Нарада з членамі Савета Бяспекі і кіраўніцтвам Савета Міністраў
- 12
- 50:14
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 сакавіка правёў нараду з членамі Савета Бяспекі і кіраўніцтвам Савета Міністраў.
"Мы планавалі сённяшнюю нараду з Урадам, прысвяціўшы яе шэрагу эканамічных праблем краіны. Аднак апошнія падзеі ў свеце, а галоўнае, іх спекулятыўная інтэрпрэтацыя ў СМІ, інтэрнэт-прасторы, асабліва ад нашых збеглых нягоднікаў з домысламі і нахабнай хлуснёй, прадвызначылі новы фармат сустрэчы і больш шырокі склад удзельнікаў з запрашэннем членаў Савета Бяспекі і нашых спецыялістаў, якія вядуць інфармацыйнае проціборства, не ўтаю, вайну. Я бачу, што ёсць неабходнасць дакладна раскласці падзеі ва Украіне з улікам іх перадумоў на падставе дакладных фактаў. Можа, нават тых фактаў, аб якіх звычайна не гавораць. Але сітуацыя вымушае мяне гэта зрабіць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Для пачатку ён звярнуўся да вытокаў гэтага сур'ёзнага еўрапейскага канфлікту. "Дай бог, каб не перарос у міжнародны, планетарны. Ён пачаўся нават не ў 2014 годзе. Тады ён упершыню ўвайшоў у вострую ўзброеную фазу. Але што гэтаму папярэднічала?" - акрэсліў пытанне беларускі лідар.
Абсалютнае ігнараванне Захадам сістэмы бяспекі, нівеліраванне сістэмы стрымліванняў і проціваг, з цяжкасцю дасягнутых пасля распаду Савецкага Саюза. Дэградацыя і абясцэньванне міжнародных дагавораў і пагадненняў прывялі да эскалацыі ваенна-палітычнай сітуацыі ў нашым рэгіёне.
Не спыняецца ўзмоцненая мілітарызацыя, асабліва Польшчы, Украіны і Літвы.
Фінансаванне нацыянальных узброеных сіл даўно пераступіла патрабуемую НАТА норму 2% ад ВУП. "Помніце, гэта патрабаванне Дональда Трампа. Ужо больш", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым самі ЗША павялічылі ваенны бюджэт у 2022 годзе амаль на 4% (амаль $770 млрд), Украіна - да 6% ад ВУП.
Імклівая ўкраінізацыя краіны радыкальнымі элементамі з выкарыстаннем інструментарыю прапаганды нацысцкіх ідэй на фоне знішчэння рускай культуры, мовы, гістарычнай памяці, у тым ліку на тэрыторыях пражывання этнічных рускіх.
"Трагічны вынік усяго гэтага мы бачым сёння ва Украіне. Ці хацела гэта бачыць большасць украінскага насельніцтва? Вядома ж не. Але майдан зрабіў сваю справу", - канстатаваў Прэзідэнт.
Пры падтрымцы знешніх сіл быў ажыццёўлены дзяржпераварот, што прызнаюць нават на Захадзе. Пралілася кроў. У Данбасе пачалася вайна. Здрыганулася ўся Еўропа.
"Успомніце, каб спыніць бойку ва Украіне ў 2014 годзе, мы з самага пачатку з галавой акунуліся ў міратворчыя працэсы. Выступілі за мірнае ўрэгуляванне і найхутчэйшае спыненне чалавечых ахвяр і пакут. Прапанавалі Мінск для работы Трохбаковай кантактнай групы па просьбе Расіі і Украіны. Менавіта Мінскія дамоўленасці спынілі кровапраліцце. Так, там пастрэльвалі. Але спынілася вайна і перасталі сотнямі і тысячамі гінуць мірныя людзі, і не толькі мірныя, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Ужо ў кастрычніку я прапанаваў выкарыстоўваць беларускіх ваеннаслужачых, перш за ўсё нашых пагранічнікаў тады, у якасці міратворчага кантынгенту для таго, каб развесці канфліктуючыя бакі ў Данбасе. Аднак на той момант зацікаўленасці ў гэтай прапанове на першым этапе не было. Мы вярнуліся да гэтай тэмы восенню 2017 года ў Савеце Бяспекі ААН. І зноў у адказ цішыня".
