Рабочая паездка ў Пастаўскі раён Віцебскай вобласці
- 27
- 3
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 жніўня зрабіў рабочую паездку ў Пастаўскі раён Віцебскай вобласці.
Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігара Брыло, які па спецыяльнасці з'яўляецца ветэрынарным урачом, Прэзідэнт папярэдзіў аб персанальнай адказнасці, калі толькі Камітэт дзяржкантролю даложыць, што недзе гніллём кормяць жывёлу ў краіне.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўжо ёсць інфармацыя, што месцамі няправільна закладзены ў ямы сянаж намок ад дажджоў. "Пасля дажджоў усё туды зацякло - жыжа. І што з гэтага корму атрымліваецца? Ты ветэрынарны ўрач, жывёлавод", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да Ігара Брыло.
"А ты глядзі і кантралюй. Мы што, хочам жывёлу загубіць? І потым будзем ахкаць, войкаць, што ў нас падзеж?" - даручыў Кіраўнік дзяржавы віцэ-прэм'еру Леаніду Зайцу.
Персанальнае даручэнне ў сувязі з гэтым і ўпаўнаважанаму па Віцебскай вобласці Старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміру Андрэйчанку: "Адкажаш за Віцебскую вобласць. Каб была жалезная дысцыпліна! Трэба армія - падключым армію. Трэба міліцыя - кінем сюды ўсе сілы".
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу і на шэраг іншых недапрацовак, якія лакальна мог назіраць у тым ліку з борта верталёта. "Ні аднаго трактара на полі няма. Валкі саломы ляжаць там, дзе ніхто ніколі іх вывозіць з таго поля не будзе. Чаму не здрабнілі, не рассыпалі па полі і не зааралі? Гэта ж элементарна", - сказаў ён.
"Такая работа нікому не патрэбна. Дык гэта ў першым прыбліжэнні", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
"Трэба мабілізавацца. Не чакайце, што высахне (збожжа. - Заўвага) на полі. Галоўнае, каб страт не было, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Пакуль сярэдне. Чаго б ні каштавала, трэба павялічваць тэмпы".
Прэзідэнт падкрэсліў, што трэба тэрмінова выходзіць на палову ўборкі плошчаў каласавых збожжавых, удзяліўшы асаблівую ўвагу палеглым месцам, праблемным пасевам.
Адначасова трэба канчаткова завяршыць уборку рапсу. А ў цэлым масавую ўборку завяршыць да канца жніўня. Нагадаў Аляксандр Лукашэнка і аб перакідцы тэхнікі для дапамогі ва ўборцы, дзе гэта неабходна.
Пры гэтым Прэзідэнт запатрабаваў забяспечыць жалезную дысцыпліну, падкрэсліўшы ўзаемасувязь эфектыўнай работы з забеспячэннем стабільнасці, дабрабыту і ў тым ліку міру. "Вайна пачынаецца тады, калі мы нюх страчваем і перастаём працаваць", - падкрэсліў ён.
У гэтым плане Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў аб недапушчальнасці прыпісак: "Навошта хлусіць? Нам трэба быць сумленнымі адзін перад адным".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсё неабходна рабіць строга па тэхналогіі і ў тэрмін, тады і будзе вынік. Гэта ж датычыцца і пашырэння пасеваў азімага ячменю, чаму Прэзідэнт апошнім часам удзяляе вялікую ўвагу. Закрануў гэту тэму ён і на гэты раз.
Кіраўнік дзяржавы наведаў малочнатаварны комплекс "Волахі" ААТ "Хацілы-Агра". Комплекс быў нядаўна рэканструяваны, яго ўвялі ў эксплуатацыю ў снежні 2020 года.
Многае на гэтым аб'екце было зроблена гасспосабам, за кошт правільнага і гаспадарскага падыходу сэканомлены сродкі, а прадпрыемства ў выніку паказвае фінансавую плацежаздольнасць і забяспечвае высокія надоі. "Гэта добры комплекс. І добра, што ты так яго пабудаваў", - ацаніў вынікі Прэзідэнт, звяртаючыся да кіраўніка гаспадаркі Вячаслава Крыштафовіча.
Акрамя таго, у час паездкі ў Паставы Аляксандр Лукашэнка наведаў мясцовы малочны завод. Кіраўнік дзяржавы на прадпрыемстве азнаёміўся з працэсам вытворчасці сыроў, а таксама прадэгуставаў некалькі відаў прадукцыі.
