Сесія Савета калектыўнай бяспекі АДКБ
- 34
- 4
Сесія Савета калектыўнай бяспекі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы прайшла 23 лістапада ў Палацы Незалежнасці.
Саміт пачаўся з пратакольных мерапрыемстваў. У Зале ўрачыстых цырымоній Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэў лідараў Расіі, Казахстана, Таджыкістана і Кыргызстана. Пасля сумеснага фатаграфавання кіраўнікі дзяржаў правялі пад старшынствам Аляксандра Лукашэнкі перагаворы ў вузкім складзе.
"Імклівым у плане развіцця геапалітычнай абстаноўкі быў год. Адпаведна, і графік нашай работы быў напружаным. Пачынаючы з вясны Беларусь практычна штомесяц прымала мерапрыемствы па лініі АДКБ: Савет Парламенцкай Асамблеі, затым міжсесіённыя пасяджэнні статутных органаў на міністэрскім узроўні, каардынацыйныя сустрэчы кіраўніцтва профільных дзяржаўных органаў дзяржаў - членаў АДКБ па процідзеянні транснацыянальным пагрозам, такім як наркатрафік, нелегальная міграцыя, надзвычайныя сітуацыі, выклікі ў сферы біялагічнай бяспекі, кібербяспекі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Краіны АДКБ правялі комплекс вучэнняў па ўмацаванні ваеннага складніка Арганізацыі. У кастрычніку Мінск стаў пляцоўкай для буйной міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы, якая прайшла пад эгідай беларускага старшынства ў АДКБ.
"Іншымі словамі, наша Арганізацыя застаецца неад'емным элементам забеспячэння бяспекі яе дзяржаў-членаў і Еўразійскага рэгіёна ў цэлым", - заявіў Прэзідэнт.
У лістападзе мінулага года ў час сесіі Савета калектыўнай бяспекі ў Ерэване Аляксандр Лукашэнка агучыў прыярытэтныя напрамкі старшынства Беларусі як на ўнутраным, так і на знешнім контурах.
"На ўнутраным контуры мы імкнуліся павысіць з'яднанасць дзяржаў - членаў АДКБ у мэтах умацавання самой Арганізацыі, а таксама забеспячэння бяспекі і стабільнасці ў зоне адказнасці. На знешнім контуры нашай мэтай было ўзмацненне ролі і значнасці арганізацыі ў сістэме міжнародных адносін. Сёння можна канстатаваць, што мэты, намечаныя беларускім бокам у лістападзе мінулага года, у цэлым дасягнуты", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, частка мерапрыемстваў ужо выканана, рэалізацыя некаторых задач прадаўжаецца, а асобныя прыярытэтныя напрамкі маюць доўгатэрміновы характар і ўзяты ў прапрацоўку як дзяржавамі-членамі, так і Сакратарыятам АДКБ.
"Безумоўна, вынікі работы - гэта калектыўны поспех, заслуга ўсіх нас - удзельнікаў дагавора. Мы не змаглі б рэалізаваць задуманае без падтрымкі прыярытэтаў беларускага старшынства з боку сяброў і партнёраў", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Наша Арганізацыя застаецца неад'емным элементам забеспячэння бяспекі яе дзяржаў - членаў і Еўразійскага рэгіёна ў цэлым", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што гэта пасяджэнне будзе плённым. На парадку дня актуальныя праблемы міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі. Бакам трэба прааналізаваць асноўныя тэндэнцыі развіцця ваенна-палітычнай абстаноўкі ў зоне адказнасці АДКБ і ў свеце ў цэлым.
"Неабходна знайсці новыя рашэнні па ўмацаванні бяспекі нашых дзяржаў. І, вядома, падвядзём вынікі дзейнасці нашай Арганізацыі за гэты год", - дадаў беларускі лідар.
У час пасяджэння ў вузкім складзе прэзідэнты абмеркавалі актуальныя праблемы міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі, падвялі вынікі дзейнасці АДКБ у міжсесіённы перыяд, а таксама заслухалі інфармацыю Генеральнага сакратара АДКБ.
