Наведванне чэмпіянату па колцы дроў сярод журналістаў
- 32
- 4
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 лістапада наведаў чэмпіянат па колцы дроў сярод журналістаў.
Адразу пасля прыбыцця Кіраўнік дзяржавы асабіста прадэманстраваў, як правільна калоць дровы. У гэтым яму асісціравалі Дзмітрый Баскаў і Сяргей Цяцерын.
Аляксандр Лукашэнка паказаў, як з дапамогай сякеры і кувадлы рассекчы вялікую калоду. А затым прадэманстраваў выдатныя навыкі валодання сякерай на меншым палене. "Шукаем трэшчыну і шукаем тую кропку, куды мы хочам ударыць. І па трэшчыне ў напрамку цэнтра. Пажадана сячы так, каб палена з калодкі не падала", - падрабязна інструктаваў Кіраўнік дзяржавы па ходзе майстар-класа.
Аляксандр Лукашэнка па традыцыі ўзгадаў і пра жыхароў суседніх краін, дзе цяпер часам не ўсё проста з энергарэсурсамі. "Латышоў, літоўцаў і палякаў - да нас, няхай сякуць на дровы самі", - сказаў беларускі лідар.
Пасля гэтага Прэзідэнт прайшоў да спаборніцкіх сектараў і паназіраў за ходам спаборніцтваў.
Кіраўнік дзяржавы ў час наведвання чэмпіянату па колцы дроў таксама паразмаўляў з кіраўнікамі СМІ і журналістамі. У час нефармальнага дыялогу на імправізаваных табурэтках, зробленых з драўляных калод, Прэзідэнт адказаў на шэраг злабадзённых пытанняў. Размова стала своеасаблівай выязной сустрэчай "Клуба рэдактараў".
Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму Усебеларускага народнага сходу. Гэтаму органу, згодна з абноўленым Асноўным Законам, нададзены канстытуцыйны статус, а нядаўна прайшло грамадскае абмеркаванне Закона аб УНС.
Кіраўнік дзяржавы адрэагаваў на некаторыя размовы вакол гэтай тэмы - аж да таго, што гэта робіцца нібыта для ўтрымання ўлады. "Слухайце, не ўва мне справа. Сёння справа ў нашых дзецях. Трэба пакінуць ім нармальную краіну. Вось нават разам пакаленне наша, але мы павінны стварыць сістэму", - сказаў ён.
Прэзідэнт пры гэтым канстатаваў, што і цяперашняя сістэма ў краіне нядрэнная і цалкам рабочая. Як прыклад - рэакцыя на перакосы ў сферы цэнаўтварэння. "Як націснуў зверху - уся вертыкаль улады выстраілася. Ну, нехта так, сяк, але выстраілася ж. І не толькі вертыкаль улады. І суб'екты гаспадарання: і дзяржаўнай, і прыватнай формы ўласнасці. Гэта дзеянні ўлады. Нармальныя. Але яна не можа быць пастаяннай, статычнай. Яна павінна ўдасканальвацца. І я гэта разумею. Не толькі таму, што бачу свет навокал. Я разумею, што нам трэба рухацца. Наогул народ павінен бачыць гэты рух", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў тых ці іншых навацыях неабходна зыходзіць з таго, што ў дадзены момант можна зрабіць як у эканоміцы, так і ў палітыцы. Напрыклад, у Беларусі за гады незалежнасці ўжо адбылося шэсць Усебеларускіх народных сходаў - гэтых народных вечаў. "Чаму канстытуцыйным не зрабіць, чаму не ўзмацніць яго ролю, чаму не слухаць там, на гэтым форуме, людзей? Не на вуліцы, а лепш там. Рухаемся", - прывёў ён прыклад.
Той самы падыход і ў эканоміцы. "Можам кіраваць прадпрыемствамі - кіруем. Не можам - давайце думаць. Аж да прыватызацыі, продажу", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён акцэнтаваў увагу, што ў краіне ствараюцца і дзяржаўныя прадпрыемствы, і, як паказвае практыка, не заўсёды прыватнік будзе працаваць лепш і больш эфектыўна. Адзін з такіх прыкладаў - прадпрыемства ў Мёрах, у лёс якога давялося ўмяшацца і кіраўніку дзяржавы: "Выдатна працуе прадпрыемства. Калі можа дзяржаўнае прадпрыемства працаваць - няхай працуе. Не трэба думаць, што прыватнае - гэта святое. Так, ёсць людзі, якія добра працуюць".
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што ў Беларусі, у тым ліку і для прыватнага бізнесу, значна прасцей атрымаць доступ да ўлады, каб абмеркаваць тыя ці іншыя праблемы, у адрозненне ад тых жа краін Заходняй Еўропы. "Прыём грамадзян - анахранізм Беларусі. Нідзе яго ніхто не вядзе. Але мы такім чынам чуем народ, людзей слухаем", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт лічыць, што жыхары Еўрасаюза не хочуць вайны, але ўлады гэтых краін цяпер аказаліся не здольныя патушыць пажар ва ўласным доме.
