Аператыўная нарада з ваеннымі
- 27
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 лютага правёў аператыўную нараду з ваеннымі.
"Ні для каго не сакрэт, што за апошнюю ноч, учарашні вечар абстаноўка па перыметры заходніх і паўднёвых граніц Беларусі рэзка змянілася. Я ўсім вам удзячны: ведаю, што ніхто з вас не спаў гэтай ноччу, нам трэба было падрыхтавацца ў гэтай сітуацыі, як паводзіць сябе, што сказаць нашым людзям. І сёння ноччу мы запланавалі гэту нараду", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ў Польшчы і краінах Балтыі па перыметры беларускіх граніц імкліва нарошчваецца ваенны патэнцыял НАТА. Паводле яго слоў, каля Беларусі ствараюцца групоўкі, якія павінны, увайшоўшы ў Беларусь, напасці на Расію. Яшчэ некалькі дзён таму, выступаючы на ўрачыстым сходзе ў Палацы Рэспублікі, Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў Захад, што не дазволіць яму ўдарыць цераз Беларусь у спіну Расіі. "Мы здраднікамі не будзем і вам не дазволім страляць у спіну рускіх людзей", - падкрэсліў ён яшчэ раз у час нарады.
"Учора позна вечарам я даручыў вам распрацаваць меры ў адказ на выпадак, калі ў некага мазгі выцекуць праз вушы і яны захочуць ажыццявіць гэты манеўр. Вось карта перада мной, якая выпрацавана Генштабам за ноч, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Размаўляючы з Пуціным раніцай, я абазначыў гэта. Я гавару: "Мы бачым гэты напрамак. Мы добра разумеем, што там адбываецца". Таму нам трэба закрыць яго, каб сапраўды не атрымалі нож у спіну".
Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу, што частка расійскай групоўкі, якая засталася ў Беларусі пасля вучэнняў, дапаможа пры неабходнасці прыкрыць заходні напрамак. Гэта ў размове з ім пацвердзіў і расійскі лідар. "Адказ даслоўна: "Я табе абяцаю і клянуся, што любое нападзенне і хоць адзін цераз граніцу на тэрыторыю Беларусі будзе азначаць, што яны атакуюць Расію".
"Вось я прачытаў: "Каля 5 гадзін раніцы дзяржграніца Украіны на ўчастку Расіі і Беларусі была атакавана з боку расійскіх войскаў, якія падтрымліваюцца Беларуссю". Нягоднікі апошнія! Нашы войскі ніякага ўдзелу не прымаюць у гэтай аперацыі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У той жа час Кіраўнік дзяржавы заявіў: "Мы тут апраўдвацца не будзем наконт таго, што мы ўдзельнічаем, не ўдзельнічаем у гэтым канфлікце. Яшчэ раз гавару: нашых войскаў там няма. Але калі трэба будзе, калі гэта будзе неабходна Беларусі і Расіі, яны будуць".
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін аб'явіў аб правядзенні спецыяльнай ваеннай аперацыі ў Данбасе. Сёння раніцай лідары Беларусі і Расіі ў тэлефоннай размове абмеркавалі, як развіваецца сітуацыя ў гэтым рэгіёне. "Ён самым падрабязным чынам праінфармаваў мяне аб сітуацыі і, самае галоўнае, як развіваецца гэта сітуацыя. Як ён заявіў, мэта правядзення аперацыі адназначная: гэта спыненне генацыду народа ў Данецкай і Луганскай абласцях", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што пасля правядзення сумеснага вучэння на тэрыторыі Беларусі засталася частка групоўкі расійскіх войскаў. Ён растлумачыў, чаму было прынята такое рашэнне: "Каб не было інсінуацый: у час апошняй сустрэчы ў Маскве я асабіста прапанаваў Пуціну пакінуць некаторую колькасць Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі на поўдні нашай Беларусі. Чаму? Мне не сорамна аб гэтым сказаць: мы не былі гатовы прыкрыць паўднёвы напрамак у гэтай сітуацыі, паколькі ўкраінскія падраздзяленні - ваенныя, не пагранічныя - рушылі да граніцы і пачалі праводзіць там манеўры. Мы гэта бачылі, але ў нас там ніколі не было войскаў. Таму я прапанаваў нейкую невялікую частку (расійскіх войскаў. - Заўвага) пакінуць там, на паўднёвых граніцах, пакуль мы сваімі Узброенымі Сіламі не заменім іх".
