Урачысты сход у гонар Дня Незалежнасці
- 31
- 41:20
Дарогі перамог, пройдзеныя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, - гэта і ёсць шлях Беларусі да незалежнасці. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 2 ліпеня на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню Незалежнасці.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў гэтыя дні беларусы ўспамінаюць важнейшыя старонкі сваёй гісторыі і, адзначаючы гадавіну вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, мысленна праходзяць дарогамі перамог, пачынаючы з вызваленага Камарына і завяршаючы гераічнай Брэстчынай.
"Гэта і ёсць наш шлях - шлях да нашай незалежнасці, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Роўна 80 гадоў таму, 3 ліпеня, пасля дзікіх гадоў акупацыі над сталіцай нашай Радзімы зноў быў падняты чырвоны сцяг. Сцяг, які ў адзін міг стаў гістарычным сімвалам нашай свабоды".
Прэзідэнт нагадаў, што воляй беларускага народа гэты вобраз захаваны ў палатне Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Гэтак жа, воляй беларускага народа, дзень 3 ліпеня стаў дзяржаўным святам - Днём Незалежнасці.
"І свята, і сімвалы нашай краіны - усё гэта даніна памяці савецкаму народу-пераможцу, даніна памяці беларусам, якія вынеслі на сваіх плячах увесь цяжар страшнага ваеннага ліхалецця, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Сёння мы глядзім на тыя падзеі з вышыні тысячагадовага гістарычнага вопыту. Глядзім у самую глыбіню стагоддзяў. Такі выклік часу - часу абвастрэння геапалітычных рызык і пагроз".
"Тады, 80 гадоў таму, на святой беларускай зямлі завязаўся новы сакральны вузел. Вузел шматнацыянальнага савецкага адзінства. Яшчэ больш моцны. Мы памятаем сыноў і дачок усіх рэспублік СССР - заходніх і ўсходніх, паўднёвых, паўночных. Усіх, хто глядзеў смерці ў твар, але паднімаўся ў бой, вызваляючы нашу Беларусь. Кожны ведаў, што тут, на гэтым рубяжы, вырашаўся лёс і яго малой радзімы, лёс родных і блізкіх, нават калі яны знаходзіліся за тысячы кіламетраў ад гэтага самага беларускага фронту", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што кожны савецкі воін вёў свяшчэнную вайну за будучыню велізарнай краіны - ад Брэста да Уладзівастока, ад Мурманска да Ташкента. "Вёў яе тут, у Беларусі, - сказаў ён. - Беларусь памятае герояў. Імёны многіх ураджэнцаў братэрскіх рэспублік увекавечаны ў назвах вуліц нашых гарадоў і вёсак. У іх гонар і славу пад Мінскам узведзены курган, зямля для якога сабрана з усіх куткоў Савецкага Саюза. Вялікі па сваёй задуме, ён узвышаецца як сімвал савецкага народа - народа-пераможцы".
"Нічога прынцыпова новага ў нашым жыцці не адбываецца. Ні сёння, ні тады, у далёкім 1941-м, калі на нас рушылі заходнееўрапейскія орды. Праз беларускую зямлю і раней праносіліся смерчы крыжовых паходаў, крывавыя патопы, знішчаючы ўшчэнт жыцці людзей. Але зямля адраджалася, народ наш станавіўся мацнейшым. Так завязваўся сакральны вузел усходнеславянскага адзінства. Адзінства, выпрабаванага войнамі, міжусобіцамі, бясконцымі інтрыгамі змяняючых адзін аднаго палітычных цэнтраў сілы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што вехі гістарычнага развіцця Беларусі - гэта змена эпох вялікай магутнасці і найвялікшых узрушэнняў. "Гэта гістарычны шлях, на якім мужнеў, загартоўваўся і фарміраваў сваю нацыянальную самасвядомасць наш беларускі народ", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Я неяк гаварыў, звяртаючыся да нашых і не нашых журналістаў: нам трэба кінуць усе дэбаты аб тым, былі ці не былі беларускімі формы дзяржаўнасці, якія змянялі тут адна адну. Гэта важна, але не так значна. Быў народ. Народ, які стаў нацыяй. Важна тое, што адбываецца цяпер. Важны канчатковы вынік", - заявіў беларускі лідар.