Між тым для ўсіх было відавочна - перадумовы канфлікту нікуды не дзеліся. Больш таго, Захад узмацніў падыходы да мілітарызацыі рэгіёна. Уцягнуў у гэту гісторыю ўкраінскі бок нязбытнымі абяцаннямі прыняцця краіны ў Еўрасаюз і НАТА. "Мэта адна - справакаваць нас, перш за ўсё Расію. І многія еўрапейскія палітыкі не саромеюцца гаварыць аб гэтым з трыбуны ўжо сёння", - заўважыў Прэзідэнт.
Тым часам у Данбасе прадаўжалі гінуць мірныя грамадзяне. "І, заўважце, гэту вайну на Захадзе як бы ніхто і не бачыў. Яны аслеплі і зусім нядаўна гэты збеглы польскі ваеннаслужачы расказаў, як яны палявалі. Аслеплі, ніхто не бачыць, і аглохлі, ніхто гэтага не чуе, - адзначыў Прэзідэнт. - Не было ў заходняй прэсе фота дзяцей, якія сядзяць у падвале ў час абстрэлаў, і шматлікіх ахвяр украінскай агрэсіі супраць мірнага насельніцтва. Няўжо тых смярцей было мала, каб сесці ўсім у Еўропе і вызначыцца з мерамі даверу і бяспекі ў рэгіёне з улікам новых рэалій?"
Ён прадоўжыў: мы білі ў набат з розных міжнародных пляцовак, вылучылі шэраг буйных ініцыятыў, накіраваных на перазапуск міжнароднага дыялогу па пытаннях еўрапейскай бяспекі ("Хельсінкі-2"), падтрымлівалі ўсе мірныя ініцыятывы і з'яўляліся іх удзельнікамі.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што тады ў кіраўніцтве, у прыватнасці ў МЗС, было два меркаванні наконт таго, ці варта выступаць з гэтымі ініцыятывамі, разумеючы сваё месца ў свеце: "Ведаючы, што нас нават калі пачуюць, адмахнуцца. Гэта ж не Амерыка прапануе ініцыятыву, а Беларусь. І тады я прыняў рашэнне: няхай не пачуюць, пачуюць - няхай не робяць, але мы павінны аб гэтым гаварыць".
Беларусь заставалася прыхільная адпаведным міжнародным абавязацельствам нават ва ўмовах, калі вядучыя краіны з іх выходзілі. У жніўні 2019 года было заяўлена аб прадаўжэнні выканання палажэнняў Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці (ДРСМД). Не выйшла Беларусь, як ЗША, з Дагавора аб адкрытым небе. Краіна таксама засталася ўдзельнікам Дагавора аб звычайных узброеных сілах у Еўропе. "Мы гэтыя дагаворы выконваем, хоць вядомыя краіны аб іх выцерлі ногі", - канстатаваў ён.
Расійскае кіраўніцтва таксама звярталася да ЗША і НАТА з прапановамі аб запуску адкрытага дыялогу па пытаннях бяспекі. Яго прапановы прама ці ўскосна праігнараваны.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін неаднаразова адкрыта заклікаў паважаць расійскія інтарэсы ў сферы бяспекі. Гэтыя заклікі засталіся непачутымі.
Украіну тым часам начынялі зброяй і заахвочвалі да рэваншу ў Данбасе. Расцвілі экстрэмісцкія арганізацыі нацысцкага характару. У 2020-м пачалося расхістванне Беларусі. "Выкарысталі прэзідэнцкія выбары. Спробу дзяржперавароту ў нас зрабілі па ўкраінскім сцэнарыі з актыўным падключэннем украінскіх нацыяналістаў і цэнтраў кібервайны, размешчаных ва Украіне", - заўважыў беларускі лідар.
