таму даручаю мясцовым органам улады сумесна з Мінадукацыі яшчэ раз вярнуцца да пытання падвозу дзяцей, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Разбярыцеся ў рэшце рэшт, пакуль мне не давялося з гэтым разбірацца".
Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што шмат зроблена для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. "Нават нягледзячы на санкцыі. Сёння літаральна ўсе школы ў краіне маюць тэхнічныя магчымасці для доступу да любых інфармацыйных адукацыйных рэсурсаў. Я ўжо не гавару пра ВНУ і каледжы. Практыка выкарыстання дыстанцыйных форм навучання будзе пашырацца настолькі, наколькі гэта патрэбна, і пад кантролем дзяржавы. Нашым з вамі кантролем", - адзначыў ён.
Яшчэ адзін паказчык высокай якасці беларускай адукацыі - вынікі школьнікаў на міжнародных алімпіядах. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што толькі за апошнія тры гады яны заваявалі больш за 200 медалёў. "Асабліва радуюць перамогі па дакладных дысцыплінах, якія з'яўляюцца базавымі пры падрыхтоўцы кадраў для навукаёмістых і высокатэхналагічных галін эканомікі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэстыж беларускіх ВНУ пацвярджаецца штогадовым ростам колькасці замежных студэнтаў. Сёння гэта звыш 30 тыс. чалавек больш як са 100 краін свету. І попыт на атрыманне адукацыі ў Беларусі іншаземцамі пастаянна павялічваецца, заявіў Прэзідэнт.
"Часткова санкцыйная палітыка прымусіла нас скарэкціраваць планы развіцця галіны. Але мы хутка сарыентаваліся, захавалі дадатную дынаміку і знайшлі новыя кропкі росту, сталі больш актыўна працаваць з Расіяй, Кітаем, краінамі Глабальнага Поўдня", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Радуе, што мяняецца стаўленне грамадства да сістэмы адукацыі. Сацыялагічныя апытанні, якія правяла Нацыянальная акадэмія навук, паказваюць, што больш за 73% рэспандэнтаў станоўча ацэньваюць работу школы. І Адміністрацыя Прэзідэнта Беларусі фіксуе значнае зніжэнне зваротаў грамадзян па пытаннях адукацыі. У параўнанні з мінулым годам іх колькасць скарацілася на 43% (усяго 278 зваротаў). Ды і, па сутнасці, сацыяльна значных праблем заяўнікі не ўзнімалі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт у час выступлення заявіў аб спробах дыскрэдытаваць беларускую сістэму адукацыі.
"Нядзіўна, што на нас нарастае націск звонку. Усе спробы дыскрэдытаваць беларускую сістэму адукацыі мы бачым. Але ў мяне ўзнікае толькі адно пытанне пры гэтым: калі мы так дрэнна вучым, то навошта ганяцца за нашымі выпускнікамі, навошта іх цягнуць туды да сябе? Адказ відавочны. Маладыя нашы суседзі - літоўцы, латышы, палякі, эстонцы - ужо даўно шукаюць шчасця ў еўропах і за акіянам. Цяпер гэтым суседзям і іншым патрэбны нашы дзеці", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, для Беларусі гэта выклік і менавіта сістэма адукацыі павінна на яго адказваць. "Гэта імператыў. І адначасова напрамак для нашай з вамі работы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Мы шмат гаворым аб павышэнні якасці адукацыі. Вы бачыце, што гэта тэма не сыходзіць і з майго парадку дня, Прэзідэнта. Мы пастаянна абмяркоўваем гэта на нарадах па эканоміцы, развіцці навукі, сельскай гаспадаркі, рэгіянальнай палітыцы. Дарэчы, роля навукі будзе значна ўзмоцнена і павялічана літаральна з будучага года. Звышідэя, дасягненню якой падпарадкаваны ўсе рашэнні, прымаемыя на такіх нарадах, - развіццё прарыўных тэхналогій, адкрыццё новых галін. Для гэтага нам патрэбны кваліфікаваныя кадры, здольныя крэатыўна мысліць, вырашаць нестандартныя задачы, пераймаць перадавы вопыт, укараняць яго ў рэальную вытворчасць і сацыяльную сферу", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі вельмі сур'ёзна ўзяліся за навуку. Улады спрабуюць практычна на маршы пераарыентаваць работу Нацыянальнай акадэміі навук, накіраваўшы сілы і веды на рэалізацыю перспектыўных навукаёмістых праектаў.