"Вельмі смачна. Вельмі!" - падзяліўся Аляксандр Лукашэнка сваімі ўражаннямі.
На заводзе Прэзідэнту таксама прадэманстравалі новыя каўбасныя вырабы з ялавічыны ад Глыбоцкага мясакамбіната. "Усё можам зрабіць!" - ацаніў Кіраўнік дзяржавы.
"І смачна!" - дадаў губернатар Віцебскай вобласці Аляксандр Субоцін.
Пасля наведвання прадпрыемстваў Аляксандр Лукашэнка правёў у Паставах нараду аб рабоце аграпрамысловых аб'яднанняў Віцебскай вобласці.
"Аб тым, наколькі стратэгічна важна ў гэтым годзе для Беларусі ўборачная кампанія, мы падрабязна з вамі вялі гаворку на мінулай селектарнай нарадзе. Былі ўзняты праблемы і пытанні (асабліва шмат іх было па Віцебскай, Гомельскай абласцях, ды і ў Магілёўскай вобласці хапала), але і выпрацаваны канкрэтныя шляхі вырашэння тых ці іншых пытанняў", - нагадаў Аляксандр Лукашэнка.
Тады ж жорсткія задачы былі пастаўлены Мінсельгасхарчу, а таксама ўсёй уладнай вертыкалі - ад губернатараў да кіраўнікоў раёнаў.
"Вядома, мы забяспечым усім неабходным унутраны рынак і патрэбнасці ў кармах для жывёлагадоўлі. Усё гэта мы вырабім. Накормім людзей, накормім жывёл. Але з улікам вострага дэфіцыту, што склаўся на сусветным харчовым рынку, цяперашняя сітуацыя - шанц для нашай сельскай гаспадаркі выйсці на новы ўзровень па экспарце, - заявіў Прэзідэнт. - Экспарт - гэта не толькі продажы. Мы людзей на нашых рынках - новых рынках, старых рынках, асабліва новых - прывучым да нашай прадукцыі. І калі чалавек прывыкне да беларускага, пакаштуе, памацае яго і зразумее, што гэта добры тавар, ён назаўсёды наш".
Для таго, каб скарыстацца гэтым шанцам у поўнай меры, трэба рабіць стаўку не на сыравіну, а на гатовую прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. "І займацца гэтымі пытаннямі неабходна ў тым ліку і цяпер, калі ідзе ўборачная кампанія і нібыта не да гэтага, - дадаў ён. - У гарачую пару выхадных не бывае, дарагі кожны дзень, кожная гадзіна. Трэба ўбраць якасна і ў тэрмін. Па-сялянску вам скажу: нам трэба кроў з носа перасягнуць пяцідзесяціпрацэнтны рубеж. Як толькі 50% перасягнём, і псіхалагічна, і ў матэрыяльных адносінах будзе лягчэй. А для гэтага патрэбны дысцыпліна і адказнасць кожнага".
"Тое, чаго нам не хапае ў слабых гаспадарках, чаму мы з імі і цялёпкаемся, эксперыментуем, нам не хапае дысцыпліны. Таму публічна ўсім вам, каб гэта пачулі па ўсёй краіне, гавару: скардзіцца на жорсткасць прымаемых рашэнняў - нават не хадзіце нікуды і не скардзіцеся. Гэта датычыцца і кіраўнікоў, і спецыялістаў, і механізатараў. Нікуды не хадзіце скардзіцца на жорсткасць прымаемых рашэнняў з боку кіраўніцтва прадпрыемстваў. А прысутным тут губернатарам, членам урада, адказным яшчэ раз гавару: кантроль самы жорсткі. Усе правы дадзены кіраўнікам, і з іх запатрабаванне павінна быць перш за ўсё", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў гаспадарак ёсць усе ўмовы для работы, не хапае аднаго - дысцыпліны і патрэбнай ступені адказнасці ў некаторых работнікаў. "Гэта датычыцца не толькі сельскай гаспадаркі, але перш за ўсё сельскай гаспадаркі", - звярнуў ён увагу.
У ходзе нарады Прэзідэнт выказаў меркаванне, што стварэнне аграпрамысловых аб'яднанняў у Віцебскай вобласці - правільная стратэгія, але іх работа павінна даваць вынік.
