Урачысты сход, прысвечаны Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь
- 28
- 28:01
Выступленне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь
Таварышы! Сябры! Дарагія ветэраны!
Віншую вас з Днём абаронцаў Айчыны! Гэта свята мужнасці і патрыятызму, якое аб'ядноўвае людзей розных пакаленняў: прафесійных ваенных і ўсіх, хто разумее каштоўнасць міру.
Гэта свята кожнага, хто гатовы ў любы момант стаць на абарону дзяржаўнага суверэнітэту і незалежнасці. Так, як завяшчала нам гераічнае пакаленне пераможцаў Вялікай Айчыннай вайны.
Традыцыі воінскага абавязку і адданага служэння сваёй краіне былі закладзены ў цяжкі для маладой савецкай дзяржавы час. Час Грамадзянскай вайны і процідзеяння замежнай інтэрвенцыі мінулага стагоддзя.
Першыя перамогі загартавалі характар байцоў Чырвонай Арміі, сталі гістарычным пунктам адліку гераічнай гісторыі нашых Узброеных Сіл. Слаўнай старонкай гэтай гісторыі стаў вызваленчы паход Чырвонай Арміі, які ўз'яднаў Беларусь у яе этнічных межах. А ўжо ў 41-м афіцэрам і салдатам Беларускай ваеннай акругі трэба было даць адпор неймавернай па сваёй жорсткасці і бесчалавечнасці фашысцкай агрэсіі.
Сёння побач з намі ёсць яшчэ тыя, хто ў суровыя гады Вялікай Айчыннай ваяваў за нашу будучыню, хто пранёс праз усё сваё жыццё боль страт родных, блізкіх і баявых таварышаў. Нізкі паклон і бязмежная ўдзячнасць вам, дарагія ветэраны, пацярпелыя ад гэтай страшнай вайны. Вы - сімвал непераможнасці беларускага народа! Дай Бог вам здароўя!
Тут прысутнічаюць ветэраны-афганцы, якія бачылі іншую вайну. Вайну, замешаную на тэрарызме і бандытызме. Усё, сведкамі чаго вы сталі, а таксама нядаўнія падзеі ў Афганістане наглядна паказалі, што ва ўстойлівым развіцці гэтай ды і любой іншай краіны на нашым кантыненце заакіянскія ігракі не зацікаўлены.
Змагацца за сферу геапалітычнага ўплыву яны могуць толькі адным спосабам - сеючы смерць і разруху. У тым ліку спансіруючы экстрэмізм і радыкальныя групоўкі.
Чарговы раз Афганістан закончыўся ганьбай для галоўнага "гаспадара" нашай планеты. Па-народнаму кажучы, вызваліліся рабочыя рукі. Вызваліліся людзі, якія прывыклі ваяваць і сеяць няшчасце. Ім шукаюць сёння работу.
Неяк зусім нядаўна, калі пачаўся (смею нагадаць вам) каронапсіхоз, я вас папярэджваў, што гэта дадатковы фактар шаленства на нашай планеце і ён яшчэ паўплывае на падзеі ў свеце і будзе садзейнічаць (цытую самога сябе) маштабнаму перадзелу свету. Прайшло зусім крыху часу - два гады. І што мы бачым?
У гэты няпросты час я хацеў бы прывітаць ветэранаў Узброеных Сіл і дзеючых афіцэраў арміі. Вы, напэўна, у гэты год, асабліва сёння, адчулі, як вы патрэбны нам. Галоўная палітычная падзея, на якой мы будзем вызначаць нашу будучыню. Без вас ніяк нельга. І вам асаблівая ўдзячнасць - тым, хто насіў пагоны ваеннага і застаўся сёння ў страі і дапамагае беларускаму народу вызначыцца. Менавіта вы ціха і спакойна сталі бар'ерам на шляху бясчынствуючых збеглых, якія спрабуюць нам падкінуць у краіну чарговы мяцеж.
Я не раз адзначаў, што толькі сапраўдныя мужчыны, выключна смелыя і адважныя, выбіраюць у наш неспакойны час прафесію Радзіму абараняць. Вы ўвасабляеце пераемнасць патрыятызму і духоўнай сілы беларускага народа.