"І роля навукі вышэйшай школы павінна толькі ўзрастаць. Яна з'яўляецца ключавым элементам навуковага патэнцыялу краіны. Размова ідзе аб пашырэнні магчымасцей для здольнай моладзі рэалізаваць сябе ў такой важнай для нас сферы. І гэтыя магчымасці не павінны быць сканцэнтраваны толькі ў сталіцы. Я вельмі спадзяюся, што вы мяне ў гэтым пачулі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Вучоным трэба рыхтаваць змену, перадаваць свае веды нашай таленавітай, адоранай моладзі. Гэта маё жалезнае патрабаванне".
"Міністр далажыў аб выніках праверкі дзейнасці ВНУ і рэктараў, праведзенай па маім даручэнні. Але я вам скажу, што гэта толькі пачатак і адседзецца нікому не атрымаецца. Мы маем намер самым бескампрамісным чынам навесці парадак ва ўніверсітэтах. Так, мы будзем падтрымліваць нашых выкладчыкаў, кіраўніцтва ўніверсітэтаў і фінансава, і матэрыяльна. Але і запатрабаванне будзе павялічвацца. У тым ліку ў гэтых мэтах мной запланавана наведванне шэрага рэгіянальных і сталічных навучальных устаноў. Я папрашу сур'ёзна да гэтага падысці", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
На лютаўскай сустрэчы з рэктарамі Прэзідэнт гаварыў аб неабходнасці перагляду пераліку спецыяльнасцей у адпаведнасці з патрэбнасцямі эканомікі, абнаўлення вучэбных праграм, узмацнення практычнага складніка навучання. "Я не разумею, чаму ўчарашняга дыпламаванага выпускніка трэба давучваць? Хто ў гэтым вінаваты? ВНУ, якая не дае патрэбных ведаў, або работадавец, які не жадае дапамагаць у адаптацыі на першым рабочым месцы? Што гэта такое?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы.
Такія падыходы ў сучасных умовах, калі прадпрыемствы маюць патрэбу ў падрыхтаваных кадрах, - недапушчальная раскоша, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "З другога боку, кіраўнікам устаноў адукацыі, у прыватнасці рэктарам, неабходна быць больш мабільнымі, разумець, якія факультэты, спецыяльнасці і формы навучання неабходна ўводзіць, а ад чаго адмовіцца", - звярнуў увагу беларускі лідар.
У працяг размовы аб сістэме адукацыі Прэзідэнт падкрэсліў: "З мэтавымі накіраваннямі трэба таксама разабрацца. Здаецца, сістэма ёсць, але належнай празрыстасці і эфектыўнасці няма".
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што мінула ўжо шмат часу з той пары, як было прынята глабальнае рашэнне наконт мэтавікоў, і надышоў час падвесці вынікі. "Андрэй Іванавіч, трэба гэта зрабіць ва Урадзе і далажыць", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да Міністра адукацыі Андрэя Іванца.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўзровень падрыхтоўкі патрэбных кадраў часта вымушае жадаць лепшага - дзесьці не так і не таму навучылі. У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы прапанаваў увесці практыку папярэдняга размеркавання да заканчэння ВНУ (магчыма, на трэцім курсе), каб будучага маладога спецыяліста арыентавалі на асаблівасці работы канкрэтнага прадпрыемства. "Гэта пытанне трэба сур'ёзна прапрацаваць", - сказаў Прэзідэнт.