У Валынскай вобласці, побач з беларускімі межамі, з ведама ўкраінскіх кампетэнтных улад ствараліся базы і трэніровачныя лагеры ў мэтах падрыхтоўкі "дабравольцаў" для ўдзелу ў беларускіх падзеях. "Гэта, дарэчы, у судзе публічна пацвердзіў камандзір батальёна "Данбас" Сяменчанка, які знаходзіцца пад вартай. Ёсць таксама бясспрэчны доказ, што спецслужбы Украіны мелі дачыненне да дзейнасці банды Аўтуховіча па набыцці боепрыпасаў ва Украіне і перамяшчэнні іх у Беларусь. Не адзіны факт. Мы аб гэтым расказвалі нашым людзям. Удумайцеся, на тэрыторыі Украіны дзейнічае больш за 15 палітэмігранцкіх цэнтраў і структур, якія займаюцца вярбоўкай і падтрымкай збеглых з Беларусі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Толькі ў 2020-2021 гадах беларускімі пагранічнікамі і службамі Украіны выяўлены чатыры тайнікі са зброяй і боепрыпасамі на беларуска-ўкраінскім паграніччы. Ручныя процітанкавыя гранаты, узрыўныя ўстройствы, узрыўчатка ў велізарнай колькасці, патроны.
У цэлым на тэрыторыі Беларусі за апошнія тры гады спынена дзейнасць 12 агентаў і кадравых супрацоўнікаў украінскіх спецслужбаў. "Пайменна можам назваць. Мы аб гэтым гаварылі. Калі ёсць жаданне, можам паўтарыць. Мы тады меркавалі, але цяпер ужо відавочна: перад тым, як разабрацца з Расіяй, неабходна было разбурыць так званы беларускі балкон. Запомніце, гэта - карэннае. Перш чым ваяваць з Расіяй, калі б не было гэтага канфлікту, трэніраваліся б на нас. Калі ў жніўні 2020 года бліцкрыг у Беларусі праваліўся, нас пачалі душыць эканамічна, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - І тая Украіна, якую любіць кожны беларус, апынулася ледзь ці не ў фарватары антыбеларускай рыторыкі".
Было аб'яўлена аб "кардынальным змяненні сітуацыі ў беларуска-ўкраінскіх адносінах" са спыненнем міждзяржаўнага дыялогу на вышэйшым і высокім узроўнях, спынена вяшчанне беларускіх інфармацыйнай тэлеканалаў.
Афіцыйны Кіеў падтрымаў, а недзе пабег наперадзе Захаду ў антыбеларускай рыторыцы і далучыўся да санкцый ЕС у адносінах да Беларусі. Неба Украіны закрылася для беларускай авіяцыі.
Парламент Украіны стаў асноўнай пляцоўкай для тэндэнцыйнай рыторыкі, антыбеларускіх заяў, лабіравання рашэнняў, накіраваных на падтрымку радыкальнай беларускай апазіцыі, фінансавую і рэсурсную падтрымку збеглых. "Усё гэта рабілася па ўказцы пэўных сіл. Вы іх добра ведаеце. Перакананы, калі б не было падштурхоўвання гэтых сіл у Радзе Украіны з боку заходніх спонсараў, якія жадаюць разбурыць Беларусь і Расію, такога ажыятажу ў парламенце не было б", - упэўнены Прэзідэнт.
Уведзены забарона на імпарт беларускай электраэнергіі, абмежавальныя меры на пастаўку асобных тавараў, кропкавыя санкцыі для некаторых айчынных суб'ектаў гаспадарання, якія працуюць у сферы нафтаперапрацоўкі, пастаўкі калійных угнаенняў.
Пры гэтым, заўважыў Аляксандр Лукашэнка, у крытычны перыяд, калі ўся энергасістэма Украіны магла абваліцца, Беларусь па просьбе ўкраінскага боку дапамагла з пастаўкамі электраэнергіі. "Мы гэта зрабілі. Праз тыдзень адмовіліся. Ну як хочаце... Праз два дні зноў на каленях сталі прасіць. Мы зноў аднавілі пастаўкі. Цяпер зноў адмовіліся. Далей - больш: па ўказцы гэтага ж Захаду яны спыняюць транзіт па чыгунцы нашых калійных угнаенняў ад БКК і прымаюць іншыя меры. Паралельна з імі ішлі Польшча і Літва. У адказ мы прынялі вядомае рашэнне па Літве. Але што самае здзіўнае, 40% прыкладна дызельнага паліва, бензінаў найвышэйшай якасці (яны самі аб гэтым гаварылі) мы пастаўлялі ва Украіну. І тут яны прымаюць рашэнне, нібыта нашкодзіць нам. Але хіба нам?" - пералічыў Кіраўнік дзяржавы.
