Рабочая паездка ў Пружанскі раён Брэсцкай вобласці
- 28
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 жніўня зрабіў рабочую паездку ў Пружанскі раён Брэсцкай вобласці, дзе наведаў ААТ "Жураўлінае".
У першую чаргу ў Пружанскім раёне Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на ўнясенне мінеральных угнаенняў, таму што ў многім гэта аснова ўраджаю. Аб'ёмы і ў наступным годзе трэба захаваць і пакрыху прыбаўляць.
У бягучым годзе аграрыі чакаюць ураджай збожжавых каля 11 млн т, у тым ліку больш за 8 млн т каласавых. Плюс яшчэ рапс і зерне кукурузы, далажыў Прэзідэнту Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло.
"Нам трэба ўтрымаць унясенне мінеральных угнаенняў у тых аб'ёмах, што былі ў гэтым годзе, і хоць чуць-чуць прыбаўляць. Тады мы будзем стабільна мець 11-11,5 млн т збожжавых", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што задача па дасягненні такой ураджайнасці ставілася на перспектыву двух гадоў, але ўдалося яе выканаць ужо ў бягучым годзе. Дапамагло і добрае надвор'е, але ў цэлым важна разумнае гаспадаранне на зямлі і строгае захаванне тэхналогій, звярнуў увагу Прэзідэнт.
Ігар Брыло паабяцаў, што ўжо ў нядзелю намалот збожжавых каласавых па краіне складзе 7 млн т, а гэта каля 85 працэнтаў ад плошчаў, што падлягаюць уборцы. Асаблівая ўвага ўдзяляецца пасевам з палегліцай. Для іх уборкі ў гаспадарках ёсць неабходная тэхніка.
На ўраджайнасць уплывае і ўнясенне ў глебу гліфасатаў - гербіцыдаў, якія выкарыстоўваюцца для барацьбы з пустазеллем. Магчыма, у Беларусі атрымаецца наладзіць іх вытворчасць. Аснова гербіцыда - кітайская. "Чаму з кітайцамі не дамовіцца і не паспрабаваць? Няма нерэалізуемых праблем. Таму па хіміі трэба працаваць", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.
На палях гаспадаркі "Жураўлінае" Прэзідэнту прадставілі выстаўку насення сартоў і гібрыдаў рапсу, прадукцыю з яго. Выраблена яна на суседнім прадпрыемстве "Аграпрадукт".
"Мы не памыліліся па рапсе?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.
Губернатар Брэсцкай вобласці Юрый Шулейка запэўніў, што не. Попыт на прадукцыю з рапсу расце, таму штогод пашыраюцца пасяўныя плошчы гэтай культуры, расце і ўраджайнасць.
Кіраўнік дзяржавы чарговы раз звярнуў увагу на важнасць дадатковай падтрымкі вяскоўцаў, якія пражываюць і працуюць у зоне адказнасці гаспадарак і вытворчых прадпрыемстваў. Вырашэнне пытанняў сацыяльнай сферы стаіць у адным шэрагу з развіццём вытворчасцей і павышэннем эфектыўнасці іх работы.
"У магіле кішэняў няма. Што мы, на той свет забяром гэтыя грошы? Трэба і сялянам дапамагаць", - падкрэсліў беларускі лідар.
Напярэдадні на гэту ж тэму ён выказаўся і ў час наведвання ў Гродзенскім раёне вытворчага кааператыва імя В.І.Крамко. Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што няхай у прадпрыемства будзе і меншая рэнтабельнасць, але аб сацыяльнай сферы забываць нельга.
У гаспадарцы Аляксандр Лукашэнка таксама азнаёміўся з тэхналогіяй вырошчвання рапсу, якая выкарыстоўваецца тэхнікай.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што цяпер адна з важнейшых задач - адысці ад імпарту. "Аж да таго, каб вызначаць: дазваляю купіць камбайн, дазваляю купіць сеялку. Астатняе - беларускае, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Інакш у адваротным выпадку мы ніколі не забяспечым загрузку сваіх прадпрыемстваў".
Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу, што і вытворцам тэхнікі трэба забяспечваць гарантыйнае абслугоўванне машын хаця б на працягу трох гадоў.
