Энергетыка

Энергетыка

Доўгатэрміновай мэтай развіцця паліўна-энергетычнага комплексу (ПЭК) Беларусі з'яўляецца задавальненне патрэбнасцей эканомікі і насельніцтва краіны ў энерганосьбітах на аснове іх максімальна эфектыўнага выкарыстання пры зніжэнні нагрузкі на навакольнае асяроддзе.

Дырэктывай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 года № 3 "Аб прыярытэтных напрамках умацавання эканамічнай бяспекі дзяржавы" ўстаноўлена, што забеспячэнне энергетычнай бяспекі павінна ажыццяўляцца шляхам развіцця ўласнай энергасыравіннай базы, дыверсіфікацыі паліўна-энергетычных рэсурсаў па відах і краінах, зніжэння энергаёмістасці валавога ўнутранага прадукту.

Сёння Беларусь з'яўляецца членам (партнёрам) многіх інтэграцыйных аб'яднанняў, у мэты якіх закладзена сумеснае вырашэнне геапалітычных, тэхналагічных, эканамічных, экалагічных і іншых пытанняў у галіне ПЭК.

Выконваючы дасягнутыя дамоўленасці, Беларусь выступае надзейным партнёрам у галіне транзіту энергетычных рэсурсаў, з'яўляецца  актыўным удзельнікам у пытанні зніжэння выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасферу, дасягнула высокіх паказчыкаў у галіне рацыянальнага выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў.

У Беларусі пабудавана першая атамная электрастанцыя сумарнай магутнасцю двух энергаблокаў 2400 МВт.

Рэалізацыя праекта дасць магчымасць павысіць энергетычную бяспеку краіны, зменшыць долю прыроднага газу ў энергетычным балансе і скараціць выкіды парніковых газаў. Рэалізуецца комплекс мерапрыемстваў па інтэграванні Беларускай АЭС у энергасістэму.

У рэйтынгу Сусветнага банка "Вядзенне бізнесу 2020" па паказчыку "Падключэнне да сістэмы электразабеспячэння" Беларусь займала 20-е месца.

Створаная ў Беларусі газатранспартная сістэма працягласцю каля 67 тыс. км дае магчымасць забяспечыць падачу прыроднага газу ў запатрабаваных аб'ёмах спажыўцам. Па ўзроўні газазабеспячэння краіна займае лідзіруючыя пазіцыі сярод дзяржаў СНД.

У Беларусі атрыманыя прамысловыя запасы торфу ацэньваюцца ў 302,1 млн т. Ёсць разгорнутая вытворчая інфраструктура арганізацый тарфяной прамысловасці Мінэнерга і палівазабеспячальных арганізацый абласцей і г.Мінска.

У агульным паліўна-энергетычным балансе доля торфу складае амаль 2%, што дае магчымасць штогод замяшчаць каля 450 млн кубічных метраў імпартуемага прыроднага газу.

Па выніках 2022 года Беларусь заняла першае месца ў свеце па аб'ёмах здабычы торфу і першае месца па аб'ёмах вытворчасці тарфяных брыкетаў.