Узмацніліся правакацыі на дзяржаўнай граніцы. Толькі з лістапада па студзень украінскімі паветранымі сродкамі тройчы парушана паветраная прастора Беларусі. "Я гавару толькі пра Украіну. Не бяру Захад", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
"А што адбывалася ў нашых заходніх суседзяў? Кратна павялічыліся мерапрыемствы аператыўнай і баявой падрыхтоўкі з адпрацоўкай задач зусім не абарончага характару, як нам спрабавалі ўнушыць, а менавіта наступальных дзеянняў. Паветраная разведка ўздоўж нашых граніц вялася з інтэнсіўнасцю 15-20 палётаў на тыдзень. Яўна ў мэтах выяўлення сістэмы проціпаветранай абароны і ацэнкі нашых магчымасцей. На карты наносілі нашы аб'екты. Навошта? У абарончых мэтах? - сказаў Прэзідэнт. - Мы таксама бачылі, як актыўна праводзілася падрыхтоўка ваеннай інфраструктуры (аэрадромаў, партоў, баз захоўвання, транспартных камунікацый) да прыёму буйных груповак войскаў. Еўрапейскі саюз прыняў значныя меры па спрашчэнні перамяшчэння замежных войскаў па сваіх тэрыторыях шляхам прыняцця так званага ваеннага шэнгена". "Бесперашкодна з Вялікабрытаніі, Германіі, Чэхіі і іншых краін ва Усходнюю Еўропу ішлі эшалоны са зброяй, боепрыпасамі, тэхнікай і жывой сілай", - канкрэтызаваў Кіраўнік дзяржавы.
Пад выглядам вырашэння праблемы міграцыйнага крызісу ў сумежных краінах была створана групоўка войскаў нібыта для прыкрыцця граніц ад незаконнага перасячэння мігрантамі. Яе колькасць толькі паводле існуючых даных перавышала 30 тыс. чалавек. Украіна падцягнула да граніцы Беларусі больш за 6 тыс. чалавек на першапачатковым этапе.
УСУ задумалі аперацыю "Палессе" ў мэтах падрыхтоўкі сваіх войскаў для дзеянняў на беларускім напрамку, сталі ўзбройваць нацыяналістычныя фарміраванні таксама для дзеянняў на гэтым напрамку.
Затым уздоўж сваіх паўночных, усходніх і паўднёвых граніц, ад Львова да Адэсы, яны разгарнулі вучэнне "Мяцеліца-2022" з прыцягненнем яшчэ амаль 30 тыс. чалавек. Праявілася прадузятасць у адносінах да беларускіх грамадзян, якія перамяшчаліся ва Украіну. І ўсё гэта на фоне інфармацыйнай істэрыі, надуманых абвінавачанняў у падрыхтоўцы агрэсіі з боку Беларусі.
"У сукупнасці ўсе гэтыя факты яўна сведчылі аб магчымай падрыхтоўцы Захаду да агрэсіі супраць Беларусі і Расіі", - заўважыў Прэзідэнт.
У існуючай сітуацыі кіраўнікі дзяржаў Беларусі і Расіі прынялі рашэнне аб праверцы сіл рэагавання Саюзнай дзяржавы. "Што тут новага? Мы бачым напружанне, мы вырашылі праверыць з Пуціным нашы сілы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Завяршальным этапам праверкі было спланавана правядзенне сумеснага аператыўнага вучэння "Саюзная рашучасць - 2022". Праверка была прызначана пацвердзіць трываласць адносін дзвюх краін, рашучасць у адстойванні сваіх нацыянальных інтарэсаў.
