Рабочая паездка ў Брэсцкую вобласць
- 12
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 студзеня наведаў з рабочай паездкай Брэсцкую вобласць.
Кіраўнік дзяржавы ў Лунінецкім раёне наведаў ваенныя аб'екты, дзе яму далажылі аб арганізацыі і выкананні задач баявога дзяжурства па проціпаветранай абароне. Тут жа прайшла нарада па ўмацаванні ваеннай бяспекі Беларусі.
"Сёння мы сабраліся тут, у ціхім, спакойным кутку нашай Беларусі, каб абмеркаваць пытанні бяспекі нашай дзяржавы. Яшчэ 10 гадоў таму ніхто і не меркаваў, што такі момант, як сёння, надыдзе і нам давядзецца ствараць воінскія часці і цэлае аб'яднанне для абароны нашых паўднёвых граніц. З болем у сэрцы мы назіраем усё тое, што робіцца ва Украіне. Як цяперашняе палітычнае кіраўніцтва, знаходзячыся пад знешнім кіраваннем, паводзіць часам сябе непрадказальна і неадэкватна. Таму на гэты выпадак - непрадказальнасці, неадэкватнасці, - і на выпадак, не дай бог, ваенных дзеянняў нам трэба вызначацца. Амаль 1500 км паўднёвай граніцы Беларусі і Украіны - гэта немалая працягласць. Чаго б нам ні каштавала, нам трэба не проста бачыць, што будзе адбывацца і адбываецца на гэтай граніцы, яе трэба надзейна абараніць", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што з душы ўкраінскай нацыі вырываюць усё, што толькі можна. Перш за ўсё, памяць славянскіх народаў, адзіныя карані, мову, культурны і этнічны код, які звязвае народы. "Усё спрабуюць знішчыць у душы ўкраінцаў", - сказаў ён.
"Мы не ўяўлялі, што праз некалькі дзясяткаў гадоў пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны па цэнтральных вуліцах Кіева, іншых гарадоў будуць маршыраваць малойчыкі з фашысцкай свастыкай. Гэта для нас непрымальна, таму што мы ніколі не забудзем усё тое, што чынілася на нашай тэрыторыі. У рэшце рэшт, мы помнім Хатынь, помнім, што адбылося. І не толькі, што адбылося, а хто рабіў там гэтыя бясчынствы. Гэта таксама адна з прычын, чаму мы вымушаны сёння рэагаваць тут, на поўдні нашай краіны, на тую сітуацыю, якая складваецца", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што ў Беларусі добра бачаць тое, што адбываецца на поўдні і ў цэлым уздоўж граніц краіны. "Мы добра ўяўляем, як на гэта адказаць. Гэта сёння. Нам трэба спрагназаваць сітуацыю на будучыню: што будзе заўтра і паслязаўтра, - заўважыў беларускі лідар. - Таму мудрая прымаўка: хочаш міру - рыхтуйся да вайны. Жорсткая, але такая мужчынская. Мы павінны рабіць усё для таго, каб нас не маглі застаць неспадзеўкі, і каб у патрэбны момант мы маглі адказаць. Абсалютна перакананы, што вы, людзі ў пагонах, ведаеце, што трэба рабіць, каб абараніць нашу зямлю".
Прэзідэнт таксама адзначыў, што месца сустрэчы вызначана не выпадкова. У канцы лістапада мінулага года Міністр абароны ўжо дакладваў Кіраўніку дзяржавы, што неабходна для абароны паўднёвых рубяжоў. "Тады мы дамовіліся аб тым, што сустрэнемся ў які-небудзь дзень тут у Лунінцы, гэтым, з пункту гледжання ваенных, вельмі добрым і зручным месцы, каб абмеркаваць усе прапановы, якія былі тады выкладзены. Тады я папрасіў дапрацаваць тыя прапановы", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён запатрабаваў далажыць па выніках дапрацоўкі аб тым, што неабходна рабіць не толькі ў Лунінцы, але і ў Беларусі ў цэлым па сістэме ППА, і галоўнае - на паўднёвых рубяжах.
Кіраўнік дзяржавы паразмаўляў з журналістамі пасля наведвання ваенных аб'ектаў у Лунінецкім раёне.
