Інтэрв'ю журналісту УДТРК Уладзіміру Салаўёву
- 10
- 1:23:41
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 лютага даў інтэрв'ю журналісту УДТРК, радыё- і тэлевядучаму Уладзіміру Салаўёву.
Інтэрв'ю доўжылася 1 гадзіну 50 хвілін, і яшчэ паўгадзіны Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Салаўёў размаўлялі "на нагах" без камер. Кіраўнік дзяржавы традыцыйна шчыра і падрабязна адказаў на ўсе пытанні.
У інтэрв'ю ўзнімалася шырокае кола тэм, у тым ліку гаварылі аб развіцці сітуацыі ў рэгіёне, розных аспектах беларуска-расійскіх адносін. Шмат увагі было ўдзелена і падзеям лета 2020 года ў Беларусі. "Для мяне быў крытычны момант, такі прынцыповы, у тым ліку змянення майго стаўлення да Вас асабіста, - калі Вы з аўтаматам прыляцелі. Я зразумеў, што дакладна не Януковіч", - сказаў Уладзімір Салаўёў.
"Януковіч і я - вялікая розніца. У яго грошай было шмат. Разумееце, грошы ўплываюць заўсёды. Ціснуць у кішэні і трэба выратаваць грошы", - заўважыў на гэта Аляксандр Лукашэнка.
"Ну якія для вас грошы? Думаю, калі Вы выйшлі з аўтаматам, стала зразумела, што Вы гатовы памерці, але не пайсці, не ўцячы, не здацца", - адзначыў Уладзімір Салаўёў.
Прэзідэнт Беларусі падзяліўся падрабязнасцямі таго памятнага дня: "Першае. Яны (арганізатары масавых беспарадкаў. - Заўвага) узнялі гэты фэйк, што вось, як Януковіч, ён збег, ён ужо ў Растове, дзеці паляцелі. Я - аўтамат у рукі, бронекамізэльку надзеў, нават шлем забыў надзець. Я ж не ведаў, што гэта адбудзецца. Ніхто не дрыжаў. Я ведаў, як дзейнічаюць нашы хлопцы (праваахоўнікі. - Заўвага). Яны выконвалі ўсё, што я ім казаў. Але я ім павінен паказаць, што я нікуды не збег, я тут. І дзеці мае таксама. Я сеў у верталёт і літаральна праз некалькі хвілін прызямліўся там. Аўтамат быў са мной".
Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што рэзідэнцыя Прэзідэнта, а таксама месца, дзе ён жыве, заўсёды ў такія перыяды з'яўляюцца жаданымі для "любога падонка". "Яны і планавалі нападзенне на рэзідэнцыю. Я зыходзіў з таго, што магчыма. Калі яны пайшлі ўжо на штурм Палаца Незалежнасці - гэта вялікая рызыка, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - І яны ведалі, што гэта - мяжа".
Прэзідэнт таксама расказаў, што ў той перыяд неаднаразова выяўляліся спробы завезці ў Беларусь зброю і боепрыпасы з тэрыторыі Украіны: "Проста вялізнымі партыямі затрымлівалі перакінутую з Украіны. Адзін быў выпадак з Расіі. Але зброя, узрыўчатка - паходжанне ўкраінскае".
У час інтэрв'ю Аляксандр Лукашэнка расказаў, што на пасадзе Кіраўніка дзяржавы ў першую чаргу адчувае сябе чалавекам, які разам з пакаленнем грамадзян ствараў першую ў гісторыі суверэнную беларускую дзяржаву.
"Вы як сябе адчуваеце? Вы - Прэзідэнт Беларусі; Вы - бацька беларускага народа; Вы - стваральнік сучаснай беларускай дзяржавы; Вы - дыктатар, ад волі якога залежыць жыццё кожнага беларуса? Вось Вы ўнутрана сябе як бачыце?" - спытаў Уладзімір Салаўёў.
"Чалавекам. Я не стаў, не набыў тых якасцей, на шчасце. Я не лічу сябе Ства-раль-ні-кам", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўдзельнічаў у стварэнні сучаснай беларускай дзяржавы не аднаасобна, а разам з іншымі калегамі, пакаленнем грамадзян краіны. "Я разам са сваімі калегамі, якія са мной працавалі ў розныя часы, стварыў гэту суверэнную незалежную дзяржаву ўпершыню ў гісторыі Беларусі. "Я так лічу. Гэта - галоўнае, што маё пакаленне, не толькі я, зрабілі", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
"Гэта Ваша дзецішча..." - падтрымаў гутарку Уладзімір Салаўёў.
"Гэта маё роднае. У мяне, акрамя гэтага, больш нічога няма", - адзначыў беларускі лідар.
Журналіст пацікавіўся ў Кіраўніка дзяржавы рэакцыяй беларускага боку на гэты інцыдэнт: "Вы пасадзілі, прынялі, выцягнулі ўсю інфармацыю з украінскага беспілотніка, які над брэсцкім палігонам спрабаваў там жарты жартаваць, але не адказалі яшчэ жорстка".
"Мы адказваем адэкватна, сіметрычна. Вы хочаце, каб з-за беспілотніка вайну пачалі?" - адрэагаваў Аляксандр Лукашэнка.
"Не", - адказаў Уладзімір Салаўёў.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ўкраінскі беспілотнік заляцеў на тэрыторыю Беларусі, пагранічнікі яго візуальна адразу выявілі і ўзялі на кантроль: "Мне адразу далажылі. Я гавару: што за беспілотнік? - "Разведвальны. Гэта значыць, не ўдарны, не "Байрактар".
У выніку была дадзена каманда назіраць, а потым пасадзіць беспілотнік. "У нас ёсць тэхніка. Чалавек з ружжом яго можа пасадзіць - электроннае ружжо. Прадаём па ўсім свеце. Радыёэлектроншчыкі яго пасадзілі ў патрэбны момант, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - Мы дасталі мазгі, і 24-га я ім сказаў: вы не спяшайцеся гэта выкідваць, разбярыцеся спачатку, адкуль, куды, а спецслужбы - паглядзіце, як будуць паводзіць сябе тыя, хто запускаў. А потым мы праінфармуем грамадскасць. І мы гэты час кантралявалі".
Прэзідэнт пры гэтым адхіліў некаторыя агучаныя меркаванні аб тым, што ў Беларусі спецыяльна чакалі прыезду Міністра абароны Расіі Сяргея Шайгу 3 лютага, каб абнародаваць інфармацыю аб украінскім беспілотніку. "Ды Шайгу ў той жа дзень ведаў, што гэты беспілотнік парушыў нашу тэрытарыяльную прастору, таму што ў нас ППА агульная і, па-другое, там ужо расійскія войскі былі сканцэнтраваны, таму там агульнае камандаванне (для правядзення беларуска-расійскіх вучэнняў "Саюзная рашучасць - 2022". - Заўвага). І ўжо ўсе ўсё ведалі, не падбіралі мы ніякага моманту".
"Мы выцягнулі мазгі, і мы сёння ведаем, адкуль ён вылецеў. Мы яго поўнасцю маршрут бачылі. Вы ж ведаеце, што калі ў цябе ў руках мазгі беспілотніка, ты бачыш яго маршрут і адкуль ён вылецеў. Гэта ўкраінскі беспілотнік, ён быў запушчаны на нашу тэрыторыю для таго, каб разведаць пэўную тэрыторыю, дзе канцэнтруюцца для вучэнняў нашы і вашы войскі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў снежні 2021 года беларускую граніцу перасек ваенны самалёт Украіны. "Той верталёт збіць было не праблема. Ці трэба гэта было рабіць? Я думаю, што не. Цяпер беспілотнік. Давялося яго збіць, груба кажучы. Далей палезуць - будзем дзейнічаць больш жорстка", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
"Цяпер дэбаты ідуць у вас, у нас: "Ах, вайна, вайна! Украіна будзе ваяваць". Не Украіна, а амерыканцы іх штурхаюць на вайну", - адзначыў у час размовы Кіраўнік дзяржавы.
"Што нам рабіць? Як нам у гэтай сітуацыі сябе паводзіць правільна?" - пацікавіўся журналіст.
"Вельмі правільна ўсё зроблена Прэзідэнтам Расіі, я гэта падтрымліваю. Мы нарысавалі чырвоныя лініі. Наступіў на чырвоную лінію - атрымлівай!" - адказаў беларускі лідар.