Аляксандр Лукашэнка агучыў пазіцыю і прапановы Беларусі як краіны, якая старшынствуе ў арганізацыі ў гэтым годзе:
"Перш за ўсё хачу падзякаваць усім вам за выступленні. Шчырыя, адкрытыя прагучалі ацэнкі сітуацыі ў рэгіёне і ў свеце ў цэлым. Дазвольце падзяліцца сваім бачаннем таго, што адбываецца.
Безумоўна, кожны з нас глядзіць на свет праз прызму нацыянальных інтарэсаў. Гэта, зразумела, апраўдана. Мы, кіраўнікі дзяржаў, нясём адказнасць за свае народы і адказваем перад імі за іх будучыню і бяспеку.
У той жа час баланс захавання нацыянальных і калектыўных інтарэсаў усімі дзяржавамі - членамі АДКБ гарантуе стабільнасць і бяспеку рэгіёна ў цэлым. Гэта дыялектыка. Пры тым, што ў кожнага з нас ёсць свая зона адказнасці ў рамках Арганізацыі, мы разумеем, што сучасныя выклікі і пагрозы маюць глабальны характар. Больш таго, яны сплятаюць нашы нацыянальныя інтарэсы ў адзін вузел.
Таму спынюся на ключавых, магістральных праблемах, якія закранаюць усіх і цесна ўзаемазвязаны адна з адной.
Нас ужо закруціў віхор змены эпох. Пра гэта вы ўсе вельмі часта гаворыце ў сваіх выступленнях. Мы з вамі - сведкі разбурэння былой сістэмы міжнародных адносін. І мы - удзельнікі злому існуючай аднапалярнай, калі хочаце, заходнецэнтрычнай мадэлі.
Адбываецца паэтапны пераход да шматпалярнасці. Складаны, драматычны пераход. Гэта звязана з тым, што заходнія палітыкі не хочуць уступаць сваіх пазіцый, ігнаруючы няўмольны ход гісторыі, які, як вядома, спыніць немагчыма.
Пад лозунгам "парадку, заснаванага на правілах", які падмяняе міжнароднае права, Захад усё часцей спрабуе падмяць пад сябе ўвесь свет. У ход ідуць усе вядомыя брудныя меры: ад санкцый, шантажу да распальвання міжэтнічных канфліктаў.
Правільна пастаўлена пытанне: што гэта за правілы і хто ўстанавіў гэтыя правілы? Пытанне рытарычнае. Зразумела, мы ведаем, хто і навошта. Сутнасць у іншым: гуляць па гэтых правілах не хоча большая частка свету, а мова дыпламатыі ўжо даўно заменена бразганнем зброі. Міжнароднае права працуе выключна для выбраных.
На фоне адыёзнай ваяўнічай рыторыкі асобных палітыкаў і поўнай страты ўзаемнага даверу ідзе мэтанакіраванае раскручванне спіралі новай гонкі ўзбраенняў.
Пажар рэгіянальных канфліктаў, з прымяненнем у тым ліку найноўшых сістэм узбраенняў, у любы момант можа перакінуцца ў іншыя краіны. Не сакрэт, што зброя, якая пастаўляецца ў Кіеў, ідзе на чорныя рынкі. Калі заходніх палітыкаў гэта не турбуе, то мы разглядаем некантралюемы рух зброі і тэхнікі ваеннага прызначэння як патэнцыяльную пагрозу бяспецы не толькі для нашага рэгіёна, але і ўсіх краін свету. Асабліва цяпер, калі разгараецца новы ачаг на Блізкім Усходзе.
Аб прычынах палесціна-ізраільскага канфлікту, двайных стандартах калектыўнага Захаду ў ацэнцы дзеянняў удзельнікаў сказана дастаткова.
Аб гэтым гавораць нават прыхільнікі дзеючых рэжымаў Злучаных Штатаў і Еўрасаюза. Раскол у лагеры так званых заходніх дэмакратаў - гэта сённяшняя рэальнасць і сведчанне іх палітычнага ацверажэння. Але размова не пра гэта. Хоць тэзіс Генеральнага сакратара ААН Гутэрыша, які назваў адной з прычын насілля адсутнасць прагрэсу ў палітычным урэгуляванні, заслугоўвае ўвагі і развіцця тэмы.
