Інтэрв'ю журналісту Бі-бі-сі Стывену Розенбергу
- 6
- 29:17
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 кастрычніка даў інтэрв'ю журналісту Бі-бі-сі Стывену Розенбергу на палях саміту БРІКС у Казані.
"Я не стану пералічваць заслугі дзяржаў і аб'ёмы дзяржаў, якія ўваходзяць у гэта аб'яднанне. Аб'яднанне на пачатковым этапе, а ўжо наблізілася да палавіны - палавіны ўсяго: і насельніцтва, і тэрыторыі, вытворчы патэнцыял і гэтак далей. А калі гаварыць пра стратэгію, то калі краіны, якія ўваходзяць у БРІКС, будуць такім шляхам рухацца і павялічаць тэмпы, я ўпэўнены, яны перасягнуць многія аб'яднанні (яны перасягнулі ўжо, у тым ліку і "сямёрку", і "дваццатку" і іншыя) і наблізяцца да Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, не падмяняючы яе пакуль", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне аб прычынах імкнення Беларусі ў БРІКС.
Паводле яго слоў, аналагічнае пытанне маглі задаць рэспубліцы і пасля Другой сусветнай вайны, калі яна далучылася да ААН. "Імкнуліся ў ААН для таго, каб стварыць аб'яднаныя нацыі, якія могуць утрымліваць свет у раўнавазе. Гэтак жа мы бачым шкоду аднапалярнага свету, мы бачым, што БРІКС можа быць процівагай існуючай мадэлі аднапалярнага свету і ўраўнаважыць нашу планету. У гэтым жа няма нічога дрэннага. Мы хочам быць з тымі дзяржавамі, якія імкнуцца стварыць нармальную бяспеку для нашага свету і ўраўнаважыць яго, збалансаваць. Гэта асноўнае", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Гаворачы аб урэгуляванні канфлікту паміж Расіяй і Украінай, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што першым крокам павінны быць перагаворы.
"Калі вы хочаце (я маю на ўвазе Захад), гэты мір можа быць усталяваны. Вы можаце спытаць, што для гэтага трэба зрабіць. Многае трэба зрабіць, але за сталом перагавораў. Першым крокам павінны быць перагаворы, - перакананы Аляксандр Лукашэнка. - Трэба сесці за стол перагавораў і традыцыйна, як ужо жыццё выпрацавала, вызначыць план дзеянняў і дамаўляцца аб міры".
Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ўжо няма часу разбірацца, хто вінаваты ў тым, што здарылася. У адваротным выпадку, паводле яго слоў, бакі ніколі не прыйдуць да міру. "Размаўляючы з прадстаўнікамі Захаду, разумнымі людзьмі, мы прыйшлі да адзінага меркавання: калі вайна, канфлікт або бойка пачалася, значыць, вінаваты абодва бакі. Магчыма, нехта больш, нехта менш", - расказаў Прэзідэнт Беларусі.
"Калі пачаўся канфлікт, у мяне адбылася размова з Валодзем Зяленскім. Ён гэтак, як вы, пачаў: напалі і іншае. Гавару: "Уладзімір, вайна ідзе на тваёй зямлі, на тваёй тэрыторыі. Так?" - "Так" - "Ты больш за ўсё ў гэтым зацікаўлены (ва ўрэгуляванні канфлікту. - Заўвага)". Што датычыцца, хто на каго напаў, акунёмся ў прычыны. Мы разумеем віну Расіі, так? А я назаву вам адзін факт, які я заўсёды называю (ён эмацыянальны, але тым не менш важны): у свой час у Доме прафсаюзаў у Адэсе спалілі некалькі дзясяткаў чалавек. Навошта? Малацілі, бамбілі гэты Данбас, дзе пражывала рускамоўнае насельніцтва. Навошта іх было прыціскаць? Навошта гэту рускую мову выкаранялі і іншае, іншае, іншае. І пайшоў рух, які хваляй накрыў Пуціна: абараніць, забіць, даціснуць і іншае. Пуцін абараніў сваіх людзей", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Журналіст адзначыў, што рашэнне Уладзіміра Пуціна аб правядзенні спецыяльнай ваеннай аперацыі не толькі стала катастрофай для Украіны, але і мела сур'ёзныя наступствы для самой Расіі.
"Вы блізка знаёмы з Пуціным, сустракаецеся з ім. Ён шкадуе аб тым, што прыняў такое рашэнне?" - спытаў Стывен Розенберг.