"Атрымлівай што? Ракетны ўдар па тэрыторыі Украіны?" - удакладніў Уладзімір Салаўёў.
"І не толькі. Усё, што толькі ёсць", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт у інтэрв'ю заявіў, што пайшоў бы з пасады Кіраўніка дзяржавы, калі б не адчуваў падтрымку беларускага народа.
"Калі б я толькі адчуў, што большасць беларускага народа Лукашэнку не падтрымлівае, лёс Лукашэнкі ім жа быў вырашаны на працягу сутак, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Я пайшоў бы".
"Куды?" - удакладніў вядучы.
"На пенсію", - адказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт заявіў, што ў краіне праводзяцца апытанні грамадскага меркавання, і ён патрабуе дакладваць выключна праўдзівую інфармацыю, якой бы яна ні была. Асабліва гэта датычыцца бліжэйшага акружэння. "Ліслівіць забаронена. Гэта асаблівасць Беларусі і беларускага Прэзідэнта, выбачайце за нясціпласць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Вы здольны аддаць уладу?" - спытаў Уладзімір Салаўёў.
"Элементарна! - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Каму? Гэта ўжо няхай народ вызначыць. Усяляк бывае. Я ж зямны чалавек, разумею: народ вырашыў, што хопіць - ну і добра. Значыць, народ зрабіў свой выбар. Цяпер велізарная, пераважная колькасць людзей думаюць: "Госпадзі, як добра, што ён застаўся".
"Убачылі, што магло б быць?" - яшчэ раз удакладніў журналіст.
"Вядома. Асабліва пасля Казахстана", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Уладзімір Салаўёў пацікавіўся ў Аляксандра Лукашэнкі, якой ён бачыць будучыню Саюзнай дзяржавы праз 10-15 гадоў, хто можа стаць яе новым членам на працягу гэтага перыяду.
"Вы ведаеце, Беларусь ужо там. Думаю, што для Казахстана быў добры ўрок (студзеньскія пратэсты. - Заўвага). Калі Вы гаворыце - тэрмін 15 гадоў, упэўнены, што там будзе Украіна, калі мы не наробім памылак, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Туркменістан, Узбекістан і Таджыкістан, я думаю, з-за сваёй неабходнасці эканамічнай таксама далучацца".
"З Літвой цяжкая сітуацыя?" - спытаў інтэрв'юер.
"Цяжкая", - пацвердзіў Прэзідэнт.
"Неяк трэба цяпер думаць, што рабіць, шукаць шляхі і размаўляць з Расіяй, каб цэны засталіся камфортныя, правільныя", - выказаў меркаванне журналіст, маючы на ўвазе перш за ўсё сітуацыю з транспарціроўкай калійных угнаенняў.
"Мы размаўляем. Даўно размаўляем з Расіяй", - адказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Але Літва страціць усё?" - удакладніў Уладзімір Салаўёў.
"Літва можа дачакацца, - заявіў беларускі лідар. - Яны дарэмна гэта распачалі. Ніякая Амерыка і Еўропа ім не дапаможа".
"На 30% бюджэт фарміраваўся за кошт Беларусі. А цяпер што? Яны думаюць, што ім цяпер еўрапейцы або амерыканцы гэта кампенсуюць? Не. Заўтра зменіцца ў Амерыцы Прэзідэнт, улада, і новая ўлада, як гэта звычайна бывае, забудзе, што рабіла старая і абяцала. Вось і ўсё", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым журналіст таксама нагадаў, што Літва выступіла супраць Кітая. Аднак Прэзідэнт звярнуў увагу, што гэта было не самастойнае рашэнне літоўскага кіраўніцтва: "Вы ж ведаеце, хто да гэтага іх падштурхнуў. Ім гэта трэба было? Не трэба".
На ўдакладняльнае пытанне, ці ўдалося знайсці магчымасць і транспартныя патокі для паставак беларускага хлоркалію акрамя літоўскага напрамку, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што разглядалася адпаведная прапанова ад прадстаўнікоў украінскага бізнесу аб перавалцы цераз парты Адэсы. Аднак у далейшым украінцы адмовіліся ад гэтай ідэі.
