Нарада па перспектывах развіцця холдынга "Купалаўскае"
- 26
- 3
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 жніўня прадоўжыў рабочую паездку ў Шклоўскім раёне і абмеркаванне сітуацыі ў сельскай гаспадарцы на прыкладзе канцэпцыі развіцця холдынга "Купалаўскае".
На нарадзе падрабязна разглядалася арганізацыйная структура холдынга і перспектывы яго развіцця, у тым ліку магчымасці ўзбуйнення і далучэння іншых гаспадарак. Такім чынам прадоўжылася ў больш дэталёвым разборы размова, якая адбылася ў Кіраўніка дзяржавы з адказнымі асобамі напярэдадні ў Шклове.
Перад пачаткам нарады Прэзідэнт расказаў аб інцыдэнце ў паветранай прасторы, які адбыўся напярэдадні вечарам і быў звязаны з парушэннем паветранай прасторы з боку Украіны.
"Учора ў 18 гадзін 10 мінут сілы ВПС і войскаў ППА Беларусі былі пераведзены ў павышаную баявую гатоўнасць. Гатоўнасць № 1 у нас называецца. Дзяжурныя сілы проціпаветранай абароны. Справа ў тым, што (мы падазраём, што гэта не першы раз) Узброеныя Сілы Украіны парушылі ўсялякія правілы паводзін і парушылі паветраную прастору Рэспублікі Беларусь. На ўсходнім напрамку, зусім побач ад нас у раёне Касцюковіцкага раёна, - расказаў Прэзідэнт. - Таму сілы ППА былі прыведзены ў поўную баявую гатоўнасць на перахоп цэлей. Іх было каля дзясятка. Вылецелі самалёты, верталёт. І таксама сродкі РСЗА былі пераведзены ў павышаную баявую гатоўнасць".
"У 19 гадзін 4 мінуты на вышыні паўтара кіламетра і далёкасці 6,5 кіламетра сіламі проціпаветранай абароны было знішчана некалькі цэлей над тэрыторыяй Беларусі. Ноччу і сёння з раніцы адбываецца пошук таго, што было знішчана. Мы падазраём, што гэта ўдарныя беспілотнікі. Парушыўшы паветраную прастору Беларусі, ляцелі з Украіны. Над тэрыторыяй Беларусі мы знішчылі цэлі. Астатнія былі перададзены (у нас адзіная ППА з Расіяй) Расійскай Федэрацыі. І, паводле інфармацыі Генеральнага штаба Расіі і камандуючага гэтым напрамкам проціпаветранай абароны Расіі, гэтыя цэлі былі знішчаны пад Яраслаўлем. Першы напрамак - Смаленск. Але потым яны змянілі траекторыю палёту - тыя, якія над Расіяй засталіся, і накіраваліся ў раён Яраслаўля. Але былі перахоплены ўжо расійскімі сістэмамі ППА і знішчаны", - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што Міністэрству абароны, Генеральнаму штабу Узброеных Сіл Беларусі дадзены даручэнні правесці адпаведныя мерапрыемствы для таго, каб надзейна забяспечыць бяспеку дзяржавы. "Навошта гэта Украіне, я не разумею. Нам трэба разабрацца. Але мы, як я гаварыў, дакладна вызначаліся з імі і давялі да іх гэту інфармацыю, што без адказу любыя правакацыі не застануцца", - сказаў ён.
Прэзідэнт адзначыў высокі ўзровень узаемадзеяння з расійскімі войскамі ППА. Абсалютна ўсе цэлі былі знішчаны як над тэрыторыяй Беларусі, так і над тэрыторыяй Расіі.
"Непрыемна тое, што ўкраінцы, як я вас і папярэджваў шмат разоў, гэтым самым паказваюць, што ні да якога міру яны не гатовы і прадаўжаюць эскалацыю гэтай напружанасці. Два дні таму атака на курскім напрамку, дзе яны рушылі на некалькі дзясяткаў кіламетраў - 30-35 ужо сёння. Акопваюцца там. Ну і вось гэта правакацыя з мэтай удараў па Расійскай Федэрацыі, - канстатаваў беларускі лідар. - Не хацелася б сёння гэтымі пытаннямі ў такім ключы займацца. Але нікуды не дзенешся. Я думаю, што гэта правакацыя яшчэ доўга будзе абмяркоўвацца ў СМІ, але каб не было зноў розных інсінуацый, я праінфармаваў аб тым, што адбылося".