Прэзідэнт перакананы, што калі б не было гэтай самасвядомасці, то не было б і Вялікай Перамогі, не было б сёння краіны. "Ні нашай, ні любой іншай на ўсёй тэрыторыі былога Савецкага Саюза", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што Беларусь памятае і ўклад у Вялікую Перамогу краін - удзельніц антыгітлераўскай кааліцыі.
"Шкада, што той кааліцыі больш не існуе. І шкада, што новыя заходнееўрапейскія эліты паўтараюць памылкі сваіх папярэднікаў. Што сёння рэальна аб'ядноўвае калектыўны Захад? Прага нажывы за чужы кошт. І генетычная нянавісць да пераможцаў, да нас. Не перастану нагадваць, што супраць Савецкага Саюза ваявала ўся Еўропа. Пад гітлераўскую свастыку стаў легіён грамадзян яе дзяржаў, больш за дзясятак замежных і сабраных з калабарацыяністаў дывізій - фанатыкі, якія прынеслі ў ахвяру свае народы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
А за іх спінамі, нагадаў Прэзідэнт, стаялі эліты - палітыкі і бізнес, якія зрабілі стаўку на перамогу фашысцкай Германіі.
"Усе - ад салдата вермахта да вытворцаў шакаладу, адзення, зброі і тэхнікі для патрэб германскай арміі - адказныя за генацыд савецкага і беларускага народа. Гэта яны больш як за тры гады акупацыі ператварылі Беларусь у выпаленую зямлю. А сёння іх нашчадкі, замест таго каб каяцца, адмольваць грахі сваіх дзядоў, душаць нас санкцыямі, пагражаюць нам. Я ў жыцці шмат бачыў і многае перажыў, але карта Беларусі з месцамі пахаванняў шакіруе і разрывае сэрца. За кожным значком - тысячы па-зверску забітых мірных старых людзей, жанчын і дзяцей. Мільёны. Нашых старых людзей, нашых жанчын і нашых дзяцей. Каму яны пагражалі? - задаў рытарычнае пытанне беларускі лідар.
"80 гадоў мінула, але мы ўздрыгваем, калі чуем словы "акупацыя", "генацыд", "карныя аперацыі", "лагеры смерці", "гета". Мы са слязамі глядзім на твары людзей, якія перажылі гэты жах. Фота- і кінахроніка тых гадоў - наша памяць і наш боль. Таму што ў кожным кадры - гісторыя нашых сем'яў. Ці патрэбна гэта праўда Захаду? Не. Ля руля нашчадкі тых, хто капітуляваў. Нашчадкі і ідэйныя, і прамыя. Для іх у 1945-м нічога не закончылася. Больш таго, пачаўся новы "крыжовы паход", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Яны зноў думаюць, што можна ўзгадаваць нацызм дзе-небудзь далей ад уласнага дома і трымаць гэту пачвару на кароткім павадку. Зноў не разумеюць, што гэты звер некіруемы. Ён сарвецца, але прыйдзе да іх, у іх жа дамы", - заўважыў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, свет зноў балансуе на мяжы чарговай глабальнай катастрофы. "А што мы зрабілі не так? Няўжо мы, нашчадкі пераможцаў, не паводзілі сябе карэктна і дастойна? Ці мы прымушалі будаваць мемарыялы нашым героям у той жа Польшчы? Гэта рабіў польскі народ. Людзі, якія ведалі і бачылі, колькі савецкіх салдат палягло, вызваляючы Варшаву. Больш за паўмільёна тады не дайшлі некалькі крокаў да перамогі, - прывёў лічбы Кіраўнік дзяржавы. - Забылі. Але мы памятаем".
"Ці не мы працягнулі руку дружбы ўсім краінам гітлераўскага альянсу, паставіўшы мірнае жыццё і добрасуседства вышэй за прычынены тады нам боль? Мы доўгія дзесяцігоддзі ў кожную памятную дату той страшнай вайны акуратна падбіралі словы, каб не зняважыць нацыянальныя пачуцці немцаў, аўстрыйцаў, чэхаў, румын, нашых прыбалтаў і нават братоў-украінцаў. Гаварылі пра катаў, якія тапталі беларускую зямлю, як пра людзей без твару і грамадзянства. І да чаго гэта прывяло? Яны пераглядаюць вынікі... Вар'яты", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Можна перавярнуць усе магілы салдат, якія загінулі ў барацьбе з нацызмам, разбурыць усе помнікі, перапісаць, нарэшце, усе падручнікі, можна бясконца выціраць ногі аб рашэнні Нюрнбергскага трыбунала, але вынікі вялікай вайны не змяніць. Наша перамога - гэта іх уніжэнне, і яны з гэтым павінны згадзіцца. Ганебная старонка жыцця заходнееўрапейскіх "цывілізатараў", якую яны стараюцца сцерці з памяці. І не толькі сваёй, але і сваіх народаў", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што на кожны зламаны мемарыял будзе адказана новымі фактамі іх злачынстваў, новымі імёнамі забойцаў жанчын, старых і дзяцей.
