Урачыстыя мерапрыемствы ў гонар Дня Перамогі

  • 48
  • 4

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па традыцыі 9 мая прыняў удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах у гонар Дня Перамогі.

Кіраўнік дзяржавы ў Мінску ўсклаў вянок да манумента Перамогі.

Разам з Аляксандрам Лукашэнкам былі яго трое сыноў.

Да помніка таксама пакладзены вянкі і кветкі ад прадстаўнікоў структур дзяржкіравання, Нацыянальнага сходу, судовага корпуса, сілавых структур, грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый, дыпламатычнага корпуса, ветэранаў, духавенства.

Выступленне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі на цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі ў гонар 77-й гадавіны Вялікай Перамогі:

Паважаныя ветэраны!

Дарагія суайчыннікі і госці Беларусі!

Чыста па-чалавечы хачу спачатку звярнуцца да вас і падзякаваць усім, хто прыйшоў на гэту свяшчэнную плошчу. Яны там павінны бачыць і ведаць, што мы не забылі, што Беларусь памятае. І пакуль мы прыходзім сюды разам са сваімі дзецьмі - гэта сведчыць, што Беларусь будзе памятаць заўсёды.

Віншую вас з Днём Вялікай Перамогі. Перамогі, якая захавала беларускую нацыю і прадвызначыла шлях развіцця ўсіх пакаленняў беларусаў, стала неад'емнай часткай агульнай нацыянальнай ідэі. 

І сёння ля свяшчэннага Вечнага агню мы схіляемся перад нашымі ветэранамі, аддаём даніну памяці тым, хто загінуў, абараняючы наша права жыць. Жыць свабодна на роднай зямлі і ў сваёй дзяржаве.

Мы памятаем усіх, хто да апошняга патрона стрымліваў ворага на граніцы і ля Брэсцкай крэпасці, пад Мінскам і Магілёвам, хто быў закатаваны ў засценках гестапа, хто згарэў у Хатыні, Дальве і Трасцянцы. Усіх, чыёй крывёй прасякнута кожная пядзя нашай беларускай зямлі. 

Гора і смерць прынеслі свету гітлераўскія каты. Нас, беларусаў, рускіх, украінцаў, яны хацелі сцерці з зямлі, а  заадно з намі яўрэяў, цыган, татараў і, на іх думку, іншых "недачалавекаў". 

Мільёны жыццяў паклала на алтар Перамогі наша вялікая агульная радзіма - Савецкі Саюз. 

І восемдзясят мінулых гадоў не заглушылі гэты боль. 

Гонар і слава пераможцам!

Вечная слава загінулым!

(Мінута маўчання)

Дарагія сябры!

Мы, беларусы, брацкія нам народы, памятаем і разумеем значэнне сённяшняга дня Вялікай Перамогі не толькі ў сваім жыцці, але і ў лёсе свету. Мы даражым гэтай старонкай гісторыі, захоўваем у сэрцы боль аб стратах і гонар за нашых слаўных пераможцаў. 

Мы проста не маем права і не можам гэта забыць. Таму, звяртаючыся да сучасных пакаленняў, я перш за ўсё адрасую сваё пасланне тым, хто жыве ў тумане хлусні і падману, хто пазбаўлены магчымасці вывучаць праўдзівую гісторыю Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны ў школах. Там, на чыіх вуліцах усё мацней гучаць лозунгі маршыруючых ветэранаў СС і неафашыстаў. Я адрасую гэта пасланне ад імя беларускага народа тым, хто Дзень Перамогі аб'явіў па-за законам, хто разбурае помнікі загінулым вызваліцелям і перш за ўсё савецкаму салдату.

Ведаючы і разумеючы месца Беларусі і сваё месца ў сістэме каардынат цяперашняй планеты, я тым не менш, як прадстаўнік народа-пераможцы, звяртаюся да народаў краін Захаду. Падкрэсліваю: мой сённяшні зварот да вас, людзей такіх жа, як і мы, краін Захаду. Вашы палітыкі зрабілі вельмі многае, каб вы забылі, каму свет абавязаны вызваленнем ад фашызму. 

