Інтэрв'ю тэлеканалу НТБ
- 2
- 15:06
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на палях саміту БРІКС у Казані даў інтэрв'ю журналістам "Цэнтральнага тэлебачання" на НТБ.
У Аляксандра Лукашэнкі перш за ўсё пацікавіліся перспектывамі ўступлення Беларусі ў БРІКС. Кіраўнік дзяржавы расказаў, што Беларусь перад тым, як стаць членам БРІКС, спачатку павінна папрацаваць з арганізацыяй у якасці партнёра. Адпаведны статус, паводле яго слоў, узгоднены на саміце ў Казані.
"І гэта ступень для ўсіх цяпер абавязковая. Такое прынята рашэнне пастаяннымі членамі БРІКС: той, хто хоча ўступіць у БРІКС, павінен прайсці гэту ступень. Таму Беларусь - краіна-партнёр для БРІКС", - падкрэсліў беларускі лідар.
Журналісты адзначылі, што напярэдадні саміту Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў назваў уступленне ў БРІКС марай Беларусі.
"Наш Міністр гэта так успрымае, што гэта мара. Я так ужо пэўна, мякка кажучы, не выказваўся б, паколькі наша мара ў тым, каб БРІКС стала марай для многіх дзяржаў, - пракаменціраваў гэту заяву Прэзідэнт. - Давайце шчыра (вы гэта бачыце не горш за мяне): у самой арганізацыі ёсць праблемы. Шмат, мала - пытанне густу, але праблемы ёсць. Нават паміж вядучымі дзяржавамі - заснавальніцамі гэтай арганізацыі. Магчыма, БРІКС і дапаможа пераадолець усе гэтыя праблемы".
Кіраўнік дзяржавы, у прыватнасці, звярнуў увагу, што ў час саміту многія краіны больш выказваліся аб сваіх праблемах, чым аб нейкіх глабальных ініцыятывах. Расія ж, наадварот, унесла вельмі сур'ёзныя прапановы, заўважыў Аляксандр Лукашэнка. "Не проста тое, што датычыцца толькі Расіі, але датычыцца ўсіх сёння або закране заўтра", - адзначыў ён.
Размова, напрыклад, аб ініцыятыве распрацаваць новую міжбанкаўскую сістэму, якая магла б замяніць SWIFT або працаваць паралельна з ёй. "Пакуль я яшчэ не магу сказаць, што гэта разумная прапанова Расіі падтрымана. Як і іншыя. Аб чым гэта сведчыць? Што нават заснавальнікі (пяць краін) і тыя, якія сталі пастаяннымі членамі БРІКС, сёння зыходзяць з таго, "наколькі гэта мяне будзе датычыцца". Кожны бачыць там сябе, а арганізацыя для таго, каб бачыць агульныя праблемы. Вось чаго пакуль не хапае БРІКС", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што насцярожана ўспрымае і бюракратычны бок пытання - працэс прыёму ў члены арганізацыі.
"Напрыклад, чаму б Турцыю не прыняць у склад БРІКС? Гэта вельмі сімвалічна, і буйная краіна. Сімвалічна ў чым? Гэта пакуль адзіная краіна НАТА, якая прапанавала свой удзел у БРІКС. Не, з падачы нейкіх, можа, бюракратаў пачалі выпрацоўваць нейкія крытэрыі прыёму: калі ты адпавядаеш гэтым крытэрыям, мы табе даём партнёра, а потым ужо будзем думаць, прымаць цябе ці не прымаць, хутчэй за ўсё, прымем. Я баюся, што гэты бюракратызм можа ўтапіць, як і многія іншыя арганізацыі, і БРІКС", - прызнаўся Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў з'яўлення БРІКС былі як суб'ектыўныя прычыны - жаданне краін працаваць разам, так і аб'ектыўныя - імкненне да шматпалярнага свету.