"Пуцін згадзіўся. Падкрэсліваю, што ён мне сказаў: "Ты маеш рацыю, трэба пакінуць. Гэта яшчэ адзін шанц ашалелым палітыкам ва Украіне зрабіць адпаведныя высновы. Можа, яны зразумеюць, што трэба сесці за стол перагавораў і прыняць рашэнне аб міры. Не павінны брацкія народы ваяваць". Вось аб чым мы дамовіліся. А не тое, што мы там рыхтавалі нейкую супраць Украіны вайну. Яшчэ раз падкрэсліваю: для таго, каб, як ён сказаў, украінцы, кіраўніцтва і палітыкі Украіны яшчэ раз зрабілі высновы і зразумелі, што трэба вырашаць за сталом перагавораў гэтыя пытанні", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідар адзначыў, што ваеннае кіраўніцтва Украіны двойчы праводзіла перагаворы з беларускімі калегамі. Апошняя такая размова адбылася пасля сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі ў Маскве. Нюансы перагавораў кіраўнікоў дзяржаў былі даведзены да ўкраінскага боку.
"Сёння ноччу да аперацыі (прадстаўнік ваеннага кіраўніцтва Украіны. - Заўвага) папрасіўся на размову. Я гавару: "Размаўляйце з ім". Вы яму ад мяне прапанавалі, што пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Пуціным наш Прэзідэнт Беларусі вам рэкамендуе неадкладна звязацца з Міністрам абароны, Генштабам Расіі для таго, каб не пачалася гэта бойня. Патэлефанаваў ён туды? Не патэлефанаваў. Ён, ведаючы, што можа пачацца канфлікт, нават не патэлефанаваў у Маскву. Слухайце, былі ж выпадкі ў гісторыі, калі Хрушчоў Кенэдзі ноччу патэлефанаваў і спынілі тэрмаядзерную вайну. А тут, бачыце, патэлефанаваць было цяжка, зняць трубку. Нягоднік!" - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Учора ўвечары камандуючы пагранічнымі войскамі мне далажыў: узмоцнена дзяржаўная граніца Украіны. Як узмоцнена: замест двух чалавек у нарадзе пяць. Добра, кажу, назірай, будзем глядзець далей. Позна ўвечары тэлефануе мне: "Аляксандр Рыгоравіч, на граніцы з украінскага боку нікога няма". Разбегліся. На момант пачатку аперацыі (расійскай спецаперацыі. - Заўвага) з таго боку не было пагранічнікаў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Такія факты, якія скрыты ад СМІ, на думку Прэзідэнта, сведчаць аб тым, што Украіна хацела гэтага канфлікту. "Яны нічога не рабілі для таго, каб прадухіліць яго. Яны пастаянна нагняталі, нагняталі. Нават пасля прызнання незалежнасці гэтых рэспублік. Спыніцеся! З кім вы сабраліся ваяваць - ядзерная дзяржава наймагутнейшая. Навошта вам гэта? Не, усё роўна. Вы думаеце, яны не разумеюць, што не гатовы да вайны з Расіяй? Яны гэта разумеюць. Зноў пытанне: а чаму тады абвастраюць адносіны? А таму, што ззаду штыком у пятую кропку штурхаюць на вайну. Вось яны і пайшлі на гэту вайну. Атрымалі адказ, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Ім было паведамлена па пунктах, што зрабіць. Не зрабілі. Значыць, хацелі гэтай вайны. А цяпер няхай разбіраюцца, хто іх да гэтага штурхаў. Хоць тут нескладана разабрацца".
Прэзідэнт адзначыў узважаную пазіцыю Кітая адносна сітуацыі ва Украіне: "Кітайцы, мудрыя людзі, кажуць: "Цяпер яшчэ дзверы не зачынены. Цяпер яшчэ гэты канфлікт можна прадухіліць". Таму трэба шукаць шляхі да недапушчэння кровапраліцця. Каб не дапусціць гэтага і спыніць эскалацыю, трэба сесці за стол перагавораў".
