Урачысты рытуал ушаноўвання дзяржаўных сімвалаў

  • 21
  • 32:31

Выступленне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў час урачыстага рытуалу ўшаноўвання дзяржаўных сімвалаў

Дарагія сябры, дарагія суайчыннікі!

Фармат гэтага мерапрыемства не прадугледжвае адступлення ад афіцыёзу. Але тым не менш я дазволю сабе сказаць і некалькі неафіцыйных сказаў.

Чаму сёння на ўзроўні Прэзідэнта мы праводзім гэта знакавае мерапрыемства?

Адказ просты: мы перажылі з вамі 2020 год, мы ўбачылі розныя колеры, розныя сцягі ў гэты перыяд. З аднаго боку, дрэнна, з іншага, добра, што мы ўбачылі гэтыя сцягі і, галоўнае, тых, хто быў за гэтымі сцягамі.

Па-другое, зусім нядаўна на рэферэндуме мы прынялі новую Канстытуцыю краіны. Герб, сцяг - неад'емная частка гэтай Канстытуцыі.

Таму сёння знакавы дзень, дзень асаблівы, які дае старт новаму дыханню гэтай добрай традыцыі, якая народжана ў нетрах нашай новай гісторыі.

Паважаныя сябры!

Сімвалы, якія ўвасабляюць наш суверэнітэт і нацыянальнае адзінства, перад намі.

Яны народжаны ў нетрах народнай культуры ў эпоху глабальных узрушэнняў і ломкі сусветнага парадку.

З гэтымі сімваламі нарадзіліся і выраслі пакаленні людзей, звязаных гістарычнай памяццю, якая і сёння, у самыя вострыя перыяды, дапамагае нам прадаўжаць выбраны народам шлях, пераадольваючы выклікі і перашкоды.

Так было ў 1990-я, калі беларусы не прынялі спробы падагнаць свой уклад жыцця пад заходнееўрапейскі стандарт, захавалі вернасць традыцыям, збераглі нацыянальнае багацце: айчынныя прадпрыемствы, зямлю, а таксама права на сацыяльную справядлівасць.

Так было ў 2020-м, калі мы не далі гісторыі паўтарыцца, абараніўшы свой выбар, свае каштоўнасці, свае сцяг і гімн.

Помнім, што нашы дзяржаўныя герб і сцяг стваралі людзі, натхнёныя высокімі ідэямі, выпрабаваныя і загартаваныя ў барацьбе за свабоду, людзі, якія добра ўсведамляюць каштоўнасць незалежнасці і чыстага мірнага неба.

Іх мары аб светлай будучыні для свайго народа мы і сёння бачым у прамянях узыходзячага сонца, абрамленага мірнай збажыной.

Аб іх гераічных подзвігах, здзейсненых у гады Вялікай Айчыннай вайны, нагадвае нам палатно Дзяржаўнага сцяга - пераемніка Сцяга Перамогі. Нацыянальны арнамент захоўвае нашы старажытныя культурныя традыцыі.

Усё гэта непарушныя вобразы, якія пакладзены ў аснову сучаснай сімволікі Беларусі - герба і сцяга, стаўшых сапраўднымі абярэгамі роднай зямлі.

І мы не забылі, як нашы бацькі і дзяды паміралі за свой сцяг, ратуючы яго ад фашыстаў, падымаліся і бясстрашна ішлі пад ім у бой, закрываючы сабой сем'і, сваіх дзяцей, родных і родную зямлю.

Старыя людзі, якія прайшлі вайну, і сёння берагуць гэты сімвал як святыню. А мы, іх дзеці і ўнукі, захоўваем і абараняем памяць пра іх.

У імя тых, хто заплаціў за будучыню суверэннай Беларусі і яе народа сваім жыццём, мы, нашчадкі пераможцаў, робім усё, каб у звар'яцелых галовах, захопленых ідэямі нацызму, нават думкі не ўзнікла адрадзіць іх на святой беларускай зямлі.

Як і папярэднія пакаленні, мы імкнёмся да міру і стваральнай працы. Ганарымся сваімі сімваламі і айчыннай гісторыяй, глядзім у будучыню, памятаючы пра нашы вытокі. Гэта наш шлях, і ў гэтым наша сіла!

А цяпер яшчэ адно невялікае адступленне ад фармату.

