Інтэрв'ю турэцкай тэлерадыёкампаніі TRT

  • 8
  • 32:24

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 снежня даў інтэрв'ю турэцкай тэлерадыёкампаніі TRT. У якасці інтэрв'юера выступіла журналіст і вядучая тэлеканала TRT Haber Ніса Эфендзіаглу.

У інтэрв'ю ўзнімаліся тэмы міграцыйнага крызісу, націску на Беларусь, санкцый Захаду і далейшых магчымых мер у адказ. Акрамя таго, абмяркоўваліся беларуска-турэцкія адносіны, тэматыка саюзнага будаўніцтва з Расіяй.

Адказваючы на пытанне аб прычынах націску на Беларусь, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Глыбінныя прычыны націску на Беларусь звязаны менавіта з ЗША. Я не буду пералічваць усе прычыны, пастараюся вам назваць галоўнае. Галоўная прычына крыецца ў тым, што мы сталі галоўным звяном націску ЗША і НАТА на Расію".

У сувязі з гэтым ён нагадаў аб мінулагодніх падзеях у Беларусі: "Паспрабавалі Беларусь зрабіць Украінай, як яны сёння ад нас патрабуюць. Мы ім задаём пытанне: чаго вы хочаце? - Мы хочам, каб Беларусь была, як Украіна. На што я адказаў: мы Украінай быць не хочам, наш народ гэтага не хоча, і ніколі не будзем. Таму ў мінулым годзе нас паспрабавалі праз так званую каляровую рэвалюцыю і мяцеж ператварыць ва Украіну. Не атрымалася".

Паводле слоў Прэзідэнта, такім чынам за кошт Беларусі хочуць цалкам замкнуць балта-чарнаморскі пояс і стварыць блок з граніцай на ўсходзе каля Смаленска. "Для далейшага націску і, скажу адкрыта, руху ў Расію", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што калі не ўдаліся спробы мяцяжу наскокам зламаць краіну, тады перайшлі да планамернага націску і гібрыднай вайны. "Сутнасць гэтай гібрыднай вайны ў тым, што ідзе націск і нападкі на Беларусь па розных напрамках з рознай інтэнсіўнасцю. Гэта праяўляецца ў націску праз сродкі масавай інфармацыі, па дыпламатычнай лініі, палітычнай. І цяпер перайшлі да жорсткага націску па эканамічных напрамках. Пяць пакетаў санкцый супраць Беларусі ўвялі амерыканцы і еўрапейцы", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

Закранаючы тэму міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай граніцы, Аляксандр Лукашэнка выказаўся аб планах Польшчы пабудаваць сцяну на граніцы з Беларуссю, назваўшы гэта неразумнай задумай.

"Відаць, у кагосьці ў Польшчы сярод ініцыятараў гэтай сцяны скончыліся грошы. Таму яны за кошт гэтага праекта хочуць папоўніць свае кашалькі. Калі гаварыць пра сцяну, яна не будзе каштаваць ні 400, ні 500 мільёнаў долараў, як яны плануюць, яна будзе каштаваць амаль $1 млрд", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што на асобных участках беларуска-польскай граніцы пабудавалі ўжо такую сцяну, але гэта не садзейнічае стрымліванню бежанцаў: "Як прызнаюць спецслужбы Польшчы, больш за ўсё бежанцаў пранікла на тых участках, дзе пабудавана гэта сцяна. Усяго каля 25 тыс. чалавек. Таму ці ёсць сэнс у такім выпадку будаваць гэту сцяну?"

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб спробе пабудаваць у ЗША сцяну на граніцы з Мексікай. "Адзін Прэзідэнт будаваў, другі цяпер разбурае. Думаю, што можа атрымацца так і ў Польшчы, - лічыць беларускі лідар. - Мы не напружваемся наконт гэтага. Гэта іх праблема. Няхай будуюць. Нам горш не будзе. Але ў Польшчы вельмі нестабільная абстаноўка. І не факт, што гэты ўрад утрымаецца. І я ўпэўнены, што прыйдуць больш разумныя, гаспадарлівыя людзі і знойдуць, куды патраціць гэты мільярд долараў".