Сёння не многія з людзей, якія жывуць за межамі Беларусі і Расіі, ведаюць, што Другую сусветную вайну выйграў савецкі салдат, Савецкі Саюз. Што другі фронт, аб якім сёння шмат гавораць на Захадзе, адкрылі толькі летам 1944 года мінулага стагоддзя, тады, калі перамога СССР стала відавочнай. Якім бы дзіўным гэта ні здавалася, але ў перамаганосным наступе Чырвонай арміі, які прывёў да разгрому фашысцкай Германіі, цяперашнія ўладары свету тады ўбачылі пагрозу. Таму імі адразу быў узяты курс на ачарненне і дэманізацыю Савецкага Саюза і славянскага свету.

Хоць пасля пераможнага мая Савецкі Саюз, ЗША і іншыя пераможцы разам, аднагалосна вынеслі прыгавор нацызму ў Нюрнбергу ў ходзе трыбунала над ваеннымі злачынцамі. І ўсе былі ўпэўнены, што бесчалавечная ідэалогія расавай перавагі раздаўлена і што яе чорны цень ніколі больш не ўзнікне над нашай планетай. 

Але што бачым сёння? Сярэдневяковая барацьба за тэрыторыі і рэсурсы прадаўжаецца. Толькі на змену крыжовым паходам прыйшла экспансія замежных фондаў. Тую ж агрэсію назіраем цяпер пад лозунгамі захавання правоў чалавека і нейкага ўстойлівага развіцця краін. Але на самай справе палітыкі Захаду не хочуць прызнаваць тое, што мільярды людзей на Зямлі стагоддзямі жывуць па сваіх законах. А каб стварыць свет па свайму вобразу і падабенству, яны спрабуюць аслабіць тых, хто жыве і думае інакш.

Звяртаючыся сёння да народаў Захаду, хачу сказаць: ну вы ж не настолькі сляпыя, каб не разумець усе жахлівыя наступствы праваленых спроб сілавога пераўладкавання Лівіі, Ірака, Сірыі, Афганістана і іншых краін. Гэта ўсё было на нашай памяці. Пераўладкавалі? Дэмакратыя пад крылом натаўскіх самалётаў пакінула народам гэтых краін толькі боль і пакуты, ахвяры і разбурэнні, эканамічны хаос і ўсякую адсутнасць перспектыў. І ніякі марыянетачны ўрад, які вы прывялі там да ўлады, не здольны зрабіць квітнеючы аазіс. Я хачу, каб вы, народы Захаду, простыя людзі ў Парыжы і Берліне, Варшаве і Нью-Ёрку, Бруселі, Амстэрдаме, якія жывуць марамі аб зелянеючай Сахары, планамі выратавання лясоў Амазоніі і накормленых дзецях Афрыкі, ведалі, што вашы грошы, вельмі шмат вашых грошай траціцца на самы звычайны генацыд. Ніякую Сахару вы не ратуеце, ніякія лясы вы не ратуеце і дзяцей вы не накармілі. Вас выкарыстоўвалі ўсляпую - у Югаславіі, Лівіі, Іраку, Афганістане, а цяпер нашай Украіне.

Паслядоўнікі нацыстаў апанаваны ідэяй рэваншу. Але адкрыта змагацца з наследнікамі савецкага народа не гатовы. Добра засвоілі ўрокі, відаць, таму напаўняюць Украіну зброяй, ваююць з мемарыяламі, сімваламі, ветэранамі, вязнямі канцлагераў і нават іх сем'ямі. 

У самым страшным сне немагчыма было ўявіць, што там, у гэтай брацкай нам краіне, якая цудам выжыла пад ботам фашысцкіх акупантаў, нацызм зноў падніме галаву. І гэта вашы заходнія эліты ўзгадавалі гэтага монстра, зверглі законную ўладу, узброілі да зубоў наваяўленых памагатых Бандэры і Шухевіча, зрабілі нацызм дзяржаўнай ідэалогіяй, сутыкнулі братоў украінцаў і расіян.

