Абноўлены парадак заахвочвання таленавітай моладзі, маладых вучоных і прадастаўлення грантаў Прэзідэнта

    Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 5 сакавіка падпісаў Указ № 84, якім удасканальваецца парадак заахвочвання адоранай і таленавітай моладзі, маладых вучоных і прадастаўлення грантаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферах навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры, рэалізацыі маладзёжнай палітыкі.

    Усе віды сацыяльнай падтрымкі і заахвочванняў захаваны. Але адначасова ўводзяцца асобныя навацыі. 

    У прыватнасці, ствараецца адзіны Рэспубліканскі савет па падтрымцы адоранай і таленавітай моладзі, перспектыўных праектаў замест чатырох калегіяльных фарміраванняў, якія раней дзейнічалі. Зацвярджаецца палажэнне аб рабоце гэтага савета. 

    У склад гэтай новай структуры ўвайшлі прадстаўнікі адукацыі, навукі і культуры, дэпутацкага корпуса, галіновых дзяржаўных органаў і грамадскіх аб'яднанняў, якія маюць бездакорны аўтарытэт і найвышэйшыя кампетэнцыі. Старшынёй Рэспубліканскага савета назначаны Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік. 

    Устанаўліваюцца аднастайныя крытэрыі на заахвочванне спецыяльнымі фондамі, удасканалена сістэма шматузроўневага адбору кандыдатаў. Рэгламентаваны парадак пазбаўлення заахвочванняў па дыскрэдытуючых абставінах і аднаўлення ў правах заахвочанай асобы. Абноўлены парадак фарміравання і вядзення банкаў даных адоранай і таленавітай моладзі. 

    Урэгулявана пытанне аб замацаванні за наймальнікам маёмасных правоў на вынікі навуковых даследаванняў (інавацыйных праектаў), створаных пры грантавай падтрымцы. 

    Указам таксама прадугледжана павышэнне з 1 лютага бягучага года вучэбных стыпендый, упарадкаваны падыходы да іх назначэння. Так, у другім семестры 2025/2026 навучальнага года стыпендыя студэнтаў (з балам 9-10) па тэхнічных спецыяльнасцях у БДТУ павялічыцца з 257 да 300 бел. руб., у БДУ - з 334 да 390 бел. руб. 

    Прыняцце Указа ў год 30-годдзя стварэння спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адоранай і таленавітай моладзі падкрэслівае іх найвышэйшы статус і накіравана на далейшую дзяржаўную падтрымку лепшых з лепшых прадстаўнікоў беларускай моладзі, стварэнне спрыяльных умоў для яе паспяховай вучобы і прафесійнага росту ў сваёй краіне.