Нарада з кіраўніцтвам Савета Міністраў
- 14
- 14:47
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 верасня правёў нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў у Палацы Незалежнасці.
Адной з тэм нарады стала ўдасканаленне заканадаўства аб прадпрымальніцкай дзейнасці. Савет Міністраў прапанаваў мадэрнізаваць фармат функцыянавання гэтага сегмента эканомікі, абапіраючыся на два фундаментальныя прынцыпы - прастату і справядлівасць. "Так павінна быць у любым нарматыўным прававым акце", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
"Мая галоўная ўмова - гэта празрыстасць і магчымасць кантролю прадпрымальніцкай дзейнасці. Бізнес павінен мець зразумелыя правілы для старту і росту, а дзяржава - добрасумленнага плацельшчыка падаткаў і партнёра ў рэалізацыі праграм развіцця. Тое, што ў нас тут конь не валяўся, гэта простым вокам бачна", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Адносна празрыстасці і кантролю прадпрымальніцкай дзейнасці Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ніякага націску на бізнес тут няма. "Правяраць плату падаткаў. І будзем правяраць", - сказаў ён.
Прэзідэнт адзначыў, што эвалюцыйным шляхам неабходна стварыць прадпрымальніцкае асяроддзе, якое будзе адпавядаць запатрабаванням беларускага грамадства.
Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка папрасіў звярнуць на работу індывідуальных прадпрымальнікаў. "Трэба стварыць прадпрымальнікам стымул да трансфармацыі ў юрыдычную асобу. Гэта факт", - заявіў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, індывідуальны прадпрымальнік павінен быць па сваёй сутнасці індывідуальным: "Гэта фактычна рамеснік. Гэта чалавек, які робіць тое, што ніхто акрамя яго зрабіць не зможа. А ў нас што адбылося - усе сталі прадпрымальнікамі - ад ваенна-прамысловага комплексу да вясельных і пахавальных рытуалаў".
У выніку Прэзідэнт чакае ад Урада дакладна выбудаванай сістэмы прававых форм арганізацыі бізнесу і яго справядлівага падаткаабкладання.
На нараду ў Кіраўніка дзяржавы таксама быў вынесены абноўлены праект Указа па развіцці аграэкатурызму ў Беларусі.
"Некалі я згадзіўся і даў старт гэтаму цудоўнаму працэсу. Каб людзі, якія жывуць у вёсцы ў цудоўных кутках нашай прыроды, змаглі паказаць гэты дар божы людзям. Тым больш іншаземцы прыязджаюць. Каб ім (уладальнікам аграсядзіб. - Заўвага) прадаставіць ільготы, каб яны маглі зарабіць, каб даць штуршок развіццю гэтых хутароў, "мядзведжых" куткоў і іншага, - сказаў Прэзідэнт. - Сфера вельмі значная ў плане мадэрнізацыі і развіцця сучаснай інфраструктуры ў вёсцы, стварэння рабочых месцаў, захавання і прымнажэння нашых нацыянальных культурных традыцый, выхавання беражлівага стаўлення да прыроды".
Аднак Кіраўніку дзяржавы дакладваюць, што асобныя нормы Указа, які рэгулюе сферу аграэкатурызму (ад 9 кастрычніка 2017 г. № 365), выконваюцца фармальна. У якасці прыкладаў прыводзяцца канкрэтныя факты. Так, не выкаранены выпадкі, калі пад выглядам аграсядзіб на сістэмнай аснове працвітаюць гасцінічны і рэстаранны бізнесы, асабліва паблізу вялікіх гарадоў. Аднак падаткі плацяцца не як з гэтых відаў дзейнасці. "Гасцінічны бізнес у горадзе бачны, празрысты. Яны плацяць адпаведныя падаткі. У тым ліку і рэстараны. Побач з горадам у цудоўных месцах пад выглядам аграэкатурызму пабудавалі гасцініцы. Калі ласка, я не супраць. Але плаціце падаткі, як усе гасцінічныя комплексы. Пабудавалі шыкоўныя рэстараны на прыродзе. Таксама не супраць. Няхай будзе. Але плаціце падаткі, як увесь рэстаранны бізнес. Не, яны ж ільготы маюць і аформілі сябе як аграэкатурызм", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка на несправядлівасць сітуацыі, якая складваецца.