Больш непакоіць прадчуванне глабальнай катастрофы, якое ахапіла свет, аб тым, што з іскры рэгіянальнага канфлікту можа разгарэцца полымя новай сусветнай вайны. Аб гэтым гавораць часта і шмат, а за акіянам толькі і чакаюць, што ў гэту вайну будуць уцягнуты краіны, блізкія да лініі зоны адказнасці АДКБ.
Гэты так званы кіруемы хаос, муць - тое, чаго жадаюць Злучаныя Штаты і Захад.
У той жа час на заходнім флангу імклівымі тэмпамі ўзбройваюцца натаўскія суседзі. Ваенны бюджэт, напрыклад, Польшчы расце як на дражджах, і ў наступным годзе абяцае дасягнуць 4% ад ВУП. Цікава, як гэта суадносіцца з пастаяннымі дэкларацыямі пра абарончы характар Альянсу? Або з назвай анансаваных буйнейшых з часоў халоднай вайны вучэнняў НАТА ("Steadfast Defender" ("Стойкі абаронца"). - Заўвага)? Гэта ніяк не суадносіцца.
Мы за такімі так званымі абарончымі манеўрамі назіраем даўно. З таго моманту, як у 96 годзе мінулага стагоддзя вывелі з Беларусі ядзерную зброю. Чым усё скончылася - пашырэннем НАТА на Усход, вучэбнай адпрацоўкай у 2016 годзе сцэнарыя нанясення ядзернага ўдару па Беларусі. Заўважце, па ініцыятыве адміністрацыі так званага лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Барака Абамы. 2016 год. Прычым паводле задумы вучэнняў Беларусь нават не была ўцягнута ў канфлікт.
Можна шмат гаварыць аб незаконных аднабаковых прымусовых мерах, ваенных правакацыях на граніцы, інфармацыйных дыверсіях, мільёнах долараў, укінутых у падрыхтоўку дзяржпераваротаў, якія не адбыліся. Я ўжо не гавару пра адкрытую дэманстрацыю гатоўнасці падключыць да гэтай мэты сілы НАТА. Навошта ў жніўні 2020 года побач з беларускай граніцай кружылі стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі Б-52? Каму пасылалі сігнал? Не толькі Беларусі. Зразумела каму.
На гэтым фоне папрокі аб размяшчэнні ў нашай краіне, на нашай тэрыторыі расійскай тактычнай ядзернай зброі проста абсурдныя. Мы, паўтару соты раз, нікому не пагражаем. Мы проста вучымся так званаму дыпламатычнаму этыкету ў тых, хто зрабіў мову сілы сусветным трэндам.
Рэаліі сённяшняга дня - толькі наяўнасць магутнай зброі гарантуе бяспеку ў рэгіёне і дае права голасу на міжнароднай арэне.
Паважаныя калегі!
Сам факт, што мы сабраліся за адным сталом, сведчыць аб тым, што мы адэкватна рэагуем і ацэньваем выклікі часу і гатовы процістаяць ім сумесна. Тое, што некаторых нашых партнёраў штарміць і ў публічных выказваннях, і ва ўчынках, якія маюць правакацыйны характар, - перш за ўсё іх праблемы. Я скажу адно: калі ёсць прэтэнзіі, то трэба агучваць іх, гледзячы ў вочы адзін аднаму, а не размаўляць праз укіды ў сродкі масавай інфармацыі.
Для гэтага мы збіраемся ў такім складзе - каб абмеркаваць усе вострыя пытанні і знайсці рашэнні. А ствараць сітуацыю канфлікту, робячы падарунак тым, хто не зацікаўлены ва ўмацаванні бяспекі дзяржаў - членаў АДКБ, могуць толькі палітыкі-аднадзёнкі. Гэта безадказна і недальнабачна.
Перакананы, што, нягледзячы ні на што, мы можам справіцца з усімі цяжкасцямі ў зоне сваёй адказнасці. І мы гэта робім. Няхай не ў поўным аб'ёме, але робім шмат, асабліва апошнім часам.