"Павінны карыстацца сваім. Няхай недзе недацягваем да сусветных узораў. Але гэта ж наша тэхніка. Таму трэба на сваім - імпартазамяшчэнне. Трэба на сваё, на сваё, на сваё! І імпартазамяшчэнне!" - яшчэ раз падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандру Лукашэнку на мехдвары ААТ "Жураўлінае" ў Пружанскім раёне далажылі аб стане машынных двароў у цэлым у Брэсцкай вобласці, работах па давядзенні шэрага з іх да належнага ўзроўню.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на забеспячэнне захаванасці дарагой тэхнікі. Напрыклад, камбайны ў лепшых гаспадарках працуюць і да 20 гадоў. Таму Прэзідэнт арыентуе хаця б на тэрмін 15 гадоў. "Але не 10! Па тэхніцы будзем весці размову аб службе камбайнаў і энерганасычаных трактароў 15 гадоў. Не менш", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён запэўніў, што на наступны год заказ рэгіёна па тэхніцы будзе выкананы, але важна забяспечыць захаванасць і належнае абслугоўванне.
"Трэба берагчы. Гэта вялікія грошы!" - патрабуе Аляксандр Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з механізатарамі. Адзін з іх расказаў, што ў яго сям'і чацвёра дзяцей.
"Вось такім трэба дапамагаць, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Наш чалавек".
Затым адбылася прадметная размова Кіраўніка дзяржавы з мясцовым токарам. Высветлілася, што пажадана б закрыць пытанне па некаторых дэталях для тэхнікі.
"Таксама задача прамыслоўцам", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка ў плане пастаноўкі чарговай задачы да чыноўнікаў, якія суправаджалі яго.
Аляксандру Лукашэнку таксама далажылі аб рабоце "Брэстаблаграсэрвісу". Арганізацыя займаецца тэхнічным абслугоўваннем і рамонтам рознай тэхнікі для сельскай гаспадаркі. Прадэманстравалі аўтамабіль, абсталяваны ўсім неабходным для выязнога тэхнічнага абслугоўвання.
Тут Прэзідэнт зноў нагадаў аб сваім даручэнні па забеспячэнні захаванасці тэхнікі не менш як 15 гадоў. І "імем рэвалюцыі" мінімум 3 гады гарантыйнага абслугоўвання, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўніку беларускай дзяржавы паказалі апырсквальнікі для падкормкі і апрацоўкі сельгаскультур. Вытворца айчынны з Брэсцкай вобласці.
"Гэта цуда-тэхніка. Добрая, патрэбная тэхніка. Гэта тое, што нам трэба", - ацаніў вырабы Аляксандр Лукашэнка.
Але адразу спытаў аб лакалізацыі, колькі ў гэтай тэхніцы айчыннага. Як далажылі Кіраўніку дзяржавы, у залежнасці ад мадэлі 52-63 працэнты.
"Трэба лакалізоўвацца, мужыкі. Трэба настройвацца", - сказаў беларускі лідар.
Пытанне прадаўжэння гарантыі на айчынную тэхніку было ўзнята і ў час размовы Кіраўніка дзяржавы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву ААТ "Жураўлінае" і жыхарамі раёна. Так супала, што гэту ж тэму закрануў адзін з работнікаў у пытанні Аляксандру Лукашэнку.
Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз цалкам падтрымаў гэту прапанову, адзначыўшы, што ўжо даў неабходныя даручэнні. Ён растлумачыў сутнасць пытання. "Так, мы фактычна штурмам ствараем новую тэхніку. У нас няма 10 гадоў для таго, каб ствараць трактар або камбайн", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Але часам пры хуткай распрацоўцы і стварэнні тэхнікі ў працэсе эксплуатацыі могуць выяўляцца тыя ці іншыя недапрацоўкі, і за гэта павінен адказваць вытворца. "Чые гэта праблемы? Не вяскоўцаў жа", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Гэта пытанне вырашана. Тры гады гарантыйнага абслугоўвання павінна быць для тэхнікі. Асабліва энерганасычаныя трактары і камбайны", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама лічыць, што па энерганасычанай тэхніцы ў будучым трэба рухацца і да 5 гадоў гарантыйнага перыяду. А па звычайнай - не менш як тры гады.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў і аб даручэнні, каб прампрадпрыемствы забяспечвалі аператыўны рамонт тэхнікі, аднаўлялі яе на працягу сутак.
