Удзел у фестывалі-кірмашы "Дажынкі-2024" у Валожыне

  • 22
  • 22:59

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 кастрычніка прыняў удзел у фестывалі-кірмашы "Дажынкі-2024" у Валожыне.

Прыбыўшы ў горад, Кіраўнік дзяржавы перш за ўсё падзяліўся сваімі ўражаннямі аб культуры земляробства ў рэгіёне - з верталёта, як вядома, усё відаць як на далоні. Паводле слоў Прэзідэнта, крытыкаваць Мінскую вобласць у цэлым няма за што, аднак шэраг заўваг усё ж ёсць.

"Крыцікаваць цябе не буду. Можна пакрытыкаваць толькі ў тым плане, што ўсё ты рабіць умееш, але не робіш пакуль усюды, - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандра Турчына. - Ведаеш, як апрацаваць прыфермерскія ўчасткі. Ведаеш, як араць. Якасць яшчэ, вядома, пакуль так сабе (плугі не адрэгуляваны - грабяні атрымліваюцца), але гэта можна паправіць. Меліярацыю ўмееш рабіць, як трэба. Дзе трэба, дровы ляжаць. Гэта сведчыць аб тым, што людзі нашы ўмеюць. Усё ўмеюць. Усё як трэба. Не горш, чым на Захадзе, дзе ўсё прыватнае. Але не заўсёды, не ўсюды робім. Таму ў наступным годзе жым будзе вельмі жорсткі: і па вымачках (мы расказалі ўсё, як рабіць), і па азімым ячмені, і як своечасова пасеяць азімыя".

"Засталося ўбраць кукурузу. Але невялікія плошчы, убяром. Гэта значыць, умееш рабіць усё. Пажадана, каб гэта было ўсюды. Чаму не ўсюды - дысцыпліна. Усяго хапае, умеем рабіць, трактары, тэхніка. Але дысцыпліна недзе недацягвае. За зіму ўсіх трэба закруціць. Трэба працаваць так, як належыць", - запатрабаваў Прэзідэнт.

Культуру земляробства неабходна даводзіць да розуму, паставіў задачу Кіраўнік дзяржавы.

"Па шматгадовай традыцыі, закладзенай на заранку незалежнай Беларусі, мы сабраліся разам, каб перш за ўсё пакланіцца вяскоўцам за працу і ўручыць заслужаныя ўзнагароды нашым героям. Міншчына - рэгіён незвычайны. Гэта геаграфічны цэнтр краіны. Яе землі знаходзяцца ва ўсіх прыродных фізіка-геаграфічных зонах рэспублікі, уключаючы Палессе і Паазер'е", - прывёў некалькі фактаў Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні на фестывалі-кірмашы ўшаноўвання працаўнікоў вёскі ў Валожыне.

Прэзідэнт адзначыў, што Мінская вобласць - гэта практычна Беларусь у мініяцюры. І з пункту гледжання земляробства тут на практыцы ведаюць патэнцыял урадлівасці, плюсы і мінусы ўсіх глеб і палёў і ўмела гэтыя веды выкарыстоўваюць.

У Мінскай вобласці размешчаны возера Нарач і Нацыянальны парк "Нарачанскі", Бярэзінскі біясферны запаведнік, найвышэйшая кропка рэспублікі - гара Дзяржынская, а ў Салігорску – 20% сусветных запасаў калію. І гэта толькі невялікая частка прыродных рэсурсаў рэгіёна, заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

"Мінская вобласць сёння - адзін з лідараў у прамысловасці і сельскай гаспадарцы. А калісьці ж мы стаялі ў прамым сэнсе "на ростанях", выбіраючы свой шлях. Мы вызначаліся, куды і як ісці: развіваць прамысловасць, станавіцца аграрнай краінай або наогул распрадаць іншаземцам савецкую спадчыну і засяродзіцца, як тады гаварылі, на нейкіх паслугах, як я гаварыў, быць халуямі?  Вынікі нашага выбару сёння бачаць усе - мы самі, нашы сябры і непрыяцелі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён канстатаваў, што ў Беларусі высокапрадукцыйны АПК, развітая горназдабыўная прамысловасць, машынабудаванне сусветнага ўзроўню, мадэрнізаваная нафтаперапрацоўка і шмат іншага.