"Трэба прадаўжаць узбуйненне гаспадарак. Але не павінна быць штучнага аб'яднання", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Прэзідэнт заўважыў, што неабходна ў якасці стымулу дапамагаць тым прадпрыемствам, да якіх далучаюць адстаючыя гаспадаркі. "Аб'яднанне павінна быць усвядомленым. Вы павінны бачыць перспектыву", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Тое, што робім мы ў Віцебскай вобласці, стратэгія правільная. І мы толькі, прыняўшы рашэнне, да паловы дайшлі. У якім плане: мы вызначылі сыравінныя зоны для перапрацоўчых прадпрыемстваў. Але потым яшчэ больш важна, каб уласны фірменны гандаль быў. Ён павінен быць пашыраны, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - І пашыраць не толькі ў Беларусі. Трэба ісці ў Расію".
"Таму інтэграцыйным структурам у Віцебскай вобласці быць. І няма чаго тут сёння гаварыць аб тым, што гэта няправільна, што не гэтым шляхам трэба было ісці. А якім? Які яшчэ ёсць шлях для канцэнтрацыі прыбытку?" - спытаў Прэзідэнт.
У той жа час ён адзначыў, што, калі прадпрыемствы могуць працаваць самастойна і дасягаць пастаўленых мэт, то няхай і працуюць самі. Гэта нават будзе садзейнічаць здаровай канкурэнцыі. "Мы ні на каго не націскаем, штучна не ўпіхваем у інтэграцыйныя структуры", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Але работай створаных у галіне інтэграцыйных структур Прэзідэнт не задаволены. "З якога боку ні паглядзі, гэта рашэнне правільнае. Паўстае пытанне: а вынік?" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Апошні раз на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы гэта пытанне абмяркоўвалася некалькі месяцаў таму - у час яго сакавіцкай паездкі ў Глыбокае. "І "тузаць" Віцебшчыну па пытанні выніку ад інтэграцыйных аб'яднанняў мы будзем вельмі часта", - папярэдзіў ён.
У пачатку года па аграпрамысловых аб'яднаннях была атрымана страта ад рэалізацыі прадукцыі. Палова аб'яднанняў мела адмоўную рэнтабельнасць, раслі пратэрмінаваныя даўгавыя абавязацельствы.
"Але вы мне тады абяцалі ўсім калектывам, што палепшыце дынаміку фінансавых паказчыкаў гэтых структур, укамплектуеце пагалоўем жывёлы існуючыя фермы і комплексы, нарыхтуеце якасныя кармы, палепшыце выканальніцкую дысцыпліну і адказнасць кадраў на месцах", - нагадаў Прэзідэнт.
У цэлым па аграпрамысловых аб'яднаннях за першае паўгоддзе вытворчасць скарацілася больш як на 8% да ўзроўню мінулага года. Нягледзячы на некаторую дадатную дынаміку асобных фінансавых паказчыкаў, два буйнейшыя аграпрамысловыя аб'яднанні - Віцебскі і Аршанскі мясакамбінаты - працуюць са стратамі.
"Але што мяне больш за ўсё абурае. Было адпаведнае запатрабаванне аб своечасовых разліках за закупляемыя ў насельніцтва малако і мяса. Няўжо гэта такія вялікія грошы?" - выказаў здзіўленне Аляксандр Лукашэнка.
За паўгоддзе ў цэлым па аграпрамысловых аб'яднаннях вытворчасць жывёлы і птушкі ў жывой вазе зменшылася больш як на 12%, вытворчасць малака - на 6,5%. Скараціліся малочны статак і сярэднія ўдоі.
"З-за недахопу сыравіны застаюцца незагружанымі магутнасці перапрацоўчых прадпрыемстваў. Два - Пастаўскі малочны завод і Верхнядзвінскі масласырзавод - былі загружаны на 100%. Праблемы нарастаюць як снежны ком. Некаторыя кіраўнікі закрэдытаваных прадпрыемстваў прадаўжаюць спадзявацца, што ім спішуць даўгі, дапамогуць і гэтак далей. Будзем дапамагаць усім, хто ўпіраецца і дае вынік, - заявіў Прэзідэнт. - Не трэба мне гаварыць пра нейкія аб'ектыўныя акалічнасці. Умовы надвор'я нармальныя, я сказаў бы, ідэальныя".
На нарадзе сваім меркаваннем аб практычных выніках работы аграпрамысловага аб'яднання падзяліўся старшыня Пастаўскага райвыканкама Сяргей Чэпік. "Гэты напрамак адзіны правільны. За ім будучыня. Рух наперад ёсць. Мы дакладна разумеем, куды мы будзем рухацца, выбудавана дакладная стратэгія работ", - сказаў ён.