Мы вітаем прагрэс ва ўрэгуляванні канфлікту на Паўднёвым Каўказе. Спадзяёмся, што зробленыя крокі закладуць аснову для ўстойлівага і доўгатэрміновага міру ў гэтым рэгіёне, дзе пражываюць дружалюбныя нам народы - армяне і азербайджанцы. Падкрэсліваю: дружалюбныя нам народы.
Не сумняваюся, што палітычная мудрасць прэзідэнтаў Кыргызстана і Таджыкістана стане (ужо стала) вырашальным укладам ва ўрэгуляванне супярэчнасцей паміж Бішкекам і Душанбэ, дасць магчымасць нам сфакусіравацца на забеспячэнні бяспекі знешніх граніц АДКБ на паўднёвым флангу Арганізацыі.
Дарэчы, Беларусь у гэтай частцы падтрымлівае прапанову Эмамалі Шарыпавіча пра больш пільную ўвагу да нашых паўднёвых рубяжоў.
Дарагія сябры!
У аснове беларускага старшынства ляжаў дэвіз "Праз салідарнасць і супрацоўніцтва да міру і бяспекі". Будзем адзіныя мы - будзе мацней наша Арганізацыя.
Прытрымліваючыся пастаўленых мэт, мы правялі шэраг мерапрыемстваў палітычнай, ваеннай, ваенна-тэхнічнай сферы, а таксама па лініі процідзеяння транснацыянальным выклікам і пагрозам бяспецы. Я не стану гэта пералічаць, паколькі наш Генеральны сакратар, ды і вы пра гэта падрабязна гаварылі.
Паважаныя калегі!
Мы сфармулявалі прыярытэтныя напрамкі старшынства такім чынам, каб яны заклалі аснову на доўгатэрміновую перспектыву развіцця АДКБ. Але гэтага мала. Трэба быць больш моцнымі і з'яднанымі. Давайце шчыра: у нас пакуль гэтага па максімуму не хапае. Трэба ісці да гэтага хутчэй, каб не атрымалася, што калі недзе ўспыхне, тады мы схамянёмся і пачынаем варушыцца.
Звяртаюся да Генеральнага сакратара АДКБ і будучага казахстанскага старшынства з прапановай садзейнічаць іх далейшай практычнай рэалізацыі. Упэўнены, што гэта пойдзе на карысць нашай Арганізацыі, усім нашым краінам.
Дарагія сябры!
На заканчэнне дазвольце падзякаваць вам, вашым краінам за падтрымку намаганняў Беларусі на пасадзе старшыні і пажадаць Казахстану і асабіста яго Прэзідэнту Касым-Жамарту Кемелевічу Такаеву поспехаў у ажыццяўленні вельмі няпростай і адказнай місіі - старшынства ў Арганізацыі ў 2024 годзе".
На пленарным пасяджэнні лідары краін АДКБ азнаёміліся з прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці ў перыяд будучага старшынства Казахстана, а затым падпісалі вынесеныя на разгляд дакументы.
Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ў час перагавораў у вузкім складзе адбылася прынцыповая размова: "Яна хоць і мела кароткі характар, але, падкрэсліваю, была вельмі грунтоўная і фундаментальная".
Паводле слоў Прэзідэнта, на гэтай сесіі СКБ АДКБ былі падведзены вынікі таго, што зроблена не толькі калектыўна, але і асобна, на двухбаковай аснове. "Мы далі ацэнкі мінуламу году і нашай рабоце ў Арганізацыі", - праінфармаваў ён.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што адносна кароткі характар сустрэчы лідараў у вузкім складзе звязаны з тым, што раней яны ўжо абмяркоўвалі гэтыя пытанні ў розных фарматах.
"Пытанні, перш за ўсё, ваенна-палітычнага характару. Скажу шчыра, на двухбаковым трэку, трохбаковым, іншым мы прыярытэт аддавалі ваенна-палітычным пытанням таму, што так складваецца сёння сітуацыя, абстаноўка ў зоне нашай адказнасці, - сказаў беларускі лідар. - Таму мы, безумоўна, разглядаючы пытанні эканомікі (гэта аснова, фундамент любой ваеннай і палітычнай сітуацыі), гаварылі аб пытаннях, якія звязаны з нашай дзейнасцю ў АДКБ".
