Перагаворы з Міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым
- 10
- 5:53
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 чэрвеня правёў перагаворы з Міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым.
"Перш за ўсё хачу адзначыць добрую работу нашых МЗС. Я заўсёды гаварыў, што нашы МЗС могуць быць узорам для іншых ведамстваў у рабоце на саюзным нашым трэку. Я вам перш за ўсё за гэта ўдзячны. Але асабліва ўдзячны за тую работу, якую перш за ўсё вы і кіраўніцтва Расіі правялі па далучэнні нас да Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, да паўнацэннага ўдзелу Беларусі ў гэтай арганізацыі, - заявіў беларускі лідар. - Мы вельмі спадзяёмся, што гэта (уступленне Беларусі ў ШАС. - Заўвага) адбудзецца ў Астане (на саміце ШАС у пачатку ліпеня. - Заўвага). Прынамсі, мяркуючы па вашых выказваннях апошнім часам, я бачу, што мы выканалі ўсе абавязацельствы і такіх праблем па ўступленні Беларусі ў ШАС сёння няма. Гэта вельмі важна для Беларусі".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў важнасць прысутнасці на такой "больш-менш канкрэтнай" міжнароднай пляцоўцы, дзе ўдзельнічаюць вядучыя лідары сусветных дзяржаў.
"Важна не толькі з пункту гледжання іміджу і палітыкі, але і з пункту гледжання эканомікі. Ёсць магчымасць у любы момант абмеркаваць любыя пытанні, у тым ліку і канкрэтныя", - сказаў ён.
Зрэшты, і раней, як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, ён заўсёды мог пагаварыць з любым з лідараў краін ШАС, атрымаць адказы па нейкіх пытаннях або падтрымку па тых ці іншых праблемах.
"А цяпер мы будзем удзельнічаць у прыняцці ўсіх рашэнняў, якія па статусе належаць Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва", - падкрэсліў Прэзідэнт.
У сваю чаргу Сяргей Лаўроў запэўніў, што па пытанні набыцця Беларуссю паўнапраўнага членства ў ШАС усё вырашана.
"Усе ўжо дамоўленасці замацаваны. Самым першым актам саміту ў Астане будзе афіцыйнае прыняцце Беларусі ў паўнапраўныя члены ШАС. І ўвесь астатні саміт Беларусь будзе ўдзельнічаць нараўне з усімі астатнімі членамі", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў узгодненую пазіцыю Беларусі і Расіі ў знешняй палітыцы: "Што датычыцца праблемных нейкіх пытанняў, нашых МЗС, знешняй палітыкі і нашай работы на міжнародных пляцоўках, у арганізацыях ад ААН да няшчаснай гэтай АБСЕ, у нас праблем абсалютна ніякіх няма. У нас абсалютна ідэнтычны парадак дня. Мы выступаем па асноўных пытаннях з адных і тых жа пазіцый. І заўсёды Расія можа разлічваць на падтрымку Беларусі па тых пытаннях, дзе мы яе здольны аказаць. Яшчэ раз дзякую за тое, што вы заўсёды нам аказваеце адпаведную падтрымку".
У сваю чаргу Сяргей Лаўроў падкрэсліў, што знешнепалітычныя ведамствы стараюцца максімальна эфектыўна выконваць тыя стратэгічныя задачы, якія ставяць прэзідэнты Беларусі і Расіі ў сферы знешняй палітыкі. "Выбудоўваць нашу знешнепалітычную дзейнасць так, каб яшчэ і забяспечваць дыпламатычнае суправаджэнне інтэграцыйных працэсаў, - сказаў ён. - Мы ўчора спецыяльную заяву наконт гэтага падпісалі, якая будзе нас нацэльваць на тое, каб, умацоўваючы каардынацыю, заўсёды мець на ўвазе не толькі інтарэсы асобна Беларусі, асобна Расіі, але і Саюзнай дзяржавы", - сказаў кіраўнік расійскага МЗС.
"І на іншых напрамках. Учора падрабязна гаварылі пра ААН, АБСЕ. Вам пашанцавала - вы ў Савеце Еўропы былі. Таму выходзіць не давялося", - дадаў Сяргей Лаўроў.
Ён асобна адзначыў ідэі адносна выбудоўвання Еўразійскай бяспекі, якія "лунаюць у паветры" і раней былі агучаны прэзідэнтамі Беларусі і Расіі. "Гэта ідэя і дыскусія атрымалі развіццё мінулай восенню ў Мінску, калі Беларусь праводзіла першую канферэнцыю па Еўразійскай бяспецы ў якасці старшыні АДКБ. А потым было вырашана, што Мінск прапануе сваю пляцоўку на штогадовай аснове для падтрымання дыскусіі па гэтай тэме. Мы гэта актыўна падтрымліваем, - заявіў Сяргей Лаўроў. - Ужо атрымалі запрашэнне на другую канферэнцыю ў канцы кастрычніка - пачатку лістапада. З задавальненнем будзем удзельнічаць, і ўчора гаварылі аб тым, як нам у цэлым гэту канцэпцыю Еўразійскай бяспекі пашыраць, падключаць аднадумцаў. Я лічу, што перспектыва вельмі добрая".
"Мы сёння добрым краінам і добрым народам дэманструем нашымі адносінамі, як павінны выбудоўвацца адносіны паміж дзяржавамі. Шмат у чым гэта ваша заслуга з Міністэрствам замежных спраў Беларусі. Мы ў гэтым напрамку будзем і далей супрацоўнічаць", - заявіў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што ў бліжэйшы час у плане беларуска-расійскага супрацоўніцтва чакаецца Форум рэгіёнаў, а таксама падзякаваў за рашэнне аб маштабнай прысутнасці Узброеных Сіл Расіі і вышэйшых службовых асоб на парадзе, які плануецца правесці ў Мінску ў Дзень Незалежнасці да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
"Мы гэта вельмі цэнім. Таму можаце спадзявацца, што ўсё, што мы запланавамі разам, з беларускага боку будуць пытанні вырашаны без затрымкі і без усякага спынення", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.