"Мы не маем ілюзій, што міжнародны суд прызнае генацыд мірных беларускіх жыхароў або асудзіць злачынцаў, якія дажылі да старасці. Гэты нібыта незалежны орган занадта ангажыраваны і залежны. Але неанацыстам давядзецца слухаць і слухаць страшныя падрабязнасці злачынстваў сваіх продкаў. Слухаць зноў і зноў", - заявіў Прэзідэнт.
Ён назваў Вялікую Айчынную вайну апафеозам тысячагадовай гісторыі войнаў і бітваў заходняй і ўсходняй цывілізацый.
"Мы ў гэтай гісторыі паставілі ўжо кропку адзін раз. Трэба будзе - паставім і другі. Хоць яны і без нас справяцца. Адмаўленне ад традыцыйных каштоўнасцей, мода на чайлдфры зрабілі сваю справу. Паглядзіце, хто стаіць у авангардзе антыбеларускай, антырускай кампаній. Бяздзетныя палітыкі. Іх род заканчваецца. Ім нават ген нянавісці няма каму перадаць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"А з народамі заходніх краін, з тымі, хто жыве дзеля будучыні сваіх дзяцей і ўнукаў, мы заўсёды знойдзем агульную мову і дамовімся. Нішто і ніхто не прымусіць Беларусь звярнуць з гэтай дарогі - дарогі да міру і стварэння", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў, што ў 2025 годзе будзе адзначацца 80-годдзе Вялікай Перамогі. Для Беларусі гэта яшчэ і гадавіна новай вяхі нацыянальнага будаўніцтва - у 1945-м БССР падпісала Статут Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. "Мы сталі ў адзін рад з дзяржавамі-заснавальніцамі як краіна, якая прыняла на сябе асноўны ўдар, панесла вельмі цяжкія страты і аказала беспрэцэдэнтнае ўсенароднае супраціўленне агрэсару", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Горка і балюча ведаць, што міжнародная легітымнасць каштавала нам страшных чалавечых ахвяр. Але тады так было, такі закон жыцця, - прадоўжыў ён. - Як чалавек прыходзіць у свет праз боль, так і нацыі нараджаюцца ў страшных пакутах. Сталеюць і мацнеюць у барацьбе за жыццё, за свабоду, за сваю гістарычную памяць".
У Беларусі, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэты закон засвоілі, таму рабілі і робяць усё, каб не звярнуць з дарогі, пракладзенай папярэднімі пакаленнямі. І ідуць па ёй ужо 30 гадоў, пераступаючы праз санкцыі, палітычныя інтрыгі, шантаж, інфармацыйныя правакацыі. Будуюць Беларусь насуперак самым змрочным прагнозам і прадказанням.
"Нам прарочылі крах дзяржаўнасці ў 1990-я. Наш суверэнітэт ставілі на кон у 20-м. І тады, і цяпер мы прайшлі па самым краі. Але хапіла мудрасці, сіл, характару захаваць народны здабытак, свае традыцыі, каштоўнасці, гістарычную памяць, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Таму жывём у міры. І ў нас велізарныя планы на гэта самае жыццё".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь, пераадолеўшы многія цяжкасці, паспяхова развіваецца і будуе велізарныя планы на будучыню. "Нашы мэты - найвышэйшыя тэхналогіі, работа для людзей, продаж за межы краіны (палову мы прадаём на экспарт), інвестыцыі. Гэта асновы нацыянальнай бяспекі любой дзяржавы, - заявіў Прэзідэнт. - Наш прыярытэт - людзі. Мы прадоўжым рабіць усё, каб у кожным кутку краіны паляпшаліся ўмовы для стварэння сям'і і нараджэння дзяцей, для працы і адпачынку, для дасягнення жаданых вышынь у навуцы, творчасці, культуры і спорце".