Крытычныя заўвагі Кіраўніка дзяржавы датычыліся таксама саміх заказчыкаў кадраў: "Менавіта вы павінны вызначыць кампетэнцыі, якія патрэбны спецыялісту, і актыўна ўдзельнічаць у распрацоўцы вучэбных праграм і кваліфікацыйных патрабаванняў". А тут павінны ўжо актыўна падключыцца самі выкладчыкі ВНУ. "Ніякі інжынер з вытворчасці або намеснік дырэктара, майстар да вас не прыйдзе і не скажа: "Давайце перапрацуем праграму". Вы (педагогі. - Заўвага) павінны туды прыйсці і прапанаваць", - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.
Навучанне неабходна будаваць з улікам інтарэсаў і адукацыі, і рэальнага сектара, падкрэсліў Прэзідэнт. "І наогул, калі вы даяце абітурыенту мэтавае накіраванне, то павінны яго курыраваць увесь перыяд навучання. Гэта ваша зона адказнасці. Як і далейшае замацаванне маладога спецыяліста", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
"Мне паступае інфармацыя аб недапушчальных адносінах да выпускнікоў, якія прыбылі да вас па размеркаванні, - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да заказчыкаў кадраў. - Часта іх прымушаюць выконваць работу, якая наогул не патрабуе кваліфікацыі. І гэта я яшчэ мякка выказаўся".
Аналагічная сітуацыя, паводле слоў Прэзідэнта, з жыллём, калі ўмовы пражывання толькі з вялікай нацяжкай можна назваць здавальняючымі. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў жыллёвай палітыцы дзяржавы ўзяты курс на пераважнае будаўніцтва арэнднага жылля. "Калі ВНУ, школе, каледжу, заводу, фабрыцы патрэбны людзі, мы ім акажам падтрымку ў будаўніцтве жылля. Яны (установы і прадпрыемствы. - Заўвага) павінны мець магчымасць прапанаваць тым людзям, якія хочуць у іх працаваць, у тым ліку і жыллё", - растлумачыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама запатрабаваў выкараніць практыку, калі асобныя кіраўнікі прадпрыемстваў кожныя два гады просяць новага спецыяліста ўзамен таго, які адпрацаваў па размеркаванні. "Гэта абсалютна недапушчальна!" - заявіў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы даручыў аблвыканкамам, Мінскаму гарвыканкаму і ўраду яшчэ раз вярнуцца да гэтага пытання.
"Трэба больш актыўна пашыраць звязку каледж - ВНУ. Ісці далей па гэтым шляху", - паставіў задачу Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, у каледжах краіны на добрым узроўні арганізавана практычная падрыхтоўка. "Я бачыў гэта сам, калі наведваў такія ўстановы адукацыі, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Вядома, дзе-нідзе яшчэ трэба ўмацоўваць матэрыяльную базу і закупляць сучасную тэхніку". Аднак замест таго, каб ствараць цэхі ў каледжах, неабходна весці навучэнцаў на вытворчасць, перакананы Кіраўнік дзяржавы. "Калі хтосьці гэты працэс будзе тармазіць, далажыце", - даручыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў неабходнасць выпускаць больш спецыялістаў сярэдняга звяна і накіроўваць на навучанне ў ВНУ толькі тых, хто замацаваўся ў прафесіі. "У такіх людзей і практыка ўжо ёсць, і матывацыя адпаведная. Яны ўжо на зуб паспыталі гэту прафесію", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб выхаваўчай ролі сістэмы адукацыі, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў гэтай рабоце няма адказнасці толькі аднаго міністэрства або ведамства. "І вельмі добра, што апошнім часам ваенныя і прадстаўнікі органаў унутраных спраў актыўна ўключыліся ў ідэалагічную, выхаваўчую работу, дапамагаюць