"Нічога не разбазарана, не страчана. Мы прымножылі спадчыну наймагутнейшага Савецкага Саюза, ператварыўшы гэты здабытак у нацыянальныя брэнды сучаснай Беларусі. Як нам гэта ўдалося? Дзякуючы людзям, якія жывуць на благаславеннай беларускай зямлі, іх мудрасці, цярпенню і, самае галоўнае, працавітасці, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Яна дапамагала нам выжываць у любое ліхалецце. Родная зямля заўсёды давала сілы, хлеб і ўпэўненасць у будучым. Поспехі краіны - гэта заўсёды калектыўная праца. Так было, так ёсць і так будзе. І наш важкі рэспубліканскі каравай-2024 - агульная заслуга ўсіх рэгіёнаў нашай Беларусі".

Але самы вялікі кавалак - больш за 2,5 млн т збожжавых і зернебабовых культур, кукурузы і рапсу - у гэтым годзе менавіта ў Мінскай вобласці. Тут вырасцілі чвэрць ад цяперашняга каравая. А калі параўноўваць з сярэдзінай 1990-х - гэта палавіна таго, што збіралі ўсёй Беларуссю.

Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых (разам з кукурузай) дасягнула амаль 44 ц/га. Гэта больш, чым у суседніх еўрапейскіх краінах. А лепшыя гаспадаркі рэгіёна - "Гастэлаўскае", "Сноў", "Грыцкевічы", "Пяцігор'е" - сабралі каля 100 ц з гектара і вышэй. Гэта ўжо ўзровень сусветных лідараў, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. "Як я гаварыў, вы ўмееце рабіць усё", - канстатаваў Прэзідэнт.

Завяршаюцца ўборка бульбы, кукурузы, нарыхтоўка кармоў. У тэрмін пасеяны азімыя культуры. Выдатна, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, паказаў сябе азімы ячмень - ураджайнасць 45 ц/га. "Павелічэнне яго пасяўных плошчаў у паўтара раза - правільны напрамак. Малайцы, што заняліся кукурузай. Высяваеце больш за ўсіх у краіне, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Добрая работа з кармамі адразу дае прадукцыйнасць у жывёлагадоўлі. Вы абяцаеце, што да канца года будзе надоена 7 тыс. кілаграмаў малака з кожнай каровы. Вельмі дастойны рэзультат".

"Але давайце будзем шчырыя: гэта, як часта гавораць, сярэдняя тэмпература. Вы здольны на большае. За спінамі лідараў мінскай "перапрацоўкі" (агракамбінат "Дзяржынскі", "Смалявічы Бройлер", "Велес-Міт" і іншыя) яшчэ хапае прадпрыемстваў, якім неабходна ўзяць на сябе, мякка кажучы, павышаныя абавязацельствы. Заданне для вобласці на бліжэйшы год - не менш за 3 млн т, а на працягу наступнай пяцігодкі ўстойліва выйсці на 3,5 млн т па збожжавых, зернебабовых, кукурузе і рапсе. Гэта рэальная для вас лічба", - упэўнены беларускі лідар.

Ён падкрэсліў, што агратэхніка і рацыёны кармоў у вобласці, дзе ёсць "Беларуськалій" і БНБК, павінны быць проста ўзорнымі.

У савецкі час Мінская вобласць двойчы была ўдастоена ордэна Леніна менавіта за аграрныя паказчыкі. А 250 яе ўраджэнцаў сталі Героямі Сацыялістычнай Працы, кожны трэці - за выдатныя поспехі менавіта ў сельскай гаспадарцы. "У нашай навейшай гісторыі на Міншчыне два Героі Беларусі. Спадзяюся, што залатая зорка яшчэ не раз заззяе на грудзях ураджэнцаў нашага цэнтральнага рэгіёна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, кропкі росту - у правільным кіраванні, укараненні інавацый, жалезнай тэхналагічнай і вытворчай дысцыпліне.