"Уласнікі па галаве атрымалі секунд за 20 пасля таго, як гэтыя ідэі выказалі?" - спытаў журналіст.
"Праз некалькі сутак, так", - адказаў Прэзідэнт.
"А вы шчыра лічылі, што яны змогуць зрабіць гэта міма амерыканцаў?" - удакладніў Уладзімір Салаўёў.
"Я ж разумею трэнд, але я не думаў, што яны такім чынам адкажуць, - сказаў беларускі лідар. - Чаму не думаў? Таму што яны разумеюць, што ўсё роўна мы адгрузім гэты калій". Аляксандр Лукашэнка адзначыў падтрымку расійскага боку ў вырашэнні пытання аб перавалцы беларускіх угнаенняў цераз іх тэрыторыю.
У час інтэрв'ю Прэзідэнт Беларусі заявіў, што на прасторы ад Брэста да Уладзівастока існуе адна Айчына, але дзве дзяржавы: "Наконт "ад Брэста да Уладзівастока", гэта светапогляднае маё перакананне. Я заўсёды аб гэтым гаварыў. Проста расіяне не хацелі гэта чуць і гаварыць аб гэтым, асабліва ваш брат (прадстаўнікі СМІ. - Заўвага). У нас склалася сітуацыя - Айчына адна, а дзяржавы дзве".
Ён нагадаў, што пасля перамогі на выбарах у 1994 годзе прыехаў у Маскву на сустрэчу з Прэзідэнтам Расіі Барысам Ельцыным.
"У сярэдзіне 90-х пасля распаду Саюза першыя прэзідэнцкія выбары. Я выпадкова перамог. Тады Расія і Ельцын падтрымлівалі Кебіча (Старшыня Савета Міністраў Беларусі з 1990 па 1994 год Вячаслаў Кебіч. - Заўвага). Гэта была асноўная альтэрнатыва (не для мяне, для нашых нацменаў - Шушкевіча і якія з імі). Зянон Пазняк, Шушкевіч - адна каманда, а Кебіч - гэта другая. І Ельцын, вядома, падтрымліваў яго. А атрымалася, што гэтыя дзве сілы першае месца не занялі, і я з 80 з лішнім працэнтамі ў другім туры пасля сфальсіфікаванага першага (я ўжо гэта ведаю дакладна) перамог", - успомніў Аляксандр Лукашэнка падзеі той электаральнай кампаніі.
"І я прыязджаю ў Маскву. Барыс стаіць, і цяжка было зразумець, аб чым ён там думае. Але я ўбачыў вось гэту насцярожанасць. Я заходжу, і ён у дзверы заходзіць адначасова і на мяне глядзіць. І такая нямая паўза. Але я зрэагаваў хутка і кажу: "Барыс Мікалаевіч, калі вы думаеце, што я прыехаў у чужую краіну і чужую Маскву, то вы памыляецеся. Гэта і мая Масква", - прадоўжыў Прэзідэнт.
У сваю чаргу Уладзімір Салаўёў адзначыў, што ў 1994 годзе Кіраўнік беларускай дзяржавы для Барыса Ельцына быў чалавекам, які выйграў насуперак. "Заходзіць чалавек, які практычна адзіны на постсавецкай прасторы быў супраць "Белавежскай змовы". Таму для яго якраз была насцярожанасць, таму што, калі паглядзець, то Вы ж пастаянна былі кантрапунктам, Вы былі ўвесь час супраць той пазіцыі і таго шляху, які выбраў Ельцын і яго каманда младарэфарматараў, - сказаў ён. - Вы паказвалі, што Беларусь не алігархічная. І Вы адышлі ад гэтага шляху".
Адно з пытанняў інтэрв'юера датычылася адносін з Расіяй і паводзін асобных прадстаўнікоў кіраўніцтва гэтай краіны, буйных кампаній. Аб адным з такіх эпізодаў, які адбыўся не так даўно, згадаў беларускі лідар: "Мы купляем у вас нафту па сусветнай цане. А нам гавораць, трэба $14 або колькі-та долараў зверху заплаціць за тое, што мы вам пастаўляем нафту. Я кажу на перагаворах: "Гэта няправільна". І Пуцін паварочваецца: "Вы што, страцілі розум?" - задае пытанне расійскім членам Урада. Ён жа мае рацыю".