нашай школе. Хоць сапраўдныя мужыкі пачалі туды заходзіць. Гэта вельмі правільна. Тэма патрыятычнага выхавання павінна быць у надзейных руках", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Але не будзем забываць пра яшчэ аднаго "выхавальніка" нашых дзяцей, агрэсіўнага і вельмі часам небяспечнага. Гэта інтэрнэт. Нам кінуты чарговы сур'ёзны выклік", - канстатаваў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы арыентаваў усіх - педагогаў, бацькоў, праваахоўныя органы, грамадскія аб'яднанні, лідараў меркаванняў - на тое, каб максімальна кансалідавацца для вырашэння гэтай праблемы. "Трэба ведаць, ці дастаткова мы робім для фарміравання ў дзяцей навыкаў бяспечных паводзін у сетцы, разумення асноў інфармацыйнай гігіены. Неабходна прааналізаваць і ўзмацніць гэту работу значна", - паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт пазітыўна адазваўся аб тым, што робіць школа ў гэтым напрамку: экскурсіі, пошукавая работа, ваенна-патрыятычныя клубы і класы. "Гэта адцягвае ўвагу дзіцяці ад непатрэбнага інтэрнэт-асяроддзя, паказвае, наколькі цікавым можа быць рэальнае, а не віртуальнае жыццё, якія магчымасці адкрыты для рэалізацыі кожнага", - лічыць ён.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў вялікую пазакласную работу, якую праводзяць педагогі і якая, паводле яго слоў, вельмі важная і патрабуе шмат часу. Разам з тым недапушчальна, калі пры гэтым настаўнік завалены бессэнсоўнай бюракратычнай пісанінай, якую потым ніхто не чытае.
"Я думаю, Андрэй Іванавіч (Іванец, Міністр адукацыі. - Заўвага), Вы пасля гэтай размовы прымеце радыкальнае рашэнне. Настаўнік не павінен займацца нейкім барахлом, пісаць нейкія справаздачы, якія не патрэбны", - сказаў Прэзідэнт. І гэта яго сцвярджэнне зала падтрымала апладысментамі.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што неаднаразова гаварыў аб недапушчальнасці такіх падыходаў. "Я больш на гэту тэму размоў чуць не павінен. Прыміце асабіста рашэнне", - яшчэ раз падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да Міністра адукацыі.
Кіраўнік дзяржавы арыентаваў на тое, каб звярнуць больш пільную ўвагу на савецкі вопыт працоўнага выхавання і адаптаваць яго да цяперашніх рэалій. "Не будзеце займацца працоўнай адукацыяй, выхаваннем дзяцей у школе - напалавіну ваша эфектыўнасць на ўроках прападзе. Падумайце, як нам адрадзіць працоўную практыку для школьнікаў. Няхай яны ўбачаць, наколькі сёння рушыла наперад сфера рэальнай вытворчасці, - сказаў Прэзідэнт. - Няхай паглядзяць на спецыялістаў, якія там працуюць, паразмаўляюць з імі. Азнаёмяцца з умовамі працы, сучаснай тэхнікай і абсталяваннем, на якім яны працуюць. Гэта будзе самая лепшая прафарыентацыя".
Асобны акцэнт Аляксандр Лукашэнка зрабіў на занятках фізкультурай і прыхільнасці да здаровага ладу жыцця. "Мяне вельмі абурае, што ў асобных школах урокі фізкультуры сталі фактычна неабавязковымі. Ды і ў ВНУ таксама. Хочаш прыходзь на занятак, хочаш не. Дык якая тады ў моладзі будзе матывацыя займацца спортам? - рытарычна спытаў Кіраўнік дзяржавы. - Тут трэба навесці самы сур'ёзны парадак. Таму што фізкультура і спорт - гэта перш за ўсё здароўе нашых дзяцей. А яшчэ дысцыпліна і выхаванне характару, што заўсёды ў жыцці спатрэбіцца".
Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на педсавеце, пацвердзіў планы да 2025 года выраўнаваць зарплату работнікаў адукацыі з сярэдняй па краіне.
