Навагодні баль для моладзі ў Палацы Незалежнасці
- 36
- 15:08
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 снежня прыняў удзел у Навагоднім балі для моладзі ў Палацы Незалежнасці.
У гэтым годзе ўдзельнікамі традыцыйнага навагодняга балю ў Палацы Незалежнасці сталі 320 юнакоў і дзяўчат з розных рэгіёнаў Беларусі. Гэта адораныя і таленавітыя навучэнцы ВНУ, ССНУ, вучылішчаў, выхаванцы кадэцкіх вучылішчаў і Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, якія праявілі сябе ў вучобе, навуковых і творчых конкурсах, маладзёжных праектах, грамадскім і спартыўным жыцці.
У Зале ўрачыстых цырымоній прысутнічалі Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч, Намеснік Прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка, Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі, міністры культуры і адукацыі Анатоль Маркевіч і Андрэй Іванец, старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў.
Адкрыў класічную праграму балю паланэз дэбютантаў. Пад бадзёрыя рытмы пары танцуючых ішлі, змяняючы адзін аднаго, у цудоўных інтэр'ерах Палаца Незалежнасці.
Аляксандр Лукашэнка цёпла вітаў усіх прысутных. "Як заўсёды надзвычай прыгожа мы адкрываем Навагодні баль, ужо традыцыйны ў гісторыі сучаснай Беларусі. Бачым, як змяняецца ў гэты зімовы пераднавагодні вечар Палац Незалежнасці", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён падзякаваў усім удзельнікам мерапрыемства за дзівосную атмасферу, створаную імі, атмасферу свята высокага мастацтва і культурных традыцый, якія звязваюць эпохі і пакаленні. "Вельмі сімвалічна, што мы завяршаем 2022-і год - Год гістарычнай памяці - на такой яркай і, спадзяюся, пазітыўнай ноце", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Так, у нашай гісторыі было шмат пераломных падзей - і драматычных, і лёсавызначальных. У адыходзячым годзе да іх была прыкавана ўся ўвага экспертаў, журналістаў, палітыкаў, усіх людзей Беларусі. Абмяркоўвалі, спрачаліся, аднаўлялі гістарычную справядлівасць. Але сённяшні вечар мы прысвячаем нашай культурнай спадчыне, створанай нашымі продкамі, нягледзячы на войны, нягоды і іншыя выпрабаванні. Іх было нямала", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Гэты баль, заявіў Прэзідэнт, прысвечаны стваральнай прыгажосці, якая ў цяжкія часы давала надзею на будучыню. "Мы бачым яе ў архітэктурных, літаратурных творах, жывапісных і музычных шэдэўрах, у той жа бальнай традыцыі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - За гады нашай незалежнасці, а інакш кажучы, за той час, пакуль вы раслі і сталелі, шмат зроблена, каб захаваць помнікі нашага старадаўняга і сучаснага мастацтва, памяць нашых землякоў, якія заслужылі сусветнае прызнанне працай і талентам".
"Нам сапраўды ёсць чым і кім ганарыцца. Вы дастойна прадаўжаеце нашу надзвычайна багатую і яркую гісторыю. Прадаўжаеце поспехамі ў вучобе, творчасці, у спорце. Многія знаходзяць час для валанцёрскай дзейнасці. Па закліку сэрца, абсалютна бескарысліва вы дапамагаеце дзецям, якія засталіся без бацькоў, адзінокім пажылым людзям, інвалідам. А нехта клапоціцца аб братах нашых меншых. Усё гэта сведчыць аб тым, што лепшыя традыцыі нашых самых старажытных продкаў, якія ніколі не пакідалі ў бядзе сваіх блізкіх, жывуць у кожным новым пакаленні", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Дарагія сябры! Сёння Палац Незалежнасці належыць вам. Не раз гаварыў і паўтару, што ён адкрыты для ўсіх, хто імкнецца сумленна служыць сваёй Айчыне і свайму народу", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да ўдзельнікаў балю.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што тут ствараецца гісторыя сучаснай Беларусі, прымаюцца стратэгічна важныя рашэнні. "У абмеркаванні іх удзельнічаюць людзі, якія не баяцца браць на сябе адказнасць за лёс краіны. І наша сённяшняе свята - гэта таксама старонка гісторыі. Але гісторыі нашай Радзімы", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў зале прысутнічаюць курсанты - будучыя афіцэры, якія ўжо могуць і самі расказаць пра абавязак Айчыне, пра патрыятызм. "Гэта ў іх у крыві, калі выбралі такую высакародную прафесію - Радзіму абараняць. І час сёння патрабуе ад кожнага з нас думаць не толькі аб сабе, але і аб краіне, як пафасна часам гэта ні гучала б. Незалежна ад таго, носім мы пагоны або не, працуем у дзяржустанове або пішам карціны", - дадаў беларускі лідар.
"Напярэдадні Новага года я хачу вам пажадаць захаваць усё лепшае, што ёсць у нашым жыцці. Будзьце разважлівымі, вывучайце розныя погляды на жыццё, розныя меркаванні, але рабіце самі свае высновы. Рухайцеся да намечаных мэт імкліва, але не забывайце часам азірнуцца назад. У шматвяковай гісторыі беларускай зямлі вы заўсёды знойдзеце мудрыя парады, якія дапамогуць прыняць правільныя рашэнні ў вашым лёсе, у лёсе Беларусі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, сёння таксама пішацца гісторыя роднай краіны і баль - адна з яе старонак. "Але гэта і старонка ў вашым жыцці. Скажу проста: пройдзе зусім няшмат часу - нехта ў гэтым, наступным годзе, праз тры-пяць гадоў, праходзячы міма гэтага велічнага будынка і ведучы побач за руку малышку або малыша, азірнецца на гэты будынак і скажа: "А я тут была - шчаслівай, прыгожай, накіраванай у будучыню". І прыйшоўшы дадому, пакажа фатаграфію з гэтага велічнага свята", - сказаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, такім чынам пішацца асабістая гісторыя кожнага, цесна ўплеценая ў агульную гісторыю дзяржавы. "Я хачу, каб сённяшняе мерапрыемства было яркай старонкай у гісторыі вашага жыцця. Будзьце заўсёды здаровыя і шчаслівыя. Няхай будуць вашы родныя, блізкія таксама здаровыя і вочы ў іх няхай свецяцца радасцю, гледзячы на вас", - пажадаў беларускі лідар.
Прытрымліваючыся бальных традыцый, прадоўжыў праграму адзін з самых папулярных танцаў, які называюць яшчэ каралём танцаў і танцам каралёў, - вальс. Потым госці і ўдзельнікі свята накіраваліся ў падарожжа па бальных традыцыях розных эпох: старадаўні танец бранль быў выкананы заслужаным калектывам з Гродна "Белыя росы", ансамблем "Харошкі" паказана тэатралізаваная мініяцюра гістарычнай рэканструкцыі балю XVI стагоддзя. Беларускія калектывы і артысты аднаўлялі атмасферу баляў эпохі Адраджэння, барока, Асветніцтва. На танцавальнай пляцоўцы змянялі адзін аднаго менуэт, кадрыля, бас-данс, полька, галоп і катыльён у выкананні ўдзельнікаў балю.
Паводле бальных канонаў, выпрацаваных за стагоддзі, класічную частку завяршыла аб'яднальная "Паўночная кадрыля", якую выканалі ўсе ўдзельнікі ўрачыстасці.
Пасля ўсіх чакала адвольная частка балю з сучасным рок-н-ролам, джазам і іншымі танцамі.