"Наглядны прыклад таго, як можна падысці да справы з розумам, - сады "Спартан-Агра" ў Маладзечне. Фермер - не сапернік, а партнёр для дзяржавы. Добрыя ініцыятывы трэба стымуляваць і даваць ім зялёнае святло. Мы павінны падтрымліваць эфектыўнага, дзяржаўнага прыватніка", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Але незалежна ад таго, дзяржаўнае гэта прадпрыемства ці прыватнае, якасць вышэй за ўсё. Менавіта ў гэтым была мэта абвяшчэння гэтага года Годам якасці. Але мы неяк расслабіліся, яшчэ не ўсё зрабілі. У 2025 годзе якасці будзе ўдзелена прыярытэтная ўвага. У гэтым залог як нашага эканамічнага росту, так і павышэння прэстыжу на сусветных рынках. А гэта грошы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт заклікаў кожнага на сваім месцы выкладвацца па максімуму. Тады, паводле яго слоў, і вынікі будуць высокімі.

"Тады ў нас заўсёды будуць магчымасці павышаць зарплаты і пенсіі, будаваць жыллё, дарогі і сацыяльныя аб'екты. Паглядзіце, ужо ж нямала зроблена ў сферы аховы здароўя, адукацыі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, культуры, спорту. Міншчына, напрыклад, стала першай вобласцю, дзе практычна ў кожным раёне ёсць свой басейн", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Некалі мы ўвялі сістэму мінімальных сацыяльных стандартаў. Сёння настаў час узняць іх на больш высокі, новы ўзровень", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што неабходна стварыць у райцэнтрах, аграгарадках, вёсках і пасёлках такія камфортныя ўмовы, каб людзі імкнуліся жыць, працаваць і гадаваць дзетак менавіта там. Каб туды ехалі з Мінска і вялікіх гарадоў. А не наадварот. "Нельга сцягваць людзей у два-тры гарады ў краіне, а тое і ў Мінск. Горкі вопыт нашых суседзяў сведчыць аб тым, што гэта катастрофа для тых, хто жыве, дапусцім, у Мінску або Маскве", - адзначыў Прэзідэнт.

"Трэба зрабіць так, каб нашы дзеці бегалі басанож па траве, дыхалі свежым паветрам, харчаваліся сваімі прадуктамі. І самае галоўнае, каб яны ў выніку гэтага не адрываліся ад роднай зямлі, не шукалі сваё шчасце недзе далёка. Каб нашы дзеці хацелі і маглі працаваць на сваёй зямлі. Калі мы закладзём у іх з дзяцінства вось гэта жывое, сапраўднае, такія правільныя каштоўнасці, можна быць спакойнымі і за лёс краіны", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

Завяршаючы сваё выступленне, за рамкамі афіцыёзу Аляксандр Лукашэнка вырашыў адказаць, як гэта часта бывае, на хвалюючыя грамадства пытанні. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яго ўдзел у "Дажынках" звязваюць (больш за ўсё пра гэта гавораць збеглыя) з правядзеннем выбарчай кампаніі.

"Запомніце: больш за ўсё я не хацеў бы, каб гэта кампанія пачыналася. Так, мы, як звычайна, па-беларуску, чыста, акуратна, на вачах усёй сусветнай супольнасці выберам свайго Прэзідэнта. Вы выбераце таго, хто гэтага заслугоўвае, з вашага пункту гледжання. Таму ніякай перадвыбарнай кампаніі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым ён звярнуў увагу, што нават калі і так, то ён мае на гэта поўнае права: "Але калі я лічу, што перадвыбарная кампанія, - маю на гэта права".

Прэзідэнта, паводле яго слоў, хвалюе цяпер зусім іншае: ён хоча падзякаваць беларусам за забеспячэнне харчовай бяспекі.