"Гэта аб'ектыўны фактар, яго сёння прытушыць, прыціснуць немагчыма. І сёння, калі свет шалёна мяняецца, вельмі хутка час мяняецца, трэба паспяваць за гэтым часам. Калі мы не здольны паспяваць, то гэта арганізацыя можа стаць з часам (прытым у бліжэйшай будучыні) арганізацыяй маргінальнай", - лічыць беларускі лідар.
"Больш таго, вельмі важна, што калектыўны Захад, перш за ўсё Злучаныя Штаты Амерыкі, сёння разгарнуў шалёную барацьбу супраць БРІКС для таго, каб не дапусціць гэты шматпалярны свет, за які спрабуе выступаць БРІКС. Таму вельмі шмат яшчэ праблем", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Пляцоўку саміту ў Казані беларускі бок выкарыстаў і для правядзення двухбаковых перагавораў, паколькі тут можна было сустрэць прадстаўнікоў розных кантынентаў. І гэта, несумненна, адзін з плюсоў такіх фарматаў.
"Але мы чакаем вырашэння ў БРІКС агульных праблем, якія будуць хваляваць усе дзяржавы, а не толькі асобныя", - рэзюмаваў беларускі лідар.
Гаворачы пра расійска-ўкраінскі канфлікт, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што прапанаваны Уладзімірам Зяленскім план не адпавядаюць сітуацыі на фронце.
"У нас з вамі выпрацаваўся наратыў, што мір ва Украіне залежыць ад Штатаў і Еўропы: захочуць яны - будзе мір, не захочуць - не будзе. Апошнім часам, на мой пункт гледжання, сітуацыя памянялася: амерыканцы, бачачы сітуацыю на фронце і ў Курскай вобласці, і асабліва еўрапейцы, міру хочуць больш, чым сам Зяленскі. Больш за ўсё цяпер упіраецца Зяленскі, прапануючы розныя фарматы, розныя планы мірных перагавораў, якія больш падобныя на лозунгі. І гэтыя прапановы, самае галоўнае, сёння не адпавядаюць таму, што адбываецца на зямлі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што Расія павольна, але наступае на асноўных напрамках ва Украіне, а частка ўкраінскіх падраздзяленняў ужо выцеснена з захопленай імі тэрыторыі Курскай вобласці.
"Расіяне трэць захопленай тэрыторыі вызвалілі, - канстатаваў Прэзідэнт. - На сённяшні дзень, можа, і больш. Але самае галоўнае, у Курскай вобласці расіяне навучыліся з імі ваяваць, бо яны зайшлі групамі: дыверсійна-разведвальнымі групамі, потым іншыя падраздзяленні, групамі тактычных батальёнаў. Гэта было крыху нечакана для расіян у цэлым і, у прыватнасці, вайна гэтымі групамі – партызанскія дзеянні ўкраінцаў. Расіяне хутка адаптаваліся да гэтага і пачалі выціскаць украінцаў".
Расійскія ваенныя заяўляюць, што да канца снежня яны могуць вызваліць усю тэрыторыю Курскай вобласці. А значыць, гэта аперацыя стане для Украіны правалам, заявіў Кіраўнік дзяржавы. Расіяне паспяхова наступаюць і ў Данецкай вобласці.
"І вось мірны план Уладзіміра Аляксандравіча Зяленскага і тое, што адбываецца на фронце і ў Курскай вобласці, не карэлююцца. "План перамогі" яго называюць. Дзіўная назва: тут ужо не да перамогі, дай бог спыніцца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў, што падтрымлівае падключэнне КНР і Бразіліі да спроб мірна ўрэгуляваць канфлікт ва Украіне.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Кітай і Бразілія не сапернікі Расіі, але хочуць мірнага ўрэгулявання канфлікту. Цяпер абедзве краіны пашыраюць сумесна распрацаваны мірны план па ўрэгуляванні ўзброенага канфлікту ва Украіне. "Я падтрымліваю само ўключэнне ў гэты працэс кітайцаў і бразільцаў", - сказаў беларускі лідар.