Прэзідэнт запатрабаваў далажыць, што плануецца для ўпарадкавання дзейнасці нядобрасумленных уладальнікаў аграсядзіб, якія ператварылі іх выключна ў гасцінічныя комплексы. "Што да іх прад'яўляць прэтэнзіі... Мы павінны былі заўважыць гэты працэс. У самым пачатку", - адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся, як прапановы, што абмяркоўваюцца, паўплываюць на сядзібы, размешчаныя далёка ад вялікіх гарадоў: "Яны перажылі няпросты каранавірусны час, працуюць сумленна і прадаўжаюць карпатліва год за годам развіваць свой патэнцыял. Адна справа каля буйных гарадоў на бойкіх месцах пад выглядам аграэкасядзіб арганізавалі гасцініцы і рэстараны, а іншая - гэтыя ж аграсядзібы, якія створаны ў "мядзведжых" кутках. Як у Адэсе гаварылі, дзве вялікія розніцы".
"І, што вельмі важна, як прапанаваныя змяненні будуць стымуляваць развіццё рэгіянальнай ініцыятывы і канкрэтных тэрыторый?" - паставіў пытанне беларускі лідар.
Праект Указа аб стварэнні паўнацэннага інстытута па фінансавым кансультаванні насельніцтва стаў яшчэ адной з тэм нарады Прэзідэнта з кіраўніцтвам Савета Міністраў.
"Як мне дакладваюць, наспела неабходнасць грунтоўна заняцца рознымі кансультантамі. Абсалютна беспакарана нядобрасумленныя брокеры (у народзе іх празвалі чорнымі або шэрымі) нажываюцца і на пажылых людзях, і нават на прагрэсіўнай моладзі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Ён растлумачыў, што такім чынам Нацыянальны банк матывуе стварэнне адпаведнага інстытута кансультантаў. "Я не супраць. Малайцы, правільна. Але нам жа што прапануецца (я так, наўскідку, яшчэ нічога не адмаўляючы): стварыць нейкія канторы, дзе банкіры будуць кансультаваць нашых людзей, куды пайсці ў банк, якія крэдыты ўзяць і гэтак далей, - заўважыў беларускі лідар. - Хто ў гэтыя канторы пойдзе кансультавацца? Герасімаў (Старшыня Камітэта дзяржкантролю. - Заўвага)? Не. Моладзь? Не. Адукаваныя людзі, журналісты... Не".
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што пералічаныя ім катэгорыі людзей і так без кансультантаў знойдуць неабходную інфармацыю, бо ўсё выкладзена ў інтэрнеце. Адпаведна, паслугамі такіх устаноў у першую чаргу будуць карыстацца людзі з невялікім дастаткам, у тым ліку пенсіянеры. "Іх будуць кансультаваць, калі мы створым канторы. Не бясплатна будуць кансультаваць? За грошы, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Дык дзе ж справядлівасць у нашым грамадстве? Мы ж дзяржаву для народа будуем. Мы ж у савецкія часы і да гэтага часу па некаторых пытаннях рабілі гэта бясплатна. Банкі ў гэтым зацікаўлены, каб выдаць крэдыты. Не, трэба банкірам даць яшчэ адзін шлях абдзіралаўкі народа. У нас банкіры "бедныя". Вось, што мяне насцярожыла. Таму я гэты дакумент адклаў і вынес яго на абмеркаванне".
"Яшчэ раз: я за тое, каб кансультавалі. Але навошта з людзей браць грошы за гэта. Ну не бедныя ж тыя людзі, якія будуць кансультаваць. Каму мы хочам тут даць працу і (магчымасць. - Заўвага) зарабляць на нашых людзях?" - паставіў пытанне рубам Кіраўнік дзяржавы.
Ён расказаў адзін з прыкладаў дзейнасці нядобрасумленных кансультантаў. Пенсіянеры з Брэста планавалі ўзяць крэдыт і пабудаваць дачны домік, звярнуліся да пасрэдніка, які іх пераканаў, што без "кансультанта" банк грошай не дасць. "Вось да чаго гэта прывядзе. Кантору пабудуюць, і банк накіруе да кансультанта, каб зарабіць грошы, а потым, магчыма, гэтыя грошы падзяліць. Мы ж ужо гэта ведаем з сістэмы аховы здароўя. Яму замест мыліцы патрэбны нейкі сустаў. "Ты ідзі у таго (купі. - Заўвага)", - урач пасылае. У выніку 30 чалавек селі ў турму", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы прадоўжыў расказ аб пенсіянерах з Брэста. За так званую дапамогу кансультанта ў іх папрасілі заплаціць тысячу рублёў, а часам устанаўліваюць і больш высокую цану. "Прыйшлі ў банк, а там - калі ласка, бярыце. І без усялякіх пасрэднікаў. Дык гэтае жуллё стала вымагаць грошы за "паслугу", якой, па сутнасці, не было. Напалохалі пенсіянераў так, што тыя нават атрыманы крэдыт назад у банк аднеслі, аддалі і звязвацца не захацелі", - агучыў падрабязнасці Аляксандр Лукашэнка.