"Як Прэзідэнт краіны, не чужы вам чалавек я вырашыў праехаць у гэтым годзе па ўсіх мерапрыемствах, звязаных не толькі з "Дажынкамі". Мяне хвалюе іншае, па-чалавечы вам скажу. У жыцці ўсякае бывае: можа, мне як Прэзідэнту і не давядзецца, не будзе магчымасці прыехаць да вас, вяскоўцаў, з якімі я заўсёды быў на адной хвалі, як у народзе кажуць. Да вас, людзей, якія ніколі не здраджвалі мне. Якія зрабілі неймавернае для краіны. Успомніце: на заранку нашага юнацтва нам паесці не было чаго. Адзінае, чаго хапала, - талонаў, а на гэтыя талоны не ўсё купіш. Сёння вы выканалі галоўнае патрабаванне - забяспечылі харчовую бяспеку нашай краіны", - заявіў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, некалькі дзесяцігоддзяў таму складана было ўявіць, што беларусы будуць пастаўляць сваю прадукцыю і ўгнаенні ў больш як 100 краін. "Мы гэта зрабілі. Вы гэта зрабілі. Дык абавязаны я вам падзякаваць за гэта? Абавязаны. Вось тая мэта, якую я стаўлю перад сабой, наведваючы кожны рэгіён для таго, каб убачыць вас. І ад усёй душы падзякаваць вам за той подзвіг, які вы здзейснілі, - прызнаўся Кіраўнік дзяржавы. - Вы павінны ведаць, што ў будучым мы будзем рабіць усё для таго, каб сялянам было лепш. Я ведаю і пра дарогі, і пра жыллё і іншае. Цэлыя праграмы сёння ўжо апрабаваны на практыцы для таго, каб вырашыць гэтыя пытанні для нашых сялян. Для нашых ветэранаў, пенсіянераў мы зробім так, выпрацуем такія сістэмы, каб не быў ніхто абдзелены, каб старыя сябе не адчувалі чужымі ў той дзяржаве, якую яны стварылі ўласнымі рукамі".

"Вось і ўся канспіралогія: я прыехаў да вас, у іншыя рэгіёны, каб нізка пакланіцца вам за тую працу, за той подзвіг, за патрыятызм і адданасць, якія вы выдалі на-гара за гэтыя дзесяцігоддзі", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт у час удзелу ў фестывалі-кірмашы "Дажынкі-2024" у Валожыне ўзнагародзіў лепшых аграрыяў Мінскай вобласці.

"Ад усяго сэрца дзякую ўсім, хто працаваў на палях і жывёлагадоўчых комплексах, у садах, на перапрацоўчых аграпрамысловых прадпрыемствах. Сёння са сцэны "Дажынак" я запэўніваю, што Беларусь, якая пастаўляе прадукты харчавання ў больш як 100 краін свету, прадоўжыць рабіць усё, каб і у іншых народаў былі смачныя, якасныя беларускія прадукты і высокія ўраджаі. Мы гэта ўжо робім", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ордэн Пашаны ад Кіраўніка дзяржавы атрымаў дырэктар філіяла "Астрашыцкі Гарадок" агракамбіната "Дзяржынскі" Аляксандр Юргевіч.

Медалём "За працоўныя заслугі" Прэзідэнт узнагародзіў галоўнага ветэрынарнага ўрача ААТ "Смалявіцкі райаграсэрвіс" Максіма Гаркавенку, галоўнага агранома сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва "Агракамбінат Сноў" Нясвіжскага раёна Аляксандра Шаманава, начальніка цэха малочнай прадукцыі Мінскага малочнага завода № 1 Святлану Васілеўскую, трактарыста-машыніста Барысаўскага камбіната хлебапрадуктаў Віктара Кляшчонка, лабаранта хімічнага аналізу вытворчай лабараторыі Слуцкага сыраробнага камбіната Сняжану Сініцыну і галоўнага эканаміста КСУП "Пяршаі-2014" Алену Скрундзь.

Нагрудны знак да ганаровага звання "Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь" Аляксандр Лукашэнка ўручыў дырэктару ААТ "Крутагор'е-Петкавічы" Юрыю Клімашу.

Спецыяльныя лісты аб аб'яўленні Падзякі Прэзідэнта атрымалі кіраўнік сялянскай гаспадаркі "Спартан-Агра" Маладзечанскага раёна Ігар Абрамчык, аператар машыннага даення ААТ "Кляновічы" Алена Авяр'янава, вадзіцель ААТ "Літвяны-Агра" Аляксандр Дземух, спецыяліст мяса-тлушчавага ўчастка Стаўбцоўскага мясакансервавага камбіната Мікалай Душэўскі, трактарыст-машыніст ТАА "Шапчыцы-Агра" Міхаіл Жукавец, галоўны заатэхнік ААТ "Нястанавічы-Агра" Шака Кейта, галоўны заатэхнік ААТ "Краснадворцы" Вольга Швед.