Аб'яднанне і прыняцце мер у рамках адпаведнага прэзідэнцкага ўказа дало магчымасць умацавацца тэхнічна і кадрава, выбудаваць больш аптымальную схему работ па развіцці сыравіннай базы для галаўнога прадпрыемства - Пастаўскага малочнага завода. "Самае галоўнае, мы сюды набралі нармальныя кадры - спецыялісты, прафесіяналы. Далі добрую зарплату. Стварылі ім умовы", - адзначыў кіраўнік раёна.
З ім згодны і дырэктар завода Канстанцін Гайлеўскі. Паводле яго слоў, першачарговай праблемай у нарошчванні вытворчасці сельскагаспадарчых прадпрыемстваў аб'яднання была адсутнасць належнай дысцыпліны - як тэхналагічнай, так і працоўнай. На жаль, канстатаваў ён, гэта праблема да канца не выкаранена, але над гэтым актыўна працуюць. Паказчыкі па бізнес-плане развіцця аб'яднання практычна ўсё выконваюцца, у тым ліку па выручцы і прыбытку.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на пытанне забеспячэння захаванасці тэхнікі: "Шмат тэхнікі энерганасычанай, яна дарагая. І калі яе нармальна не захоўваць - труба. Гэта датычыцца ўсіх. Захаванасць тэхнікі, асабліва энерганасычаныя трактары, - гэта пытанне нумар адзін".
Ён нагадаў, што ў Мядзельскім раёне нядаўна наведваў узорны машынны двор у новай гаспадарцы. "Мы паказалі ў Мядзельскім раёне. Машынны двор зрабілі ўзорным на месцы старога. Да гэтага павінны імкнуцца. Нядорага ён абышоўся. Трэба машынны двор, зернесушылка і малочнатаварныя комплексы. Для Віцебскай вобласці менавіта МТК. Комплексы свінагадоўчыя і птушкагадоўчыя, напэўна, мы дадаткова у Віцебскай вобласці будаваць ужо не будзем. Давайце будзем займацца малаком і БРЖ. Гэта ж вялікі шлейф", - сказаў Прэзідэнт.
"Гэта наш шлях. Так, адразу не схопім. Але калі зубы сціснем, за пяцігодку вырвемся", - падкрэсліў беларускі лідар.
Дысцыпліна, парадак, кадры, забеспячэнне захаванасці ўраджаю і тэхнікі - на гэтых пытаннях асабліва засяродзіў увагу Прэзідэнт, папярэдзіўшы ўсіх аб персанальнай адказнасці. "Вы павінны быць гаспадарамі тут. Ніхто не будзе прымаць скаргі на жорсткасць запатрабаванняў. Патрэбны вынік! Зямля ёсць, тэхніка ёсць добрая", - сказаў ён.
Што датычыцца дадатковай фінансавай падтрымкі, то толькі пад перспектыўныя праекты і вынік, папярэдзіў Прэзідэнт. Стратэгія развіцця вобласці складваецца менавіта на месцах.
"Калі сёння ў сельгаспрадукцыі дрэнна, то заўтра будзе дрэнна на ўсіх этапах ланцужка, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Не будзе жалезнага кулака, нічога не зробіш. Мы без Віцебскай вобласці не абыдземся, цяжка будзе: ёсць добрыя раёны, добрыя гаспадаркі. Але ёсць гультаі, яны ёсць у кожнай вобласці. Дык вось без гультаёў краіна абыдзецца. Нам хапае прадукцыі без іх. А калі мы тыя грошы, якія гультаям дорым - і ўсё дарэмна, укладзём у тых, хто добра працуе, мы атрымаем на 25-30% прадукцыі ў краіне больш. Таму яны павінны думаць, як яны будуць жыць далей. Таму трэба зубамі чапляцца і працаваць з тым, што ёсць. Таму жалезная дысцыпліна".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што аснова стабільнасці ў грамадстве - гэта моцная эканоміка. "Гэта фундамент, гэта галоўнае. Эканоміка - гэта аснова ўсяго. А яна будзе тады, калі мы будзем працаваць. У нас усё ёсць для таго, каб працаваць. Толькі няма дысцыпліны і адказнасці. У некаторых, не ва ўсіх", - дадаў Прэзідэнт.