"Гэта лішні раз сведчыць аб тым, мужыкі, што нам трэба тут на зямлі працаваць не пакладаючы рук і даваць адпаведныя вынікі, каб пазбегнуць таго, што адбываецца сёння ва Украіне", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Вяртаючыся да галоўнай тэмы нарады, Прэзідэнт удакладніў, як працуюць тыя тры гаспадаркі, што ўваходзяць у структуру "Купалаўскага": "Чым канкрэтна займаюцца тыя калгасы, саўгасы, якія раней былі тут з савецкіх часоў (а гэта былі і вельмі моцныя гаспадаркі, і слабейшыя, але таксама мелі вялікую перспектыву для развіцця)?" Улічваючы, што яны цяпер займаюць каля 32% Шклоўскага раёна, а ў выпадку адабрэння прапанаванага Кіраўніку дзяржавы варыянта па ўзбуйненні і далучэнні да аграхолдынга яшчэ дзвюх гаспадарак ("ААБ-Агра Гарадзец" і "Александрыйскае") зойме наогул палову ўсіх зямель, ад іх эфектыўнай работы шмат у чым залежыць стан спраў у рэгіёне ў цэлым.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што на гэты час патэнцыял раёна ў плане развіцця сельскай гаспадаркі не задзейнічаны ў поўнай меры, і трэба зрабіць крокі для выпраўлення сітуацыі. Шклоўскі раён у плане зямельных рэсурсаў і глебавай карысці - адзін з лепшых у краіне. Так званая "ўсходняя каса" - Горкі, Мсціслаў, Шклоўскі, Бялыніцкі, Круглянскі, Магілёўскі раёны - гэта, паводле слоў Прэзідэнта, вельмі добрыя землі. "Але аддачу яны даюць не тую, якую мы павінны мець, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Таму спрабуем тут нешта на ўсходзе стварыць такое, якое магло б прынесці вяскоўцам грошы і садзейнічаць развіццю аграпрамысловага комплексу ў гэтай частцы".
Па дарозе да месца правядзення мерапрыемства Аляксандр Лукашэнка часткова агледзеў землі "Купалаўскага" і пераканаўся, што нават існуючы патэнцыял пакуль выкарыстоўваецца не ў поўнай меры. "Не скажу, што зусім катастрофа. Ёсць значна горш (прыклады па краіне. - Заўвага). Але гэта палова таго, што павінна быць. Тут павінна быць ідэальна. Як ідэальна? Сяргей (старшыня Шклоўскага райвыканкама Сяргей Барташ, які раней працаваў Міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання. - Заўвага), ты гэта добра ведаеш па сваёй мінулай рабоце. Галоўнае - як у лепшых гаспадарках Гродзенскай, Брэсцкай абласцей. Ідэальна павінна быць. Як зрабілі па дарозе з Александрыі ў Шклоў. Вылізалі так, што Захад адпачывае. Гэта не для паказухі павінна быць і ў "Купалаўскім". Павінна быць высокая культура земляробства і, зразумела, аддача ад гэтых зямель. І не проста каля дарогі, а ўсюды", - падкрэсліў Прэзідэнт.
У якасці адной з важнейшых задач, пастаўленых Кіраўніком дзяржавы, стала арганізацыя ў аграхолдынгу поўнага цыкла вытворчасці: ад вырошчвання сельгаскультур, кармавой базы, гадавання жывёлы да перапрацоўкі і рэалізацыі гатовай прадукцыі. "Мы добра разумеем: для таго каб грошы былі ў вяскоўцаў, трэба вырабіць прадукцыю, яе перапрацаваць і прадаць у розніцы. Тады жывыя грошы будуць у вас на руках", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Прыклады такой арганізацыі работы ёсць у дзяржаўным і прыватным сектары. "Землі добрыя, людзі тут яшчэ не развучыліся працаваць, калі начальнікі нармальныя. І тут можна мець добрыя вынікі", - перакананы ён.
На нарадзе Кіраўніку дзяржавы па абазначаных пытаннях падрабязна далажылі і кіраўнік холдынга "Купалаўскае", і кіраўнікі прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у яго структуру. Сваё меркаванне выказалі і іншыя адказныя асобы. Размова ішла перш за ўсё аб перспектывах развіцця і арганізацыі работы, удасканаленні вытворчай структуры, павышэнні культуры апрацоўкі глебы, эфектыўнасці выкарыстання зямель і вырошчвання буйной рагатай жывёлы.