"Каб не дапусціць гэтага (кровапраліцця ва Украіне. - Заўвага) і спыніць эскалацыю, трэба сесці за стол перагавораў, але ніколі Расія не сядзе з імі за стол перагавораў, калі папярэдне не ўзгадніць пытанні, якія будуць абмяркоўвацца. Іх Расія прапісала для НАТА, і для Амерыкі, і для Украіны ў тым ліку. Пяць або шэсць пытанняў. Там два-тры пытанні для Украіны. Першае - дэмілітарызацыя Украіны, недапушчэнне ўступлення ў НАТА Украіны і спыненне сілавых дзеянняў супраць Данецка і Луганска. Магчыма, з'явяцца і іншыя пытанні", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Але мала проста абмеркаваць гэтыя пытанні - павінны быць падрыхтаваны праекты канкрэтных рашэнняў, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. "Так, яны будуць больш строгія ў адносінах да Украіны. А як жа сёння, калі ты церпіш паражэнне? Вядома, табе пераможца нешта прадыктуе. Але давайце будзем рэалістамі: вядома, нешта прадыктуюць, але гэта будзе значна лепш, чым Украіна пацерпіць паражэнне ў вайне", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Адпаведныя перагаворы Аляксандр Лукашэнка прапанаваў правесці ў Мінску: "Мы славяне, тры славянскія народы. Давайце сядзем і вырашым свой лёс на будучае, назаўсёды. Што з'яўляецца асновай гэтага? Я на месцы Зяленскага за гэта ўчапіўся б. Пуцін заявіў (і маладзец, я ў размове пахваліў яго за гэта): "Мы не акупанты, мы не збіраемся акупіраваць Украіну". Што яшчэ патрэбна? Гэта аснова для перагавораў. Ён сапраўды не збіраецца акупіраваць. Навошта, каму патрэбны гэты галаўны боль. Ніхто не збіраецца там укараняць свае сілы і ўрады. Гэта ж аснова для перагавораў. На гэтай аснове давайце выпрацоўваць парадак дня і рашэнні".
Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што гэта адзіны шанц сёння спыніць эскалацыю і пазбегнуць кровапраліцця вайны. "А магчыма, і гэта цалкам рэальна, спыніць гэты канфлікт, вырашыць усе пытанні. Можа, яны мяне пачуюць. Мы не будзем тут пасрэднікамі, нам не патрэбна ніякае пасрэдніцтва: гэта вайна ўжо ў нас", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Ніякай панікі, абсалютна ніякай! Усе мерапрыемствы, якія запланаваны, праводзім: і спартыўныя, і грамадска-палітычныя - усе мерапрыемствы. Ніякай сёння пагрозы для краіны няма ні на адным напрамку, але мы планы іх бачым і ведаем", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Задача ваенных - зрабіць так, каб кожны беларус адчуваў сябе абароненым. І мы гэта зробім. Мы пачалі ўжо гэта рабіць, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Урад, губернатары павінны забяспечыць нармальны рытм эканомікі і аператыўнае вырашэнне ўсіх жыццёвых пытанняў грамадзян".
"У існуючай сітуацыі нам неабходна неадкладна вызначыць меры па забеспячэнні бяспекі нашай краіны і нашых грамадзян. Пры гэтым хачу заўважыць - ніякай надзвычайшчыны. Нічога абсалютна не адбылося", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што цяпер варта сканцэнтраваць намаганні на ахове дзяржграніцы на заходнім напрамку. А што датычыцца паўднёвага, то там абстаноўка, на яго думку, кантралюемая: "Нічога на поўдні ў бліжэйшы час не здарыцца. А калі і здарыцца - у нас дастаткова там сіл і сродкаў. Мы павінны баяцца на поўдні толькі правакатараў і дыверсантаў, падонкаў, у тым ліку тых бандытаў і нашых збеглых, якія ў іх у лагерах рыхтуюцца для таго, каб змагацца тут, у Беларусі, супраць нашага народа".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што на паўднёвых граніцах цяпер выведзена для прыкрыцця пяць батальённа-тактычных груп сіл спецыяльных аперацый, узброеных да зубоў. Там жа сканцэнтраваны пагранічныя нарады і манеўраныя пагранічныя групы. "Яны выведзены ўчора вечарам, сёння ноччу і дзяжураць па ўсім перыметры граніцы. Усе пагранічныя войскі нясуць службу ва ўзмоцненым рэжыме. Гэта мы закрылі ўсю граніцу", - сказаў Прэзідэнт.
"Наша задача цяпер - вызначыць абарону дзяржаўнай граніцы з НАТА - Польшчай і Літвой. Задача была пастаўлена, каб вы бачылі ўсё, каб мы не ўпусцілі ні аднаго танка, ні аднаго салдата. Мы павінны бачыць усё, што адбываецца там, у Польшчы", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, польскае кіраўніцтва можа выкарыстоўваць сітуацыю ў сваіх мэтах: "Ім цяпер гэта вайнушка вой як патрэбна для таго, каб перакрэсліць непапулярнасць гэтай ПіС (правячая ў Польшчы партыя "Права і справядлівасць". - Заўвага) і Дуды ашалелага. Ім гэта вельмі дарэчы было б".
