Аб змяненні ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Указ № 521 ад 31 снежня 2021 г.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ, які прадугледжвае ўнясенне змяненняў у шэраг указаў у сферы маладзёжнай палітыкі: № 367 "Аб удасканаленні стымулявання творчай працы маладых вучоных" ад 11 жніўня 2005 года, № 425 "Аб грантах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у навуцы, адукацыі, ахове здароўя , культуры" ад 13 верасня 2013 года і № 559 "Аб некаторых пытаннях дзяржаўнай падтрымкі грамадскага аб'яднання "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі" ад 17 снежня 2012 года.

У адпаведнасці з дакументам пашыраюцца напрамкі выкарыстання грантаў Прэзідэнта Беларусі. Нараўне са сферамі навукі, адукацыі, аховы здароўя і культуры гранты будуць прадастаўляцца ў галіне маладзёжнай палітыкі - усяго да 100 грантаў (да 20 у кожнай сферы - навуцы, адукацыі, ахове здароўя, культуры, маладзёжнай палітыцы).

Таксама актуалізуюцца склады Міжведамаснай камісіі па разглядзе кандыдатур для назначэння стыпендый Прэзідэнта Беларусі таленавітым маладым вучоным і Рэспубліканскай камісіі па разглядзе кандыдатур, якія вылучаюцца для прадастаўлення грантаў Прэзідэнта Беларусі ў навуцы, адукацыі, ахове здароўя, культуры.

Рэалізацыя Указа будзе садзейнічаць стымуляванню падтрымкі маладзёжных праектаў, павышэнню ролі маладых грамадзян у рэалізацыі задач дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі.