Даклад пасла Беларусі ў Расіі Аляксандра Рагожніка

  • 8
  • 3:27

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 студзеня прыняў з дакладам пасла Беларусі ў Расіі Аляксандра Рагожніка.

"Гаварыць аб тым, што расійскі напрамак для нас важны… Ну што паслу гаварыць аб гэтым. Я вам гаварыў пры назначэнні па гэтай тэматыцы. Ну а папрацаваўшы там, вы разумееце, што гэта наш асноўны напрамак. Нібыта ў цэлым мы там забяспечваем прырост. І ўлічваючы, шчыра кажучы, як у Беларусі і Расіі складваюцца справы, то 102,5% - пад 103% - гэта быццам нядрэнна. Але план у нас быў 105% (па забеспячэнні тэмпу росту экспарту ў Расію. - Заўвага). Мы бачым праблемы. У нас прасяданне па прамысловасці. Ваша тэма, дарэчы, як былога Міністра прамысловасці (былых жа не бывае)", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся, як ажыццяўляецца работа ў напрамку стварэння сумесна з Расіяй новых вытворчасцей. "Гэта вельмі важна. Мы шмат гаворым цяпер аб станкабудаванні. Без яго ніякага развіцця быць не можа. А ў нас ёсць гэта тэма. Зачын добры, школа ёсць, кампетэнцыі, - сказаў Прэзідэнт. - Мы гаворым аб авіябудаванні, многае-многае, і ВПК у тым ліку. Што вы бачыце тут, якія недахопы?"

Яшчэ адзін напрамак работы на расійскім рынку датычыцца сферы паслуг. "Вы прызнаяце, што трэба ў гэтым плане нам нарошчваць нашу прысутнасць у Расіі. Тым больш што такія магчымасці сёння запатрабаваны ў Расійскай Федэрацыі", - адзначыў Прэзідэнт.

"Нешта мы там застопарыліся з лічбавым подпісам. Якія праблемы? Для нас гэта дзверы па многіх напрамках у Расійскай Федэрацыі. Тым больш што рашэнні нібыта прыняты ўжо. У чым тармажэнне? Пры сустрэчы з Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным мы абмяркуем гэтыя пытанні, калі там нехта тармозіць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама згадаў аб праекце па будаўніцтве высакаскораснай чыгуначнай магістралі паміж Масквой і Мінскам, а таксама далей да Брэста: "Для нас гэта вельмі важна. Вы як прамысловец што бачыце тут? Рэальна гэта, нерэальна? Тым больш што гэты напрамак цяпер - усходні, маскоўскі перш за ўсё, сярод нашых людзей вельмі запатрабаваны".

Аляксандр Рагожнік у сваю чаргу павіншаваў Прэзідэнта з Новым годам і надыходзячымі Калядамі.

Аляксандр Лукашэнка, падзякаваўшы за віншаванне, падкрэсліў: "Пачынаецца вельмі важны для нас год. 2026 год мы праваліць ніяк не павінны. Гасподзь нас пашкадаваў: снег выпаў, пасевы прыкрыў (пасеялі нядрэнна, і ўсходы добрыя). Таму тут у нас больш-менш па ўсёй рэспубліцы. Засталося нам толькі сваю справу зрабіць. Таму новы год для нас - гэта пачатак новых спраў".

Звяртаючыся да Кіраўніка дзяржавы, Аляксандр Рагожнік сказаў: "Па выніках работы за 2025 год пасольства Беларусі ў Расіі вас не падвяло. І нягледзячы на тое, што мы не дасягнулі росту 105%, які быў даведзены (размова аб заданні па тэмпе росту экспарту ў Расію. - Заўвага), разам з тым 102,3% за 11 месяцаў (паводле даных са студзеня па лістапад 2025 года. - Заўвага), на мой погляд, у бягучых умовах ахаладжэння расійскай эканомікі - выдатны вынік".