Даклад Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыя Горлава
рэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 жніўня заслухаў даклад Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыя Горлава.
Асноўнымі тэмамі даклада былі ход уборачнай кампаніі і сяўбы, перапрацоўка малака і мяса, дынаміка продажаў харчовай прадукцыі, меры па забеспячэнні захаванасці жывёлы.
Кіраўніку дзяржавы было даложана, што ўборка збожжавых і зернебабовых культур на завяршальным этапе. Аграрыі разлічваюць на сур'ёзную прыбаўку ўраджаю нават да высокага базавага ўзроўню мінулага года. Намалот збожжа з улікам рапсу чакаецца на ўзроўні 9 млн т. У тым ліку чакаецца рэкордны намалот рапсу - каля 1,5 млн т.
Добрыя разлікі і на ўраджай зерня кукурузы, які яшчэ трэба ўбраць з палёў - у планах 2,5 млн т.
Такім чынам, вага агульнага каравая з улікам рапсу і кукурузы складзе каля 11,5 млн т. З апярэджаннем вядуцца пастаўкі збожжа ў лік дзяржзаказу, які плануецца поўнасцю выканаць да 1 верасня.
Высокі ўраджай і па іншых культурах - цукровыя буракі, лён, агародніна. У міжсезонне жыхары краіны будуць забяспечаны ўсім неабходным.
Адначасова рэгіёны інтэнсіўна ўключыліся ў работу па сяўбе азімых. Юрый Горлаў асобна далажыў аб сітуацыі ў Віцебскай вобласці, дзе таксама набраны добрыя тэмпы з улікам больш паўночных умоў - азімы рапс пасеяны ўжо на 83% плошчы ад плана.
Што датычыцца сітуацыі ў жывёлагадоўлі, акцэнт у дакладзе быў зроблены на захаванні тэхналагічнай і выканальніцкай дысцыпліны, мерах па зніжэнні ўзроўню падзяжу буйной рагатай жывёлы. У гэтых адносінах, запэўніў Юрый Горлаў, ёсць пазітыўная тэндэнцыя. Да кастрычніка ўвядуць у строй некалькі соцень прафілакторыяў для ўтрымання цялят. У бягучым годзе таксама адзначаецца істотнае прыбаўленне па нарыхтоўцы травяных кармоў.
Прэзідэнт цікавіўся тэндэнцыямі ў перапрацоўцы сельгаспрадукцыі, перш за ўсё мяса і малака, сітуацыяй з экспартам прадуктаў харчавання. Як далажыў Міністр, цяпер тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі складае 113% да ўзроўню мінулага года. Прыкладна на чвэрць вырасла валютная выручка ад продажаў, да беларускіх прадуктаў харчавання захоўваецца высокі інтарэс сярод замежных партнёраў. Нядрэннымі тэмпамі ідзе рэалізацыя і сметанковага масла, якое раней назапашвалася на складах, што выклікала крытыку з боку Прэзідэнта. Цяпер аб'ёмы продажаў масла вышэйшыя, чым вытворчасць.
Такім чынам, ёсць усе перадумовы, каб у бягучым годзе перасягнуць рэкордны мінулагодні ўзровень $10 млрд экспарту прадуктаў харчавання.