"Дарэчы, пасля завяршэння вучэння расійскія войскі падрыхтаваліся да адбыцця ў месцы пастаяннай дыслакацыі і некаторыя (тэлебачанне гэта паказвала) пачалі адбываць. Аднак Захаду быў патрэбны менавіта ваенны канфлікт, прычым з абвінавачаннем Расіі ў яго распальванні. Іх рэакцыяй сталі не толькі інфармацыйныя ўкіды і эканамічныя меры, але і прывядзенне ў гатоўнасць да перакідкі ў Еўропу васьмітысячнай групоўкі, з якой каля дзвюх тысяч прыбылі ўжо да 20 лютага да нашай граніцы. Байдэн пасылаў сілы хуткага рэагавання - самых падрыхтаваных ваеннаслужачых - з розных тэатраў ваенных дзеянняў да нас. Паўстае пытанне, што ім тут трэба каля Беларусі? - расказаў Прэзідэнт. - Напаўненне Украіны зброяй проста зашкальвала, штодзённа прыбывалі амерыканскія самалёты з грузам процітанкавых і зенітных ракет, а таксама іншай зброі і боепрыпасаў. Адначасова УСУ значна павялічылі колькасць удараў па грамадзянскіх аб'ектах у Данбасе ракетамі, артылерыяй буйнога калібру, забіваючы ні ў чым не вінаватых людзей".
"Вы помніце, зусім нядаўна рынуліся тысячы бежанцаў на тэрыторыю Расіі. Я ў гэты час якраз знаходзіўся з Пуціным", - адзначыў беларускі лідар.
"У існуючай абстаноўцы я папрасіў Прэзідэнта Расіі пакінуць толькі частку сіл для прыкрыцця менавіта Гомельскага напрамку. Таму што сярэдзіна нашай граніцы з Украінай - гэта непраходныя гушчары і балоты, рэкі. Брэсцкі напрамак у нас ёсць чым прыкрыць, там добрая брыгада дыслацыравана і не толькі. Але Гомельскі напрамак і іншыя ў сувязі з тым, што мы ніколі не збіраліся ваяваць з Украінай і ніколі не думалі, што з Украіны будуць нам пагражаць, мы ніколі там не дыслацыравалі Узброеныя Сілы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"З-за ўзмацнення ваеннай актыўнасці Узброеных Сіл Украіны і аднаўлення баявых дзеянняў па лініі судакранання бакоў кіраўнікі ДНР і ЛНР папрасілі ваенную дапамогу ў Расійскай Федэацыі. Як вы ведаеце, яна была аказана", - адзначыў Прэзідэнт.
"І Расіі не пакінулі выбару", - канстатаваў беларускі лідар. - Мы ў гэты час, і я перш за ўсё, разумелі, што з намі можа быць. Але мы не ўцягваліся ў канфлікт, мы нікога не правакавалі. Яшчэ раз паўтараю: для мяне было важна прыкрыць паўднёвую дзяржаўную граніцу. І граніца вельмі няпростая. Гэта не граніца на Захадзе".
Ён нагадаў, што Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным прынята рашэнне аб правядзенні спецыяльнай ваеннай аперацыі ў Данбасе. "Зразумела, меркавалася прымяненне групоўкі войскаў, якая засталася на тэрыторыі Беларусі. І мяне інфармаваў аб гэтым у 5 гадзін раніцы 24 лютага. Перад прыняццем такога рашэння наша разведка і расіяне выявілі на тэрыторыі Украіны ў непасрэднай блізкасці ад беларускай граніцы некалькі зенітных і ракетных дывізіёнаў (гэта было вечарам 23 лютага, да 11 вечара), якія падрыхтаваліся для нанясення ўдару па расійскіх войсках у раёнах сканцэнтравання на нашай тэрыторыі. Па тых войсках, якія я папрасіў Пуціна пакінуць у Беларусі", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, амерыканцы злівалі ўкраінскаму боку разведданыя: "Спадарожнікі круціліся над нашай тэрыторыяй. Цяпер вельмі цяжка нешта схаваць, ды ніхто і не хаваў. Усе разведданыя перадаваліся ўкраінскім Узброеным сілам. У адваротным выпадку, навошта было падцягваць цяжкае ўзбраенне да нашай граніцы".
Адначасова з аб'яўленнем рашэння на правядзенне аперацыі Расіяй быў нанесены апярэджвальны ўдар па гэтых цяжкіх узбраеннях, пазіцыях, каб прадухіліць свае страты і ўздзеянне на Беларусь. Калі б гэтага не зрабілі, гэтыя ракеты прыляцелі б у Гомель і Мазыр", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.