Кіраўнік дзяржавы прывёў у прыклад і гісторыю разбурэння Бярлінскай сцяны. "Гэта была перамога еўрапейскай дэмакратыі. Усе крычалі: не раздзяляльным палосам і сценам на граніцах! Цяпер што, яны хочуць Еўрасаюз абгарадзіць сцяной пяць з паловай метраў? Неяк з ідэалогіяй і дэмакратыяй не вяжацца. Неразумная, бязглуздая задума", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Інтэрв'юер пацікавілася, як праходзяць перагаворы з ЕС па міграцыйным крызісе. "Ніяк. Яны ў гэтым можа і зацікаўлены, але рабіць нічога ў гэтым плане не хочуць. А ім і не трэба нічога рабіць. Ім патрэбна прычына націску на Беларусь, - заявіў беларускі лідар. - Таму яны не ўдзельнічаюць у гэтых перагаворах. Хоць і адказныя асобы былі назначаны з іх боку, якія павінны былі весці з намі перагаворы. Але, напэўна, вельмі занятыя. Праблем у ЕС цяпер вялікая колькасць, таму не да гэтага, як мы разумеем".

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што цяпер не вядуцца перагаворы і непасрэдна з Германіяй: "У нас цяпер ніякіх кантактаў з Германіяй няма. Гэта было, напэўна, месяц таму, калі Меркель (на той момант в.а. канцлера Германіі Ангела Меркель. - Заўвага) патэлефанавала мне, і мы вялі размову аб сітуацыі з бежанцамі".

У інтэрв'ю Кіраўнік дзяржавы чарговы раз адхіліў абвінавачанні, якія гучаць з боку ЕС у адрас Беларусі і яе ўлад у наўмысным стварэнні крызісу. "Згадзіцеся, калі вы кагосьці ў нечым абвінавачваеце, то для гэтага трэба мець канкрэтныя факты. Дык вось, калі коратка адказваць на ваша пытанне, што я вінаваты ў тым, што мігранты ідуць праз Беларусь у Еўрасаюз: "Факты на стол!" Калі такія факты будуць, я публічна папрашу прабачэння", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што людзі бягуць з Ірака, Сірыі, Афганістана і іншых краін, таму што ЗША разам са сваімі еўрапейскімі і іншымі сатэлітамі ўварваліся на тэрыторыю гэтых дзяржаў. "Прычыну не будзем называць, мы яе добра ведаем. Яна банальная. І знішчылі практычна гэтыя дзяржавы. У гэтых людзей (бежанцаў. - Заўвага) няма жылля, у іх няма магчымасці накарміць, адзець сваіх дзяцей. Але самае страшнае - няма перспектывы на будучыню, асабліва ў іх дзяцей. Таму яны сталі бежанцамі і па розных маршрутах пайшлі туды, куды іх паклікалі, - у ЕС. У прыватнасці, Германію, старыя краіны Еўропы - Вялікабрытанію, Францыю. Італію, Іспанію", - сказаў Прэзідэнт.

Пры гэтым, заўважыў ён, ёсць розныя маршруты для пранікнення бежанцаў у Еўрасаюз, у тым ліку цераз Міжземнае мора, Балканы, а апошнім часам і цераз Беларусь.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што гэтыя людзі прыязджалі ў Беларусь на абсалютна законных падставах як турысты. "Паўстае пытанне: скажыце, што я асабіста або ўлады Беларусі парушылі, якія міжнародныя нормы, якія ўнутраныя законы мы парушылі ў сувязі з тым, што сюды прыехалі гэтыя гаротнікі? Нічога мы не парушылі. Таму прэтэнзіі нам выстаўляць не трэба", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён нагадаў і аб тым факце, што Еўрасаюз спыніў выкананне сваіх абавязацельстваў у рамках заключанага раней пагаднення аб рэадмісіі. "Ну, значыць яны ўзялі такі курс у адносінах да Беларусі. І навошта нас сёння абвінавачваць? Таму папракаць нас у тым, што мы сюды завозім людзей, папярэдне збіраючы іх у Сірыі, Іраку і нават Самалі, каб пераправіць у ЕС, - гэта проста беспадстаўнае абвінавачанне. Для чаго гэта робіцца - для таго, каб прыдумаць прычыну націску на нашу краіну", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Я не сказаў, што яны (бежанцы. - Заўвага) могуць застацца ў Беларусі. Калі яны захочуць застацца ў Беларусі - мы будзем працаваць з імі строга ў адпаведнасці з законам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён падкрэсліў: "Мы будзем рабіць усё так, як яны гэтага пажадаюць. Гэта вельмі бедныя людзі, якія бягуць ад вайны. У іх сапраўды на радзіме няма дзе жыць. Таму мы будзем рабіць усё, як яны захочуць".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яшчэ ў час тэлефонных размоў з экс-канцлерам Германіі Ангелай Меркель паабяцаў, што беларускі бок "будзе старацца пераканаць людзей вярнуцца на радзіму, калі нехта захоча".