"Давайце шчыра: а што, НАТА, Амерыка і Захад нам пакінулі альтэрнатыву? Нядаўна сёмы або які пакет санкцый прынялі. Украіна (ніхто яе не падганяў) тыдзень таму забараніла чыгунцы перавозіць наш калій. Выгадны для іх праект закрыла. Хто яе аб гэтым прасіў? Ніхто. Раней закрылі неба. Зусім нядаўна (заявілі. - Заўвага): "Мы не будзем у вас купляць электраэнергію". Бог з вамі. Даруйце мне, баба з воза - каню лягчэй", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён таксама ёміста ахарактарызаваў украінскія ўлады за рашэнне аб адмове ад імпарту беларускай электраэнергіі: "Вар'яты, страшныя вар'яты".
"Вось яшчэ заўтра адмовяцца ад дызельнага паліва і бензіну, - іранічна заўважыў Прэзідэнт. - А пастаўкі ідуць на 90% з Расіі і Беларусі. Няхай адмовяцца".
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на абнародаваныя нядаўна факты аб наяўнасці загранічных банкаўскіх рахункаў у палітычнага кіраўніцтва Украіны: "Пачалі ўжо друкаваць іх рахункі за мяжой і называць канкрэтныя лічбы, колькі грошай накапілі і павывозілі. Бяднее народ, а яны набіваюць кішэні. І яшчэ хочуць, каб украінскі народ за іх ішоў і гінуў!"
"Яшчэ раз хачу падкрэсліць: нашы людзі павінны быць упэўнены ў тым, што мы не зробім ніякіх памылковых крокаў. Ніякіх. Мы не збіраемся ўцягвацца ў вайну, па-першае. Па-другое, нас аб гэтым ніхто не просіць, там без нас здольны разабрацца. Але яшчэ раз падкрэсліваю: калі трэба, мы акажам усялякую падтрымку", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Ён чарговы раз нагадаў аб узаемных дамоўленасцях і абавязацельствах Беларусі і Расіі ў рамках Саюзнай дзяржавы. "Мы саюзнікі, у нас адпаведны дагавор, і нас у гэтым няма чаго папракаць", - сказаў Прэзідэнт. Ён таксама ўказаў на дзеянні, напрыклад, Польшчы, Літвы, якія накіроўвалі сваіх грамадзян для ўдзелу ў аперацыях ЗША ў Афганістане, Іраку. "Што там трэба было рабіць палякам, літоўцам, тым жа ўкраінцам у Афганістане і ў Іраку, калі амерыканцы ваявалі? - задаў слушнае пытанне Аляксандр Лукашэнка. - Што там ім трэба было рабіць? А таму што амерыканцы - іх саюзнік. А чаго да нас прэтэнзіі прад'яўляеце? Расія - наш саюзнік".
"Нам трэба сваю краіну глядзець, не ўцягвацца, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Я на ўрачыстым сходзе (да Дня абаронцаў Айчыны 23 лютага гэтага года. - Заўвага) сказаў: "Нам ні ў якім разе нельга ўцягнуцца ў дзярмо, з аднаго боку, і стаць здраднікамі". Цяпер, напэўна, вам зразумела, што я меў на ўвазе".
Аляксандр Лукашэнка ў час нарады таксама нагадаў, што сёння была запланавана яго сустрэча з беларускімі журналістамі. Прэзідэнт запэўніў іх, што мерапрыемства ні ў якім разе не адмяняецца: "Мы сёння павінны былі сустрэцца ў больш шырокім фармаце - мы не адмяняем гэта, проста крыху перанясём. Ужо і сітуацыя будзе неяк па многіх пытаннях высвечана".
Падагульняючы нараду з ваеннымі, Прэзідэнт падкрэсліў: "Вельмі вас прашу даволі адкрыта нашу пазіцыю асвятляць, але не палохаючы людзей".
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў краіне ўсё ідзе сваім парадкам. "У нас 27 лютага апошні дзень галасавання (на рэферэндуме. - Заўвага). Мы павінны цяпер паказаць: мы займаемся справай, доім, кормім, вырашаем іншыя пытанні, спартыўныя і іншыя мерапрыемствы".