"Шкадуе ён ці не шкадуе - мы на гэту тэму з ім не размаўлялі. Вядома, ён жа жывы чалавек. У гэтым канфлікце розныя сітуацыі бываюць, нехта наступае, нехта абараняецца. І адзін, і другі бакі нясуць вялікія страты. Шкадуе аб гэтым Пуцін ці не? Вядома шкадуе, ён жа жывы чалавек, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але абсалютна перакананы ў тым, і будзьце ў гэтым упэўнены (я не проста перакананы, я гэта ведаю): Пуцін цвёрда лічыць, што ён мае рацыю, і ён матывуе гэта. Ён жа Захаду прапанаваў: вось прапанова Расіі, давайце дамовімся. На што Захад наогул нічога не адказаў".
На думку Кіраўніка дзяржавы, калі Захад не задавальняла тое, у якой форме ім зрабілі прапанову, яны павінны былі адказаць аналагічна, галоўнае - адказаць. Аднак наогул прамаўчаўшы, яны такім чынам па-наплявацельску паставіліся да інтарэсаў Расіі. "І Пуцін часта пра гэта гаворыць: галоўнае - гэта інтарэсы Расіі і расійскага народа. Ён прыхільны да гэтых інтарэсаў, ён абавязаны абараняць інтарэсы расійскага народа, і ён абараняе гэтыя інтарэсы. Ён у гэтым перакананы. Можам яго за гэта асуджаць, але ён так думае", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Журналіст запярэчыў, што цяпер жа Расію атакуюць беспілотнікі, а частка тэрыторыі і зусім акупіравана замежнымі войскамі - як гэта можа адпавядаць інтарэсам Расіі? Але, адказаў Прэзідэнт Беларусі, невядома, як развівалася б сітуацыя, калі б Расія не пачала спецыяльную ваенную аперацыю. Магчыма, усё было б яшчэ горш.
"Было б лепш у Расіі, калі б Украіна ўступіла ў НАТА і былі размешчаны ўзброеныя сілы НАТА на тэрыторыі Украіны з ракетамі і падлётам да пяці хвілін? Было б лепш для Расіі ці не? Узважваючы ўсё, Пуцін выбраў гэты шлях. Па пэўных пытаннях шкадуючы: няўдачы былі. І атака дронамі, і захоп часткі тэрыторыі Расіі. Гэта ж нікому не падабаецца, у тым ліку і Пуціну. Але мы гаворым у цэлым аб праблеме. Пуцін бачыў вялікую небяспеку таго крэну, які Украіна зрабіла ў напрамку анты-Расіі. І ён распачаў пэўныя дзеянні. Таму ўсялякае магло быць, мы можам толькі гадаць", - падагульніў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, Беларусь і Расія выпрацавалі адзіную пазіцыю: для ўстанаўлення міру ў рэгіёне патрэбны перагаворы. Прэзідэнт нагадаў, што ў Стамбуле Расія і Украіна маглі прыйсці да пагаднення, аднак Захад сарваў гэтыя дамоўленасці.
"Я іх бачыў: яны мала да чаго кагосьці абавязваюць. З гэтага можна пачынаць, яны маюць агульны характар, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Адразу ж селі за стол перагавораў - можна весці размову аб спыненні агню, а потым аб разводзе ўзброеных сіл. Але гэта за сталом трэба вырашаць. Патрэбны гарантыі для Расіі, каб, устанавіўшы перамір'е, вы (Захад. - Заўвага) не пачалі падвозіць ва Украіну боепрыпасы і пераўзбройваць Узброеныя сілы Украіны. Вось гэтага не павінна быць. Гэтага асцерагаецца Пуцін".
Адказваючы на пытанні, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Расія ніколі не прыменіць ядзерную зброю, якая ёсць у Беларусі, без згоды з кіраўніцтвам рэспублікі.