"Нейкія гандляры спрабуюць нажыць 20 капеек, але вы з імі разберацеся", - адрэагаваў журналіст.
"Калі мне перасталі пастаўляць нафту (з Расіі. - Заўвага), што я павінен быў зрабіць? Я кажу: "Ільхам (Аліеў, Прэзідэнт Азербайджана. - Заўвага), дай, калі ласка, мне пару танкераў нафты, праз Украіну "варожую". І мы ў Адэсе выгрузілі і паставілі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"А вось гэта дарэмна", - выказаў свой пункт гледжання Уладзімір Салаўёў.
"Не дарэмна. У нас спынілася б эканоміка. Што значыць дарэмна? - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта вы дарэмна так зрабілі".
"Гэта я згодны", - адказаў журналіст.
"А астатнія мяне дубасілі ва ўсіх сродках масавай інфармацыі і падвялі пад шматвектарнасць - "ён на двух крэслах", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Ніколі гэтага не было, ніколі, нават у самы востры перыяд (двухбаковых адносін з Расіяй. - Заўвага)".
"Вы ж заўсёды можаце зняць трубку, патэлефанаваць Пуціну - гэта пытанне будзе вырашана", - лічыць тэлевядучы.
"Зняў і патэлефанаваў. Гавару: "Калі вы лічыце, што мяне гэтым можна ўкалоць, - памыляецеся. Бяспека і абарона - святое", - вобразна выказаўся Кіраўнік дзяржавы, пацвердзіўшы нязменны курс Беларусі на супрацоўніцтва з Расіяй у пытаннях абароны і бяспекі.
Паводле слоў Прэзідэнта, расійскі бок прадаставіў пляцоўку, на якой цяпер рэалізуецца праект па стварэнні дадатковай інфраструктуры, каб павялічыць магутнасці па перавалцы беларускіх калійных угнаенняў цераз парты Расіі. Кіраўнік дзяржавы ўдакладніў, што праект рэалізуецца за кошт прыватных інвестыцый з Беларусі. "Цяпер трэба вельмі моцна актывізавацца, каб мы з колаў пачалі грузіць гэты хлоркалій хаця б праз год", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым Уладзімір Салаўёў выказаў меркаванне, што можа быць дарэчы садзейнічанне новага пасла Расіі ў Беларусі Барыса Грызлова: "Цяпер вельмі моцны пасол Расіі ў Беларусі. Можа, ёсць сэнс такія праекты ажыццяўляць, як у савецкі час, калі на праектнае фінансаванне з высокага дзяржаўнага ўзроўню і з аднаго і з другога боку ідзе максімальная дапамога, каб не было ніякіх спроб паўплываць, нагрэць рукі".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што плануе абмеркаваць гэту тэму ў размове з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным: "Мне патрэбна будзе падтрымка ў плане таго, каб затрымкі не было, валакіты гэтай - адводу, дазволаў..."
Кіраўнік дзяржавы ў інтэрв'ю Уладзіміру Салаўёву адказаў на пытанне аб тым, якім бачыць будучыню сыноў пасля таго, як ён пакіне пасаду Прэзідэнта.
Расказваючы пра малодшага сына Мікалая, Аляксандр Лукашэнка адзначыў яго неардынарныя здольнасці ў хіміі і біялогіі, што пацвярджаюць і эксперты высокага ўзроўню ў гэтых навуковых галінах: "Спецыялісты, якія яго тэсціруюць часта (я прашу Акадэмію навук), гавораць, што ён ужо ВНУ скончыў, яму няма чаго рабіць у ВНУ".
"Вы бачыце яго вучоным?" - удакладніў журналіст.
"Я, шчыра кажучы, ніяк яго не бачу", - адказаў Прэзідэнт.
"Гэта значыць, што выбера сам?" - задаў пытанне Уладзімір Салаўёў.
"Так, я чакаю яго гэтай рэакцыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У час інтэрв'ю журналіст таксама задаў пытанне, якое шмат разоў ужо гучала раней ад прадстаўнікоў розных СМІ: ці разлічвае Аляксандр Лукашэнка, што нехта з яго дзяцей зменіць яго на пасадзе Кіраўніка дзяржавы.