"Я думаю, мы сустрэнемся і ў гэтым фармаце яшчэ пагаворым", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Пасля завяршэння нарады Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні журналістаў.
Прэзідэнт заявіў, што Беларусь у бліжэйшы час прыме рашэнне наконт прызнання ДНР і ЛНР.
"Мы з Пуціным гаварылі, сёння нам не да гэтага. Гэта па-першае. Па-другое, гэта не з'яўляецца праблемай. А па-трэцяе, нам трэба добра разумець: вось робім крок - што будзе ў выніку гэтага кроку? Але тым не менш гэта не праблема", - адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што некаторыя краіны паспелі ўжо заявіць аб тым, што пытанне аб прызнанні альбо непрызнанні ДНР і ЛНР у іх не стаіць на парадку дня. "А ў нас яно стаіць у парадку дня, і ў бліжэйшы час мы прымем рашэнне. Зробім так, як гэта лепш і Расіі, і Беларусі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Ніколі кіраўніцтва Расіі перада мной не ставіла пытанне - удзельнічаць у якіх-небудзь аперацыях, у тым ліку і ў гэтай украінскай. У нас ёсць свае задачы, якія, дарэчы, сумяшчальныя з тым канфліктам і з той аперацыяй, якую Расія праводзіць ва Украіне. Нам трэба закрыць сваю спіну там, і каб яны сапраўды не ўвайшлі ў тыл расійскай групоўцы. Гэта адпавядае нашым інтарэсам. Гэта ў інтарэсах расійскай арміі", - заявіў беларускі лідар.
"Мы дамовіліся з Пуціным, што я падумаю яшчэ, якая нам тэхніка патрэбна ваенная сучасная, для таго каб прыкрыць гэтыя напрамкі. Мы сёння з ваеннымі параіліся, і мы бачым, што туды пажадана было б паставіць "Іскандэры" (ракетныя комплексы. - Заўвага) і недзе паставіць дывізіён-два С-400. Каб мы да Берліна фактычна маніторылі сітуацыю. Таму што С-400 "Трыумф" (зенітны ракетны комплекс. - Заўвага) бачыць гэта ўсё. Гэта такая зброя, ад якой заўсёды цверазеюць нашы праціўнікі", - заявіў Прэзідэнт.
"Вось мы сёння-заўтра перагаворым з Прэзідэнтам Расіі аб тым, каб падмацавацца нам тут на заходнім напрамку. Украіна Украінай, але вунь варушацца ў Польшчы і Літве ўжо, разгортваюць брыгады, самалёты, верталёты і іншае. Даўно ўжо гэта робяць, - заўважыў беларускі лідар. - Цяпер мацнейшым, стрымальным фактарам была б тэхніка: "Іскандэры" і С-400 "Трыумф". Мы і без іх абыдземся, але было б нядрэнна. Тады б яны наўрад ці палезлі б сюды".
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што на гэтым этапе дыпламатыя нідзе не спрацавала. "Нідзе. Толькі сіла. Ну і яны нас папракаюць, што мы тут вось з Расіяй. Слухайце, а дзе яны былі, гэтыя нашы суседзі, калі ў Іраку вайна была, у Афганістане, у Сірыі. У іх там якія інтарэсы? Не, яны пасылалі туды свае нейкія батальёны. Таму цяпер сітуацыя такая, што, як я кажу, як птушкі ў чараду збіраюцца і на поўдзень, - адзначыў Прэзідэнт. - Трэба быць разам з тым, хто... Ну з кім мы можам быць разам? З палякамі? Ніколі. Вы бачыце іх пазіцыю. З прыбалтыйскімі рэспублікамі? Дык яны самі прыткнуліся да кагосьці. З украінцамі - вы бачыце, што ў нас атрымалася".
Размаўляючы з журналістамі, Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што рэферэндум па ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю ўжо стартаваў, ідзе датэрміновае галасаванне. За гэтыя два дні яўка грамадзян, паводле даных ЦВК, склала амаль 15%. Паводле слоў Прэзідэнта, яўка дастаткова высокая. Калі ўсё пойдзе так і далей, да нядзелі яна перасягне 51%, а значыць, рэферэндум ужо можна будзе лічыць праведзеным нават да асноўнага дня галасавання.
"Таму ніякай ніколі думкі не было ў мяне і размовы наогул не было аб тым, каб адмяняць або пераносіць рэферэндум, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - А навошта? Што змянілася? У краіне ж нічога не змянілася".