Напрыклад, у час нядаўняга візіту Прэзідэнта Таджыкістана Эмамалі Рахмона ў Расію і яго перагавораў з Прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным размова ішла не толькі аб эканамічных пытаннях, гуманітарнай сферы, але і аб ваенна-палітычнай абстаноўцы на паўднёвым флангу АДКБ, у тым ліку ў Афганістане. "Яны, зразумела, абмяркоўвалі гэтыя пытанні. Гэта ж і трэнд нашай Арганізацыі", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
"Або нашы шматлікія сустрэчы з Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным у ходзе гэтага года, - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. - Вядома, мы ўдзялялі першарадную ўвагу пытанням ваенным і пытанням бяспекі. Гэта таксама ўклад у работу АДКБ".
Яшчэ адзін прыклад, які прывёў Прэзідэнт Беларусі, - вельмі добры прагрэс паміж Кыргызстанам і Таджыкістанам ва ўрэгуляванні на іх сумеснай граніцы. "Гэта таксама пытанне нашай бяспекі (у АДКБ. - Заўвага)", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Таксама закраналася і пытанне ўрэгулявання канфлікту на Паўднёвым Каўказе паміж Азербайджанам і Арменіяй і роля Расіі як цэнтральнага звяна ў АДКБ.
"Мы таксама, не буду гэтага ўтойваць, абмяркоўвалі сітуацыю на Каўказе і некаторую незадаволенасць аднаго з членаў Савета калектыўнай бяспекі (маецца на ўвазе сітуацыя з Арменіяй, Прэм'ер-міністр якой прыняў рашэнне не прысутнічаць на саміце АДКБ у Мінску. - Заўвага), - сказаў беларускі лідар. - Мы прыйшлі да адзінай высновы, што праблемныя пытанні заўсёды былі і будуць. Калі мы іх маем намер вырашаць, то іх трэба вырашаць за сталом перагавораў, не рабіць дэмаршы без прычын, без пэўных прычын".
Паводле слоў Прэзідэнта, ёсць надзея на тое, што дэлегацыя Арменіі прыме ўдзел у наступных мерапрыемствах - пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета і нефармальным саміце СНД, якія пройдуць у Санкт-Пецярбургу ў снежні гэтага года. У час саміту АДКБ у Мінску Уладзімір Пуцін запрасіў туды сваіх калег.
"Вядома, і ўсе члены АДКБ там будуць, і мы прадоўжым гэты дыялог, які пачаўся сёння ў Мінску", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Я гэта сказаў для таго, каб вы разумелі, што наша работа ў АДКБ не пачалася і скончылася тут, у Мінску. Гэта велізарны спектр праблем, якія мы разглядаем на працягу года. А сёння, сустрэўшыся, далі ацэнкі і падвялі вынікі бягучага года", - растлумачыў Прэзідэнт.
"Мы толькі што завяршылі нашу работу ў вузкім складзе, ацанілі ўплыў на бяспеку дзяржаў - членаў АДКБ абстаноўкі, якая складваецца, перспектывы ўрэгулявання крызісных сітуацый у зоне адказнасці АДКБ у прылеглых рэгіёнах. Усімі членамі Савета калектыўнай бяспекі адзначалася, што бягучая міжнародная сітуацыя характарызуецца высокай ступенню канфрантацыі і палярызацыі, патрабуе ад нас далейшай кансалідацыі намаганняў, умацавання нашай Арганізацыі як важнага фактару забеспячэння бяспекі ў Еўразійскім рэгіёне", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што з 1 студзеня 2024 года старшынства ў АДКБ пераходзіць да Казахстана. У сувязі з чым Прэзідэнт Беларусі пажадаў свайму калегу Касым-Жамарту Такаеву поспехаў у дзейнасці па вырашэнні тых доўгатэрміновых пытанняў, аб якіх ішла размова на саміце АДКБ у Мінску.