Беларускі лідар падкрэсліў, што ні ў кога з яго сыноў няма прэзідэнцкіх амбіцый: "Мае дзеці, шчыра Вам кажу, наеліся прэзідэнцтва". Паказальны ў сувязі з гэтым прыклад старэйшага сына Віктара Лукашэнкі, які быў памочнікам Прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы, у званні генерал-маёра, але пакінуў гэту пасаду і пазней быў выбраны Прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта. "Ён сказаў: "Не, тата, я не хачу больш на дзяржаўнай службе, я наеўся". Я кажу: "Добра, у спорт можаш ты, як Дзіма, сярэдні, пайсці?" Доўга думаў (ён жа быў у мяне першым намеснікам (займаў пасаду віцэ-прэзідэнта НАК. - Заўвага), і, калі я пакінуў пасаду, яго выбралі", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.
Акрамя таго, знаходжанне на пасадзе Прэзідэнта нясе пагрозу фізічнага ўстаранення, на што звярнуў увагу ў час размовы Уладзімір Салаўёў, спытаўшы: "Вас спрабавалі забіць?"
"І цяпер спрабуюць. Нават ты цяпер сядзіш побач са мной і не ведаеш гэтага, праз месяц скажу", - адказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Дзяцей спрабуюць забіць?" - удакладніў журналіст.
"Гэта ўжо занадта. Гэта не чырвоная лінія, гэта ўжо нешта большае", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ахарактарызаваў збеглых, якія за мяжой заклікаюць да санкцый у адносінах да Беларусі. "Гэта бандыты, якія ваююць супраць дзяржавы", - сказаў Прэзідэнт.
Журналіст пацікавіўся, ці ёсць у іх дарога назад. "Я ж нядаўна сказаў... (у Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Аляксандр Лукашэнка даў параду збеглым: дадому, кайцеся і станавіцеся на калені! - Заўвага). Я, можа, некалькі фігуральна выказаўся, па-салаўёўску, а на самай справе так. Я што, за імі пайду туды? Не. І потым, многія, напэўна, зразумелі, што я тут ужо іх рэабілітаваць хачу, нават злачынцаў, - нічога такога. Я ж сказаў: будзе створана грамадская камісія, - адзначыў Прэзідэнт. - Спецыялісты і тыя, каго яны забіць хацелі, журналістаў. Гэта ж праўда. Вось яны прымуць рашэнне. Прымуць рашэнне сядзець - будуць сядзець".
"І потым, Вы не заўважылі фразу, прапусцілі, што ёсць практыка, калі аблічча хочацца захаваць: падкіньце іх на граніцу, мы іх забяром. Гэта тое, што цяпер робіць Польшча і Літва з бежанцамі. Яны іх збіваюць да паўсмерці, а часам трупы падкідваюць нам на лінію граніцы, мы іх забіраем. Гэта такі жарт быў, але калі хочаце захаваць аблічча - калі ласка", - дадаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка выказаўся і аб спартсменах, у тым ліку тых, чыя спартыўная кар'ера завершана, якія выехалі з краіны, выступіўшы супраць яго: "Калі ім прапанавалі на Захадзе гэту абгортку ад цукеркі, яны ўбачылі там цукерку, відаць. Таму што цяпер сядзяць жа без грошай, без усяго".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўсе гады свайго прэзідэнцтва прыкладваў усе намаганні для развіцця відаў спорту, садзейнічаў прафесійнаму росту спартсменаў. "Я ведаю кожнага спартсмена. Я асабіста вельмі добра ведаю тую дзяўчыну, плыўчыху нашу, як спартсменка была нядрэнная, добра плавала, вельмі добра. Шмат дапамагаў. Без мяне практычна ні адзін від спорту, ні адзін спартсмен, які засвяціўся высока, не ўздымаўся", - сказаў ён.
Уладзімір Салаўёў таксама задаў пытанне пра Паўла Латушку, адзначыўшы, што адносна многіх людзей гэта гісторыя ў тым ліку асабістай здрады або расчаравання. "Тыя, якія цяпер Вашы апаненты, я размаўляў з адным, з Латушкам, ну, па ідэі, Вы ж яго вырасцілі", - сказаў ён.