"Настаўнік быў і застаецца апорай дзяржавы, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Вядома, з якой павагай я стаўлюся да вашай працы. Пытанні сацыяльнай падтрымкі настаўнікаў, умацавання станоўчага іміджу педагога і школы - прыярытэтны напрамак нашай палітыкі. І работа ў гэтай сферы будзе прадоўжана. Да 2025 года мы выраўнуем заработную плату работнікаў адукацыі з сярэдняй па краіне".
Прэзідэнт нагадаў, што ў Беларусі вядзецца работа па забеспячэнні жыллём работнікаў сферы адукацыі. У Мінскім раёне ў бліжэйшы час уручаць ключы жыльцам першага дома для настаўнікаў. Плануецца аналагічнае будаўніцтва і ў Брэсцкай вобласці. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў падумаць аб мэтавай праграме будаўніцтва жылля для работнікаў сацыяльнай сферы ва ўсіх рэгіёнах.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што цяпер у школы прыходзяць дзеці новай тэхналагічнай эпохі - тыя, хто з пялёнак трымае ў руках гаджэт, і гэта данасць.
"Вы яшчэ ўчора павінны былі падумаць, з якімі методыкамі, праграмамі, з якім букваром будзеце ўваходзіць у клас да такіх вучняў", - заўважыў Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што сапраўдны настаўнік павінен умець працаваць не толькі з дзецьмі, але і з іх бацькамі: "Так, бацькі таксама іншыя - або якія самаўхіліліся, або празмерна патрабавальныя. Хочуць, каб школа зрабіла з іх дзіцяці новых Эйнштэйнаў. Але аўтарытэтны педагог зможа зрабіць іх усіх саюзнікамі ў адукацыйным працэсе".
Перад айчыннай сістэмай адукацыі, як і перад усёй краінай, стаяць самыя сур'ёзныя задачы, канстатаваў Прэзідэнт. "І тое, як яны будуць вырашаны, залежыць літаральна ад кожнага з нас. Але ў мяне няма сумненняў, што мы з імі справімся", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
На заканчэнне свайго выступлення ён агучыў шэраг асноўных патрабаванняў да сістэмы адукацыі і назваў асноўныя стратэгічныя задачы, якія будуць стаяць у гэтай сферы ў бліжэйшы час.
"Мы рэфармавалі адукацыю шмат гадоў запар. Страцілі ўжо лік рэформам, заблыталі людзей. Істотных змяненняў, як я ўжо абяцаў, у сістэме адукацыі больш не будзе. Мы не можам кожны год акунаць педагагічную грамадскасць, уладу, саміх сябе ў рэфармаванне, пераналадку, злом і будаўніцтва новага ў сістэме адукацыі. Не будзем рабіць, таму што ўжо нямала зроблена. Трэба спыніцца, папрацаваць, зрабіць адпаведныя высновы на тым, што мы з вамі стварылі. Там, дзе патрэбна будзе дашліфоўка, мы гэта зробім. Дашліфоўка заўсёды трэба будзе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што ў краіне бачаць усе вузкія месцы ў сістэме адукацыі. "Перш чым прыйсці на педсавет, я вывучыў вялікую колькасць інфармацыі, пачынаючы ад зваротаў грамадзян, даных сацыялагічных даследаванняў, заканчваючы аналітычнымі матэрыяламі кантралюючых органаў", - адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка абазначыў ключавыя напрамкі, па якіх трэба будзе праводзіць данастройку. Пры гэтым пры ўсіх данастройках і інавацыях нязменным павінен застацца базавы падыход - абавязкова роўны доступ да атрымання адукацыі. "Гэта - святое!" - падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы перакананы, што без прэстыжу, без уздыму аўтарытэту настаўніка, кіраўніцтва школы няма чаго гаварыць аб эфектыўнасці адукацыі. "Настаўнік павінен быць больш чым святым чалавекам у школе! Таму трэба зрабіць максімум у гэтым плане. І перш за ўсё вы павінны гэта зрабіць, вы (настаўнікі. - Заўвага) павінны гэтага захацець, а мы (улада. - Заўвага) павінны аказаць усялякую падтрымку. Настаўнік - гэта чалавек Прэзідэнта. Таму 50 працэнтаў вашай нагрузкі - гэта мая нагрузка. Усё, што датычыцца тэмы нядобранадзейных сем'яў, умоў жыцця сацыяльна слабаабароненых дзяцей, прафілактычнай і арганізацыйнай работы, - кінуць настаўніка сам-насам з гэтымі пытаннямі мы нікому не дазволім", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"Нікуды не варта, што пракуроры і дзяржкантроль часцей ходзяць па асобных школах, чым начальнікі "ад адукацыі", - падкрэсліў беларускі лідар. Гэту заяву зала ўспрыняла апладысментамі.