Безразважныя палітыкі Еўропы перш за ўсё не разумеюць, што, выкарыстоўваючы сёння фашызм, нацызм ва Украіне, яны заўтра будуць змагацца супраць яго, таму што ён не можа быць замкнёны граніцамі адной краіны. Ён заўтра захлісне ўсю Еўропу. Хацелася, каб і ўкраінцы, якія паддаліся гэтаму, разумелі, што сёння яны героі, з іх робяць герояў, а заўтра іх будуць знішчаць, таму што нацызм у Еўропе не патрэбны. У тых заходніх краінах хочуць, каб нацызм быў у нас, каб мы раздзіраліся ў супярэчнасцях, каб мы пакутавалі. 

Я думаю, Захаду трэба над гэтым тэзісам падумаць, а Украіне трэба падумаць над тым, каб не давялося звяртацца да нас, каб выратаваць цэласнасць і адзінства ўкраінскай дзяржавы. Там падзялілі ўжо Украіну на часткі. Там ужо думаюць, які кавалак адарваць сабе. І вы іх ведаеце.

На шматпакутнай зямлі сёння грымяць выбухі і гінуць людзі. Так званыя нацбаты знішчаюць свой народ па этнічнай прыкмеце. Але агрэсарам калектыўны Захад называе Маскву і Мінск. Таму і спрабуе выкрасліць з гісторыі нашу культуру, рускую культуру, мову і шматвяковыя традыцыі. Але ж гэта наша спадчына. І нядзіўна, што мы, беларусы, падзяляем разам з расіянамі цяжар незаконных санкцый і абмежаванняў, ад якіх вам, простым еўрапейцам і амерыканцам, будзе нанесены большы ўрон, чым нам. Вы гэта ўжо адчулі, але гэта толькі пачатак.

Там, за мяжой, нікога не хвалюе тое, што беларуская армія не ваюе. Ігнаруецца тое, што мы зрабілі для найхутчэйшага спынення баявых дзеянняў у свой час, ды і цяпер стараемся паводзіць сябе такім чынам.

Мы - мірныя людзі, але нават не спрабуйце з намі размаўляць з пазіцыі сілы. Вашы мары загнаць славян у новае рабства, якое вы называеце глабалізмам, няздзейсныя. Але нічога не змянілася. Беларусь па-ранейшаму стаіць як нязломная Брэсцкая крэпасць на шляху любога ворага. Усе спробы задушыць робяць нас толькі мацнейшымі і натхняюць іншых. Таму што на беларусаў, расіян, якія зноў вядуць барацьбу з гэтым злом сусветным, глядзяць мільярды людзей. 

Кітай, Індыя, краіны Лацінскай Амерыкі, Афрыкі, арабскія дзяржавы. Ад амерыканскага націску стаміліся ўсе!

Упэўнены, што і вы, простыя грамадзяне, як і большасць насельніцтва планеты выступаеце за новы, справядлівы свет без дыскрымінацыі і санкцый, у якім усе народы свабодныя і раўнапраўныя, а пытанні і праблемы вырашаюцца шляхам дыялогу. Але вашы ўлады ніколі не скажуць вам праўду. Брытанскія, французскія,  амерыканскія сродкі масавай інфармацыі прадаўжаюць нацкоўваць сваю аўдыторыю на Расію і Беларусь. Фарміруюць у свядомасці лжывы вобраз агрэсара. Ім трэба нарэшце разабрацца з нашым адзінствам, апошняй апорай нашай цывілізацыі.

Даходзіць да абсурду, калі вам забараняюць думаць, што першым чалавекам у космасе быў савецкі грамадзянін, забараняюць творы сусветна вядомых рускіх класікаў. Ці не час пачуць адзін аднаго і спыніцца? Ніхто ж з вас не хоча вайны. Але еўрапейскія сталіцы зрабілі ўсё, каб яна адбылася. Цяпер ужо ні для каго не сакрэт, што ўвесь заходні свет ваюе супраць Расіі ва Украіне. А нас папракаюць у тым, што мы падтрымліваем Расію. Абдумайцеся. Ні юрыдычна, ні маральнага права беларусы не маюць не падтрымліваць Расію. Мы заўсёды былі разам, мы заўсёды былі адзіныя. І што б вы ні рабілі, якія б стрэлы ні кідалі ў наш бок, у вас не атрымаецца нас разарваць на кавалкі і раз'яднаць.