Поспех па ўсіх напрамках залежыць ад саміх беларусаў, перакананы Аляксандр Лукашэнка. Калі сканцэнтравацца на сваіх мэтах і магчымасцях, то будзе ўсё - тэхналогіі, перадавыя вытворчасці, асваенне космасу.
"Гаварыў і паўтару: наша золата - гэта людзі. Таленавітыя і працавітыя", - падкрэсліў Прэзідэнт, заўважыўшы, што гэта не кампліменты, а ацэнка цяперашніх дасягненняў беларускага грамадства.
"Заходнія так званыя партнёры зрабілі ўсё, каб нашы прадпрыемствы разваліліся. А яны працуюць. Людзі працуюць у сваёй краіне, атрымліваюць заработную плату, - прывёў прыклады Кіраўнік дзяржавы. - Лагістычныя шляхі на захад перакрылі - мы пралажылі новыя, на ўсход. Адмовіліся ад нашых тавараў - іх у нас з задавальненнем купляюць жыхары іншых краін".
Акрамя таго, значна выраслі рэальныя даходы грамадзян. Непазнавальна абнаўляюцца гарады і вёскі Беларусі, пабудаваны і адрамантаваны тысячы кіламетраў дарог. І гэта не мяжа - цяпер будуюць новыя станцыі і запускаюць новыя лініі метро.
"Нашы поспехі ў машынабудаванні, сельскай гаспадарцы, космасе, біятэхналогіях, ваеннай прамысловасці, вытворчасці лазернай тэхнікі, мікраэлектронікі прызнаны ва ўсім свеце, асабліва ў Расіі ў гэты няпросты час", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Разам з братамі-расіянамі пабудавалі ўласную АЭС, - прадоўжыў беларускі лідар. - Разам з кітайскімі сябрамі з нуля стварылі легкавое аўтамабілебудаванне, ракетабудаванне". У медыцыне, паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь дасягнула ўзроўню, аб якім яшчэ гадоў 20 таму нават не марылася. Беларускія вучоныя працуюць і ў Арктыцы, і ў Антарктыдзе.
"Мы здолелі стварыць эканоміку з такім запасам трываласці, што намі вельмі складана маніпуляваць, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Сёння ўжо ніхто не скажа, маўляў, мы перастанем вам пастаўляць прадукты харчавання, і вы памраце з голаду (памятаеце, гэта зусім нядаўна было). Мы самі сябе кормім і рэалізуем прадукты харчавання на рынкі больш як 100 краін свету, атрымліваючы ад гэтага больш за $8 млрд штогод".
Бескарысна пагражаць Беларусі і забаронай на продаж машын, агрэгатаў і іх абслугоўванне, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Шмат беларусы робяць самі на айчынных прадпрыемствах: ад камбайнаў і ноўтбукаў да легкавых аўтамабіляў і электробусаў. "Ну, а калі нейкіх магчымасцей пакуль няма, дык і на Захадзе свет клінам не сышоўся. Ёсць сябры і ў іншых частках свету", - сказаў Прэзідэнт. Менавіта на Усходзе цяпер фарміруецца стваральны парадак дня - эканамічны, міжнародны, светапоглядны. Там і ў прамым, і ў пераносным сэнсе ўзыходзіць сонца, заўважыў беларускі лідар.
"Наш знешнепалітычны вектар - гэта не паварот і не разварот, як любяць разважаць эксперты і некаторыя палітыкі. Гэта паслядоўны цывілізацыйны выбар, які рабілі нашы продкі і які робім мы", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Беларусь, паводле яго слоў, стабільна займае актыўную і канструктыўную пазіцыю ў інтэграцыйных утварэннях на постсавецкай прасторы - ЕАЭС, СНД, АДКБ, паслядоўна працуе ў гэтых структурах і пашырае ўзаемадзеянне.
Зусім хутка Беларусь стане паўнапраўным членам ШАС. Уступленне ў гэту арганізацыю, як сказаў Прэзідэнт, - пытанне некалькіх дзён. Усе ўнутрыдзяржаўныя працэдуры завершаны.