Ён канстатаваў, што прэстыж любой прафесіі мае на ўвазе і дастойны заработак. "Па зарплатах мы ўпершыню ў гісторыі наблізіліся да сярэдняй па краіне. Тут арыфметыка простая: вы рыхтуеце канкурэнтаздольных спецыялістаў, эканоміка расце - растуць вашы даходы", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка назваў патрыятызм фундаментам адукацыі. "Зроблена нямала. Мы можам гаварыць аб канкрэтных выніках: фіксуем высокія конкурсы на ваенныя спецыяльнасці, бачым, як расце цікавасць моладзі да пошукавай работы, студатрадаўскага руху і як зніжаецца колькасць выпускнікоў школ, якія едуць вучыцца за мяжу", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Работу трэба прадаўжаць. І трэба памятаць: патрыёта можа выхаваць толькі патрыёт", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Таленты павінны заставацца ў нашай краіне! Работу са здольнымі дзецьмі ў школах і ВНУ неабходна ўзмацніць. Мэта адна - яны павінны жыць і працаваць у сваёй краіне", - сказаў беларускі лідар.
"У Беларусі ў наступнай пяцігодцы створым адукацыйны хаб сусветнага ўзору, не горшы за Гарвард, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Напрыклад, на базе аднаго з факультэтаў БДУ пабудуем самы сучасны кампус і арганізуем па поўным фабрычным цыкле Вышэйшую школу па якой-небудзь спецыяльнасці, па іншых напрамках і гэтак далей".
Гаворачы аб прафесіях будучыні, Кіраўнік дзяржавы адзначыў слабую работу ў напрамку развіцця спецыяльнасцей, якія знаходзяцца на стыку некалькіх дысцыплін. Напрыклад, тэлемедыцына, агракібернетыка, біяхакінг.
"Але будзем помніць, што штучны інтэлект не заменіць вас - жывога настаўніка. Асабліва ў выхаванні навыкаў адаптыўнасці і нацэленасці на будучыню", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Для нас важнейшы эканамічны паказчык - экспарт. Гэта пытанне жыцця нашай краіны. Экспарт - брэнд Беларусі як краіны з адкрытай эканомікай. Патэнцыял экспарту паслуг адукацыі выкарыстоўваем недастаткова. Амаль не рыхтуем спецыялістаў з навыкамі знешняй камунікацыі, якія ўмеюць штурхацца локцямі на жорсткіх знешніх рынках. А павінны. Непасрэдна са школьнай парты", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Пасля завяршэння выступлення Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні ўдзельнікаў педсавета. Адно з іх датычылася прапановы скараціць колькасць прадметаў у выпускных класах. Настаўнік рускай мовы і літаратуры Дзятлаўскай сярэдняй школы № 3 Святлана Урбан заўважыла, што сёння ў старшых класах арганізавана профільнае навучанне - гэта калі на павышаным узроўні вывучаюцца тыя прадметы, якія пасля будуць неабходны навучэнцам у час вучобы ў ВНУ. На старшакласніках ляжыць вялікая нагрузка, і яны, паводле слоў класнага кіраўніка, часта задаюць пытанне, навошта ім такая вялікая колькасць прадметаў, можа, варта прадаставіць ім магчымасць выбіраць толькі тыя дысцыпліны, якія будуць неабходны для далейшага вывучэння?