Падзякі Прэзідэнта ўдастоены працаўнікі аграпрамысловага комплексу Смалявіцкага раёна, калектыў гаспадаркі "Усход" і аграрыі Мінскай вобласці. Ад кіраўніка дзяржавы яны атрымалі дадатковыя падарункі: Смалявіцкі раён і "Усход" абзавядуцца новымі трактарамі BELARUS, а вось Мінскай вобласці дастаўся грашовы сертыфікат.

Аляксандр Лукашэнка таксама не застаўся без падарунка: яму ўручылі традыцыйны святочны каравай ад хлебаробаў Мінскай вобласці.

"Міншчына заўсёды выконвае вашы даручэнні. У бягучым годзе, вы сказалі, Міншчына павінна падставіць плячо ўсёй краіне. І мы ваша даручэнне выканалі. У цэлым мы атрымаем ураджай 2,8 млн т культур. Але мы разумеем, што нам ёсць куды імкнуцца", - сказаў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын.

Свой падарунак Прэзідэнту ўручылі і жыхары Валожынскага раёна - макет бацькоўскага дома, выкананы з будаўнічых матэрыялаў і паперы. Унутры дома ўстаноўлены электрычныя лямпачкі, якія працуюць ад акумулятараў. Аўтарам работы стала педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ірына Згірская.

"Яшчэ раз дзякуй вам за цярпенне, за працу. За тую дапамогу і падтрымку, якую вы заўсёды аказвалі не толькі мне, але і краіне. У перадвыбарны перыяд усе здаюць экзамен. Некалі я прыдумаў добрую формулу: не толькі дзеючы Прэзідэнт, але ўсе мы перад нашым народам здаём экзамен. Ды што там перад нашым народам: сёння засяроджана ўсё на Беларусі. Паверце, усё на Беларусі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Учора (у пятніцу, 18 кастрычніка. - Заўвага) у мяне быў непублічны дзень, але вельмі цяжкі. Вельмі складаныя, цяжкія, але цікавыя перагаворы з прадстаўнікамі заходніх дзяржаў. І я, размаўляючы з імі, зразумеў, наколькі яны ўважліва назіраюць за намі. Наколькі прыдзірліва яны шукаюць, вывучаюць нашы памылкі і нашы поспехі. І калі няма сродкаў масавай інфармацыі, яны гавораць шчыра і адкрыта, - расказаў Кіраўнік дзяржавы. - Вы ведаеце (а найбагацейшыя краіны былі прадстаўлены), яны нам зайздросцяць. Зайздросцяць таму, што мы ўмеем працаваць, жыць, святкаваць. Што мы, невялікая па мерках краіна, знайшлі свой шлях развіцця і дастойна па ім прайшлі".

Прэзідэнт таксама адзначыў, што цяпер у краіне праходзіць шмат розных мерапрыемстваў, у іх ліку і "Марафон адзінства". Аляксандр Лукашэнка параўноўваў гэты фестываль з "Дажынкамі", толькі для прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі: "У нашых творчых людзей таксама цяпер "уборка", як я ім кажу: вы павінны парадаваць нашых людзей. Яны гэта робяць дастойна".

"Я папрасіў творчых работнікаў, дзяржслужачых гэта вялікае дзейства правесці па краіне, паказаць, што не толькі рабочыя, сяляне, але і творчыя людзі дастойны нашай працы - рабочых і сялян. Такіх мерапрыемстваў будзе шмат", - анансаваў Кіраўнік дзяржавы.

Напрыклад, такое свята рыхтуюць і беларускія спартсмены. Яго таксама плануюць паказаць усёй краіне. І справа тут не ў электаральным перыядзе, растлумачыў Прэзідэнт. "Жыццё такое: ад пасяўной да ўборкі. Не паспеем азірнуцца - праляціць гэта восень, пройдзе зіма, і нам зноў трэба выязджаць у поле, хоць мы адтуль і не выходзім нават зімой", - сказаў ён.

"У нас ёсць усё. Нават калі чагосьці няма, мы гэта купім. Галоўнае - здароўе. Здароўя вам, вашым дзеткам, вашым родным і блізкім", - падагульніў беларускі лідар.