"Калі мы цяпер яшчэ пачнём хістацца і не пойдзем на рэферэндум, гэта ганьба будзе для нас, для грамадзян Беларусі. Гэта ганьба. Мы, наадварот, павінны прыйсці. Гэта не мой рэферэндум і не мая Канстытуцыя. Мне як Прэзідэнту і гэта была б нармальная Канстытуцыя, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта першы крок да перамен. Мы ўсё гэта прапішам і далей пакрыху, на працягу года-двух адбудуем. Гэта будзе зусім іншая, як журналісты кажуць, палітычная мазаіка, палітычная карта Беларусі, зусім іншая, і стрымальныя фактары для цяперашняга Прэзідэнта і асабліва - будучага".
Што датычыцца крытыкі праекта абноўленай Канстытуцыі, якую выказваюць збеглыя, то было адзначана, што яны ў прынцыпе не падтрымліваюць любыя крокі і рашэнні ўлады. "Для іх усё, што гаворыць Лукашэнка, - гэта ўсё роўна супраць, нават калі ён правільна гаворыць. Вось яны круцяць, круцяць... Часам не падумаюць, што самі ў тупік зайшлі", - адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў 1990-я гады, у пачатку яго прэзідэнцкага шляху, у Беларусі "бушаваў нацыяналізм". І прыхільнікі гэтых дэструктыўных ідэй перш за ўсё сталі іх пашыраць у сістэме адукацыі, у школах, імкнучыся перакрэсліць гістарычную памяць, у тым ліку і аб гераічнай ролі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. "А мы думалі, хіба наш народ ад гэтага адыдзе? Аказваецца, можа. З'явіліся людзі, якія не тое каб забылі, памяць у іх знікла. Яны разумелі, што было, але наадварот гэта выкручвалі. Таму расслабляцца нам не трэба было і ні ў якім разе цяпер нельга", - перакананы Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што, будучы Прэзідэнтам прапанаваў іншы курс, і народ гэты выбар падтрымаў, у тым ліку і ў час рэферэндумаў.
"Паралельна ішло і ва Украіне, і ў нас, і ў ліберальнай Расіі, - нагадаў Кіраўнік дзяржавы. - Калі б мы не спынілі нацыяналістычны запал, у нас было б прыкладна тое ж (што і цяпер ва Украіне. - Заўвага)".
"Мы спынілі гэты нацыяналістычны запал, - заявіў беларускі лідар. - Зразумелі, што так трэба зрабіць. А Украіна пакацілася па бандэраўскім шляху. Вось гэтага нельга дапусціць. Хатынь памятае".
Прэзідэнт лічыць, што Украіна павінна пайсці на перагаворы з Расіяй, паколькі гэта прынясе больш дывідэндаў, чым эскалацыя канфлікту і ў выніку пройгрыш у вайне.
Напярэдадні Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі запісаў зварот да народа, у якім заявіў, што краіна можа перамагчы ў канфлікце, які ўспыхнуў. Аляксандр Лукашэнка назваў выступленне ўкраінскага калегі эмацыянальным, моцным, але запозненым. Прэзідэнт Беларусі заўважыў, што Уладзімір Зяленскі яшчэ перад выбарамі абяцаў спыніць вайну ў сваёй краіне, атрымаўшы ў ёй перамогу. Але яго абяцанні так і не былі выкананы.
"Ён лічыць, што, сказаўшы такім чынам, ён мабілізаваў мільёны ўкраінцаў. Тут трэба супастаўляць свой уплыў на народ і неяк улічваць сілы, якія ў цябе ёсць, каб рабіць такія заявы: "Мы пераможам усіх", - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Але калі абстрагавацца і адысці ад моманту, у якім знаходзіцца Украіна і ўсе мы, гэта смешна выглядае: ніхто не можа ўсіх перамагчы. А тым больш Украіна, якая знаходзіцца ў такім стане".