У той жа час і Беларусь, калі б ішла размова аб прымяненні ядзернай зброі для абароны сваёй краіны, параілася б па гэтым пытанні з Расіяй. "Гэта наш саюзнік. Так і з амерыканцамі ўвесь Захад раіцца", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ядзерная зброя - гэта не страшылка, а магутны стрымальны фактар і ў выпадку неабходнасці ён будзе гатовы прымяніць яе. "Калі хоць адзін бот пяройдзе граніцу Беларусі, - перасцярог ён. - Мы не збіраемся ні на каго нападаць, на Украіну ў тым ліку. Гэта нашы людзі - украінцы. Там жывуць нашы людзі. Мы гатовы з імі супрацоўнічаць што б там ні было. Рана ці позна мы прыйдзем да гэтага. З немцамі ў нас былі якія адносіны - жудасныя. Яны забівалі нашых дзяцей, у калодзежы кідалі, спальвалі, вешалі і гэтак далей. Але праз шмат гадоў мы з немцамі нармальна супрацоўнічалі. Зарубцавалі раны нашым супрацоўніцтвам: гандлёва-эканамічным, тэхналагічным і гэтак далей. З Украінай гэта адбудзецца яшчэ хутчэй, мне здаецца".
Прэзідэнт упэўнены, што пасля спынення баявых дзеянняў Захад не захоча дапамагаць Украіне ў аднаўленні тэрыторыі і вяртанні да мірнага жыцця.
"У Амерыцы ўжо цяпер гавораць, што Украіна багатая, гатова землі аддаць, аддаць амерыканцам карысныя выкапні, патрэбныя для свету, і высокатэхналагічную сыравіну. Таму мы з украінцамі знойдзем агульную мову. Трэба цяпер закончыць гэту вайну", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка не стаў раскрываць алгарытм прыняцця рашэння аб выкарыстанні ядзернай зброі. "Скажу толькі адно: без майго дазволу гэта зброя прыменена быць не можа. Але калі трэба будзе Беларусі, яна будзе прыменена. Але яшчэ раз гавару: размовы аб ядзернай зброі - сумная тэма. Вы спыталі - я адказаў. Нельга свет шантажыраваць прымяненнем ядзернай зброі. Мы яе не збіраемся прымяняць, калі будзе сітуацыя такая, як цяпер", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Каменціруючы інфармацыю аб магчымай прысутнасці войскаў КНДР ва Украіне, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гэта было б эскалацыяй ваеннага канфлікту.
"Глупства! Гэта эскалацыя ваеннага канфлікту. Ніколі Пуцін не пойдзе на тое, каб некага ўгаворваць, каб узброеныя сілы нейкай краіны ўвязваліся ў СВА і ў канфлікт ва Украіне, асабліва, як гавораць ваенныя, "на перадку", на лініі сутыкнення", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
"Гэта значыць КНДР не адпраўляе сваіх ваенных?" - удакладніў журналіст.
"Я ў гэта не веру. І ўчора паўночныя карэйцы заявілі, што гэта варажба на кафейнай гушчы. Ніколі такой размовы і перагавораў не было. Я гавару за Пуціна, ведаючы яго характар. У Расіі насельніцтва хапае, каб весці ваенныя дзеянні", - заўважыў беларускі лідар.
"Калі гэта (удзел войскаў КНДР у канфлікце. - Заўвага) пацвердзіцца, вас непакоіць такая сітуацыя?" - спытаў Стывен Розенберг.
"Гэта будзе крок да нейкай эскалацыі канфлікту, калі на лініі сутыкнення з'явяцца нечыя ўзброеныя сілы, нават беларускія. Нават калі б мы ўвязаліся ў вайну, гэта быў бы шлях да эскалацыі. Таму што вы, англасаксы, адразу б заявілі аб тым, што ў канфлікт увязалася саюзная краіна, значыць, НАТА мае права дапамагчы Украіне. Значыць, натаўскія войскі былі б уведзены ва Украіну. Магчымы такі варыянт? Магчымы. Пуцін і гэты варыянт разглядае - патрэбна яму гэта ці не. Але вы гаворыце пра КНДР - дзе Карэя, а дзе Беларусь? Пуцін ніколі перада мной не ставіў пытанне аб тым, каб мы ўвязаліся ў гэту бойку. Ні ён, ні Шайгу, ні цяперашні Міністр абароны Белавусаў. Ніколі не ставілі перад намі такое пытанне", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
У час інтэрв'ю Кіраўнік дзяржавы заявіў, што Беларусь не прадастаўляла Расіі тэрыторыю для заходу ва Украіну.
"У нас былі вучэнні, на якіх было задзейнічана некалькі тысяч чалавек расійскіх войскаў. Гэтыя войскі былі ў асноўным з усходняй акругі, і Пуцін пачаў выводзіць гэтыя войскі з Беларусі. Яны былі на поўдні, і па гэтай дарозе, міма граніцы з Украінай, ён пачаў вывад войскаў. Частку войскаў у нейкі перыяд (справакавалі, я ў гэтым перакананы) ён завярнуў на Кіеў. Чаму так адбылося? Спытайце ў Зяленскага", - расказаў Прэзідэнт аб лютаўскіх падзеях 2022 года.