Не патрэбны ніякія рэзалюцыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, каб зразумець, што калі ты пастаўляеш каму-небудзь зброю, прадаеш або проста дорыш, як цяпер ва Украіне, калі ты натоўпамі туды пастаўляеш наёмнікаў, падтрымліваеш яго ў гэтай гібрыднай інфармацыйнай вайне, то ты далёка не пабочны наглядальнік. І не трэба пераводзіць стрэлкі на нас. Амаль 50 дзяржаў згуртаваліся сёння на Захадзе супраць адной Расіі. Таму нас папракаць не трэба, таму што мы адны з Расіяй. Нас не 50. 

Паглядзіце на сваю палітыку і падумайце, што будзе заўтра. Хачу, каб усе мяне яшчэ раз на Захадзе пачулі.  Беларусы не агрэсары, але застаючыся саюзнікам і стратэгічным партнёрам брацкай Расіі, мы будзем яе ўсяляк падтрымліваць. Нас аб'ядноўваюць і натхняюць прыклады герояў мінулага, адказнасць перад нашымі дзецьмі і Вялікая Перамога, якую мы ніколі нікому не аддадзім. У сувязі з гэтым хачу сказаць: пакіньце нас у спакоі, не чапайце нашу святую зямлю, занадта глыбока яна прасякнута крывёй продкаў. І нашы магілы ў вашай зямлі не трывожце, не па-чалавечы гэта, не па-людску.

Я нешта не бачу ўсіх заходніх паслоў тут, якія прыходзілі ў Хатынь, Трасцянец, мяне прасілі, каб я іх там сустрэў,  якія былі на гэтай плошчы. Дзе вы? Чаму не прыйшлі памаліцца і пакаяцца? Вось ваш твар, вось ваша нутро. Я ў Хатыні аб гэтым гаварыў, я ведаў, што так будзе. Вы тады гуляліся з намі, дагуляліся да таго, што давялі да фашызму, і цяпер прадаўжаеце сваю бязглуздую, неразумную палітыку. Спыніцеся і адмоўцеся ад яе пакуль не позна. Прызнайце ўжо нарэшце права нам самім вызначаць, як дружыць з нашай Расіяй, з нашай Украінай.  Дружыць не супраць вас. Ад такой дружбы не будзе бяды ні Польшчы, ні Літве, ні Латвіі, ні Германіі з Францыяй. Усім будзе толькі добра ад гэтай дружбы. Гэта датычыцца паставак сыравіны, энерганосьбітаў, транзіту тавараў, а іншых шляхоў, больш кароткіх і надзейных, няма, таму што мы суседзі, якіх не выбіраюць, якія ад Бога. Таму задумайцеся: свет, дзе паважаюць інтарэсы ўсіх і кожнага, больш надзейны за імгненныя рашэнні аб уступленні ў НАТА або аб будаўніцтве пасярод Еўропы агароджы цераз тысячагадовы лес Белавежскай пушчы. 

І дзе ж вы, абаронцы прыроды? Што ж вы заглухлі? Чаму вы не едзеце туды ратаваць жывёл, якія стагоддзямі жылі і не бачылі граніц? Дзе вы? Вы крывадушныя нягоднікі. Вы баіцеся, вы баіцеся пусціць туды людзей, таму што яны ўбачаць дзясяткі, а можа, сотні магіл загінулых людзей, якія ішлі да вас на ваш покліч зусім нядаўна праз нашу граніцу. Вы іх хапалі, забівалі і закопвалі на тым месцы ў лесе. Задумайцеся! Задумайцеся і яшчэ раз падумайце: Беларусь прапануе вам стварыць такі свет разам, па-суседску, але для гэтага вы павінны перастаць як мінімум вучыць нас жыццю. Добра паразважайце над гэтым. Падумайце аб тым, як звярнуць увагу сваіх кіраўнікоў на сапраўды важныя для будучага планеты пытанні.

