Аляксандр Лукашэнка ў Маскве прыняў удзел ва ўрачыстасцях у гонар Дня Перамогі
- 15
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 мая ў Маскве прыняў удзел ва ўрачыстасцях у гонар Дня Перамогі.
Кіраўнік дзяржавы на Краснай плошчы прысутнічаў на парадзе ў гонар 79-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Перад пачаткам мерапрыемства яго прывітаў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.
Разам з іншымі лідарамі краін, якія прыбылі ў Маскву, і ветэранамі Аляксандр Лукашэнка назіраў за парадам з трыбуны.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін выступіў з прамовай, у якой падкрэсліў важнасць абароны гістарычнай памяці і недапушчэння адраджэння фашызму, распальвання міжнацыянальнай і міжрэлігійнай варожасці. У памяць аб загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны была аб'яўлена мінута маўчання.
Пасля заканчэння парада лідары краін разам усклалі вянок і кветкі да Магілы Невядомага Салдата ў Аляксандраўскім садзе каля сцен Крамля.
У ліку высокіх гасцей на мерапрыемстве таксама прысутнічалі лідары Казахстана, Узбекістана, Кыргызстана, Таджыкістана, Туркменістана, Кубы, Лаоса, Гвінеі-Бісау.
Пасля ўдзелу ў святочных мерапрыемствах Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін разам адказалі на пытанні журналістаў.
Кіраўнікі дзяржаў расказалі, што напярэдадні Дня Перамогі працавалі да трох гадзін ночы.
"Мы ўчора доўга вельмі працавалі разам. Рассталіся даволі позна", - сказаў Прэзідэнт Расіі.
"У тры ночы, як заўсёды", - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.
"Так, у тры гадзіны", - пацвердзіў расійскі лідар.
Ён расказаў, чым быў запоўнены рабочы час лідараў краін: "У ходзе абмеркавання двухбаковых нашых адносін гаварылі і аб тым, што адбываецца на лініі сутыкнення, сітуацыі, звязанай з няпростымі падзеямі вакол Украіны. Размаўлялі і з Міністрам абароны, з начальнікам генеральнага штаба. У нас была паўнацэнная сустрэча з імі".
Уладзімір Пуцін таксама расказаў Аляксандру Лукашэнку аб падрабязнасцях сваіх нядаўніх сустрэч з ваеннаслужачымі, якія вызначыліся, камандзірамі падраздзяленняў. "Гаварылі аб нашых хлопцах - тых, хто на перадавой. Адзначалі іх гераізм, мужнасць, адвагу і вынікі баявой работы", - удакладніў расійскі лідар.
Прэзідэнтаў спыталі аб трэніроўцы па задзейнічанні носьбітаў нестратэгічнай ядзернай зброі.
"Паколькі на тэрыторыі Беларусі размешчана нестратэгічная ядзерная зброя, мы на гэты раз прапанавалі нашым сябрам, саюзнікам, і Прэзідэнт Беларусі аб гэтым прасіў, прыняць удзел у адным з этапаў гэтага вучэння. Мы іх праводзім рэгулярна. На гэты раз яны праводзяцца ў тры этапы. На другім этапе беларускія калегі падключацца да нашых сумесных дзеянняў. Адпаведныя ўказанні міністэрствам абароны і генеральным штабам дадзены", - сказаў Прэзідэнт Расіі.
Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў сказанае калегам. "Першы этап мы правялі, можна сказаць, паасобку. Але намі было прынята ўчора рашэнне, каб мы сінхранізаваліся і праводзілі другі і трэці этапы разам. Уладзімір Уладзіміравіч правільна падкрэсліў: гэта не першы раз. У нас гэта трэцяя трэніроўка. У Расіі дзясяткі былі. Таму мы сінхранізуем. І генеральныя штабы пачалі ўжо выкананне", - сказаў ён.
"Таму нічога тут незвычайнага няма. Гэта планавая работа", - дадаў Уладзімір Пуцін.