Беларусь падала афіцыйную заяўку на далучэнне да фармату БРІКС у якасці ўдзельніка. Краіна таксама развівае супрацоўніцтва ў розных сферах з краінамі Афрыкі, Азіі, Лацінскай Амерыкі.
"Мы па-ранейшаму гатовы пачаць канструктыўны дыялог з нашымі суседзямі на Захадзе, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Умовы нашы простыя: паважанне суверэнітэту Беларусі, нацыянальных традыцый, нашай гістарычнай памяці і выбару беларускага народа".
Прэзідэнт падкрэсліў, што палітыка санкцыйнага прымушэння робіць Беларусь толькі мацнейшай, а ў свеце ёсць вялікая колькасць краін, якія гатовы з намі не толькі працаваць, але і развіваць партнёрскія, дружалюбныя, саюзніцкія і ўзаемавыгадныя адносіны, у аснове якіх - давер да Беларусі як да партнёра, паважанне яе паслядоўнай пазіцыі, прызнанне якасці ўсяго, што тут робіцца.
Кіраўнік дзяржавы падзякаваў беларусам за ўпартасць, з'яднанасць і працавітасць, за той выбар, які яны робяць, працуючы на карысць роднай краіны, захоўваючы традыцыі і абараняючы яе суверэнітэт. Аляксандр Лукашэнка павіншаваў прысутных з Днём Незалежнасці - днём, які, паводле яго слоў, звязвае эпохі і людзей, дае арыенціры, дапамагае вытрымаць націск новых геапалітычных бур. "Шчасця вам, дабрабыту і моцнага здароўя! Міру і згоды нашаму агульнаму дому - роднай Беларусі! - пажадаў Прэзідэнт. - Нам няма куды дзявацца, таму што гэты час, цяжкі час, выбраў нас!"
Пасля пратакольнага звароту да беларускага народа Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хацеў бы спыніцца на пытаннях, якія вельмі хвалююць грамадства. Гэтыя тэмы сапраўды абмяркоўваюцца людзьмі, рэгулярна ўзнімаюцца ў СМІ і экспертамі. Самая гарачая тэма апошніх дзён - сітуацыя на беларуска-ўкраінскай граніцы.
"Я заўважыў, што ва ўсіх сродках масавай інфармацыі і не толькі вельмі актыўна абмяркоўваецца сітуацыя на беларуска-ўкраінскай граніцы. Што адбываецца на самай справе? Што называецца, з першых вуснаў. Калі гаварыць адкрыта, нічога асаблівага. Вельмі актывізаваліся нашы суседзі ў апошнія некалькі дзён, можа, пару тыдняў. Вельмі актыўна. І нашы ваенныя, асабліва пагранічнікі, адразу гэта заўважылі. Далажылі: у прынцыпе, гэтага чакалі", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.
Магчыма, значная колькасць украінскіх войскаў на граніцы звязана з прыездам у Беларусь вялікага кантынгенту ваеннаслужачых з дружалюбных краін, у тым ліку з Расіі, для ўдзелу ва ўрачыстых мерапрыемствах з нагоды 80-годдзя вызвалення Беларусі.
"Але мы ні ў якім разе не павінны дапусціць ніякай эскалацыі і ніякага абвастрэння. Я хачу, каб украінскае кіраўніцтва гэта пачула. Канцэнтрацыя ўзброеных сіл, якія нават нічога не значаць, вельмі небяспечная ў час баявых дзеянняў. Мы прааналізавалі сітуацыю. Добра разумеем, што ніякага абвастрэння нам не патрэбна. Мы заўсёды пра гэта гаварылі. Украінцы разумеюць, што мы адкажам", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён працытаваў вытрымкі з расійскіх СМІ, у якіх пішуць, што ў беларускага Прэзідэнта "станоўчы дальтанізм". Маўляў, Аляксандр Лукашэнка не будзе рысаваць ніякіх чырвоных ліній і адказ Беларусі на агрэсію будзе жахлівы. "Калі нехта пераступіць украінскую граніцу, я буду не проста добрым дальтонікам: на мяне можа наваліцца курыная слепата. Таму адказ сапраўды будзе жорсткім і рэзкім", - заявіў беларускі лідар.
Прэзідэнт таксама расказаў, што беларускія пагранічнікі і ваенныя перахопліваюць дзясяткамі беспілотнікі. З іх дапамогай на тэрыторыю Беларусі перакідваецца вялізная колькасць узрыўчаткі, каб потым даставіць яе ў Расію для ўчынення тэрактаў.