У час размовы з жыхарамі аграгарадка Гарадзішча Шклоўскага раёна пасля правядзення нарады па перспектывах развіцця холдынга "Купалаўскае" Аляксандр Лукашэнка падвёў вынікі мерапрыемства.
У Шклоўскім раёне тры самыя буйныя гаспадаркі - гэта "Купалаўскае", куды ўваходзяць тры сельгасарганізацыі, і прадпрыемствы Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта "Александрыйскае" і "ААБ-Агра Гарадзец".
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што, калі тры гаспадаркі былі сабраны ў адным вытворчым аб'яднанні "Купалаўскае", дзяржава аказала значную падтрымку, у тым ліку пры будаўніцтве малочнатаварных комплексаў. "Я разумеў, што, перш чым ствараць нешта значнае, трэба базу арганізаваць. Дапамаглі, зрабілі, прынялі пэўныя рашэнні. Але з таго часу гэта так і ўвязла", - сказаў Прэзідэнт, падкрэсліўшы, што цяпер настаў час даць штуршок, каб рэалізаваць ранейшую задуму па стварэнні ў раёне вытворчасці поўнага цыкла - ад вырошчвання, вытворчасці сельгаспрадукцыі да глыбокай перапрацоўкі і рэалізацыі.
"Купалаўскае" пераходзіць у Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, - такое рашэнне па выніках двух дзён падрабязнага абмеркавання агучыў Кіраўнік дзяржавы. - І дабаўляюцца "Александрыйскае", вялізная гаспадарка, і "Гарадзец" ("ААБ-Агра Гарадзец". - Заўвага). Гэта будзе холдынг".
Як было адзначана, для правядзення маштабных пераўтварэнняў не спатрэбіцца нейкіх асаблівых фінансавых укладанняў, у першую чаргу трэба будзе сканцэнтравацца на арганізацыйнай рабоце, навядзенні парадку і дысцыпліны. "Парадак, арганізацыя патрэбны. Патрэбна нармальная работа", - падкрэсліў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, цяпер у раёне ёсць усё неабходнае для выбудоўвання эфектыўнай работы. Разам з тым, калі спатрэбіцца, то і дзяржава не застанецца ўбаку, дапаможа з закупкай неабходнай тэхнікі, правядзеннем мадэрнізацыі комплексаў. "Мы ў гэтым плане плячо падставім", - сказаў Прэзідэнт. У прыватнасці, ёсць планы па будаўніцтве малочнага камбіната з паглыбленай перапрацоўкай сыравіны.
Гаворачы аб галоўнай мэце пры стварэнні холдынга, Прэзідэнт падкрэсліў: "Для таго каб былі грошы, трэба не толькі вырабляць, але і самім перапрацоўваць усё і прадаваць". Прыкладаў такой арганізацыі вытворчасці поўнага цыкла ў краіне нямала, у іх ліку - агракамбінат "Дзяржынскі". "Па гэтым прынцыпе трэба арганізаваць і тут. Але для гэтага вам трэба малако перапрацаваць на сваім заводзе, мяса перапрацаваць на сваім мясакамбінаце, - арыентаваў Кіраўнік дзяржавы. - І грошы, дабаўленую вартасць, вы атрымаеце. Далей трэба гэта ўсё прадаць".
"Усё гэта будзе замкнута ў адно, - прадоўжыў Прэзідэнт. - Вы павінны вырабіць, перапрацаваць і прадаць. І прыбытак увесь вы павінны акумуляваць у сябе. Такая задума".
Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што будзе трымаць на асаблівым кантролі ход рэалізацыі маштабнага праекта па стварэнні аграхолдынга і спагнанне за гэта будзе жорсткае. У першую чаргу - з адказных службовых асоб і кіраўнікоў на месцах. "Кіраўнікі вашы тут былі. Яны пачулі мае патрабаванні. Жыцця спакойнага ў вас не будзе з гэтага года, а можа, і з заўтрашняга дня, калі кіраўнікі правільна мяне зразумелі", - сказаў Прэзідэнт, настройваючы жыхароў аграгарадка на эфектыўную адказную работу.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што вельмі многае ў паспяховым развіцці і прадпрыемстваў і раёна ў цэлым залежыць ад саміх жыхароў рэгіёна. "Усё ў вашых руках. Патрэбна дысцыпліна перш за ўсё, - зрабіў акцэнт Кіраўнік дзяржавы. - Кожны павінен займацца сваёй справай. Калі вы павінны пасеяць, убраць - значыць, вы павінны гэта зрабіць".