Канкрэтныя ж пытанні, такія як тэрытарыяльнае размежаванне, умовы спынення ваенных дзеянняў і адвод войскаў ад лініі сутыкнення, павінны вырашацца паміж бакамі канфлікту выключна за сталом перагавораў, перакананы Прэзідэнт.
"Самае галоўнае цяпер - усадзіць усіх за стол перагавораў", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Гэту ж мэту ставяць Кітай і Бразілія, дадаў ён.
У інтэрв'ю Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пэўныя кантакты паміж Беларуссю і Украінай захоўваюцца. Прэзідэнт растлумачыў, што ў СМІ мільгаюць навіны аб пасрэдніцтве ААЭ ў абмене целамі і ваеннапалоннымі паміж Расіяй і Украінай, але сам працэс арганізаваны пры непасрэдным удзеле беларусаў. "Гэта ўсё адбываецца на нашай тэрыторыі. Гэта ўсё адбываецца нашымі рукамі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён нагадаў, што апошнія такія абмены адбыліся літаральна нядаўна. "І далей, калі расіяне гэтага захочуць (украінцы хочуць), мы будзем садзейнічаць гэтаму працэсу. Гэта значыць ва ўкраінскага боку няма непрымання таго, што яны будуць працаваць з намі і практычна на нашай тэрыторыі. Мы гэту гуманітарную місію выконваем і будзем выконваць, у тым ліку і па дзецях - упаўнаважаны іх, упаўнаважаны ваш па правах дзіцяці, наш упаўнаважаны і дэпутаты нашага парламента ў гэта ўключаны. Я гэта падтрымліваю", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Таму ў нас нармальныя з імі (украінцамі. - Заўвага) кантакты, мы можам перадаць ім любы сігнал. Калі ў іх ёсць пытанні, яны могуць іх задаць нам і могуць праз нас перадаць нейкія пытанні Расійскай Федэрацыі, перш за ўсё ваенным. Калі ёсць такія пытанні, мы перадаём адразу ж", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
На адпаведныя кантакты, паводле яго слоў, упаўнаважаны некаторыя дэпутаты, дыпламаты і ваенныя. "Усё, на што ўкраінцы згодны", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Кіраўніка беларускай дзяржавы папрасілі пракаменціраваць сцвярджэнні аб тым, што Паўночная Карэя адправіла ва Украіну войскі для ўдзелу ў баявых дзеяннях на баку Расіі.
"Я ўжо спытаў (можа, жартам) у свайго добрага сябра Эрдагана: "Вы (НАТА. - Заўвага) аб паўночнакарэйскіх ваеннаслужачых гаворыце (ён жа член НАТА) для таго, каб знайсці падставу для ўводу натаўскіх войскаў ва Украіне?" - расказаў Аляксандр Лукашэнка аб незвычайнай размове з турэцкім лідарам.
Аднак што адказаў на гэта пытанне Рэджэп Таіп Эрдаган і чым у прынцыпе завяршылася гутарка двух лідараў, Кіраўнік беларускай дзяржавы расказаць не паспеў: журналіст вырашыў павесці размову ў іншы бок.
Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што не верыць у прысутнасць ваенных Паўночнай Карэі ва Украіне, тым больш ніхто так і не прадаставіў ніякіх доказаў. Ды і ў Расіі няма неабходнасці прыцягваць да канфлікту трэці бок, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Гэта можа быць эскалацыяй канфлікту (калі Расіі іншыя краіны дапамагаюць, значыць, увядзём натаўскія кантынгенты, каб усё ж такі дабіць Расію, як яны планавалі). Думаю, што гэта, як вы сказалі, укід для таго, каб атрымаць падставу для нейкіх дзеянняў. Магчыма, для ўводу сваіх падраздзяленняў або дазволу дальнабойнай зброяй біць па тэрыторыі Расіі (у іх жа ў партфелі шмат хацелак з боку Украіны)", - выказаў меркаванне Кіраўнік беларускай дзяржавы.