"Мы па ўсіх напрамках кантралюем эксплуатацыю тэхнікі. Але і вы таксама глядзіце, каб своечасова тэхнічнае абслугоўванне прайшлі, не мучце гэту тэхніку. Калі нельга ехаць у поле, не едзьце, не ламайце. Таму што калі гэты трактар выйдзе са строю, гэта вам трэба ў вашай гаспадарцы чвэрць збожжа потым на рамонт аддаць. Беражыце тэхніку. Яе трэба берагчы. У вас у гаспадарцы для гэтага ўсё ёсць. Гэта гаспадарка ўзорная была створана як маяк для таго, каб разумець, куды імкнуцца", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў свой час ім была ініцыявана праграма адраджэння вёскі. У краіне пачалі ствараць буйныя таварныя сельгасвытворчасці. Ля вытокаў гэтай работы тады стаялі былы віцэ-прэм'ер Аляксандр Папкоў і экс-старшыня Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч. У тыя часы ў Магілёўскай вобласці быў створаны магутны сельскагаспадарчы комплекс "Александрыйскае", а ў Брэсцкай - гаспадарка "Жураўлінае".
"Мы тады вызначылі крытэрыі - гэта не павінны быць прыватныя фермерскія гаспадаркі. Фермерам быць, няхай зараджаюцца, будзем іх падтрымліваць. Але нельга развальваць саўгасы, калгасы. Сёння мы разумеем, што тады мы не памыліліся, ствараючы ўзбуйненыя таварныя сельскагаспадарчыя вытворчасці", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт растлумачыў, што тады землі не маглі перадаць выключна фермерам: таленавітых аграрыяў у краіне, здольных пацягнуць гэту работу, не так ужо шмат і да гэтага часу. "Калі б мы тады падзялілі нашы буйныя таварныя гаспадаркі на драбнату, мы загінулі б сёння, мы былі б галоднымі. Не таму, што фермеры дрэнныя, а таму што іх проста не было. І цяпер яшчэ іх няма, гэта рэдкасць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Стварэнне новых вытворчасцей запатрабавала вялікіх грошай і неардынарных мер, аднак гэта дало вынік.
"Цаной намаганняў усяго беларускага народа, цаной працы ўсяго беларускага народа мы стваралі вось гэтыя праекты. Так, было няпроста, але нашы беларусы вытрымалі. Малайцы! Толькі дзякуючы цярплівасці беларусаў і нашай настойлівасці. Цяпер бачым, што, дзякуй богу, што мы так зрабілі. "У адваротным выпадку нам няма чым было б карміць не толькі сябе, наш народ, але і прадаваць на экспарт - 7 мільярдаў долараў валюты атрымліваем, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта значыць сельская гаспадарка спрацавала. Быў першы пяцігадовы план, другі. Цяпер мы ўжо ў трэцяй пяцігодцы працуем. Яна ўжо менш прыкметная, таму што нам штурмаваць нічога не трэба. Нам трэба спакойна працаваць. Асноўныя напрамкі вызначаны".
На сустрэчы з работнікамі гаспадаркі "Жураўлінае" і жыхарамі Пружанскага раёна Аляксандр Лукашэнка адзначыў поспехі Брэсцкай вобласці ў сёлетняй уборачнай кампаніі.
"Вы, вядома, малайцы. Павінен вам сказаць без ліслівасці: малайцы. І наогул у гэтым годзе (я ўжо другі раз аб гэтым гавару) Брэсцкая вобласць - малайцы. Проста малайцы. Арганізаваліся, хутка ўбралі. У вас ужо амаль няма чаго ўбіраць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідар паабяцаў, што дзяржава зверне асаблівую ўвагу на прывядзенне ў парадак аўтамабільных дарог мясцовага прызначэння.
"Нам трэба цяпер паглядзець - дзяржаве - сур'ёзна на мясцовыя дарогі. Ёсць дзве праграмы на цэлую пяцігодку. Мы адновім усе мясцовыя дарогі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, у некаторых раёнах трэба будзе папрацаваць "вельмі сур'ёзна".
Асаблівая ўвага таксама будзе ўдзелена меліярацыі зямель. "Запусціце меліярацыйныя сістэмы, якія некалі будавалі. Трэба ўсё неадкладна аднаўляць, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Няпростая задача, але будзем выдзяляць грошы. А вы, калі ласка, беражыце тое, што створана за кошт народа".
На сустрэчы з работнікамі гаспадаркі "Жураўлінае" і жыхарамі Пружанскага раёна Аляксандр Лукашэнка распавёў, што ў бліжэйшы час у Беларусі пачнуць разліваць сваю вакцыну ад COVID-19.
"Мы закупілі ў тыя часы маскі, сродкі аховы. Кітайцы нам бязвыплатна пастаўлялі. Міністр мяне паўгода таму пытаецца: што рабіць з гэтым? Я кажу: няхай ляжыць, спатрэбіцца. Усяго ў нас хапае. У бліжэйшы час сваю вакцыну пачынаем разліваць. Але яшчэ раз гавару: залішне не перажывайце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што заўсёды раіў грамадзянам залішне не хвалявацца наконт каранавіруса і заклікаў клапаціцца пра сваё здароўе. "Калі вядзеш нармальны лад жыцця, табе не трэба баяцца хвароб і асабліва гэтых. Таму трэба ўпірацца, трэба працаваць. Хто хоча жыць, той сочыць за сваім здароўем", - перакананы ён.