"Мы будзем абараняцца ад гэтых беспілотнікаў, куды б яны ні былі прызначаны. Мы не хочам паўтарэння "крокусаў", узрываў і гэтак далей. Пакуль з ФСБ Расіі, Мінабароны Расіі нам удаецца стрымліваць гэты націск. Але я папрасіў бы ўкраінцаў не сваволіць і не жартаваць з агнём. Гэта вельмі небяспечна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама заўважыў, што ў гэтых "варушэннях" заўважаны рускі і беларускі добраахвотніцкія карпусы. "Там, праўда, менш за сотню чалавек, але корпус, - звярнуў увагу на калізію Прэзідэнт. - Таксама хацеў бы папярэдзіць, каб за межамі нашай краіны занадта не напружваліся: гэта вельмі небяспечна".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, беларускія пагранічнікі пераведзены на ўзмоцненую ахову дзяржаўнай граніцы. Разгорнуты сілы спецыяльных аперацый і іншыя падраздзяленні разведкі: беларускія ваенныя перакрылі напрамкі верагоднага перамяшчэння праціўніка.
"Вы памятаеце, год таму мы такія трэніроўкі праводзілі. Аказваецца, не дарэмна", - нагадаў Кіраўнік дзяржавы.
Акрамя таго, у высокай баявой гатоўнасці знаходзяцца войскі ваенна-паветраных сіл і проціпаветранай абароны як Беларусі, так і Расіі. На пазіцыі выведзены ракетныя сістэмы "Паланэз" і "Іскандэр".
"Ніякіх чырвоных ліній. Удар усімі відамі ўзбраенняў", - зрабіў яшчэ адно папярэджанне беларускі лідар.
Прэзідэнт пракаменціраваў напружаную абстаноўку на граніцы і заявіў, што Беларусь ні ў якія баявыя дзеянні ўвязвацца не збіраецца.
"Вас я хачу папярэдзіць: не трэба хвалявацца. Памятаеце, я заўсёды вам гаварыў: кожны на сваім рабочым месцы павінен рабіць сваю справу. Я вам гарантую, што ніякіх сутыкненняў на граніцы з Украінай мы не дапусцім. Іх не будзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што баявыя дзеянні не патрэбны ні Беларусі, ні тым больш Украіне, бо на полі бою справы для яе і так усё горш і горш. "Што, яшчэ на паўтары тысячы кіламетраў фронт трэба адкрыць? Так, нам не проста будзе з расіянамі потым закрыць гэту граніцу. Але яшчэ складаней будзе ўтрымаць гэту граніцу ўкраінцам, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Таму я, аналізуючы сітуацыю кожны дзень, прыйшоў да высновы, што нашу ўвагу хочуць адцягнуць ад галоўнага, якое ведаеце, дзе. Таму там пачаліся варушэнні".
Ён дадаў, што НАТА не хоча заканчваць вайну ва Украіне і хоча ўцягнуць у баявыя дзеянні і Беларусь. Аднак Прэзідэнт запэўніў, што не дапусціць гэтага.
"Гэтага не атрымаецца. Мы ні ў якія баявыя дзеянні ўвязвацца не збіраемся, таму што ведаем, да чаго гэта прывядзе. Але натаўцам патрэбна прычына: сітуацыя на фронце ва ўкраінцаў катастрафічная, вельмі сур'ёзная. І пастаянна з боку Захаду ў адказ на прапановы аб мірных перагаворах ідзе эскалацыя. Сёння вялізныя грошы ўкінуты ва Украіну. Я абсалютна перакананы, што амерыканцы і Захад не збіраюцца сыходзіць з Украіны. Гэта выдатны плацдарм, добрыя землі. Яны закладзены ўжо, яны прададзены ўжо. Хто адтуль пойдзе? Але ваяваць жа няма каму. Таму патрэбна сур'ёзная эскалацыя, каб увесці туды натаўскія падраздзяленні. Наёмнікі не спраўляюцца з расіянамі. Вось у чым небяспека сітуацыі. І мы ведаем, адкуль яны пойдуць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт прывёў словы свайго расійскага калегі Уладзіміра Пуціна, які прасіў "прыкрыць са спіны". "Дык вось яны адтуль пойдуць. І каб гэтыя варушэнні і мышкаванні ўкраінцаў на нашай граніцы не былі прыкрыццём таго галоўнага, будзем гаварыць ваеннай мовай, удару, які мы можам атрымаць. Але і тут мы прадугледзелі ўсё, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Мы перакрылі як паўднёвую граніцу, так і заходнюю, каб не дай бог не дапусціць якой-небудзь памылкі, як гэта ўжо было ў нашай гісторыі. Калі мы вось так будзем рэагаваць разам з нашымі саюзнікамі-расіянамі на такія рэчы, паверце, мы захаваем мір і спакой на нашай беларускай зямлі. Тут няма ніякага нагнятання сітуацыі, яна і так максімальна абвострана".