Але і сёння, жывучы пад бязвоблачным небам, на жаль, мы не можам сябе адчуваць у поўнай бяспецы. Як я сказаў, сілы вызваліліся, іх трэба нечым заняць. Але заняць далей ад сваіх граніц і вырашыць свае пытанні - як унутраныя, так і знешнія. І справа тут не ў Расіі, не ў Беларусі і нават не ва Украіне. Справа ў іх. Гэта яны штурхаюць нашу брацкую краіну да процістаяння. Гэта яны хочуць навязаць тут нам вайнушку, каб назаўсёды гэты славянскі цэнтр адлучыць ад процістаяння з імі, а потым разабрацца сам-насам з Кітаем. Гэта галоўная іх задума, і гэта не толькі мой пункт гледжання, як вы разумееце.
Усе гэтыя войны - гэта пытанне вечнага канфлікту цывілізацый, ідэалогій, культур, у якім усходнеславянскія народы ніколі не былі агрэсарамі (і запомніце: і мы агрэсарамі не будзем). А абараняючы сябе, ратавалі і іншыя краіны, чые лідары сёння сарамліва гэта замоўчваюць.
Але не гэта важна. Галоўнае, каб рэваншысты на Захадзе помнілі, што братэрства і непераможнасць савецкага народа не адышло ў гісторыю з развалам вялікай краіны. Любыя спробы запалохвання і навязвання нам чужой волі будуць асуджаны на правал.
Я гэта гавару тым, хто сёння спраўна служыць заакіянскім гаспадарам, куратарам, нарошчваючы замежную ваенную прысутнасць па перыметры беларускіх граніц. Перш за ўсё - заходнім суседзям.
Польскія і балтыйскія палітычныя эліты ўзялі курс на беспрэцэдэнтную мілітарызацыю дзяржавы і павелічэнне ваенных рэсурсаў. Звярніце ўвагу: гэта мілітарызацыя пачалася яшчэ пры Дональдзе Трампе, былым Прэзідэнце Злучаных Штатаў Амерыкі. Прыйшоў, здавалася б, яго антыпод, галоўны вораг у ЗША. І што змянілася? Нічога. Як нарошчваліся ўзброеныя сілы, як патрабавалі ад Еўропы 2% ад ВУП на ўзбраенне, так і робяць.
Дадалі толькі адзін складнік: сталі актыўна перакідваць год таму сюды свае ўзброеныя сілы. Трэці раз скажу: вызваліліся ў Афганістане - трэба іх нечым заняць. Бо тыя людзі, якія пакідаюць Афганістан, нічога не ўмеюць рабіць, акрамя як ваяваць. І яны не патрэбны ў сябе, яны патрэбны недзе ў іншым месцы для вырашэння глабальных задач.
Бесцырымоннае ўмяшанне ў нашы ўнутраныя справы, ваяўнічая рыторыка і санкцыйныя дэмаршы, пагранічныя правакацыі сталі нормай іх агрэсіўнай палітыкі.
Вы ведаеце, у нашым народзе ўсё больш і больш існуе пытанне: а ці будзе вайна? Часткова я на гэта пытанне, у прыватнасці, адказваў. Проста дадам: яна ўжо даўно ідзе супраць нас. Гібрыдная вайна. Гэта сучасная вайна: помніце, бліцкрыг, націск праз сродкі масавай інфармацыі, а затым эканамічная і фінансавая вайна, якая вядзецца праз санкцыі. Празмерныя санкцыі - гэта ўдушэнне любой дзяржавы і народа - могуць паставіць любыя дзяржавы на грань гарачай вайны.
Таму гэта вайна ідзе, проста сучасны, сённяшні перыяд настолькі складаны і супярэчлівы, што дай бог, каб ён нас засцярог ад памылак, каб мы ні ў якім разе не дапусцілі няправільных рашэнняў і няправільных крокаў. Паміж здрадніцтвам сваіх сяброў, сваіх саюзнікаў і процідзеяннем гэтай агрэсіі не бездань - зусім малая адлегласць. І мы, беларусы, павінны зрабіць так, каб не ўкляпацца і ні ў якім разе не дапусціць здрадніцтва, якое застанецца плямай на ўсім беларускім народзе.
