Кінематаграфія
Гісторыя нацыянальнага кіно бярэ пачатак ад чорна-белага нямога фільма "Лясная быль", які быў зняты ў 1926 г. у Ленінградзе. У сталіцы Беларусі ўласная кінастудыя з'явілася ў 1939 г. Яшчэ праз 7 гадоў яна атрымала цяперашнюю назву – «Беларусьфільм».
Сёння гэта адна з вядучых кінафабрык ва Усходняй Еўропе з поўным цыклам вытворчасці, здольная ў год выпускаць да 15 ігравых, 40 хранікальна-дакументальных і 10 анімацыйных фільмаў. Паслугамі "Беларусьфільма" карыстаюцца і кінавытворцы іншых краін.
На базе кінастудыі дзейнічае адзін з самых папулярных і любімых тэатраў Беларусі – Тэатр-студыя кінаакцёра, які з эксперыментальнай пляцоўкі змог стаць рэпертуарным тэатрам, адным з самых запатрабаваных у сталічнай публікі.
Штогод у лістападзе ММКФ "Лістапад" прывозіць у Мінск лепшыя карціны. Першы кінафорум прайшоў у 1994 г. Фестываль праводзіцца пад патранажам Прэзідэнта. На асноўных конкурсах ігравога і дакументальнага кіно прадстаўляюць новыя фільмы, створаныя ў краінах СНД, Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Азіі, краінах Балтыі, Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Карціны з гэтых рэгіёнаў, якія атрымалі прызнанне на самых прэстыжных кінафестывалях свету, прэтэндуюць на галоўную ўзнагароду Мінскага МКФ. Конкурс "Маладосць на маршы" прадстаўляе калекцыю дэбютных работ аўтараў, якія ўжо заваявалі прызнанне прафесіяналаў і гледачоў. На ММКФ "Лістапад" працуе сем складаў міжнароднага журы. Самыя ганаровыя ўзнагароды фестывалю – Гран-пры "Золата Лістапада" за лепшы фільм, Гран-пры "За лепшы дакументальны фільм", прыз "Залаты "Лістападзік" за лепшы фільм для дзяцей, прыз міжнароднага журы кінапрэсы ФІПРЭСІ. На працягу фестывальнага тыдня праходзіць больш за 230 сеансаў на пяці пляцоўках. Майстар-класы, рэтраспектывы, выставы дапаўняюць праграму. ММКФ "Лістапад" кожны год наведваюць амаль 40 тыс. гледачоў і больш за 100 гасцей з розных краін.
У дзяржаўнай кінасетцы дзейнічаюць 87 стацыянарных кінатэатраў (109 глядзельных залаў, з якіх 103 аснашчаны праекцыйным абсталяваннем у лічбавым фармаце 3D). Кінаабслугоўванне ў сельскай мясцовасці забяспечваюць 315 відэапраекцыйных установак, у тым ліку мабільных.