У час размовы з жыхарамі аграгарадка Гарадзішча Шклоўскага раёна Прэзідэнт яшчэ раз вярнуўся да тэмы парушэння паветранай прасторы Беларусі беспілотнікамі з Украіны.
"Сёння жывём без вайны. А калі пачнём дрэнна працаваць - чакай вайну. Усё ад эканомікі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Ён растлумачыў, што якраз гэтаму былі прысвечаны два дні яго работы ў Шклоўскім раёне. На нарадах разглядаліся пытанні развіцця эфектыўнай сельгасвытворчасці ў гэтым, а таксама ў Аршанскім раёне. "Не таму, што тут радзіма мая. Таму што Шклоўскі і Аршанскі раёны маюць добрую базу і тут землі адны з лепшых у краіне. І зямля павінна даць адпаведны вынік", - сказаў Прэзідэнт.
"Усё будзе нармальна. Але майце на ўвазе, што не ўсё ад мяне залежыць, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Вось, мы пачалі нараду, я адарваўся ад Мінска, ад спраў канкрэтна. Учора вечарам куча беспілотнікаў, ці нейкія там цэлі, праз нашу тэрыторыю - на тэрыторыю Расіі, парушылі паветраную прастору. Давялося прымяніць сілу, давялося збіваць. Тое, што не збілі, ішлі праз Расію, інфармацыю перадалі - яны іх збілі".
"Вось бачыце, як бывае. Мы займаемся зямнымі пытаннямі, а там ужо на граніцы неспакойна. Вось я павінен тэрмінова заўтра быць на месцы і разбірацца з гэтымі праблемамі", - дадаў Прэзідэнт.
Да Аляксандра Лукашэнкі ў час размовы звярнулася адна з прысутных жанчын. Яна расказала, што ўжо трэці раз сустракаецца з Кіраўніком дзяржавы.
"Я хачу Вам пажадаць, галоўнае - здароўя адразу. І каб Вы балаціраваліся на наступны год Прэзідэнтам абавязкова. І яшчэ адна просьба: каб крыху змянілі ў Канстытуцыі, каб пажыццёва Прэзідэнт у нас балаціраваўся. Аляксандр Рыгоравіч, я з Вамі ўжо трэці раз сустракаюся - у 1995-м мы сустракаліся. А потым у Ліпаўцы - я з Касцюковіцкага раёна. Галоўнае – здароўя Вам, цярпення ў гэты нялёгкі час. І дзякуй за тое, што Вы зрабілі для нашай краіны”, - сказала адна з мясцовых жыхарак.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым сказаў: "Я публічна пачынаю ўжо гаварыць усім вам. Вы павінны прывыкаць да таго (я вас распесціў крыху), што Прэзідэнт будзе іншы. Не, я не гавару - заўтра я вас кіну, паслязаўтра і іншае... Ну, усякае ж у жыцці бывае. Вы павінны прывыкаць да таго, што я не вечны, як і ўсё".
Прэзідэнт адзначыў, што гадуецца новае пакаленне, іх рыхтуюць.
"Вопыт яшчэ не перанялі", - заўважыла жанчына.
"Я згодны. Я ведаю свае рызыкі. Перш чым сысці, ты павінен пакінуць.... Вось пайду, і калі я тут буду дзе-небудзь у вёсцы жыць з вамі побач - прыеду, і вы будзеце ўспамінаць і дзякаваць, што горш не стала", - адказаў Прэзідэнт.
"Пры Вас добра. Ціха, мірна, спакойна", - прадоўжыла дыялог мясцовая жыхарка.
"Гэта - галоўнае", - пагадзіўся Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт пасля нарады ў аграгарадку Гарадзішча па перспектывах развіцця холдынга "Купалаўскае" і сустрэчы з мясцовымі жыхарамі прыехаў на машынны двор прадпрыемства. Тут адбылася размова аб забеспячэнні рамонту і захаванасці тэхнікі, падтрыманні вытворчай дысцыпліны.