"Мы выбудоўваем сваю бяспеку зыходзячы з таго, каб абараняць нашы рубяжы, каб абараніцца. Хто бы мог уявіць, што нам давядзецца ў гэтыя дні выбудоўваць абарону ад родных нам людзей? Выбудоўваць не проста агароджу, але самую дарагую сістэму бяспекі на паўднёвых рубяжах", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што хоча не толькі як Прэзідэнт, але і старшыня Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы падкрэсліць: Беларусь і Расія не хочуць вайны. "Я думаю, мяне зразумее і кіраўніцтва Расіі. Тое, што я скажу, будзе, напэўна, сугучна і іх пазіцыі. Мы не хочам вайны. Не толькі таму, што гэта цяжка і дрэнна, гэта не проста дыскамфорт - гэта жахліва для чалавека, для людзей і не толькі для ваеннаслужачых. Не дай бог вайна, гэта закране ўсіх. Таму мы не хочам ваяваць. Не хочам яшчэ і таму, што мы памятаем, якая была вайна ў нас, якая скончылася сем дзясяткаў гадоў таму", - адзначыў беларускі лідар.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што калі супраць Саюзнай дзяржавы пачнуць разгортваць арміі, ставіць на грань выжывання рознымі санкцыямі, запалохваць і пагражаць, то Беларусь і Расія тады "ламануць так, што мала не падасца".
"Таму з намі не трэба звязвацца. Нас немагчыма перамагчы. І па духу мы людзі такія, што немагчыма перамагчы, і па тэрыторыі: ад Брэста да Уладзівастока - ужо многія спрабавалі, мы памятаем. Чым скончылася - зразумела. Таму не трэба нас тузаць. Мы нікому ў агарод не лезем, у нас дастаткова зямлі. Дай бог яе ўтрымаць і асвоіць. Вось нашы мэты. Але яшчэ раз паўтараю, калі нехта не зразумеў: мала не падасца. Я не пагражаю, я проста папярэджваю: барані вас гасподзь!" - падагульніў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка ў час размовы з журналістамі пракаменціраваў справаздачу ІКАО аб расследаванні інцыдэнту, звязанага з экстраннай пасадкай самалёта авіякампаніі Ryanair у Мінску. Ён адзначыў: у ІКАО прызналі, што перахопу, прымушэння да пасадкі або змянення маршруту самалёта Ryanair з боку Беларусі не было. Пры гэтым Прэзідэнт назваў супрацоўнікаў ІКАО, якія займаліся расследаваннем інцыдэнту, гераічнымі людзьмі: "Іх трэба станоўча ацаніць. Пры тым націску (гэта аанаўская арганізацыя, вы ведаеце, што мы там не проста ў меншасці, мы там адны) і тым не менш яны былі вымушаны прызнаць, што Лукашэнка па самалёце агонь не адкрываў, не абстрэльваў яго, што МіГ ён не падымаў для таго, каб прымусіць да пасадкі гэты самалёт. Слухайце, гэта героі, што яны хоць гэта сказалі".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, для Беларусі ўжо важны сам гэты факт, нечага большага ад расследавання пакуль не чакаюць. "Калі яны гатовы іншае даказаць, факты на стол. Фактаў няма, мы таксама гэта бачым: цяпер гэта разаслана ўсім краінам - членам ІКАО. Вы ведаеце, хто там вяршэнствуе. Лепшае для іх - гэта спусціць усё на тармазах, не лезці ў нетры. Таму што чым далей у лес, тым больш дроў. Таму не трэба лезці ў нетры там: іх нічога добрага не чакае", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт упэўнены, што ўвесь свет ужо зразумеў, хто мае рацыю ў названай сітуацыі. "Цяпер мы ацэньваем са спецыялістамі, будзем звяртацца ў судовыя органы. У нас для гэтага ўсё ёсць. Няхай плацяць за той урон, які яны нанеслі краіне. Не толькі "Белавія", краіне ў цэлым", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Размаўляючы з журналістамі, Прэзідэнт заявіў, што не прызнае ніякіх транзітаў улады, акрамя працэдуры выбараў.
"Па розных напрамках пачынаюць гэта ўсё не абмяркоўваць - "абсмоктваць": транзіт улады, не транзіт і іншае... Тысяча першы раз гавару: я не прызнаю ніякіх транзітаў улады, акрамя аднаго - выбары, і народ вызначыцца, хто будзе першай, другой, пятай асобай у беларускай дзяржаве. Я вам клянуся, як сваім людзям. Будзе толькі так. І ніхто ні над кім стаяць не будзе. Я не буду ўтрымліваць уладу сілай, калі я буду бачыць па выніках выбараў, што народ хоча іншага Прэзідэнта. Будзе іншы Прэзідэнт, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Мне гэта навошта? Вы цяпер перажывайце, будзе Лукашэнка або нехта іншы, якога вы не ведаеце. Я маю на ўвазе народ. Мне навошта перажываць наконт гэтага?"
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што адказна падыходзіць да выканання сваіх прэзідэнцкіх паўнамоцтваў: "Даверылі - вы бачыце, я працую. Надакучыла мне гэта, не надакучыла і іншае... Ніхто мяне не папракне, што я не выконваю сваіх службовых абавязкаў. Я чалавек вясковы. Мы так былі выхаваны".