На пытанне аб тым, чаму Беларусь у гэты момант не падтрымала Украіну, Лукашэнка адказаў наступным чынам.
"Расія - гэта наш саюзнік. У нас адносіны больш цесныя, чым у англічан і амерыканцаў. Украіна паставілася да Беларусі па-варожы: яна раней, чым англасаксы, увяла супраць нас санкцыі. Яна забараніла палёты нашых грамадзянскіх самалётаў цераз тэрыторыю Украіны. Яна захапіла нашы рухомыя саставы з мінеральнымі ўгнаеннямі. Яна 75 велікагрузаў разам з людзьмі арыштавала. Яна павяла сябе па-бандыцку. Мне давялося праводзіць спецаперацыю, каб вызваліць людзей, якіх яны арыштавалі. А пяцярых чалавек яны забілі і расчлянілі, каб мы не зразумелі, як яны загінулі. І вы хочаце сказаць, што я ў абдымку з Зяленскім у гэты час павінен быў быць? Расія - наш саюзнік. Я падтрымліваў і буду падтрымліваць Расію столькі, колькі ёй трэба. Дакладна гэтак, як вы заяўляеце, што будзеце падтрымліваць Украіну", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Гэта я яшчэ мінімальна ўцягнуты ў гэты канфлікт. А можна сказаць, наогул не ўцягнуты. А паміж намі з Расіяй больш цесныя адносіны, чым паміж Украінай і Амерыкай, якая і грошы валіць туды, і ўзбраенне", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Ці значыць гэта, што любое рашэнне расійскага Прэзідэнта..." - пачаў задаваць пытанне журналіст.
"Не значыць. У Прэзідэнта Расіі ёсць інтарэсы расійскага народа, ён іх абараняе. Я сёння Прэзідэнт Беларусі, і я буду абараняць інтарэсы беларускага народа. Яны абсалютна супадаюць з расійскімі. Пакуль яны будуць супадаць, мы з Пуціным поплеч будзем дзейнічаць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
У час інтэрв'ю Аляксандр Лукашэнка раскрыў падрабязнасці нядаўніх перагавораў з прадстаўнікамі заходніх дзяржаў.
"Мы з гэтымі людзьмі дамовіліся, што гэта закрытыя, канфідэнцыяльныя перагаворы. Яны вельмі інфармаваныя, дасведчаныя людзі. Яны папрасіліся да мяне на прыём, я іх прыняў", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, перагаворы ішлі чатыры гадзіны, закраналіся самыя розныя пытанні. "Закраналіся пытанні канфлікту на Блізкім Усходзе. Зяленскі ўздымае такое пытанне: дайце ракеты, я буду біць па Крамлі да Казані. Я папярэдзіў: вы акуратней з дальнабойнымі ракетамі і іншае. Да Пуціна могуць звярнуцца, напрыклад, хусіты: "Дайце берагавыя комплексы". Якія могуць нанесці страшны ўдар па караблях. А калі ён у адплату, што вы пастаўляеце Зяленскаму дальнабойную зброю, паставіць хусітам комплексы "Бастыён" і будзе паражоны хоць адзін авіяносец? Англійскі, амерыканскі і гэтак далей. "Гэта для нас непрымальна". Я гавару: "Я разумею. Але і для Пуціна непрымальна, калі вы будзеце пастаўляць дальнабойныя ракеты і біць па ўсёй Расіі". Пагадзіліся: "Так, сапраўды небяспечна".
Яшчэ адной тэмай сустрэчы стала Кітайская Народная Рэспубліка. Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што, калі Расія і Кітай аб'яднаюць усе магчымыя намаганні, ніхто не зможа процістаяць ім. Паводле яго слоў, у тэхналагічным плане Кітай спыніць ужо немагчыма. "На гэту тэму шмат размаўлялі", - сказаў Прэзідэнт.
Абмяркоўвалася і ўнутрыпалітычная сітуацыя - у Беларусі, Расіі, на Захадзе. "Мы абмеркавалі многія пытанні, іх цікавіў мой пункт гледжання. Я яго выказаў", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Журналіст удакладніў, ці азначае гэта сустрэча зацікаўленасць Беларусі ў паляпшэнні адносін з Захадам.