На думку Кіраўніка дзяржавы, украінскае кіраўніцтва павінна ў першую чаргу падумаць, што будзе з краінай, калі яна прайграе ў гэтым канфлікце. "Калі ён разумее, што ён яе прайграе другой арміі свету (а можа, і першай - хто яго ведае?), то лепш цяпер спыніцца. Няхай нават на паўдарозе. І на гэтай паўдарозе ты атрымаеш больш, чым у выніку прайграўшы гэту вайну. Законы жанру", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Абсалютна выключаю ўсякіх "заходніх гаспадароў" (у цяперашняй Украіне. - Заўвага). Гэта павінна быць рашэнне трох славянскіх дзяржаў", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Зразумела, лепш цяпер спыніцца. Лепш за ўсё было пачуць мяне на ўрачыстым сходзе. Я там жа не мог усё гэта раскласці па палічках. І фармат не той, ды і не мог проста. Але зразумела ж сказана было: давайце спыніце ўсякую вайнушку, асабліва з намі. З намі ж чаго ваяваць. Мы ж для ўкраінцаў рабілі ўсё, нават на шкоду сабе. Гэта ж было на вашых вачах. Не - яны закрылі чыгунку, неба закрылі..." - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Таму лепш за ўсё для Украіны - гэта цяпер узяць галаву ў рукі і прыняць такое рашэнне (аб уступленні ў канструктыўныя перагаворы. - Заўвага). Яно, вядома, будзе адпавядаць патрабаванням Расіі па бяспецы", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.
Тым не менш ён канстатаваў, што пакуль не відаць, каб украінскае кіраўніцтва было на гэта настроена. "Слухайце, цэлую ноч даём ім сігнал. Я кажу: патэлефануй, няхай ён выйдзе, няхай мне патэлефануе, сядзем, падумаем, як гэта ўсё зрабіць. Ну выйдзі на Прэзідэнта Расіі і скажы: так, я гатовы да дэмілітарызацыі (ну хаця б гэта), я гатовы падпісаць гэты дакумент, я гатовы там яшчэ да нейкіх крокаў. І канфлікту не было б, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Не, бачыце "я патэлефанаваў Пуціну, мне не адказалі" (размова аб сцвярджэнні Уладзіміра Зяленскага. - Заўвага). Дык ты б 10 разоў тэлефанаваў яму. Аб чым размова? Ён жа заўсёды ставіць (пытанне. - Заўвага): добра, давай сустрэнемся, пагаворым, але аб чым? Мінскія пагадненні не буду выконваць (размова аб пазіцыі кіраўніцтва Украіны. - Заўвага), тое не буду рабіць. Тады аб чым размова? Таму я і кажу: пералік пытанняў, і праекты рашэння, завізіраваныя спецыялістамі, як заўсёды бывае: прэзідэнты сустрэліся, "кадзілам памахалі, асвяцілі", падпісалі і разышліся. Усім жа гэта зразумела".
"Ну і, зноў жа, гэты вякнуў з-за акіяна: мы вам дапаможам! Ну паглядзіце, як яны дапамогуць", - дадаў беларускі лідар.
"Вы павінны разумець, і нашы людзі павінны разумець: усё, што патрабуе Расія (ад Захаду ў частцы прадастаўлення гарантый бяспекі. - Заўвага), гэта перш за ўсё датычыцца нас. Калі раптам Украіна стане вось гэтым ачагом натаўскім і будзе нацэлена супраць Расіі, то, як я сказаў сёння ноччу Пуціну, трэніравацца будуць на нас. Перш за ўсё нас пачнуць даймаць. Атрымаецца - тады і на Расію. Калі трэба будзе нейкую ракету запусцяць, перш за ўсё на Мінск яе накіруюць, а потым ужо з Харкава або аднекуль на Маскву. Таму людзі нашы павінны разумець, што ўсё, што патрабуе ўлада расійская па гарантыях, гэта нас перш за ўсё датычыцца", - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў: "Уявіце сабе, што заўтра няма Расіі - пацярпела паражэнне, крах і іншае. У гэту варонку каго зацягне? Нас не будзе назаўтра імгненна. Ні "балкона", нічога. Заўтра пачнецца атака з усіх бакоў на нас".