Вельмі хацеў бы, каб мае думкі былі пачуты далёка за межамі Беларусі, там, перш за ўсё на Захадзе. Думаю, у нашага Міністэрства замежных спраў дастаткова магчымасцей зрабіць гэта.

І вяртаючыся да сённяшняй тэмы, мне асабліва прыемна бачыць на плошчы тысячы маладых, энергічных і таленавітых беларусаў. Гледзячы ў іх ясныя, разумныя вочы, я бачу, што вялікі подзвіг народа і памяць аб ім будуць жыць у вяках.

Дарагія сябры!

Прабачце за гэты зноў жа нефармат. Здаецца, свята, але, пагадзіцеся, вялікае, найвялікшае свята з прысмакам гора і смутку. Не хацелася б, каб гэта паўтарылася. Але вы павінны памятаць: гэта наша перамога. Мы яе проста не павінны нікому аддаць. Гэта наш найвялікшы здабытак, здабытак не толькі беларусаў, але ўсіх народаў Савецкага Саюза, руху Супраціўлення на Захадзе, усіх людзей, у тым ліку амерыканцаў, англічан, немцаў, якія ваявалі супраць фашызму. Давайце гэта цаніць.

Віншую вас з адным з самых галоўных нашых свят. 

Жадаю героям-ветэранам здароўя і даўгалецця, а ўсім беларусам - міру і дабрабыту. Каб над намі заўсёды было такое светлае блакітнае неба і яркае святочнае сонца.

Няхай жыве і працвітае наша чыстая, светлая, цудоўная мірная Белая Русь. 

Няхай праз вякі захоўваецца памяць пра воінаў-пераможцаў. 

З Днём Перамогі!

Традыцыйна ў час святкавання 9 Мая на плошчы Перамогі гучаў беларускі гімн, развяваліся дзяржаўныя сцягі і пад залпы артылерыйскага салюту ў неба ўзнімаліся сотні паветраных шароў. Новым яркім элементам урачыстасці стаў патрыятычны флэшмоб "Хор пакаленняў" і прэм'ера песні "Пакінуць след" групы "Аўра".

Прэзідэнт пасля ўрачыстага мерапрыемства цёпла пагутарыў з ветэранамі. Нягледзячы на старыя гады, прадстаўнікі пакалення пераможцаў сустракалі Прэзідэнта, які падышоў, стоячы. Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу прывітаў іх і настойліва прасіў зноў прысесці на крэслы. Зрэшты, і тут ветэраны праявілі стойкасць. "Зусім развучыліся загады выконваць, - з гумарам заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Прысаджвайцеся. Дзякуй вам!"

Словы ўдзячнасці ў час размовы беларускага лідара з ветэранамі гучалі яшчэ не раз, таксама як і пажаданні доўгіх гадоў жыцця. "Ну што, мне зноў паўтарыць загад: жыць, жыць і доўга жыць! Без вас будзе вельмі цяжка, няпроста. Вы ж бачыце. Але вы не перажывайце, мы вас не зняславім. Дзякуй вам за ўсё! Мы вам абавязаны! Жыць і толькі жыць! Больш нічога. Вы ўжо сваю справу зрабілі. Таму жывіце", - пажадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама вітаў прадстаўнікоў дыпкорпуса, якія прыйшлі на свята: "Дзякуй, што прыйшлі. Ёсць сапраўдныя паслы, якія нічога не баяцца: ні кавіду, ні канфліктаў, ні войнаў, ні накатаў якіх-небудзь".

Кіраўнік дзяржавы цёпла прывітаў і іншых удзельнікаў мерапрыемства, выказаў словы ўдзячнасці артыстам, якія ўпрыгожылі свята сваёй творчасцю.

Аляксандр Лукашэнка таксама адказаў на пытанні журналістаў.