Я ведаю, што асобныя яшчэ (няхай іх меншасць), але задаюць сабе пытанне: а чаму гэтыя сімвалы, а не тыя, якія мы вымушаны былі законам забараніць у Беларусі? Чаму? Чаму не БЧБ-сцяг, як у народзе яго называюць? Дык вось, адказваю непасрэдна на гэта пытанне, не хаваючы галаву як страус у пясок. Паколькі перад вамі стаіць чалавек, які ініцыяваў у навейшай гісторыі на рэферэндум пытанні аб сімволіцы нашай дзяржавы, выпрацоўваў яе, слухаў спецыялістаў, іх матывацыю. Чаму не БЧБ, а гэты сцяг?

Першае, сімвалы - сцяг і герб - павінны рабіць адметнай дзяржаву ад іншых дзяржаў. Яны павінны адрозніваць нас з вамі ад іншых.

Які быў прапанаваны герб? "Пагоня". Вам не нагадвае гэты герб чыйсьці герб іншай краіны? А мне нагадвае! Нам быў прапанаваны сцяг. Дадай яшчэ адну палоску - і мы запазычвалі суседняй краіны сцяг. Дык няўжо ў нас не было сваёй гісторыі? Няўжо мы хацелі падагнаць сваю гісторыю, сваю краіну пад Літву або Польшчу? І як актуальна гэта сёння гучыць!

Я ўжо нядаўна гаварыў: сёння точаць нажы, шашкі і шаблі ў суседняй дзяржаве і мараць адхапіць паўкраіны, як гэта было да 1939 года. Можа, тады яны прапаноўвалі гэту сімволіку пад свае мары, мары 2020-х? Але я ўжо сказаў: у 2020-м мы раз і назаўсёды паставілі асінавы крыж на магіле тых, хто хоча разбурыць і знішчыць нашу краіну. Дык вось, наш герб, наш сцяг - асаблівыя, яны не падобны ні на гербы і сцягі суседніх дзяржаў і іншых дзяржаў. Пагадзіцеся, гэта проста і зразумела.

Сімвалы - гэта памяць пакаленняў. Яны павінны ў сябе ўвабраць усё самае лепшае, што было ў народа ў яго гісторыі. Паглядзіце, у нашых сімвалах (колькі іх было: дзясяткі, можа, сотні?) мы ж захавалі чырвоны і белы колер.

Белы колер - гэта чысціня, чысціня нашага народа, што адпавядае нашаму народу.

Чырвоны колер - гэта наша барацьба за незалежнасць, гэта колер нашых перамог, у тым ліку і ў апошняй - Вялікай Айчыннай вайне.

Мы дадалі сюды зялёны колер, які быў апошнія гады характэрны нашай сімволіцы. Гэта колер жыцця, міралюбнасці. Таму ўсе нашы перамогі грунтуюцца на нашым жаданні быць незалежнымі і працаваць, сумленна працаваць на сваёй зямлі.

Паглядзіце на арнамент. Гэта мары і спадзяванні нашых людзей. Гэта беларускія традыцыі. Некалі маці, родныя і блізкія, аддаючы замуж сваю дачку, самае роднае, вышывалі гэты арнамент на адзенні нявесты. Маці, вышываючы гэты арнамент, думала аб лепшым жыцці сваёй дачкі, а лепшае жыццё не магло быць без краіны. І мы гэта ўвасобілі ў нашых сімвалах.

Дык што мы тут забылі? Што мы тут не адлюстравалі? І гэта таксама на карысць цяперашняй сімволікі.

Але самае галоўнае, гэту сімволіку прыняў наш народ. І ніхто не скажа, што там нехта некага ціснуў, не было магчымасці тады аказваць націск, улада зусім не такая была ў Прэзідэнта. І тады я ўнёс на рэферэндум адну і другую сімволіку - няхай народ вызначыцца. І народ вызначыўся. І гэта больш чым закон. Народ вызначыўся - і ніякая кучка нашчадкаў калабарацыяністаў і здраднікаў сёння не могуць змяніць гэта рашэнне.

Я шмат і часта апошнім часам заклікаю вас жыць паводле закону, навучыцца жыць паводле закону. Калі мы гэта не асвоім, не трэба сёння і змагацца за незалежнасць. Нас зломяць, затопчуць і вытруць аб нас ногі. А рэферэндум - гэта вышэйшая воля нашага народа, вышэйшы закон. І яму трэба падпарадкоўвацца. І рашэнне рэферэндуму адмяніць можа толькі рэферэндум.

Будзе, можа, новая ўлада, без мяне вы вырашыце ўвесці нейкую новую сімволіку, можа, не гэту, можа, не тую, - новую. Але гэта вам давядзецца звярнуцца да народа. І воля народа - закон для ўсіх нас.