"І міліцыя дапамагчы не можа. Паколькі ўсё згодна з дагаворам! Гэта значыць, бяруць з людзей грошы, і немалыя, за тое, што раздрукавалі інфармацыю з інтэрнэту, якая і без іх даступная кожнаму. Затым падсоўваюць кабальны дагавор за свае псеўдапаслугі. Самае абуральнае, што, набіваючы сваю кішэнь, яны не нясуць ніякай адказнасці і не даюць гарантый, што падабраны імі банкаўскі прадукт сапраўды будзе даступны для таго, хто да іх звярнуўся", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Больш таго, здараюцца сітуацыі, калі чалавек, заплаціўшы немалую суму за такую кансультацыю, ідзе ў банк, упэўнены, што атрымае крэдыт. А яму адмаўляюць, бо там свае працэдуры і патрабаванні. У выніку ён застаецца без грошай, на якія разлічваў, ды яшчэ і са стратай. "Бардак! Таму давайце канторы ствараць (аб адпаведнай прапанове. - Заўвага). Стварайце, але бясплатна!" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён запатрабаваў падрабязна далажыць, як прапануецца рэгуляваць гэту сферу, якія гарантыі атрымлівае чалавек, звяртаючыся да фінансавых кансультантаў, ці па ўсім фінансавым спектры будуць даступны кансультацыі і, самае галоўнае, - ці не стануць банкі браць грошы за адпаведныя кансультацыі.
На нарадзе таксама абмяркоўвалася пытанне абыходжання з радыеактыўнымі адходамі. "Мы фактычна з нуля стварылі ў краіне новую галіну з Беларускай АЭС. Не сёння заўтра нам спатрэбіцца ўтылізаваць ядзерныя адходы - адпрацаванае паліва. Прадукт вельмі небяспечны (але вельмі каштоўны). Таму я ставіў задачу выбудаваць у Беларусі надзейную сістэму абыходжання з такімі адходамі, стварыць адпаведную інфраструктуру", - нагадаў Прэзідэнт.
Пытанне абмяркоўвалі яшчэ ў мінулым годзе. Тады вырашылі, што гэтым зоймецца так званы нацыянальны аператар. Ён возьме на сябе клопат па ўзвядзенні аб'ектаў абыходжання з радыеактыўнымі адходамі і будзе паўнацэнна кіраваць працэсам. "Тут мы прытрымліваемся, па-першае, устаноўленых, як вы кажаце, сусветных стандартаў. Па-другое, гэта бяспека і здароўе беларускай нацыі і нашых суседзяў, як вы прапісваеце. Праўда, суседзі не вельмі напружваюцца наконт здароўя нашых беларусаў, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Галоўнае маё патрабаванне - ніякай нагрузкі на бюджэт, ніякіх дадатковых міністэрстваў, ведамстваў пад грыфам "аператара".
Прэзідэнт запатрабаваў дакладна вызначыцца, як лепш за ўсё абыходзіцца з гэтымі адходамі і што гэта за аператар будзе ў выніку. "Беларусы павінны быць упэўнены, што ніякай радыяцыі на тэрыторыі краіны не з'явіцца. Гэта галоўнае!" - падкрэсліў ён.
У час нарады Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што адказныя службовыя асобы не заўсёды аператыўна рэагуюць на прэзідэнцкія даручэнні. У прыклад Аляксандр Лукашэнка прывёў сваю нядаўнюю прапанову прапрацаваць меры па патанненні лесу для будаўніцтва жылых дамоў. Пра неабходнасць такога рашэння ён заявіў 18 жніўня ў час наведвання Гродзенскага раёна.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў краіне гіне шмат лесу, дрэвы не паспяваюць знесці і ў далейшым перапрацоўваць. "А ў пачатку гэтага года атрымаць для будаўніцтва жылля, у сталярку, вокны, дзверы, плінтус, рэйку падлогі - гэта катастрофа. Гэта такія завоблачныя цэны, што ў людзей вочы на лоб лезуць. Пра гэта сказаў, і ва ўрадзе - месяц прайшоў - цішыня. Ужо павінны былі на стале ляжаць не проста прапановы, а каб губернатары пачыналі дзейнічаць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
На думку Прэзідэнта, такая магчымасць у будаўніцтве жылля дазволіць замацаваць у вёсцы маладых спецыялістаў. "Давайце пачнём са спецыялістаў у вёсцы. Пабудуем дом. У нас жа ёсць лініі цэлыя - на працягу сутак дом. Прыедуць і паставяць на фундамент. Давайце шматдзетным. Каму трэба вычленім і зробім так, каб, бясплатна атрымаўшы гэту драўніну або за паўцаны, не перапрадавалі потым", - сказаў ён.
"Я проста прыводжу прыклад: калі ідэя падаецца Прэзідэнтам і яе трэба хутка рэалізаваць - цішыня", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.