"Мы свята выконваем гэта абяцанне. Мы некалькі тысяч бежанцаў пераканалі вярнуцца да сябе на радзіму. Таму мы абяцанае мною выконваем. Еўрапейскі саюз, які павінен быў хаця б дзве тысячы чалавек забраць: сем'і з дзецьмі, якія сёння знаходзяцца ў гэтым імправізаваным лагеры, не зрушыліся ні на сантыметр, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Таму, калі людзі адмовяцца ісці ў Еўропу, мы будзем пераконваць іх вярнуцца на радзіму. Калі яны прапануюць нейкія іншыя варыянты, захочуць застацца ў Беларусі, у нас ёсць закон, і мы будзем дзейнічаць строга ў адпаведнасці з законам".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што нікога з бежанцаў не прымушаюць пакідаць Беларусь і вяртацца на радзіму.

"Ні ў якім разе. Гэта мною ім абяцана, - заявіў Прэзідэнт. - Скажыце мне хоць адзін факт і назавіце таго чалавека, якога прымушаюць выехаць на радзіму, і я асабіста разбяруся з гэтым. Мы не варвары, каб гнаць людзей туды, дзе ім пагражае смерць. Людзі там не проста жыць не могуць: яны разумеюць, што, вярнуўшыся назад на радзіму, яны загінуць. Таму мы ні ў якім разе не гонім людзей назад".

У той жа час, адзначыў Кіраўнік дзяржавы, бежанцам, якія знаходзяцца на беларуска-польскай граніцы, "рэкамендуюць вызначыцца са сваім далейшым лёсам". "На вуліцы зіма, і вы бачыце які холад. Яны проста з дзеткамі там не вытрымаюць, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - І потым, мы ж іх пастаянна абслугоўваем: і гандаль, і ў сацыяльным плане, пачынаючы ад харчавання, адзення, лазневыя, пральныя мерапрыемствы і заканчваючы лячэннем, асабліва дзяцей. Нам гэта нятанна абыходзіцца, таму людзі павінны вызначыцца, што яны будуць рабіць сёння, заўтра і паслязаўтра. Мы да гэтага іх прымушаем, але ні ў якім разе мы іх не будзем сілай вяртаць дадому".

"Па-чалавечы мы не маем права і не можам гнаць гэтых людзей назад дадому. Таму што ў гады апошняй вайны мы былі бежанцамі: украінцы, беларусы, рускія. Калі фашысцкая Германія напала на Савецкі Саюз, мусульманскія рэспублікі Савецкага Саюза, Іран і Ірак у тым ліку, прытулілі нашых людзей. І асабліва палякаў: палякі тады ў асноўным беглі ў Іран і Ірак. Нямала іх было і ў Турцыі, Сірыі. Тады вы, нашых людзей прытуліўшы, далі магчымасць знаходзіцца там у час Другой сусветнай вайны. Цяпер склалася адваротная сітуацыя. Дык чаму мы па-варварску павінны да гэтага адносіцца?" - запытаў беларускі лідар.

Прэзідэнт дадаў, што ідэалогія Беларусі тут простая - калі сёння ты дапамагаеш іншым людзям, якія трапілі ў бяду, то наступны раз дапамогуць табе.

Кіраўнік дзяржавы расказаў у інтэрв'ю, у якім выпадку Беларусь можа перакрыць транзіт газу ў Еўропу.

"Калі санкцыі, якія яны ўводзяць або ўвядуць у будучым, паставяць нас у надзвычайнае становішча і ў нас не будзе ніякага выхаду адказаць іншымі мерамі на іх санкцыі, мы скарыстаемся і гэтай жорсткай мерай", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама выказаўся аб непрызнанні Захадам яго легітымнасці, назваўшы такую пазіцыю "справай густу".