Кіраўніка дзяржавы спыталі аб эканамічным генацыдзе, які заходнія краіны фактычна развязалі супраць Беларусі, і аб тым, ці атрымліваецца неяк пераадольваць гэты націск. "Не неяк атрымліваецца, а атрымліваецца ўсё", - адказаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, усё, што вырабляецца ў Беларусі, запатрабавана на рынках. "Толькі непаваротлівасць, шарлатанства, халатнасць могуць прывесці да таго, што ў нас будзе дрэнна", - звярнуў увагу беларускі лідар.

У якасці пазітыўнага фактару Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў краіне была захавана вытворчасць ключавых тавараў, у тым ліку масавага спажывання, і, вядома, прадуктаў харчавання. І гэта ў той час, калі ў свеце востра адчуваецца дэфіцыт прадуктаў харчавання. "Ужо Гутэрыш заявіў: адкрывайце неадкладна Беларусь і Расію, таму што без мінеральных угнаенняў прадуктаў харчавання ж не будзе, людзі памруць з голаду", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Паліва? Рынуў увесь заходні люд да нас з каністрамі, з бочачкамі, каструлямі, каб заправіць аўтамабілі і з сабой нешта павезці, - вобразна выказаўся Прэзідэнт. - Гэта толькі пачатак".

"Толькі наша бязладнасць і толькі наша непаваротлівасць могуць прывесці да таго, што ў нас будзе дрэнна. Так, санкцыі не цукар. Не толькі маральна, але і эканамічна, юрыдычна. Але мы вытрымаем. Гэта нас і загартоўвае, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Не перажывайце, выжывем. І не проста выжывем - нармальна выжывем".

Прадстаўніца Літвы падзякавала за тое, што беларускі бок адкрыў граніцы: "Простыя людзі едуць, мы нешта ў вас набываем. Тыя ж самыя ўгнаенні. Едуць людзі, у якіх зарплата маленькая. Вязуць паліва".

"Арганізуйцеся і скажыце, у які пункт на граніцу вам прывезці ўгнаенні, крупы, соль і іншае. Мы гэта зробім. Таму што Літва - гэта міралюбныя, добрыя, прыстойныя людзі. Такія, як беларусы. А вось гэтыя ўсе вашы Ландсбергісы, Лінкявічусы і іншыя - гэта пена. Яна схлыне. Гэта вар'яты. Ну хіба можна рабіць так, як горш уласнай краіне і свайму народу?! Ну хочаце вы з намі ваяваць эканамічна, ваюйце. Але навошта свайму народу дрэнна рабіць?! Гэта вар'яты, якія жыцця не ведаюць. Ім добра, яны не пакутуюць. Паліва ў іх ёсць і газ, за якія яны не плацяць. Пакутуюць звычайныя людзі", - адрэагаваў Аляксандр Лукашэнка.

"Да чаго дайшлі: там, дзе чарнобыльцаў мы аздараўлялі - санаторыі нашы ў Латвіі і Літве - канфіскоўваць сабраліся. Ну, калі збяднелі да такой ступені, забірайце. Але толькі ведайце, што ў гэтага працэсу два канцы. Вы ўдарыце адным нас - атрымаеце бумерангам з іншага боку", - папярэдзіў беларускі лідар.

Прадстаўніца Літвы таксама павіншавала беларускі народ ад імя ўсіх разважных людзей у гэтай краіне, у тым ліку ад імя асуджанага на 6 гадоў палітыка Альгірдаса Палецкіса.

"Апора дэмакратыі. А ад нас патрабуюць: "Вы там палітзняволеных..." Пасадзілі чалавека ні за што на 6 гадоў. Вось і ўся дэмакратыя", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

"Дзякуй вам за тое, што вы ёсць, і за тое, што ў Літве яшчэ ёсць людзі, якія могуць адкрыта гаварыць. Мы ведаем, мы не змешваем літоўскі народ з гэтымі Ландсбергісамі", - дадаў Прэзідэнт.