"Хоць асабіста я прытрымліваюся сфарміраванай мадэлі навучання, калі адбываецца падрыхтоўка выпускніка з шырокім даляглядам і ўменнем аналізаваць тое, што адбываецца", - сказала Святлана Урбан.
"Калі вы, Святлана, у гэтым упэўнены, то я думаю, што так яно і павінна быць, бо мы ператворымся ў тых амерыканцаў, з якіх часам смяёмся, - адказаў Аляксандр Лукашэнка. - Яны ведаюць свой горад (адносна). Няхай сабе, яны не ведаюць, дзе Беларусь. Яны не ведаюць, што такое Расія, дзе яна, што яна самая вялікая краіна, што там нейкі канфлікт".
Прэзідэнт упэўнены, што чалавек, які выходзіць за парог школы, павінен быць адукаваным па многіх пытаннях. "Таму вы абсалютна маеце рацыю. Чалавек павінен быць па-сапраўднаму адукаваным, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Вы гэта пытанне задалі - я яго наогул першы раз чую. Я думаў, у нас няма такой праблемы. А калі яны з'явіліся, трэба на корані гэта знішчаць. Наша школа павінна даваць калі ўжо не вялізныя, шырокія веды пра свет, але дастатковыя для таго, каб жыць у грамадстве і ўзаемадзейнічаць з іншымі".
Падводзячы вынікі Рэспубліканскага педагагічнага савета, Прэзідэнт падкрэсліў, што цяперашняе пакаленне беларусаў павінна зрабіць усё для таго, каб захаваць краіну.
"Я вельмі спадзяюся на вас. Толькі настаўнік можа правесці ўнізе тую палітыку, якую я хачу, каб праводзілася. Таму я гаварыў аб тым, што вы нікога не павінны баяцца. Вы гаспадары ў гэтай краіне. Як толькі завагаецеся - усё, заўтра рыхтуйце лапці (бізун ужо нам падрыхтавалі). Таму ні ў якім разе не адступайце, нікога не бойцеся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт папрасіў педагогаў не баяцца звяртацца з праблемамі па вертыкалі ўлады. "Мы вас абавязкова падтрымаем. Як ніколі важнейшае пытанне - утрымаць краіну ў руках. Нам ніколі нашы дзеці, унукі не даруюць, калі мы абвалім краіну і кінем і яе, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Мы павінны захаваць гэтыя землі для нашых дзяцей. Без вас гэта немагчыма".
"Мы ўжо за гэтыя гады калі не зразумелі, то намацалі тое, што нам трэба, што трэба для нашай краіны. Давайце яе захаваем для нашых дзяцей. Гэта самая галоўная мая просьба. Для таго, каб захаваць, будзьце строгімі, жорсткімі калі трэба, у школе, каб адчувалі, што настаўнік - святое", - заклікаў Аляксандр Лукашэнка.
Міністр адукацыі на заканчэнне мерапрыемства ўручыў Прэзідэнту абноўлены навучальны дапаможнік па філасофіі і новы падручнік гісторыі.
Паводле слоў Міністра, пасля крытыкі Кіраўніка дзяржавы навучальны дапаможнік па філасофіі быў поўнасцю перапрацаваны.
"І вы не раз падкрэслівалі, што падручнік па гісторыі ў першую чаргу павінен быць узорам. Мы пастараліся першы такі ўзор зрабіць", - дадаў Андрэй Іванец.
"Гэта сапраўдны падарунак! Дзякуй вам вялікі, не дарэмна прыйшоў", - прыняў прэзент Кіраўнік дзяржавы.