Калі гаварыць пра палітычную будучыню, Аляксандр Лукашэнка наступным чынам апісаў перспектывы: "Рэферэндум пройдзе, народ Канстытуцыю падтрымае (калі падтрымае). Роўна па гэтай Канстытуцыі на працягу, я думаю, двух гадоў мы ўсё адбудуем. Будзе ціха, спакойна, ніхто не будзе пераварочваць аўтамабілі, марадзёрствам займацца, спальваць, крыўдзіць вашых дзетак. Будзе ўсё ціха, спакойна - і транзіт, і ўсё астатняе будзе".
"Упэўнены, што тое, што мы прапаноўваем, што я прапанаваў народу - праект, - гэта Канстытуцыя будучага. Самае галоўнае - мы павінны за гэтыя два-тры гады навучыцца жыць згодна з законам. Ні ўлева, ні ўправа. Тады не будзе і двоеўладдзя", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў такім выпадку ўсе органы і галіны ўлады будуць займацца сваёй справай, уключаючы Прэзідэнта, Усебеларускі народны сход, Урад, парламент.
"Але ўсе непакояцца зыходзячы з сітуацыі цяперашняй: а вось бы чаго-небудзь не здарылася, вось бы не адбылося нейкіх сутыкненняў наверсе (таму што гэта імгненна ў грамадства пяройдзе). А вось для гэтага трэба навучыцца жыць згодна з законам. Кожны павінен займацца сваёй справай і не заходзіць на чужую паляну. Я ўпэўнены, што нам гэта ўдасца, - заявіў Прэзідэнт. - І мы зробім вялікі крок насустрач сапраўднай дэмакратыі, дзе народ вызначыцца на рэферэндуме, як жыць, а мы, слугі народа, будзем выконваць волю народа. У гэтым сутнасць дэмакратыі. Таму я перспектывы гэтага дакумента - Асноўнага Закона - ацэньваю станоўча. Толькі трэба яго ўкараніць не толькі ў розумы, але і наша штодзённае жыццё праз законы, падзаконныя акты. Гэта мы зробім".
Кіраўнік дзяржавы таксама прызнаўся, што, вядома, перажывае, як усё будзе рэалізавана на практыцы. "Зноў жа, адказнасць на мне будзе. Таму я баюся і спрабую пазбегнуць розных выпадковасцей, калі можна так сказаць. Хоць у глабальнай палітыцы выпадковасцей не бывае, але ўсялякае можа быць: не тым шляхам пойдзем, не тыя людзі прыйдуць да ўлады. Я, вядома, за гэта перажываю".
"Рэферэндум і падобныя мерапрыемствы могуць не адбыцца толькі ў адным выпадку: калі, не дай бог, вайна пачнецца. Я пра гэта гаварыў. Я думаю, не пачнецца. Таму рэферэндум мы правядзём", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Адказваючы на пытанні журналістаў, Аляксандр Лукашэнка расказаў, хто стаяў за мяцяжом у Казахстане: "З беларускага вопыту яны зрабілі высновы. Вы ж нават не заўважылі, хто стаяў за гэтымі бандфарміраваннямі і за гэтым мяцяжом у Алматы. А ў нас гэта было відаць: Літва, Польшча, а потым Украіна. А фінансавалі і накіроўвалі амерыканцы. Мы гэта бачылі - спецслужбы. А там працавалі спецслужбы пэўных краін. І да гэтага часу гэтага не відаць. Зразумела, свая спецыфіка ў Казахстане. Але і яны свяціцца не хочуць. Але без спецслужбаў такія акцыі імгненна, на працягу сутак, скаардынаваныя не праводзяцца. Почырк мы бачым. І спецслужбы нашы і расійскія, ды і казахі, яны бачаць гэты почырк. Прыйдзе час, захочуць - скажуць".
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў розніцу ў падыходах да падзей у Казахстане і Беларусі: "Нас не трэба на адну дошку ставіць з Казахстанам. Вы ўжо бачылі адносіны да тых падзей, хоць там некалькі соцень загінула людзей, і да нашых. Мы нікому не аддалі свае "блакітныя фішкі", свае прадпрыемствы. Калі б яны былі ў руках амерыканцаў, еўрапейцаў, нас бы не мачылі так, як было ў жніўні 2020 года. А мы гэта трымаем у сваіх руках - уладу, грошы, хоць невялікія, уласнасць - у руках беларусаў. Гэта ім (на Захадзе. - Заўвага) не падабаецца".