Вы маеце права ў мяне як у Прэзідэнта спытаць: а нам, беларусам, як быць у гэтай сітуацыі? Я не раіць вам стану. Я проста вас папрашу: калі ласка, займайцеся кожны сваёй справай. Хадзіце на працу, адпачывайце, гадуйце дзяцей - і чым больш, тым лепш. Настаў час сапраўдных мужыкоў, нас. І не дай бог, вядома, але калі давядзецца, мы павінны прадэманстраваць свайму народу, што вы не дарэмна нас кармілі некалькі дзесяцігоддзяў. Што тут новага? Нічога.
Але запомніце: улада і я, як Прэзідэнт, буду рабіць усё для таго, каб Беларусь была мірным астраўком на гэтай звар'яцелай планеце. Вы можаце спытаць, у чым жа прычына? Ды не ў процістаянні Расіі і Украіны (я ўжо вам сказаў, у чым справа). У чым жа мы вінаваты, што нам заўсёды даставалася ад гэтых войнаў? Адказ просты: уся справа ў тым, што Гасподзь ці то пакрыўдзіў нас, ці то падарунак нам паднёс, пасяліўшы нас тут, у цэнтры Еўропы, на скрыжаванні ўсіх дарог. На тым скрыжаванні, якое не аб'ехаць і не абысці.
Але ў тым не наша віна. Мы не выбіралі сваю Радзіму, так склалася гістарычна, стагоддзямі. Мы заўсёды сеялі толькі мір, і нам саромецца няма чаго: ні за тое супрацьстаянне Украіны з Расіяй, Данбасам, Данецкам, Луганскам. Вы помніце маю пазіцыю: мы заўсёды прапаноўвалі мір.
І з гэтай высокай трыбуны ў гэты востры перыяд я хачу яшчэ раз звярнуцца (пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі) да ўкраінскага народа і кіраўніцтва, калі яны яшчэ не перайшлі чырвоную лінію: давайце зробім так, каб мы, славяне, заўсёды жылі ў міры і згодзе.
Усё праходзіць: не толькі супрацьстаянні, канфлікты, але і самыя страшныя войны. Усё праходзіць, забываецца. Уся праблема ў тым, наколькі глыбокі шрам будзе ў сэрцах нашых славянскіх народаў пасля нашых канфліктаў. Таму яшчэ раз прапаную: спыніцеся, адмахніцеся ад гэтых заакіянскіх гаспадароў. Ніякага шчасця яны вам не прынясуць. Як толькі вы станеце ім непажаданымі, яны вас выкінуць на сметнік гісторыі. Гэта наш шлях - шлях міралюбнасці і згоды.
Але тыя, хто вострыць штыкі перш за ўсё на захадзе нашай краіны (падкрэсліваю: на захадзе), помніце: мы здраднікамі ніколі не былі і не будзем. І, як вы плануеце, расстраляць рускіх у спіну цераз Беларусь у вас не атрымаецца. Таму яшчэ раз паўтараю: трэба супакоіцца, узяць галаву ў рукі і прыняць правільнае рашэнне ў інтарэсах народаў. Народы, якія загінуць, не дай бог пачнецца вайна, не хочуць гэтай вайны, яны не хочуць загінуць. Яны хочуць жыць, як усе.
Вось наша цвёрдая пазіцыя. Я яе вам адкрыта выкладаю. Але яшчэ раз хачу падкрэсліць: ніякай панікі, ніякага шаленства. Як жылі мы, так і будзем жыць.
На гэтым фоне кааліцыйны Захад разгарнуў маштабную, як я ўжо гаварыў, інфармацыйную кампанію па падрыхтоўцы грамадскай думкі да непазбежнасці вайны ў рэгіёне. Але тыя, хто мараць аб непазбежнасці гарачага канфлікту, няхай ведаюць, што нас яны больш знянацку ніколі не застануць. Пасля апошняга трагічнага ўрока з сярэдзіны мінулага стагоддзя мы бесперапынна ўмацоўвалі свой абаронны патэнцыял. Сёння сучасная беларуская армія мабільная, кампактная і аснашчаная самымі сучаснымі ўзорамі ўзбраення і ваеннай тэхнікі.