Па выніках саміту ў Мінску лідары краін АДКБ падпісалі пакет дакументаў.
На падпісанне былі вынесены 15 дакументаў. "Усе пытанні разгледжаны і адобраны ў ходзе пасяджэнняў статутных органаў АДКБ і гатовы да падпісання", - сказаў на пленарным пасяджэнні Генеральны сакратар АДКБ Імангалі Тасмагамбетаў.
Падпісана дэкларацыя Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, прызначаная падкрэсліць асноўныя прынцыпы дзейнасці Арганізацыі. У дакуменце выказана пазіцыя АДКБ па актуальных праблемах міжнароднай бяспекі.
Прынята таксама рашэнне аб мерах па развіцці сістэмы крызіснага рэагавання АДКБ. У новай рэдакцыі зацверджана палажэнне аб парадку рэагавання АДКБ на крызісныя сітуацыі і аб парадку прыняцця і рэалізацыі калектыўных рашэнняў на прымяненне сіл і сродкаў сістэмы калектыўнай бяспекі АДКБ.
Яшчэ адным рашэннем СКБ зацверджана палажэнне аб аб'яднаным прэс-цэнтры АДКБ.
Падпісаны рашэнні па шэрагу кадравых пытанняў. Так, на пасаду начальніка Аб'яднанага штаба АДКБ назначаны прадстаўнік Расіі генерал-палкоўнік Андрэй Сердзюкоў. Таксама прынята рашэнне аб размеркаванні квотных пасад у арганізацыі на наступны трохгадовы перыяд.
У мэтах павышэння эфектыўнасці дзейнасці рабочых органаў Арганізацыі пры вырашэнні бягучых і нядаўна пастаўленых задач унесены змяненні ў структуру Аб'яднанага штаба.
Кіраўнікі дзяржаў таксама разгледзелі пытанні, якія датычацца ўмацавання і развіцця ваеннага супрацоўніцтва АДКБ, бюджэту Арганізацыі.
Вырашана, што старшынства ў АДКБ пераходзіць ад Беларусі да Казахстана з 1 студзеня 2024 года. На пашыраным пасяджэнні саміту Прэзідэнт Казахстана прадставіў інфармацыю па прыярытэтах у перыяд старшынства казахстанскага боку.
Чарговая сесія СКБ пройдзе ў чацвёртым квартале 2024 года ў Астане.
Па выніках саміту ў Мінску Генеральны сакратар АДКБ Імангалі Тасмагамбетаў расказаў журналістам, што беларускі бок заняў актыўную пазіцыю падчас свайго старшынства ў АДКБ, і ўдалося шмат зрабіць у рамках Арганізацыі.
"Старшынства Беларусі ацэньваецца станоўча. Кіраўнікі дзяржаў далі высокую ацэнку. Мінск заняў вельмі актыўную пазіцыю, і Арганізацыі ўдалося зрабіць вельмі шмат у гэтым годзе. А год быў складаным", - сказаў Імангалі Тасмагамбетаў.
Ён канстатаваў, што АДКБ даводзілася дзейнічаць ва ўмовах разбурэння міжнароднай архітэктуры.
Зыходзячы з гэтага, удзялялася ўвага ўдасканаленню сістэмы калектыўнай бяспекі. На саміце ў Мінску ў тым ліку быў прыняты пакет дакументаў у гэтай сферы.
Далейшае развіццё атрымалі і механізмы па процідзеянні нелегальнай міграцыі, незаконнаму абароту наркотыкаў і транснацыянальнай злачыннасці. Таксама значная работа праведзена па ўдасканаленні аналітычнага складальніка дзейнасці АДКБ, праведзена вялікая міжнародная канферэнцыя на тэму бяспекі на еўразійскай прасторы.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на палях саміту АДКБ у Мінску паразмаўляў сам-насам з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.
Спачатку агульны і актуальны парадак дня абмеркавалі ў Палацы Незалежнасці, затым прадоўжылі размову аб справах у аўтамабілі. Дарэчы, для сумеснай паездкі лідары выбралі расійскі аўтамабіль "Аўрус".
Аляксандр Лукашэнка праводзіў расійскага калегу ў аэрапорце.