"Цяпер каранавірус і ў нас фіксуецца. У асноўным лечаць дома. Ён не такі ўжо, становіцца сезонным, як мы і чакалі. Хочаце вакцынавацца - напэўна, трэба (я не вакцынаваўся, але, напэўна, трэба), вакцынуйцеся", - дадаў Прэзідэнт.
У час сустрэчы з Прэзідэнтам работнікі прадпрыемства падкрэслілі, што яны - людзі працы і прывыклі жыць на зямлі. "Клапаціцца пра ўраджай, каб накарміць усю сям'ю і ўвесь наш народ. Праца не лёгкая, але яна важная. Апошнім часам усе гэтыя падзеі гэта асабліва даказалі. Дзякуй, што паверылі ў нас. Мы адчуваем падтрымку з боку дзяржавы, СМІ і простага народа. Для нас гэта важна і адказна. Прыемна, калі ў цэнтры ўвагі чалавек працы. Мы гатовы працаваць на карысць народа, краіны і далей. Мы вас не падвядзём", - запэўніў адзін з рабочых.
"Вы ведаеце, я вам другі раз хачу сказаць дзякуй. Вы ніколі і не падводзілі. Я адданы вам чалавек. Не толькі вяскоўцам. Вы проста родныя, таму што я выйшаў адтуль, адкуль усе вы, - адказаў Аляксандр Лукашэнка. - Проста вы павінны разумець, што ніхто вас на плячах несці не будзе. І я ў тым ліку. Так, я буду дапамагаць. Але я разумею: чалавек і сям'я толькі тады паспяховыя, калі яны самі перш за ўсё клапоцяцца пра сябе і пра сваіх дзяцей. А ўжо што Лукашэнка, дзяржава дасць, як у народзе кажуць, - гэта дадатак. Таму беражыце тое, што ёсць", - заклікаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што сёння адбываецца ва Украіне. Беларусь стала прыстанішчам для тысяч украінцаў, якія цяпер атрымліваюць беларускае грамадзянства. "Як яны працуюць! І рады. Чаму - таму што яны гора перажылі, яны перанеслі вайну. І гэта нашы людзі. Мы іх не павінны крыўдзіць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Вы не думайце, што я тут планую нейкае нападзенне, вось Украіну будзем бамбіць з тэрыторыі Беларусі і гэтак далей. Няма ў мяне ніякага жадання, каб вашы і мае дзеці ваявалі. У імя чаго? Нам трэба ўціхамірыцца. Ніякая Украіна не ваюе сёння. Сёння з Расіяй ваюе ўвесь блок НАТА і Амерыка перш за ўсё", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
На яго думку, Еўропа ўжо даўно спыніла б гэту вайну, калі б ЗША не прадаўжалі з дапамогай Польшчы падтрымліваць баявыя дзеянні.
"Таму беражыце тое, што ёсць. І не спадзявайцеся, што нехта вам прынясе і дасць. У нас ёсць дзе зарабіць. У нас усё ёсць для таго, каб жыць і працаваць. Дзеткам мы дапамагалі і будзем дапамагаць. Да школы вось цяпер і гаспадарка ваша, і дзяржава, і прадпрыемствы - усе дапамагаюць. Яшчэ і цэны больш-менш прытрымліваем на форму. Яна не танная, але ў два разы таннейшая, чым у суседзяў. Таму будзем рабіць усё для таго, каб вы жылі нармальна, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Толькі, калі ласка, не спыняйцеся, варушыцеся самі. Помніце, што гэта вам трэба перш за ўсё. Дзяржава як падтрымлівала вас заўсёды, так і будзе падтрымліваць".
Жыхары раёна падарылі Прэзідэнту пано з выявай жураўлёў. Рэжысёр Пружанскага дома культуры Дзіяна Крэтава адзначыла, што гэта птушка даўно аблюбавала гэтыя мясціны і стала сімвалам шчасця, міру і дабра. Паводле яе слоў, у мясцовых жыхароў існуе традыцыя - на развітанне дарыць гасцям падарунак з выявай жураўля.
"Дзякуй вялікі. Вы добрыя людзі, беражыце сябе!" - падзякаваў Аляксандр Лукашэнка.