Ваеннаслужачыя ўдасканальваюць сваю баявую вывучку, асвойваючы новыя метады і спосабы адбіцця пагроз, у тым ліку і ва ўзаемадзеянні з іншымі сілавымі ведамствамі.
Мы паслядоўна выбудоўваем сістэму тэрытарыяльнай абароны, якая гарантуе ўсенародны характар абароны нашай Айчыны. У Беларусі актыўна развіваецца абаронны сектар эканомікі, што аб'ядноўвае самыя высокатэхналагічныя вытворчасці, уключаючы ракетную.
Мы ствараем сучасныя сродкі сувязі і аўтаматызацыі, беспілотную авіяцыю, стралковую зброю і боепрыпасы, іншую прадукцыю беларускага ВПК.
Акрамя таго, на працягу бліжэйшых некалькіх гадоў плануем закупіць і паставіць у войскі шырокі пералік самых сучасных узбраенняў, сярод якіх самалёты Су-30СМ (іх пастаўка завяршаецца ўжо ў канцы гэтага года, і якія выдатна сябе паказалі на апошніх вучэннях), дзясяткі верталётаў, зенітныя ракетныя комплексы "Тор-М2".
Цяпер прапрацоўваем пытанне аб аснашчэнні беларускіх Узброеных Сіл сучаснымі зенітнымі ракетнымі комплексамі С-400 "Трыумф".
Актыўна развіваецца ўзаемадзеянне з саюзнікамі па АДКБ. Аператыўнае выкарыстанне Калектыўных міратворчых сіл для стабілізацыі абстаноўкі ў Казахстане паказала высокі патэнцыял арганізацыі як ключавога фактару забеспячэння бяспекі на еўразійскай прасторы. І павінен вам сказаць, ёсць адваротны бок гэтага пытання - казахстанскага. Мы іх (размова аб праціўніках за мяжой. - Заўвага) яшчэ раз страпянулі. Яны жудасна спалохаліся нашай калектыўнай абароны АДКБ. Таму яны разумеюць: трэба цяпер вырашаць пытанне, трэба нас цяпер нахіліць, паставіць на месца і загнаць нас у стойла, таму што заўтра будзе позна. Мы ім заўсёды гаварылі і гаворым: "Спазніліся, не атрымаецца!"
І сёння будуць уручаны заслужаныя дзяржаўныя ўзнагароды асобным ваеннаслужачым беларускай міратворчай роты, якая прыняла ўдзел у складзе кантынгента ў Казахстане.
Адзначу, краіны АДКБ і ў далейшым гатовы забяспечваць сваю ваенную бяспеку ўсімі існуючымі ў іх распараджэнні сіламі і сродкамі.
Мы таксама будзем узмацняць далейшае развіццё ваеннага супрацоўніцтва з нашай Расіяй, накіраванае на павышэнне абараназдольнасці нашага саюза.
Толькі за апошнія паўгода ўзброенымі сіламі Беларусі і Расіі праведзены маштабныя сумесныя вучэнні "Захад-2021" і "Саюзная рашучасць - 2022". Яны паказалі высокую зладжанасць армій братэрскіх дзяржаў.
Трэба будзе - правядзём новыя, хто б і як не рэфлексаваў па той бок граніцы на нашы сумесныя з Расіяй манеўры. Гэта наша суверэннае права - вучыцца абараняць сябе на сваёй зямлі ў любы час і ў любой кропцы!
Паважаныя таварышы!
Мы, беларусы, хочам мірна жыць і працаваць. Мы не для таго аднаўлялі сваю краіну з попелу Вялікай Айчыннай, пераадолелі пасляваенную разруху, крызіс 90-х, пабудавалі на сваёй зямлі прыгожую і міралюбівую рэспубліку, каб кінуць гэта ўсё ў пекла вайны, у якой прайграюць усе. Гэта не пра нас.
Беларусь ніколі нікому не пагражала і ніколі не стане крыніцай пагроз для іншых народаў. Але права прытрымлівацца спрадвечных традыцый і выбранага палітычнага курсу непахіснае.