У час выступлення Кіраўнік дзяржавы таксама выказаўся аб міграцыйнай сітуацыі на граніцы. "Чаму я гэту праблему закранаю, таму што яна сёння выкарыстоўваецца для таго, каб прыціснуць нас на Захадзе. Асабліва ў гэтым стараюцца нашы "сябры", нашы бліжэйшыя суседзі - кіраўніцтва Польшчы, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - Яны ўжо дастукаліся да таго... Прэзідэнт Дуда паехаў да Сі Цзіньпіна, скардзіўся на Лукашэнку: "Выкарыстайце свой уплыў на Лукашэнку, на Пуціна, каб яны спынілі гэту міграцыю".
У сувязі з гэтым Прэзідэнт перш за ўсё прапанаваў адказаць на галоўныя, ключавыя пытанні аб прычынах міграцыі: адкуль бягуць людзі, куды і навошта. "Людзі адкуль бягуць? З тых краін, якія амерыканцы і іх саюзнікі развалілі. Мы гэта ведаем, бачым. Хто бяжыць праз Беларусь? Гэта перш за ўсё Афганістан. Яны там прадаюць усё, накопліваюць некалькі тысяч долараў і бягуць", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, грошы гэтым гаротнікам патрэбны перш за ўсё для таго, каб заплаціць у Польшчы тым, хто арганізуе іх перамяшчэнне ў Германію, і гэта агульнавядомы факт. Мігранты імкнуцца трапіць у Германію, куды іх у свой час запрасілі. "Запрасілі - уладкоўвайце, - слушна заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Вы іх паклікалі, яны да вас ідуць".
Прэзідэнт нагадаў, што да ўвядзення Захадам санкцый у адносінах да Беларусі наша краіна вельмі сур'ёзна з Захадам супрацоўнічала, аж да заключэння дагавора аб рэадмісіі. "Потым ад усяго гэтага (з боку Захаду. - Заўвага) адмовіліся: "Нам гэта не трэба". Добра, не трэба. А што, гэта мне трэба? - нагадаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы не будзем іх стрымліваць".
Акрамя таго, на перамяшчэнне мігрантаў аказала ўплыў абвастрэнне канфлікту ва Украіне. "Вось так і атрымалася, што па сухапутнай граніцы ўсё сышлося на Беларусі. І я адкрыта сказаў: мы іх лавіць не будзем. Наша справа - гарантаваць бяспеку нашага народа", - сказаў беларускі лідар.
Калі раней з польскага боку выкарыстоўвалі вадамёты супраць мігрантаў у халодную пару года, іх збівалі, то цяпер даходзіць да прамога забойства і падкідвання трупаў да беларускай граніцы. "Мы ўжо стаміліся паказваць усе гэтыя факты. І дзе дэмакратыі еўрапейскія? І дзе амерыканцы, якія дбаюць аб правах чалавека?" - задаў рытарычныя пытанні Прэзідэнт.
"Галоўнае ў тым, што я не маю намеру аддаваць загад пагранічнікам, ваенным і іншым, цывільным асобам, каб яны абаранялі Еўрапейскі саюз на граніцы Беларусі і Польшчы. Вы накінулі пятлю на нашу шыю і яшчэ прымушаеце нас, каб мы абаранялі вас ад гэтых гаротнікаў", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
У такой сітуацыі будаўніцтва агароджы на граніцы не дапаможа Польшчы стрымаць паток мігрантаў, лічыць Аляксандр Лукашэнка. Пры жаданні мігранты пераадольваюць гэту агароджу, а на другім баку ў іх страляюць.
Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што маніпуляваць міграцыйнай тэматыкай для націску на Беларусь бесперспектыўна: "Выкарыстоўваць міграцыйныя патокі супраць нас не атрымаецца. Мы, нашы журналісты, павінны яшчэ шырэй паказваць праўду аб міграцыйных патоках".
"І зусім невялікае пытанне, якое, я бачу, гучыць. Мяне сарыентавалі памочнікі. Я нават неяк не звярнуў увагу ў сацыяльных сетках на яго. Абмены ваеннаслужачымі паміж Расіяй і Украінай. Зусім нядаўна. Я гэта пытанне і не ўзнімаў бы: звычайная работа. Яна вызначана Прэзідэнтам Расіі, ён мне пра гэта гаварыў. Ідзе складана, цяжка, але ўсялякае бывае. Людзі трапляюць і там у палон, і тут. У расіян на парадак больш палонных. Ва Украіны значна менш. Я гэта таксама ведаю - ужо з вуснаў украінцаў", - адзначыў Прэзідэнт.
"Але калі б нашы збеглыя (вось звярніце ўвагу) не заўважылі, што "знік" чалавек, Швец, які спрабаваў падарваць расійскі разведвальны самалёт у Мачулішчах. Памятаеце. На працягу двух дзён, правёўшы аперацыю, мы "нейтралізавалі" яго і яго хаўруснікаў. "Знік". Зразумела, яны яго знайшлі ва Украіне: "Ах, абмянялі! Як так абмянялі?" Дык вы радуйцеся, што ваш чалавек сёння ва Украіне. Я не ведаю, вольны, не вольны… Напэўна, вольны. Бацькі яго, дыверсанта, сустрэлі. Усё было проста. Ніякія свяшчэннаслужыцелі ў гэтым не ўдзельнічалі. Гэта была просьба Прэзідэнта Расіі: калі ёсць магчымасць, дапамагчы вызваліць вядомага свяшчэннаслужыцеля Іанафана. Украінцы да нас з гэтай просьбай звярнуліся. Я Пуціну гавару: "Што будзем рабіць? Ваша рашэнне?" Таму мы гэтага чалавека аддалі ва Украіну, яны нам аддалі свяшчэнніка", - раскрыў падрабязнасці Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу ўкраінскаму боку была агучана прапанова вярнуць цяжкапараненых расіян, што і было зроблена. "Яны яшчэ траіх перадалі. Мы прынялі іх у раёне Брэста, перадалі расіянам у раёне Гомеля, - расказаў Прэзідэнт. - Адзін з вядомых людзей, ваенных ва Украіне, сам прапанаваў гэтых людзей і папрасіў: "Вазьміце іх, таму што яны памруць". Такім чынам, удалося выратаваць жыцці траіх чалавек, што, безумоўна, важна".
Прэзідэнт растлумачыў, што вырашыў менавіта цяпер закрануць гэту тэму, таму што збеглыя спрабуюць яе скарыстаць супраць Беларусі - маўляў, уцёк дыверсант. "Ніхто нікуды не ўцёк. Адкрыта і сумленна гавару, як гэта здарылася. Гэта была просьба Прэзідэнта Расіі, якую мы выканалі, ратуючы асабліва гэтых траіх расіян, якія будуць жыць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Словы Аляксандра Лукашэнкі ў зале былі сустрэты апладысментамі, на якія адрэагаваў і сам Прэзідэнт: "Вось бачыце, вы падтрымліваеце такія дзеянні. Я ў гэтым ніколькі не сумняваўся. Мы людзі і павінны дзейнічаць па-людску".
"Не здзіўляйцеся, калі праз некалькі дзён на свабоду выйдуць вельмі цяжка хворыя (як пра іх пішуць) нашы, якія не паспелі збегчы і знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, якія ламалі, крышылі краіну ў 2020 годзе, - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта сапраўды цяжка хворыя, у асноўным з ракавымі захворваннямі. Мы па-чалавечы падыходзім і ставімся да ўсіх. Чалавек, які трапіў у бяду, я лічу, не мае грамадзянства, і мы павінны ім дапамагаць. Таму што мы такія людзі - славяне. Мы не хочам войнаў, мы не хочам канфліктаў, але калі нас зачэпяць - мы вымушаны адказваць".