"Я і не прашу нікога (за мяжой. - Заўвага) прызнаваць маю легітымнасць. Ні ў Беларусі, ні ў Турцыі легітымнасць не мае патрэбы ў прызнанні іншых дзяржаў. Дастаткова таго, што мяне мой народ, які выбраў, лічыць легітымным і, згодна з Канстытуцыяй Беларусі, у Беларусі сёння легітымны Прэзідэнт", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Усё астатняе, заявіў Кіраўнік дзяржавы, "справа густу". "Падабаецца ім (на Захадзе. - Заўвага) такая пазіцыя, няхай яны яе і прытрымліваюцца", - дадаў ён.

У інтэрв'ю Прэзідэнт расказаў, да чаго павінна прывесці паглыбленне інтэграцыі з Расіяй. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што нядаўна былі зацверджаны саюзныя праграмы па паглыбленні інтэграцыі. "Гэта будучыня нашага саюза. Гэта значыць, мы хочам па асноўных напрамках фарміравання саюза рушыць наперад яшчэ больш, уніфікаваць працэсы, якія адбываюцца на гэтай прасторы, - растлумачыў ён. - Словам, гэта прывядзе да існавання дзвюх суверэнных дзяржаў на адзінай эканамічнай прасторы".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў саюза Беларусі і Расіі ёсць этнічная і эканамічная аснова. Акрамя таго, краіны праводзяць адзіную знешнюю палітыку, створана агульная абаронная прастора, гэта значыць, фактычна адзіная армія.

"Мы вельмі значна рушылі наперад у прадастаўленні роўных правоў для грамадзян Беларусі і Расіі. Паміж расіянамі і беларусамі практычна няма ніякай розніцы ні ў адукацыі, ні ў ахове здароўя, ні ў гуманітарнай, культурнай прасторы. Мы стварылі роўныя ўмовы для нашых грамадзян", - падкрэсліў Прэзідэнт.

У час размовы журналістка спытала, ці будзе ў выніку гэта аб'яднанне падобна да Еўрасаюза. 

"Гэты саюз (Беларусі і Расіі. - Заўвага) будзе больш прагрэсіўным і больш стабільным, - адказаў Кіраўнік дзяржавы. - Па-першае, таму, што мы ўлічым усе памылкі Еўрапейскага саюза, каб іх не паўтараць. А станоўчы вопыт, які карысны для нас, будзем выкарыстоўваць. Па-другое, мы ж выйшлі з адзінай дзяржавы - з Савецкага Саюза. І мы многае ўжо там паспрабавалі. Мы ведаем, што нам пакінуць з савецкага мінулага і што нам у будучым не спатрэбіцца. Таму гэта будзе больш магутны, прадуманы і прагрэсіўны саюз".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што працэс інтэграцыі дзвюх дзяржаў будзе паступальным і не прывязаным да якіх-небудзь тэрмінаў, часавых параметраў: "Мы не ставім перад сабой ніякіх тэрмінаў - 2025, 2030 або нейкі там год. Мы будзем ісці крок за крокам, вырашаючы праблемы". 

Паводле слоў беларускага лідара, на гэтым этапе ў СД стаіць задача рэалізаваць 28 саюзных праграм. "Думаю, што ў бліжэйшыя 5 гадоў мы задачы па гэтых праграмах вырашым", - сказаў Прэзідэнт. 

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў, што Беларусь удзельнічае ў розных інтэграцыйных аб'яднаннях. "Пасля распаду Савецкага Саюза на постсавецкай прасторы ўтварылася 3 інтэграцыйныя аб'яднанні. Самае прагрэсіўнае - гэта саюз Беларусі і Расіі. Гэта глыбокае, прагрэсіўнае інтэграцыйнае ўтварэнне. Другі ўзровень - гэта Еўразійскі эканамічны саюз. І трэці ўзровень - Садружнасць Незалежных Дзяржаў, - растлумачыў Прэзідэнт. - Глыбіня інтэграцыі на гэтых трох узроўнях - розная".

У інтэрв'ю Кіраўнік дзяржавы заявіў, што Турцыя - адна з самых дружалюбных для Беларусі дзяржаў.

Супрацоўніцтва паміж краінамі развіваецца па шэрагу напрамкаў, у тым ліку ў гандлёва-эканамічнай сферы. "Мы падышлі да мільярда долараў тавараабароту. У 2020 годзе было больш за $700 млн. Цяпер тавараабарот да ўзроўню 2020 года мае вельмі сур'ёзны прырост", - адзначыў беларускі лідар.