Кіраўніку дзяржавы было зададзена пытанне наконт таго, што апошнім часам у інтэрнэце з'яўляецца інфармацыя, што Польшча вось-вось нападзе на Беларусь, праводзіць на сваёй тэрыторыі маштабныя ваенныя вучэнні.

"Няхай паспрабуюць. Мы тут рогі абломлівалі не такім. Таму калі яны хочуць паспрабаваць, калі ласка. Нас гэта таксама і мяне насцярожвае. Было 3 тыс. чалавек, сёння падцягнулі ў Польшчу і Літву, халуям гэтым, 32 тыс. Кажуць, пад 40 тыс. ужо. Мы вельмі ўважліва назіраем за сітуацыяй. Я заўсёды ваенным гаварыў: мы нічога не павінны празяваць. 1941 года паўтарыць мы не павінны. Таму мы адкажам", - сказаў Прэзідэнт.

"Мы заўсёды разумелі, што наша армія супраць НАТА (гэта махіна)... Але не трэба забываць, што ззаду Расія - ядзерная дзяржава. І ў нас адпаведны дагавор. І на гэту тэму мы размаўляем вельмі часта апошнім часам з Прэзідэнтам Расіі", - заявіў беларускі лідар.

Ён таксама падкрэсліў, што немагчыма перамагчы народ, які ваюе на сваёй зямлі, за сваю тэрыторыю, за свае сем'і і дзяцей.

"І потым, напэўна, яны неяк хочуць яшчэ ад Украіны адцягнуць і нас, і Расію. Дурні поўныя, якія займаюцца піяраўшчынай, але не ведаюць, чым жыве звычайны польскі, літоўскі, нямецкі салдат. Нікому не патрэбна вайна, і перш за ўсё салдатам. А калі салдатам вайна не патрэбна, значыць, яе не будзе", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.

Адказваючы на пытанні журналістаў, Прэзідэнт расказаў, што для яго асабіста азначае быць патрыётам: "Быць патрыётам сваёй краіны - гэта трэба жыць у сваёй краіне, любіць яе і рабіць усё для працвітання гэтай краіны, як банальна гэта ні гучала б".

Што датычыцца выхавання патрыятызму, то Аляксандр Лукашэнка перакананы, што такія святы, як Дзень Перамогі, безумоўна, дапамагаюць выхаваць маладое пакаленне на прынцыпах патрыятызму. "Гэта нас шмат у чым трымае. Ужо вырасла не адно пакаленне, а чатыры, і гэта (памяць аб Вялікай Перамозе. - Заўвага) сцерці не ўдаецца", - канстатаваў беларускі лідар.

Ён шчыра прызнаўся, што для яго з эмацыянальнага пункту гледжання ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, - цяжкая, напружаная работа. "Але я ганаруся, што яна ёсць, таму што яна самая патрэбная і карысная работа", - растлумачыў Прэзідэнт.

Асаблівую ўвагу Кіраўнік дзяржавы звярнуў на значную колькасць удзельнікаў мерапрыемства на плошчы Перамогі. "Я назіраў за велізарным акіянам людзей і думаў аб тым, што тут не толькі наша слова і выхаванне (адыгралі сваю ролю і падахвоцілі людзей прыйсці на святочнае шэсце. - Заўвага). Людзі мы такія, славяне, - пакуль нас не дзеўбануць, мы ходзім расслабленыя, дабрадушныя, усё ў нас добра. І трэба было нас узварухнуць, каб вось гэты акіян людзей выліўся на вуліцы", - сказаў Прэзідэнт.

Ён падзякаваў усім, хто мае дачыненне да арганізацыі святочнага мерапрыемства на плошчы Перамогі, а таксама ўсім яго ўдзельнікам у Мінску і ўдзельнікам аналагічных мерапрыемстваў па ўсёй краіне. "Не засталося, напэўна, ні аднаго чалавека, які не выйшаў бы для таго, каб падзякаваць таму пакаленню, якое прынесла нам Перамогу. Дзякуй усім за тое, што памятаеце і прыходзіце", - заявіў беларускі лідар.