"Я ніколі не гаварыў аб тым, што мы зацікаўлены ў пагаршэнні адносін з Захадам. Гэта вы выбралі гэты шлях, пачалі супраць нас санкцыі ўводзіць пад пэўнымі маркамі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Не на пустым месцы", - заўважыў журналіст.
"Прычыну можна прыдумаць, калі ёсць жаданне. Як не на пустым месцы?" - абурыўся Прэзідэнт.
Ён нагадаў, што пад абмежаванні падпаў нават яго малодшы сын - фактычна дзіця. "Ён у чым вінаваты? Я, дарэчы, гэтым людзям з Захаду (у час нядаўніх перагавораў. - Заўвага) задаваў пытанне. Яны апусцілі галаву, сказалі: "Гэта вар'яцтва", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Захад пачаў актыўна ўводзіць супраць Беларусі санкцыі пасля таго, як у Мінску быў пасаджаны самалёт, на борце якога знаходзіўся Раман Пратасевіч. Аднак ніякіх доказаў, што беларускія знішчальнікі перахапілі гэты самалёт, няма. "Вы поўныя вар'яты. Гэты самалёт ляцеў у Вільнюс. Чаму вы яго не пасадзілі ў Вільнюсе? Ён жа развярнуўся над Вільнюсам і вярнуўся ў Мінск. Дзе перагаворы пілота з дыспетчарамі Вільнюса? Вось вашы санкцыі. У вас была мэта націснуць на Лукашэнку, а потым вы прыдумалі прычыны", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што нават калі беларускія ўлады, як заяўляюць на Захадзе, і пасадзілі самалёт, то гэта можна было б назваць вялікай і філіграннай аперацыяй, бо ні адзін пункт міжнароднага паветранага права парушаны не быў. "Нас шантажыравалі, папярэдзілі, што бомба ў самалёце. Факты мы вам паклалі на стол. Мы папярэдзілі пілота, што такая інфармацыя. Далей пілот выбірае - у Вільнюсе сесці або ў Мінску. Ён выбраў Мінск. Я пры чым тут", - здзівіўся Кіраўнік дзяржавы.
"Я заўсёды хацеў мець нармальныя адносіны з Захадам", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым ён звярнуў увагу, што нядаўнія памілаванні асоб, асуджаных за злачынствы пратэснай накіраванасці, ніяк не звязаны з гэтым. Людзі былі вызвалены па гуманітарных меркаваннях, заявіў Прэзідэнт. "Вось і ўсё. І ніякі гэта не крок да паляпшэння адносін з вамі. Не хочаце вы з намі адносін - і не трэба. Мы перажывём і без вас", - заявіў беларускі лідар.
У інтэрв'ю Прэзідэнт заявіў аб гатоўнасці разгледзець прашэнні аб памілаванні ад асуджаных за злачынствы пратэснай накіраванасці.
"У нас ёсць закон: чалавек усвядоміў сваю віну, ён звярнуўся да Прэзідэнта (як і ў многіх іншых краінах) з просьбай аб памілаванні - ну што ж, мы разгледзім. Калі будзе такі зварот ад Калеснікавай, я абавязкова разгледжу", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на ўдакладняючае пытанне.
Разам з тым Прэзідэнт здзівіўся, чаму журналіст выдзеліў менавіта Марыю Калеснікаву, паралельна заяўляючы, што ў Беларусі "мільёны ў турме".
"Таму што ў яе няма допуску да сваёй сям'і", - паспрабаваў растлумачыць журналіст.
"Якой сям'і? А дзе яе сям'я, вы хоць ведаеце? Вы нават не ведаеце, што за сям'я. Папрасіў бацька яе наведаць. Калі ласка, ідзі. Ён быў. Гэта сям'я? Нехта яшчэ хоча з родных, блізкіх наведаць яе, будзе просьба - мы яе разгледзім. Там, магчыма, такая сям'я, што ім, можа, і нецікава, як вам, наведаць Марыю Калеснікаву. Вы перажываеце за яе больш, чым родныя і блізкія. Таму калі нават вы зверніцеся, мы вашу заяву разгледзім. Я гавару: разгледзім. "Так", "не" - гэта будзе відаць потым", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"Я катэгарычна супраць, што вы пачынаеце асобы выдзяляць. Калі там сядзіць мільён, дык там усе людзі аднолькавыя. А Калеснікава і іншыя павінны адказаць перад гэтымі людзьмі, чаму яны там апынуліся. Яны многія і кажуць: "Мы ачумелі, адурэлі, нас падманулі". Таму мы іх разглядаем у цэлым. Калі чалавек выправіўся, не парушае закон у калоніі, калі нейкія паказанні па здароўі, мы абавязкова гэтых людзей, хутчэй за ўсё, памілуем. Ёсць камісія, яна разгледзіць і прыме рашэнне", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што некалькі дзён таму камісіі, якую ўзначальвае Генеральны пракурор Андрэй Швед, была пастаўлена задача разам з папраўчымі органамі вывучыць справы грамадзян, асуджаных за злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці.