Мы абаранялі яго і будзем абараняць. І не толькі са зброяй у руках. Сёння ў катэгорыю "ваенная бяспека" мы закладваем такія паняцці, як абарона гістарычнай праўды, гістарычнай памяці і выхаванне патрыятызму.
Ведаеце, праз шмат-шмат гадоў, гаворачы аб гістарычнай памяці з Тураўскага і Полацкага княстваў і да нашых дзён, многія думаюць: "Госпадзі, калі гэта было. Можа, і не трэба... У кожнага свае клопаты". Памятайце: як мы пра іх, хто пайшоў ад нас, так і нашы дзеці будуць ставіцца, калі мы будзем з вамі там (на іншым свеце. - Заўвага). Мы абаранялі нашу памяць і мы будзем яе абараняць.
Ва ўмовах рэзкай эскалацыі глабальнай напружанасці беларусы павінны памятаць, што мы з'яўляемся наследнікамі народа-пераможцы.
Мы павінны прыкласці ўсе намаганні для захавання беларускай дзяржаўнасці. Упершыню ў гісторыі мы з вамі пабудавалі суверэнную і незалежную дзяржаву, і наш абавязак перад тымі, хто плаціў жыццём за гэта найвышэйшае дасягненне нашай гераічнай гісторыі, - захаваць гэту дзяржаву! Ну не для нас жа - для дзяцей. Для тых маладых, хто знаходзіцца ў гэтай зале. Гэта ім жыць у гэтай дзяржаве. Ну вельмі не хацелася б, каб нас зноў дзялілі, перакройвалі, ставілі ў стойла і пад нагайку. Ну вельмі не хацелася б, каб нашы дзеці атрымалі такі лёс. Таму ўсё залежыць ад нас.
Заўсёды ў гісторыі любой дзяржавы бываюць вострыя перыяды, калі народ павінен даказаць права быць суверэнным і незалежным. Магчыма, такі перыяд і такі час пражываем і мы. Ну куды ад гэтага дзецца, што час выбраў нас?
Дарагія сябры, паважаныя госці!
Дазвольце мне яшчэ раз павіншаваць вас з Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Беларусі.
Можа, сваім выступленнем я ўнёс у гэта свята штодзённыя нашы армейскія будні. Ад гэтага таксама нікуды не дзецца. Вы, людзі ў пагонах, вашы другія палавінкі і вашы дзеткі, якія тут прысутнічаюць і нас пачуюць, нічога новага і незвычайнага ў гэтым не знаходзяць. Таму што мы заўсёды ведалі, што мы байцы і абаронцы нашай Радзімы!
Няхай сімвалізм гэтага нацыянальнага свята дае нам веру ў сябе, натхняе на новыя здзяйсненні ў імя роднай краіны.
Жадаю вам, вашым родным і блізкім моцнага здароўя, поспехаў у працы і на службе на карысць Радзімы! Міру і любві вам, дарагія сябры! Дзякую вам!
У час урачыстага сходу ў Палацы Рэспублікі Аляксандр Лукашэнка ўручыў ваеннаслужачым дзяржаўныя ўзнагароды.
За ўзорнае выкананне службовых абавязкаў, асабістую мужнасць, адвагу і самаадданасць, праяўленыя пры выкананні спецыяльных задач у Казахстане ў складзе Калектыўных міратворчых сіл АДКБ, ордэнам "За воінскую доблесць" узнагароджаны Дзмітрый Бяляўскі. Заслугі Сяргея Андрэева, Ігара Гіля, Сяргея Красоўскага адзначаны ордэнам "За службу Радзіме".
Яўген Барадаўкін, Віктар Касянкоў і Валерый Макарэвіч атрымалі з рук кіраўніка дзяржавы медаль "За баявыя заслугі".
"Расстаючыся сёння з вамі, хачу яшчэ раз нагадаць і папрасіць вас: жывіце тым жыццём, якім жылі да сённяшняга дня. Работа, адпачынак, вяселлі, дзеці, вучоба - усё гэта прадаўжаецца. І каб так заўсёды было і прадаўжалася, мы, мужыкі, на тое і існуем. Шчасця вам!" - сказаў на заканчэнне Аляксандр Лукашэнка.