"Месяц таму мне адкрыта аб гэтым сказалі: трэба іх сюды ўцягнуць. Я кажу: я нікому нічога аддаваць не буду. Таму што гэта не маё", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Гаворачы аб ацэнках падзей у Казахстане і Беларусі, Аляксандр Лукашэнка падагульніў: "Што там, што тут - вялікая розніца. У іх - "гэта - іншае". І сітуацыя зусім іншая. У нас гэтага няма і ніколі не будзе".
Прэзідэнт чарговы раз нагадаў свой тэзіс, што ў людзей заўсёды высокае запатрабаванне на справядлівасць. "І калі людзі бачаць, пражыўшы дзясяткі гадоў у новай рэальнасці пасля распаду Савецкага Саюза, што гэтай справядлівасці няма наогул… Усё становіцца горш і горш. Адны багацеюць, другія бяднеюць", - адзначыў ён.
Кіраўнік дзяржавы прывёў прыклад з пандэміяй, за час якой багатыя ў свеце сталі яшчэ багацейшымі. "Гэта значыць, большасць людзей збяднела. Гэта першапрычына ўсяго. А потым да ўсяго марадзёры, бандыты, хуліганнё рознае дабавяцца. І спецслужбы гэта ўсё і прафінансуюць, і пакажуць, куды ісці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У час размовы з журналістамі Прэзідэнт расказаў, як другі раз перахварэў на COVID-19.
Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што пры з'яўленні першых сімптомаў хваробы тэст на наяўнасць каранавіруса не здаваў. Малодшы сын Мікалай прапанаваў яму зрабіць экспрэс-тэст - ён паказаў адмоўны вынік. Аднак на наступны дзень самаадчуванне пагоршылася.
"Думаю, трэба мазок здаць - на 32-33 цыкле. Гэта ўжо, лічы, перахварэў і заразы няма, гэта значыць, заразіць ты ўжо не можаш. Фактычна на нагах перанёс. Не вельмі добра сябе адчуваў, але на лыжах бегаў, дровы сек, усё рабіў, як раней. Адзінае, не гулялі ў хакей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, на гэты раз захворванне ён перанёс намнога лягчэй, чым мінулы раз: "Гэта неба і зямля. Мне было не вельмі добра, але я не мог не прыехаць на аэрадром, не сустрэць сваіх "дзяцей" - 250 чалавек, якіх я паслаў у невядомае (міратворчы кантынгент, які вярнуўся з Казахстана. - Заўвага). Я не мог не ўручыць прэміі "За духоўнае адраджэнне", хоць ужо былі варыянты, што я выступлю, пайду, а хтосьці іншы будзе ўручаць. Я падумаў: пакрыўдзяцца людзі, няма куды дзявацца. Нараджэнне Хрыстова - я храмы і тады не закрываў (у пачатку пандэміі. - Заўвага) і быў у храме, а цяпер як не прыйсці? Прыём на стары Новы год - я заўсёды прымаў журналістаў, артыстаў, нашых культурных дзеячаў, чыноўнікаў. Як іх не ўважыць, не ўзнагародзіць? Быў шэраг мерапрыемстваў, якія без Прэзідэнта быць не маглі".
А вось заразіцца, выказаў меркаванне Аляксандр Лукашэнка, ён мог на хакейнай трэніроўцы: у студзені беларускія хакеісты вярнуліся са спаборніцтваў у ААЭ і хутка ў іх выявілі каранавірус.
"Цяпер я адчуваю сябе нармальна, голас крыху хрыпіць. Учора ўжо трэніраваліся", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт дадаў, што назірае, як у свеце развіваецца сітуацыя з каранавірусам і што гавораць аб гэтым розныя эксперты: "Адзін ці то амерыканскі, ці то заходні спецыяліст заявіў: "Калі амікрон такі лёгкі вірус, давайце перахварэем усе і гэта будзе вакцына для нас". З майго пункту гледжання, ідэальная прапанова".
У цэлым жа Аляксандр Лукашэнка прытрымліваецца старых прынцыпаў і раіць грамадзянам моцна не перажываць, калі ў іх выявілі каранавірус. "Параю не перажываць. Я ўжо даўно вам гаварыў, з самага першага разу: наша хвароба тут, у галаве. Як толькі вы пачынаеце войкаць, ахаць і бегаць чорт ведае куды - гэта бяда. Маладым людзям і перажываць няма чаго, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Я хачу ўсім гэтым жулікам міжнародным сказаць: хопіць ужо. Ужо нам вывернулі гэтыя кішэні настолькі, што там нічога не засталося. Ужо раздзелі ўсіх. Трэба ўжо заканчваць гэту пандэмію. Хопіць ужо, паздзекаваліся з людзей".