"Германія, уся Еўропа (размова пра Еўрасаюз. - Заўвага) - там няма кіраўнікоў цяпер. Калі б яны былі... Яны нават не могуць патушыць пажар ва ўласным доме, - сказаў беларускі лідар. - Еўрапейцы не хочуць гэтай вайны. Яны ж разумеюць, што сёння ва Украіне, тут Беларусь спрабуюць падпаліць - успыхне заўтра ўся Еўропа".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што калі раптам выбухне новая сусветная вайна, то яна ж будзе праходзіць не на тэрыторыі Амерыкі. "Амерыканцы адзінае баяцца ядзернай зброі, бо туды можа прыляцець. Не будзе прыменена ядзерная зброя, значыць, будуць звычайнай зброяй ваяваць. Дзе? У нас будуць ваяваць. Мы тут будзем у гэтым катле. Украіна палае ўжо. Найбагацейшая. Няма такой краіны, як была Украіна. У савецкія часы ўклалі столькі... А землі якія, прырода якая! У што ператварылі? Катастрофа", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што эліты шэрага краін у гэтай сітуацыі не імкнуцца спыніць канфлікт, а, наадварот, спрабуюць дадаткова развязаць вайну дзеля захавання ўласнай улады. "Вайна ўсё спіша", - растлумачыў ён логіку дзеянняў шэрага палітыкаў.
"Еўрапейцам трэба ачухацца і спыніць вайну. А яны не могуць. Ім не даюць. Амерыканцы скарысталіся, - адзначыў Прэзідэнт. - Хіба гэта лідары, якія дазволілі амерыканцам дадаткова завезці туды ядзерную зброю? Гэта вар'яты".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, кіраўнікі ў ЕС поўнасцю залежныя ад ЗША. Больш таго, у іх не хапае волі процістаяць гэтаму націску. Да гэтага дабаўляецца яшчэ і эканамічная залежнасць ад паставак тавараў на прэміяльны амерыканскі рынак, бізнес-інтарэсы.
Тым не менш Прэзідэнт Беларусі ўпэўнены, што калі б Еўрасаюз пайшоў на партнёрскія адносіны з Расіяй, гэта была б вялікая моц: "І ніхто б не перабіў. Рэсурсы - бяры не хачу, на тры пакаленні хопіць. Тэхналогіі - супертэхналогіі. Не горшыя, чым у Амерыцы. Давайце рабіць! А рашэнне прымаць няма каму. Баяцца. Часовыя (ва ўладзе. - Заўвага). Пераседзелі там тэрмін-два... А заўтра пойдзем на іншую працу".
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што еўрапейцам трэба "галаву ў рукі браць і думаць, як жыць далей", паколькі вопыт у тым ліку рэвалюцыі 1917 года паказвае, да чаго можа прывесці ігнараванне меркавання большасці народа.
У Прэзідэнта спыталі, што трэба рабіць і як сябе паводзіць, каб Беларусь і ў далейшым заставалася своеасаблівым анклавам і ўзорам сацыяльна арыентаванай дзяржавы.
"Можна шмат пра гэта гаварыць. Але я заўсёды, размаўляючы з людзьмі, звяртаючыся да людзей, гавару: рабіце сваю справу. Вось самае галоўнае. Каб у нас ніколі не паўтарылася тое, што было ў 2020 годзе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што цяпер менавіта журналісты знаходзяцца на пярэднім краі: "Таму што галоўнае ў гэтым процістаянні - гэта інфармацыйная вайна, інфармацыйнае процістаянне. Таму галоўнае - вы цяпер".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, вядома, цяпер няма гарачай вайны, але ад журналістаў шмат залежыць. "Вы на пярэднім краі. І я разам з вамі", - сказаў Прэзідэнт.
"Таму не трэба нікога баяцца. Калі яны (апаненты. - Заўвага) пачынаюць вас атакаваць, значыць, зачапілі. Калі яны пачынаюць на вас спасылацца, нешта гаварыць, добра, няхай спасылаюцца. У іх цяпер трэнд такі: "Мы не фарміруем парадак дня, лукашэнкаўцы, ябацькі гэтыя што скажуць, а мы потым перапеўкамі займаемся". Ну, гэта так. Яны і не могуць фарміраваць. Як могуць яны фарміраваць? Таму яны вось і пайшлі (з заклікамі. - Заўвага): давайце ракетамі… Ну, гэта вар'яты. Калі б яны былі палітыкамі, гэта гаварыць нельга, нават калі ты ў страшным сне хочаш гэтага", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Ну, хто сёння ў Беларусі за імі пойдзе? Яны сябе ўжо апусцілі ніжэй за плінтус. Нельга такія рэчы рабіць. Дзякуй богу, што яны такія. Я ж гавару, што нашу апазіцыю трэба песціць, паліваць, вадзічкі… Няхай яна будзе і далей такая", - з доляй гумару заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
"Час няпросты. Трэба дапамагчы нашым людзям за межамі нашай краіны. Там нават людзі не могуць дровы купіць, а мы тут забаўляемся, жартам сячом гэтыя дровы. Дай бог, каб не прапалі. Мы можам арганізаваць і падвезці да граніцы гэтыя дровы. Няхай літоўцы, латышы і палякі, украінцы ведаюць, што мы людзі мірныя, мы не хочам ніякай вайны. Мы гатовы разам паліць печку, падсмажваць шашлыкі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Чэмпіянат па колцы дроў сярод журналістаў прайшоў на беразе ракі Вяча ў Лагойскім раёне. Галоўны прыз узяло агенцтва "Мінская праўда". Акрамя каштоўных падарункаў ад арганізатараў, журналісты "Мінскай праўды" атрымалі і спецыяльны падарунак ад Прэзідэнта - сякеру з яго аўтографам.
Кіраўнік дзяржавы падзякаваў арганізатарам спаборніцтваў і ўдзельнікам за гэта свята. "Я часта пра гэта гавару: любая дзяржава моцная сваімі традыцыямі. Можа, сённяшняя наша сустрэча на прыродзе з гэтымі самымі магутнымі, моцнымі людзьмі (а гэта перш за ўсё вяскоўцы і леснікі, гэта самыя моцныя людзі) надасць нам добры настрой і здароўя на доўгія гады", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.