Як вы бачыце, з герба і сцяга мы знялі серп і молат. Так, гэта была мая прапанова. Пачалася новая эпоха, новая эра, і не толькі рабочыя і сяляне (а серп і молат гэта ўвасаблялі) пачалі будаўніцтва нашай новай краіны. Пачалася навейшая гісторыя. З'явіліся новыя прадпрымальнікі. Я не кажу пра розных жулікаў, якіх сёння хапае, - ёсць сумленныя, шчырыя прадпрымальнікі, якія нацэлены на абарону сваёй краіны і будаўніцтва новай Беларусі. Інтэлігенцыя (як раней казалі, інтэлігенцыя - гэта праслойка), інтэлігенцыя гэтага не заслугоўвала. У сярпе і молаце гэта не было адлюстравана. Таму знялі гэтыя сімвалы. Але шчыра вам скажу: мне не прапанавалі, я не прыдумаў нічога ўзамен, таму пакінулі такі сцяг. Можа, нашы дзеці і ўнукі, можа, вы, моладзь, прыдумаеце нешта новае і прыўнесяце змяненні ў гэту сімволіку, аб чым я толькі што сказаў.

На гербе таксама няма сярпа і молата. Доўга мы думалі аб тым, а што замест іх у прамянях узыходзячага сонца на фоне планеты павінна быць? І тады я прапанаваў: не прыдумалі нічога новага - давайце граніцы нашай краіны. Таму што ў прамянях сонца на гэтым маленькім шарыку з'явілася новая незалежная дзяржава. У гэтым сутнасць гэтых граніц.

Можа, я не меў рацыі. Але тады я думаў так. Гэта была мая асабістая прапанова. Я тады спецыялістам сказаў: "Можа (зноў актуальна), новае пакаленне прыдумае нешта замест гэтага, і тады ў прамянях гэтага сонца з'явіцца яшчэ адзін невялікі сімвал".

А цяпер галоўнае.

Паважаныя сябры!

Сцягу і гербу, сутнасць іх у тым, што ўвесь народ, усе мы павінны пакланяцца ім. Гэта, калі хочаце, свецкія сімвалы, гэта свецкая ікона ў краіне. Скажыце, калі ласка, як мы маглі пакланяцца БЧБ-сцягам і іншым? Як, калі на гэтых сцягах кроў кожнага трэцяга беларуса! І тыя, хто гэта ведае, разумее і хто перажыў, яшчэ не памерлі. Яны жывыя. Як мы маглі пайсці на тое, каб даць права нашым людзям, заклікаць іх пакланяцца той сімволіцы! На той сімволіцы (і сцягі ў гэтым, і колеры не вінаватыя, вы ведаеце, хто за гэта адказвае), на той сімволіцы кроў нашых людзей, на той сімволіцы плач і стогн нашых дзяцей, дзяцей Хатыні, жанчын і старых людзей. Там крыкі людзей Мінскага гета (тут, на гэтай тэрыторыі гэта было, у Мінску). Там плач і стогн людзей, закатаваных у канцлагерах, там ганьба, здрадніцтва і калабарацыянізм. Гэта было. Яшчэ раз падкрэсліваю: ніякі сцяг і герб у гэтым не вінаваты. Хто вінаваты, ведаем. Але мы не можам пакланяцца гэтаму. Калі нехта гэта забыў, за рамкамі фармату гэтага мерапрыемства я вам усім аб гэтым нагадваю.

Даруйце, што давялося ўспомніць пра гэта, але я хачу, каб вы, маладыя, якія стаяць перада мной на гэтай плошчы, не забылі пра гэта. Забудзеце - будзе тое, што на поўдні нашай краіны, у братэрскай нам Украіне. Не дай бог, каб мы яшчэ раз, праз менш як стагоддзе, менш як сто гадоў пасля страшнай вайны, не нашай вайны, якая пракацілася туды і назад (а колькі іх было!), каб мы у наш час паўтарылі гэта!

Давайце будзем жыць мірна, давайце будзем будаваць сваю краіну, давайце будзем збірацца на мірныя добрыя мерапрыемствы ў гонар вялікага і давайце не будзем таптаць сваімі нагамі тое, што заваявалі многія пакаленні да нас. Давайце будзем ганарыцца гэтым, нашымі перамогамі і нашымі поспехамі!

Са святам вас, дарагія сябры!