"Я схільны да таго, каб наконт людзей, якія ўсвядомілі, зразумелі і не парушаюць парадак там і паводзяць сябе дастойным чынам (не трэба спяваць оду мне), разгледзець гэтыя пытанні (аб памілаванні. - Заўвага). Без Захаду, запомніце. Вы для мяне не маеце ніякага значэння ў плане вызвалення маіх людзей", - заявіў Прэзідэнт.
Завяршаючы інтэрв'ю, журналіст Бі-бі-сі адзначыў, што ў Беларусі вызначана дата прэзідэнцкіх выбараў. Ён задаўся пытаннем, наколькі яны будуць дэмакратычнымі, калі лідары апазіцыі не могуць прыняць у іх удзел.
"Апазіцыя - гэта тыя людзі, якія дзейнічаюць унутры краіны ў інтарэсах хаця б мінімальнай колькасці людзей. А вы каго называеце нашымі "лідарамі"? Дзе яны, гэтыя лідары? Прачніцеся! Вы тых, хто ў турме сядзіць за парушэнне законаў, лічыце лідарамі? Ды хоць усе збеглыя сюды вярнуліся - гэтыя выбары яны не выйграюць. Народ зразумеў, чаго яны хацелі. Калі яны за мяжой, зрабіце што-небудзь для народа, не для Лукашэнкі, а яны бегаюць: "Дайце нам грошы". Гэта першае пытанне. Другое: "Не прызнавайце будучыя выбары". Трэцяе: "Увядзіце больш санкцый". Ствараюць узброеныя фарміраванні побач з нашай граніцай, каб закінуць на тэрыторыю Беларусі. Гэта, вы лічыце, апазіцыя?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка журналіста.
Прэзідэнт прывёў яшчэ адзін прыклад. У нядаўнім інтэрв'ю асуджаны за арганізацыю змовы з мэтай захопу дзяржаўнай улады Юрый Зянковіч заявіў, што змоўшчыкі хацелі ўзяць у заложнікі ў тым ліку і малодшага сына Прэзідэнта Мікалая Лукашэнку. Яго планавалася схаваць у склепе ў Гомельскай вобласці, а затым выкарыстаць у працэсе торгу, перагавораў, размоў, націску.
"Гэта адно, што мяне наогул абурае. Другое - расстраляць на ўзлёце або пасадцы верталёт Прэзідэнта з буйнакалібернага кулямёта і гэтак далей. Скажыце, калі ласка, калі б такія факты ўсплылі ў Злучаных Штатах Амерыкі? Яго сцерлі б з зямлі, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - І вы пасля гэтага мяне папракаеце? За што вы мяне папракаеце? Я прашу, калі ты хочаш прыехаць у Беларусь, Стыў, са мной сустрэцца яшчэ: ты прачытаеш гэта інтэрв'ю і з маёй пазіцыі задаш сабе пытанне, а як Прэзідэнт Беларусі павінен быў зрабіць, калі супраць яго такія падкопы строіліся. Дарэчы, некалькі чалавек, якія былі ў групе Зянковіча, адпусцілі. З прычыны хваробы выпусціў. Баевікоў выпусціў, а вы мне пра нейкую апазіцыю гаворыце".
"Я ведаю, чым займаецца на захадзе "апазіцыя". Калі-небудзь мы гэта вылажым усё прамым тэкстам, і яны адкажуць перад беларускім народам, што яны чынілі і чаго хочуць. У гісторыі нашага народа гэта не першая гісторыя, збеглых у нас было шмат. І нейкая Сурвіла - дзе яна цяпер? Сядзіць на вашы грошы ў Амерыцы або дзе там. І гэтыя маргіналы гэтым скончаць", - падагульніў Аляксандр Лукашэнка.