"Калі ўзяць гэты персанаж, які Вы назвалі, дык ці ж я недагледзеў? Гэта была мая віна, мяккацеласць я праявіў на апошнім нават этапе, калі ён вярнуўся з Францыі паслом. Макей (Міністр замежных спраў Беларусі. - Заўвага), МЗС мне прапаноўвалі не браць яго ў кадравы рэестр Прэзідэнта: няхай ідзе, недзе там уладкуецца і жыве, - расказаў Кіраўнік дзяржавы. - Але ён прасіў на каленях: вось накіруйце мяне ў тэатр Янкі Купалы, нацыянальны наш галоўны тэатр, які я, дарэчы, проста з попелу падняў".
"І калі Макей прапанаваў яго не назначаць, я гавару: слухай, ну вярнуўся хлопец, беларус нібыта і іншае, давай назначым на тэатр, няхай працуе. Вось я яго назначыў. А калі б я Макея паслухаў, я б яго не назначаў і правільна зрабіў бы. Але назначаючы, ён гэта нядаўна гаварыў, я яму сказаў: "Ведаеш, Павел, не дай бог, ты здрадзіш краіне. Добра, - кажу, - мне, але калі ты здрадзіш краіне, я цябе "павешу". Ну так, жартуючы. Ён недзе сказаў, гэта была праўда. Але вось здарылася, хутка перафарбаваўся, пераабуўся і стаў паводзіць сябе такім чынам. А тое, што нашы творчыя работнікі сябе так паводзілі, - у большасці сваёй яны аблудныя, яны не ворагі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама адзначыў, што ў Купалаўскім тэатры ведаў усіх акцёраў, падтрымліваў. "Яго б ужо даўно не было, і прычына таго - нашы нацыяналісты, як ні дзіўна. Яны ўсё гэта закінулі і не глядзелі. Назавіце, пальцам тыкніце на карту, хоць адзін аб'ект, вось такі вялікі культурны, і скажыце, што там Лукашэнка не пахадзіў, не прафінансаваў і не адрадзіў. Да нізоў, да раённых цэнтраў, да абласных. Сёння проста нічога не трэба рабіць у галіне культуры матэрыяльна", - падкрэсліў ён.
У інтэрв'ю Кіраўнік дзяржавы расказаў, што Віктар Бабарыка і яго сын вырашылі адседзецца, замест таго каб вярнуць крадзенае. Прэзідэнт нагадаў, што раней гаварыў на сустрэчы ў СІЗА, дзе прысутнічаў у тым ліку і Віктар Бабарыка: "Віктар, усё што ўкраў - вярні. Накраў - вярні. І мы будзем потым весці з табой размову. Добра, што ў цябе ў Турцыі ўласнасць, я яе не забяру, разумею, і забіраць не буду, але вось гэта і гэта ты павінен вярнуць".
"І яны абмяркоўвалі з сынам, ці трэба гэта вяртаць. Вырашылі пакуль: не, адседзімся, НАТА прыйдзе ці Ціханоўская прыедзе - усіх вызваліць. Ціханоўскі гаворыць: "Таварыш Прэзідэнт, а калі мы выйдзем і іншае?" Я кажу: "Што ты сказаў? Прэзідэнт? Твой "прэзідэнт" у Літве. У яе і спытай, калі ты выйдзеш". А Бабарыка сумленна сказаў (аб неабходнасці вярнуць украдзенае. - Заўвага), гэта быў сігнал для ўсіх. Але вяртаць не хочуць, - заўважыў беларускі лідар. - Тое, што вывезена праз Літву, літоўскі і латвійскія банкі, вяртайце, і мы будзем абмяркоўваць праблему, там вы будзеце сядзець ці пойдзеце кудысьці. Не хочуць".
Кіраўнік дзяржавы таксама выказаўся і пра Марыю Калеснікаву ў адказ на рэмарку Уладзіміра Салаўёва, што апазіцыя і Захад пра яе забылі, а раскручваюць у асноўным Святлану Ціханоўскую. "Я не думаю, што Захад забудзе, спецслужбы забудуць сваю агентуру або рэзідэнтуру. Проста, як ты нядаўна сказаў, час патрэбны", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.