"І ўся вось гэта канструкцыя, якую мы з ім выбудоўвалі па Саюзнай дзяржаве - наша гэта групоўка тут (беларуская армія) плюс заходнія часці, пад Масквой - расійская - іх не будзе. Жыццёва важна сёння захаваць Расію. Гэту магутную, багатую на рэсурсы краіну. Гэта ў нашых інтарэсах", - падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы растлумачыў тым, хто, магчыма, думае, што "гэта не наша": "Ну добра, гэта не наша, вы (расіяне. - Заўвага) не нашы браты, Расія не наша... Тады трэба разумець, што мы павінны працаваць і жыць, як ва Украіне: прыродны газ - $1200 за тысячу кубоў, нафта, перапрацоўка там, рынак…"
"Таму ўсё гэта трэба ў кучу скласці і разумець, якую палітыку мне даводзіцца тут ажыццяўляць і па якім лязе нажа даводзіцца сёння прайсці", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Адно з пытанняў журналістаў датычылася нарошчвання ваеннай прысутнасці НАТА ля заходніх граніц Беларусі і планаў нашай краіны ў адказ па ўзмацненні гэтых рубяжоў. "Важна не тая тысяча, якую амерыканцы да польска-беларускай граніцы перакінулі. Што такое тысяча? Мы з імі разбяромся за дзве-тры гадзіны, справа не ў гэтым. Важна тое, што мы сутыкнёмся з Амерыкай. Калі толькі застрэлім хоць аднаго амерыканскага салдата, сутыкнёмся з імі. І тады пачнецца ўжо канфлікт не з тысячай салдат, а з тэхналагічнай у ваенных адносінах машынай, наймагутнейшай дзяржавай. У гэтым небяспека", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі, гаворачы аб змесце сённяшняй размовы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, расказаў, што расійскі лідар успомніў, як аднойчы ў рэзідэнцыі Нова-Агарова яны абмяркоўвалі стварэнне еўразійскага саюза.
"Мы сапраўды сядзелі ў яго ў сталовай, калі першыя крокі рабілі па ЕўрАзЭС", - адзначыў ён. У той час і Украіна праяўляла зацікаўленасць да таго, каб далучыцца да гэтага аб'яднання. Аднак Аляксандр Лукашэнка ў даўняй размове з Уладзімірам Пуціным сказаў: "Ты не думай, Украіна ніколі не пойдзе на тое, што мы сёння маем у ЕўрАзЭС". Якраз аб гэтым прагнозе беларускага лідара і ўспомніў сёння ў тэлефоннай размове Уладзімір Пуцін.
"Тады Кучма быў Прэзідэнтам. Нібыта наш, савецкі. А ў той жа час і не дацягнуў дзесьці. Галоўнае, што нацыяналістычнае крыло было настолькі моцным, што ён пабаяўся ісці супраць Рады, там яны сядзелі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка згадаў і пра адну з ранейшых сустрэч прэзідэнтаў Беларусі, Расіі і Украіны. Тады Леанід Кучма гаварыў аб наяўнасці ў Радзе моцнага нацыяналістычнага крыла, якое перашкаджае правядзенню многіх рашэнняў Кіраўніка дзяржавы. А ў Беларусі якраз у той перыяд быў прыняты на рэферэндуме той варыянт Канстытуцыі, які дзейнічае да гэтага часу. Таму Аляксандр Лукашэнка і прапанаваў украінскаму лідару таксама ўнесці папраўкі ў Асноўны Закон. "Трэба ўладу браць у рукі Прэзідэнту".
"Сышліся на тым, што Ельцын мне гаворыць: "Слухай, ну дапамажы ты яму напісаць (праект Канстытуцыі. - Заўвага)". Я гавару, добра. І я яму сапраўды дапамог. Гэта была жорсткая Канстытуцыя, падобная да нашай, казахскі, расійскі варыянт, але зрабілі нармальна", - расказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Паводле яго слоў, праведзеныя ў той жа час апытанні паказвалі, што новы варыянт Канстытуцыі падтрымліваўся ўкраінцамі. "Але ён яе ў Раду не панёс на зацвярджэнне. Вось і ўсё. Усё разбурылася", - канстатаваў Прэзідэнт.
У размове з Прэзідэнтам журналісты звярнулі ўвагу, што ў перыяд вулічных беспарадкаў у час электаральнай кампаніі 2020 года Аляксандр Лукашэнка не пакінуў Беларусь, а выйшаў з аўтаматам, прадэманстраваўшы свой намер адстойваць суверэнітэт і незалежнасць краіны. "Для мяне гэта моцнае пытанне - што вы сталі следам за мной, - сказаў ён. - А калі я кудысьці збег, што вы падумаеце потым? Што з вамі будзе?"
"Прэзідэнт бегчы не павінен. Калі ты слабы духам, тады не трэба туды лезці наогул", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў журналістам аб планах наведаць 26 лютага Раўбічы.
"У суботу я хачу паглядзець рэзерв. Правалілі Алімпіяду, вось я хачу паглядзець, каго трэнеры пакажуць, наш бліжэйшы рэзерв - хто ў Італіі (у Італіі адбудзецца Алімпіяда-2026. - Заўвага) будзе па гарах поўзаць. Гэта ж нікуды не варта: грошы трацім, а выніку пажаданага няма", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.