Што датычыцца знешнепалітычнага ўзаемадзеяння, то пазіцыі Беларусі і Турцыі па многіх пытаннях падобныя. "У міжнародных арганізацыях праблем ніякіх. Мы падтрымліваем адзін аднаго. Турцыя - адна з самых дружалюбных дзяржаў для Беларусі. Міністэрства замежных спраў (Турцыі. - Заўвага), яго кіраўнік Меўлют Чавушаглу на ўсіх міжнародных пляцоўках падтрымлівае Беларусь. Гэтак жа і мы падтрымліваем Турцыю. Для нас вельмі важны такія дружалюбныя адносіны з турэцкай дзяржавай і турэцкім народам".

"Карыстаючыся выпадкам, я хачу шчыра ад імя беларускага народа падзякаваць Рэджэпу Эрдагану (Прэзідэнту Турцыі. - Заўвага) і вашаму кіраўніцтву за тую прынцыповасць і абавязковасць у палітыцы Турцыі адносна Беларусі. Вы, паабяцаўшы, свае абяцанні выконваеце. Гэтак жы і мы дзейнічаем адносна Турцыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ў яго склаліся і добрыя асабістыя адносіны з турэцкім лідарам: "Любая просьба Рэджэпа Эрдагана беспярэчна, калі гэта магчыма, выконваецца Беларуссю. Тое ж мы бачым і з боку Турцыі. Я яшчэ раз дзякую кіраўніцтву Турцыі за тую прынцыповую пазіцыю, за тую прыстойную пазіцыю, якую яно праводзіць у адносінах да нашай Беларусі".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на тое, якім чынам Турцыя спраўляецца з вялікім патокам бежанцаў: "Я магу сказаць, што вы проста гераічная краіна і ваша кіраўніцтва - самае высакароднае ў свеце. Вы ўтрымліваеце на сваёй тэрыторыі больш за 4 мільёны бежанцаў. Гэта робіць вам гонар".

Журналіст спытала, ці лічыць Аляксандр Лукашэнка Прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Эрдагана лідарам мусульманскага свету. "Лічу я або не лічу Эрдагана лідарам у мусульманскім свеце - ён ужо стаў значнай фігурай у гэтым мусульманскім свеце. Ён у Турцыі стварыў магутную партыю (Партыю справядлівасці і развіцця. - Заўвага), - сказаў беларускі лідар. - Ён вызначыў шляхі развіцця турэцкай дзяржавы і 85-мільённага турэцкага народа ў 21 стагоддзі. Ён сапраўды паводзіць сябе ў той частцы планеты, дзе ён знаходзіцца, як сапраўдны лідар. Гэта вельмі моцная фігура ў мусульманскім свеце, і не толькі ў мусульманскім".

Адно з пытанняў датычылася сітуацыі вакол авіякампаніі Turkish Airlines, якую Захад абвінаваціў у прыналежнасці да міграцыйнага крызісу каля граніц Беларусі і Еўрасаюза і прыгразіў за гэта ўвядзеннем абмежаванняў. 

"Турэцкія авіялініі" - гэта вельмі магутная авіяцыйная кампанія ў свеце, канкурэнт самым моцным авіякампаніям з Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Злучаных Штатаў Амерыкі. Гэта моцны канкурэнт для іх. Таму трэба неяк прыціснуць гэту кампанію. Прыдумалі прычыну - бежанцы", - выказаў свой пункт гледжання па гэтым пытанні Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, пандэмія каранавіруса значна ўзмацніла канкурэнцыю сярод авіякампаній. "Там, на Захадзе, былі закрыты аэрапорты і авіякампаніі прыпынілі палёты. Некаторыя наогул зніклі, - растлумачыў беларускі лідар. - А тыя, якія ёсць, атрымліваюць шматмільярдныя датацыі ў Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША. І ім трэба спыніць развіццё турэцкай авіякампаніі. Гэта значыць, яны перайшлі да стрымлівання вашай Turkish Airlines. Калі яны мяккай сілай не спыняць яе, паглядзіце, яны пяройдуць да ўвядзення санкцый супраць вашай кампаніі - як да "Белавія".

"Словам, яны развалілі і знішчылі ўласныя кампаніі з-за сваёй непрадуманай, мякка кажучы, палітыкі. Цяпер хочуць гэтак жа апусціць сваіх канкурэнтаў, у тым ліку вашу кампанію", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.